БАХЧАВО́ДСТВА,

галіна раслінаводства, занятая вырошчваннем кавуноў, дыняў, гарбузоў і інш. Развіта пераважна ў раёнах паміж 50° паўн. ш. і 35° паўд. ш., найбольш у Расіі (Ніжняе Паволжа, Паўн. Каўказ), на Украіне (стэпавая частка), у ЗША (паўд. раёны), Індыі, Кітаі, краінах Міжземнамор’я, Бразіліі, Мексіцы, Японіі, краінах Сярэдняй Азіі, Малдове і інш. На Беларусі выспяваюць асобныя сарты дыняў, кавуноў, гарбузоў, кабачкоў, патысонаў. Сярэдні ўраджай дыняў 6—9, кавуноў 10—30, гарбузоў да 150 т/га. Гл. таксама Бахчавыя культуры.

т. 2, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,

бел. культурна-асветнае таварыства ў Мінску ў 1918—20. Створана ва ўмовах акупацыі Беларусі герм. захопнікамі з мэтай гуртавання бел. насельніцтва, развіцця яго нац. свядомасці, пашырэння асветы і бел. л-ры. Заснавальнікі Я.​Варонка, Я.​Бялевіч, К.​Езавітаў, П.​Крачэўскі, Я.​Лёсік, К.​Цвірка-Гадыцкі і інш. Выдавала бел. газеты і часопісы («Бацькаўшчына», «Беларускае слова», «Беларуская ілюстраваная часопісь» і інш.). Аддзяленні т-ва дзейнічалі ў Бабруйску, Гродне, Слуцку, Вільні, Рызе і інш.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 2, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВО́КІ НЫРЭ́Ц (Aythya nyroca),

птушка сямейства качыных атр. гусепадобных. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі бывае на пралёце, гняздуецца рэдка ў паўд. ч. рэспублікі. Жыве на вадаёмах з зараснікамі. Нар. назва чарнушка.

Маса да 650 г. Апярэнне зверху рыжавата-карычневае, спіна і надхвосце амаль чорныя. Бруха, падхвосце і люстэрка на крылах белыя. Радужына вока ў самца белая або шаравата-белая (адсюль назва). Дзюба сінявата-чорная. Корміцца расліннасцю, малюскамі, ракападобнымі, лічынкамі водных насякомых. Аб’ект палявання.

Белавокі нырэц: 1 — самец; 2 — самка.

т. 2, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

кліматабальнеалагічны курорт у Беларусі. За 25 км ад г. Брэст. Развіваецца з 1981. Клімат умерана кантынентальны, з параўнальна мяккай зімой і адносна сонечным летам. Крыніца мінер. водаў, радовішчы тарфяных гразяў. Масівы хваёвых і мяшаных лясоў вакол азёраў Белае і Рагазнянскае. Санаторый «Бярэсце» арыентаваны на рэабілітацыю хворых з сардэчна-сасудзістымі і нерв. расстройствамі, нетуберкулёзнымі хваробамі органаў дыхання, аздараўленне пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Турысцкая і інш. базы для доўга- і кароткатэрміновага адпачынку дзяцей і дарослых.

т. 2, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАЗУ́БКІ (Crocidura),

род млекакормячых жывёл сям. землярыйкавых атр. насякомаедных. Каля 150 відаў. Пашыраны ў Афрыцы і Еўразіі. На Беларусі рэдка трапляюцца 2 віды: белазубка белабрухая (Crocidura leucodon) і белазубка малая (Crocidura suaveolens).

Даўж. цела 4—15 см, хваста 4—11 см. Нагадваюць мышэй. Шкурка зверху цёмна-бурая, знізу светлая, амаль белая. На хвасце рэдкія доўгія валаскі. Вушы адносна вялікія, зубы белыя (адсюль назва). Карысныя, кормяцца дробнымі беспазваночнымі і іх лічынкамі.

Белазубкі: 1 — белабрухая; 2 — бурая; 3 — малая.

т. 2, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́С (Пётра) (сапр. Яленскі Пётр),

бел. пісьменнік пач. 20 ст. У 1913—15 у газ. «Наша ніва» друкаваў вершы («З Новым годам»), апавяданні («У кузні»), жарты («Лякарства ад беднасці»), публіцыст. артыкулы («Колькі слоў аб Беларусі і беларускай песні»). У апавяданні «Якім Бяздольны» (асобнае выд., Вільня, 1914) паказаў зараджэнне ў душы бяспраўнага селяніна пратэсту супраць царскіх парадкаў. Выступаў супраць непісьменнасці і бескультур’я дарэв. бел. вёскі, прапагандаваў нар. мастацтва, уздымаў тэму сац. несправядлівасці.

Тв.:

У кн.: Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965.

т. 2, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКА-ЛІТО́ЎСКАЯ А́РМІЯ,

аператыўнае аб’яднанне часцей і злучэнняў Чырв. Арміі на тэр. Беларусі і Літвы (Літоўска-Беларускай ССР) у грамадзянскую вайну. Загадам рэўваенсавета Рэспублікі ад 13.3.1919 Зах. армія пераўтворана ў Беларуска-Літоўскую армію. У яе ўвайшлі Заходняя, Літоўская (да 30.4.1919), 8-я і 17-я стралк. дывізіі. Знаходзілася ў складзе Зах. фронту 1919—24. Камандуючыя арміі А.​Я.​Снесараў (да 31.5.1919), П.​К.​Міронаў (в.а. з 31.5.1919). Загадам РВС Рэспублікі ад 7.6.1919 перайменавана ў 16 армію.

т. 2, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ ПА́РТЫЯ (БРП),

палітычная партыя дэмакр. кірунку. Створана ў сак. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — паліт. рада. Ставіць за мэту стварэнне суверэннай дэмакр. бел. дзяржавы з выразным раздзяленнем галін улады, прыярытэтнымі каштоўнасцямі ў якой павінны стаць матэрыяльны і духоўны росквіт бел. народа, развіццё яго нац. культуры і традыцый, выкананне Усеаг. Дэкларацыі правоў чалавека. Ажыццяўленне праграмных задач бачыць у макс. выкарыстанні выгаднага геапаліт. становішча Беларусі, высокага адукац. і прафес. ўзроўню насельніцтва, навук. патэнцыялу, мясц. сыравінных запасаў і радовішчаў.

т. 2, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ НАРО́Д»,

грамадска-паліт., эканам. і літ. газета. Выдавалася 20.1—5.2.1919 у Гродне на бел. і рус. мовах. Інфармавала пра работу бел. арг-цый і дзярж. структур. Апублікавала першыя заявы Нар. сакратарыята БНР, пратэст бел. арг-цый супраць намеру польск. ўрада правесці выбары ў сейм на Гродзеншчыне, якая на той час не ўваходзіла ў склад польск. дзяржавы, інфармацыю пра адкрыццё ў шэрагу гарадоў Беларусі аддзелаў Бел. культ.-асв. т-ва «Бацькаўшчына» і інш. Выйшлі 2 нумары.

А.​С.​Ліс.

т. 2, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАГАДА́РНЫ (Уладзімір Маркавіч) (н. 26.4.1937, в. Стараверава Харкаўскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1989), праф. (1991). Скончыў Ленінградскі тэкстыльны ін-т (1960). З 1962 — у Ін-це машыназнаўства АН Беларусі, з 1969 у Магілёўскім машынабуд. ін-це. Навук. працы па надзейнасці мех. сістэм лятальных апаратаў, праектаванні і вырабе драбнамодульных прыборных зубчастых перадач і механізмаў.

Тв.:

Ускоренные ресурсные испытания приборных зубчатых приводов. М., 1980;

Расчет мелкомодульных зубчатых передач на износ и прочность. М., 1985.

т. 3, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)