парадак размяшчэння лісця на сцябле, які адлюстроўвае сіметрыю парастка; з’яўляецца сістэм. адзнакай. Залежыць ад чарговасці залажэння лісцевых зачаткаў на конусе нарастання. Адрозніваюць Л. спіральнае, ці чаргаванае, — ад кожнага вузла на сцябле адыходзіць 1 ліст (бяроза, дуб, злакі), супраціўнае — на кожным вузле сядзяць адзін насупраць аднаго 2 лісты (бэз, клён), кальчаковае — кожны вузел мае 3 і больш лісты (алеандр, эладэя). Агульная заканамернасць усіх тыпаў Л. — роўная вуглавая адлегласць паміж лістамі, якія сядзяць на адным вузле ці на паслядоўных вузлах генет. спіралі (умоўная лінія, што злучае асновы паслядоўных лістоў). Прычыны правільнасці Л. звязаны з памерамі конуса нарастання, лісцевых зачаткаў і іх узаемадзеяннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТЫЙАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
металаарганічныя злучэнні, якія маюць у малекуле атам літыю, непасрэдна злучаны з атамам вугляроду.
У асн. Л.з. — цвёрдыя рэчывы. Бутыллітый C4H9Li і аліфатычныя Л.з. з 7—12 атамамі вугляроду ў малекуле — вязкія вадкасці. Аліфатычныя Л.з. добра раствараюцца ў вуглевадародах (акрамя метыллітыю CH3Li) і эфірах, араматычныя — толькі ў эфірах. Л.з. лёгка акісляюцца (напр., CH3Li у паветры самазагараецца), бурна ўзаемадзейнічаюць з вадой, спіртамі, к-тамі, галагенамі. Паводле хім. уласцівасцей блізкія да рэактываў Грыньяра (гл.Грыньяра рэакцыя). Звычайна атрымліваюць узаемадзеяннем алкілбрамідаў ці алкілхларыдаў з метал. літыем у арган. растваральніку. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе, у прам-сці — як каталізатары стэрэаспецыфічнай полімерызацыі (напр., пры атрыманні бутадыенавых і ізапрэнавых каўчукоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ ХУНЧЖА́Н (15.2.1823, прав. Аньхой, Кітай — 7.11.1901),
кітайскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Адыграў важную ролю ў задушэнні Тайпінскага паўстання 1850—64. З 1870 намеснік сталічнай прав. Чжылі, канцлер, чл. упраўлення па замежных справах. Прыхільнік і адзін з праваднікоў палітыкі «самаўзмацнення», якая мела мэтай стварэнне ў Кітаі сучаснай арміі і флоту. У знешняй палітыцы імкнуўся шляхам уступак і пагадненняў з адной імперыялістычнай дзяржавай супрацьстаяць агрэсіі інш. дзяржавы. Падпісаў Сіманасекскі дагавор 1895. У 1896 заключыў сакрэтны дагавор з Расіяй пра абарончы ваен. саюз супраць Японіі і прадастаўленне Расіі канцэсіі на буд-ваКітайска-ўсходняй чыгункі. У 1901 падпісаў навязаны Кітаю «Заключны пратакол» з дзяржавамі, якія ўдзельнічалі ў задушэнні іхэтуаньскага паўстання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЧЫ́ЛЬНІКІ Я́ДЗЕРНАГА ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,
прылады для рэгістрацыі ядз. часціц (альфа- і бэта-часціц, пратонаў, нейтронаў і інш.) ці квантаў эл.магн. выпрамянення. Выкарыстоўваюцца для вывучэння інтэнсіўнасці ядз. выпрамянення, вызначэння яго саставу і энергет. спектра часціц, а таксама пры вывучэнні ўзаемадзеяння часціц з атамнымі ядрамі, працэсаў нараджэння і распаду элементарных часціц.
Прынцып дзеяння Л.я.в. заснаваны на ўласцівасці зараджаных часціц пры праходжанні праз рэчыва выклікаць іанізацыю і ўзбуджэнне яго атамаў або (пры пэўных умовах) Чаранкова—Вавілава выпрамяненне (нейтроны і гама-кванты ствараюць другасныя зараджаныя часціцы, якія іанізуюць і ўзбуджаюць атамы рэчыва). Гл. таксама Вільсана камера, Гейгераўскі лічыльнік, Іанізацыйная камера, Паўправадніковы дэтэктар, Пузырковая камера, Сцынтыляцыйны лічыльнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ДЗІНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1905,
паўстанне рабочых Лодзі 22—24.6.1905 у рэв. 1905—07. 18 чэрв. царскія войскі абстралялі рабочых, якія вярталіся з нелегальнага сходу (забілі 10, паранілі 40 чал.). Пахаванне вылілася ў паліт. дэманстрацыю (больш за 50 тыс.чал.). 21 чэрв. расстраляна дэманстрацыя пратэсту (удзельнічала 70 тыс.чал., забіты 21, паранена больш за 100 чал.). Лодзінскі к-т Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы заклікаў працоўных да ўсеаг. забастоўкі, якая 22 чэрв. перарасла ва ўзбр. паўстанне. Рабочыя ўзвялі каля 50 барыкад. Да 24 чэрв. паўстанне задушана. Забастоўкі салідарнасці з рабочымі Лодзі, дэманстрацыі пратэсту адбыліся па ўсёй Рас. імперыі, у т. л. ў Беларусі (Гродне, Ваўкавыску, Слоніме, Оршы, Копысі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЫ́СЫ»,
«Карапет», «Дзевачка Надзя», «Муха», гарадскі бытавы танец. Муз. памер 2/4, 4/4; тэмп умерана хуткі. Паходзіць ад паўд.-амер. танца тустэп. Уключае абмежаваную колькасць стандартных рухаў, якія паўтараюцца некалькі разоў запар. На 1-е правядзенне мелодыі танцоры робяць 4 факстротныя крокі ў адзін, потым у другі бок, на 2-е — круцяцца ў пары рухам полька-вальс, потым дзяўчына некалькі разоў паварочваецца пад правай рукой партнёра. Пашыраны па ўсёй Беларусі, мае нязначныя рэгіянальныя адрозненні. Выконваецца пад каларытныя мясц. прыпеўкі: «А чаго ты лысы, без валос астаўся? // А таму, што з дзеўкамі многа мілаваўся... // А дзевачка Надзя, чаго табе нада? // Нічаго не нада, кроме чыкалада».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЫ́ ПО́ДСЦІЛ,
наглебавае ўтварэнне ляснога біяцэнозу. Фарміруецца ў выніку назапашвання і раскладання расліннага ападу. Характарызуецца магутнасцю, запасам, складам і будовай, на якія ўплываюць відавы склад, узрост і яруснасць лесу, самкнутасць ляснога полага, развіццё жывога наглебавага покрыва, водны рэжым глебы, актыўнасць фауны і інш. У залежнасці ад ступені раскладання арган. рэшткаў у Л.п. адрозніваюць падгарызонты: верхні (леташняга ападу), сярэдні (ферментацыі) і ніжні (гуміфікацыі). Месца існавання жывых арганізмаў; утварае гумус, ахоўвае глебу ад мех. ўшчыльнення і эрозіі, вызначае яе тэмпературны і водна-паветраны рэжым і лесараслінныя ўласцівасці, уплывае на аднаўленне лесу. На Беларусі магутнасць Л.п. 1—5 см, запас 3—30 т/га і больш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЧЭ́БНА-ПРАЦО́ЎНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,
прафілакторыі, установы закрытага тыпу, якія ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляюць прымусовае ўздзеянне ў адносінах да хранічных алкаголікаў і наркаманаў, што ў сувязі са злоўжываннем алкаголем і ўжываннем наркатычных сродкаў сістэматычна парушаюць грамадскі парадак і правы інш. асоб. Паводле рашэння раённага (гар.) суда такія парушальнікі могуць быць ізаляваны на тэрмін 1—1,5 года ў Л.-п., для іх мед.-сац. рэадаптацыі з абавязковым прыцягненнем да працы. Рашэнне аб прызнанні асобы хранічным алкаголікам або наркаманам прымаецца камісійна ўрачамі-спецыялістамі ўстаноў органаў аховы здароўя. Л.-п.ў. знаходзяцца ў падпарадкаванні МУС Рэспублікі Беларусь. Пытанні, звязаныя з Л.-п.ў. рэгулююцца заканадаўствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНЫЯ БУ́РЫ,
моцныя ўзбурэнні магнітнага поля Зямлі, якія рэзка парушаюць яго плаўны сутачны ход. Выклікаюцца ўздзеяннем узмоцненых патокаў сонечнай плазмы (сонечнага ветру) на магнітасферу Зямлі. У гады спакойнага Сонца іх колькасць 1—2, у перыяды найб. актыўнасці — 20—40 за год, пры гэтым павялічваецца колькасць вял і вельмі вял.бур. Часцей назіраюцца каля максімумаў 11-гадовага цыкла сонечнай актыўнасці і маюць тэндэнцыю да 27-дзённай паўтаральнасці (перыяд абарачэння Сонца). Цягнуцца ад некалькіх гадзін да некалькіх сутак. Найб. інтэнсіўнасць у высокіх шыротах. Уздзейнічаюць на стан. здароўя людзей, ускладняюць радыёсувязь, вядомы выпадкі пашкоджання эл. сілавых ліній, сігналізацыі на чыгунках і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЖЭ́ЙКА (Фама Фаміч) (н. 7.10.1936, в. Скураты Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. хімік. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1991), д-рхім.н. (1989). Скончыў БДУ (1959). З 1959 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі Нац.АН Беларусі (у 1980—89 нам. дырэктара). Навук. працы па калоіднай хіміі і фіз.-хім. механіцы. Устанавіў заканамернасці ўзаемадзеяння паверхнева-актыўных рэчываў з гліністымі мінераламі ў канцэнтраваных растворах электралітаў. Даследаваў механізм утварэння кандэнсацыйна-крышталізацыйных структур у калійных угнаеннях. Распрацаваў новыя рэагенты, якія павышаюць эфектыўнасць флатацыйнага працэсу атрымання і паляпшаюць якасць калійных угнаенняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1990.
Тв.:
Физикохимия селективной флотации калийных солей. Мн., 1983 (у сааўт.).