ПІСЬМО́,

графічная фіксацыя мовы для зносін паміж людзьмі на адлегласці і замацавання ў часе. Выступае як пэўныя сістэмы графічных абазначэнняў, што склаліся гістарычна ў выніку культ. развіцця паасобных народаў. Паводле сэнсавага аб’ёму знакаў падзяляецца на 4 тыпы; піктаграфічнае пісьмо, ідэаграфічнае пісьмо, складовае пісьмо, літарна-гукавое пісьмо.

Развіццё П. звязана з грамадскім прагрэсам і ішло ад выпадковых агульных паведамленняў да перадачы ўсё больш дробных элементаў мовы. Першыя спробы пісьмовай фіксацыі думак паявіліся ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу (канец каменнага веку). Аднак уласцівае племянным абшчынам піктаграфічнае П. не было ўпарадкаванае, бо ў ім з дапамогай малюнкаў схематычна перадаваўся толькі сэнс выказванняў, але не адлюстроўваўся гукавы бок мовы, падзел яе на словы Пераход ад выпадковых піктаграфічных запісаў да ўпарадкаванага ідэаграфічнага П. абумоўлены ўтварэннем рабаўладальніцкіх дзяржаў, калі з’явілася патрэба рознай пісьмовай дакументацыі. Дзякуючы здольнасці пісьмовых знакаў абазначаць паасобныя словы і перадаваць складаныя тэксты, новы тып П. стаў абслугоўваць усе сферы тагачаснага эканам. і культ. жыцця. Ідэаграфічныя сістэмы, мала звязаныя з фанетыкай мовы, былі зручныя для стараж. дзяржаў, неаднародных па этнічным складзе. Складовае П. пачало фарміравацца ў 2-м тыс. да н.э., ім карыстаюцца некат. народы ў наш час. У параўнанні з ідэаграфічным мае меней знакаў, бо розных складоў у мовах менш, чым слоў, дакладней адлюстроўваецца фанет. і грамат. структура мовы, хоць засталіся цяжкасці, звязаныя з грувасткасцю і немагчымасцю перадачы сумежных і канцавых гукаў у складах. Найб. зручнае П. літарна-гукавое, у якім пры дапамозе знакаў перадаецца гукавы склад мовы. Яго перавага над інш. тлумачыцца прастатой, меншай колькасцю знакаў і лёгкасцю перадачы граматычных форм слоў. Большасць народаў свету карыстаецца літарна-гукавымі сістэмамі. Выкарыстанне П. пашыралася з павелічэннем колькасці адукаваных людзей і ўдасканаленнем пісьмовых прылад. Важны этап у гісторыі П. — вынаходніцтва паперы і кнігадрукавання, што стварыла перадумовы для масавага пашырэння культ. дасягненняў сярод розных слаёў грамадства. Вывучэннем П. займаецца граматалогія, а таксама эпіграфіка і палеаграфія. Пра бел. сістэму П. гл. ў арт. Беларускі алфавіт, Графіка.

Літ.:

Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;

Гельб И.Е. Опыт изучения письма: (Основы грамматологии): Пер. с англ. М., 1982;

Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ. М., 1963.

А.​М.​Булыка.

т. 12, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ ЕЗУІ́ЦКАЯ АКАДЭ́МІЯ Існавала ў 1812—20. Засн. 10.6.1812 у Полацку на базе Полацкага езуіцкага калегіума. У сувязі з вайной 1812 заняткі пачаліся 8.1.1813. Акадэміі былі дадзены правы ун-та. Выпускнікі атрымлівалі чын 14-га класа і маглі паступаць на дзярж. службу. Мела права надаваць вучоныя ступені магістраў вольных навук і філасофіі, д-роў тэалогіі, цывільнага і кананічнага права. Падпарадкоўвалася Мін-ву асветы (навуч. працэс), па інш. пытаннях — генералу ордэна езуітаў Т.​Бжазоўскаму. На чале стаялі рэктар і 4 дарадцы, ф-тамі кіравалі дэканы. Рэктарамі былі: А.​Люстыг (з 1812), А.​Ляндэс (з 1814), Р.​Бжазоўскі (з 1817). Мела 3 ф-ты: тэалагічны, філал. і вольных навук, або філасофскі. Выкладаліся: лац., грэч., рус., франц., ням., італьян., польск., сірыйская, стараж.-яўр. мовы і л-ра на гэтых мовах, логіка, метафізіка, этыка, паліт. эканомія, геаметрыя, фізіка, хімія, матэматыка, астраномія, архітэктура, батаніка, заалогія і інш. Навучанне вялося па падручніках еўрап. ун-таў і ўласных, якія выдаваліся ў Полацкай друкарні. Колькасць студэнтаў дасягала 700 чал. Сярод выкладчыкаў былі вучоныя з Італіі, Францыі, Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Польшчы, а таксама ўраджэнцы Беларусі, у іх ліку праф. В.Бучынскі, І.​Цытовіч, П.​Гаўрыловіч, І.​Залескі і інш. Акадэмія мела: 2 б-кі — адна з кнігамі на польскай мове, 2-я (больш за 40 тыс. тамоў) на рус. і інш. мовах; хім., фіз., заал., мінералагічны і натуральнай гісторыі кабінеты; карцінную галерэю і інш. Выдавала літ.навук. час. «Miesięcznik Połocki» («Полацкі месячнік»), Нягледзячы на шырокую вучэбную праграму, акадэмія не поўнасцю адпавядала тагачаснаму навук. ўзроўню з-за моцнага клерыкальнага ўплыву. Вучоныя Віленскага універсітэта крытыкавалі яе як «гняздо абскурантызму». Сярод выпускнікоў акадэміі Я.Баршчэўскі, В.Ваньковіч і інш. выдатныя дзеячы навукі і культуры. Закрыта 13.3.1820 у сувязі са скасаваннем ордэна езуітаў у Рас. імперыі. Частка студэнтаў пераведзена ў Пецярбургскі ун-т. Б-ка, друкарня і інш. маёмасць перададзены навуч. установам Полацка, Віцебска, Пецярбурга. У будынках акадэміі размясцілася Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча.

Літ.:

Шалькевіч В.Ф. З гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі ў першай трэці XIX ст. // Весн. БДУ. Сер. 3. 1992. № 2;

Giżycki J. Notatka o Akademii i szkołach jezuitów w Polocku. Poznań, 1899.

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 12, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЛІ́ВЫ І АДЛІ́ВЫ,

перыядычныя ваганні ўзроўню акіяна (мора), абумоўленыя сіламі прыцяжэння Месяца і Сонца ў спалучэнні з цэнтрабежнымі сіламі. Пад дзеяннем сіл, што ўзнікаюць пры абарачэнні Месяца вакол Зямлі і Зямлі вакол Сонца адбываецца дэфармацыя цвёрдага цела Зямлі і ваганні атм. ціску. Зямля пад дзеяннем прыліваўтваральных сіл Месяца і Сонца набывае форму эліпсоіда вярчэння. Водная абалонка Зямлі расцягваецца ўздоўж лініі, накіраванай да Месяца. Прыліваўтваральная сіла Сонца амаль у 2,2 раза меншая, чым Месяца, таму П. і а. ў большай ступені залежаць ад Месяца. Пры сутачным абарачэнні Зямлі П. і а. паслядоўна абыходзяць зямны шар; за месячныя суткі (24 гадз 50 мін) назіраюцца 2 прылівы і 2 адлівы. Іх велічыня і характар залежаць ад узаемнага размяшчэння Зямлі, Месяца і Сонца, ад геагр. шыраты, глыб. мора, формы берагавой лініі і інш. умоў. Прыліў найб., калі Зямля, Месяц і Сонца размяшчаюцца на адной прамой (сізігія), найменшы, калі Месяц, Зямля і Сонца ўтвараюць вугал 90° (квадратура). Найвышэйшы ўзровень у час П. і а. наз. поўнай вадой, ніжэйшы — малой вадой. У залежнасці ад перыяду адрозніваюць П. і а. паўсутачныя, сутачныя і мяшаныя (няправільныя). Пры паўсутачных П. і а. назіраюцца 2 поўныя вады і 2 малыя, пры сутачных — 1 поўная і 1 малая вада. Пры мяшаных П. і а. найб. пашыраны няправільныя паўсутачныя і няправільныя сутачныя прылівы. Велічыня П. і а. ў адкрытым акіяне да 1 м, у залівах і бухтах, берагі якіх паступова звужаюцца, пад’ём вады дасягае 18 м (зал. Фанды ў Атлантычным ак. каля берагоў Канады). Звычайна выш. прыліваў каля берагоў акіянаў 2—4 м, ва ўнутр. морах (Чорнае, Балтыйскае) некалькі сантыметраў. Энергія прыліваў можа выкарыстоўвацца на прыліўных электрастанцыях. У выніку зямных прыліваў адбываюцца верт. плаўныя зрушэнні паверхні да 50 см, змены сілы цяжару да 0,25-10​−5 м/с2 на экватары і інш. з’явы, вывучэнне якіх дазваляе даследаваць унутр. будову Зямлі і асаблівасці будовы зямной кары. Атм. прылівы выклікаюць паўсутачныя змены атм. ціску і адыгрываюць вял. ролю ў дынаміцы верхняй атмасферы.

Сілы, якія ўтвараюць прылівы і адлівы: 1 — цэнтрабежная сіла; 2 — прыцягненне Месяца; 3 — прыліваўтваральная сіла; Z — зеніт; C — цэнтр Зямлі; N — надзір.

т. 13, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСЭ́Н ((Poussin) Нікала) (15.6.1594, г. Лез-Андэлі, Францыя — 19.11.1665),

французскі жывапісец; адзін з пачынальнікаў і найбуйнейшы прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў К.​Варэна. Зазнаў уплывы А.​Карачы, Даменікіна, Рафаэля, Тыцыяна; вывучаў ант. мастацтва, трактаты Леанарда да Вінчы і А.​Дзюрэра; займаўся перспектывай, анатоміяй і матэматыкай. Працаваў ў Парыжы (1612—24 і 1640—42) і Рыме (з 1624). З ранніх работ захаваліся ілюстрацыі да «Метамарфозаў» Авідзія, «Энеіды» Вергілія, твораў Ціта Лівія, Дж.​Марына (каля 1622—24). Творчасць 2-й пал. 1620—30-х г. вызначаецца стылявой разнастайнасцю: творы высокага грамадзянскага гучання («Смерць Германіка», 1626—27), у духу барока («Пакутніцтва св. Эразма», каля 1628—29); асаблівай актыўнасцю колеравага ладу, блізкага традыцыям венецыянскай школы, адметныя карціны на міфалагічныя і літ. тэмы: «Венера спіць», «Нарцыс і Рэха», «Рынальда і Арміда» (усе каля 1625—27), «Царства Флоры» (каля 1631—32), «Танкрэд і Эрмінія» (1630-я г.). У творах 1630-х г. класіцыстычныя прынцыпы выяўляюцца праз яснасць кампазіцыйнага рытму, які ўспрымаецца як адлюстраванне разумнага пачатку і надае веліч высакародным учынкам чалавека: «Аркадскія пастухі» (каля 1629—30), «Выкраданне сабінянак» (каля 1635), «Натхненне паэта» (1635—38), «Ізраільцяне збіраюць манну» (каля 1637—39), «Знаходжанне Майсея» (1638). З 1640-х г. развіваў прынцыпы ідэальнага пейзажа, прадстаўляў прыроду як увасабленне дасканаласці і мэтазгоднасці. Часта ўводзіў у пейзаж міфалагічныя персанажы: («Кармленне немаўляці Юпітэра», 1640; «Пейзаж з Паліфемам», каля 1649; «Пейзаж з Геркулесам» 1654; «Арыён», каля 1650—55; «Апалон і Дафна», 1664), выкарыстоўваў біблейскія казанні, праз якія ў духу стаіцызму выражаў ідэю пра лёс як пачатак, што рэгулюе ўзаемаадносіны чалавека і свету («Св. Іаан на Патмасе», каля 1644—45; серыя «Поры года», 1660—64). Некат. творы гэтага перыяду вызначаюцца разважлівасцю, перавагай абстрактнай ідэі над пачуццём («Час выратоўвае Ісціну ад намераў Зайздрасці і Разладу», 1642; «Сем таінстваў», 1644—48), узмацненнем этыка-філас. пафасу («Майсей высякае ваду са скалы», «Эліазар і Рэвека», абодва каля 1648; «Адпачынак на шляху ў Егіпет», каля 1658).

Тв.:

Рус. пер. — Письма. М.; Л., 1939.

Літ.:

Гликман А.С. Никола Пуссен. Л.;

М., 1964;

Золотов Ю.К. Пуссен и вольнодумцы // Советское искусствознание, 1978. М., 1979. Вып. 2.

С.​У.​Пешын.

Н.Пусэн. Кармленне немаўляці Юпітэра. 1640.

т. 13, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Міхал Казімір) (мянушка Рыбанька; 13.6.1702, г.п. Алыка Валынскай вобл., Украіна — 22.5.1762),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, мецэнат. Сын К.​С.​Радзівіла (гл. ў арт. Радзівілы). Пасля смерці бацькі (1719) стаў ардынатам нясвіжскім і алыцкім. З 1720 неаднаразова быў выбраны паслом на сеймы; у 1728 маршалак Трыбунала ВКЛ; у 1728—34 канюшы ВКЛ. У паліт. жыцці спярша супрацоўнічаў з групоўкай князёў Чартарыйскіх, пасля смерці караля Аўгуста II (1733) выступіў супраць новаабранага караля Станіслава Ляшчынскага. Удзельнічаў у арганізацыі новага выбарчага сейма, дзе ў кастр. 1733 у прысутнасці рас. войска і ўласнага войска Р. каралём быў абраны Аўгуст III. За гэта ў 1734 атрымаў пасаду маршалка надворнага. У 1734—35 на чале сваіх харугваў удзельнічаў у баях на Беларусі супраць прыхільнікаў Ляшчынскага, якіх узначальваў А.​Пацей. Перамогі садзейнічалі набыццю Р. новых пасад: польны гетман ВКЛ. у 1735—44, вял. гетман ВКЛ з 1744, трокскі кашталян у 1735—37 і ваявода ў 1737—44, віленскі кашталян у 1742—44 і ваявода з 1744. У 1740-я г. ўзначаліў у ВКЛ магнацка-шляхецкую групоўку, якая выступала супраць палітыкі Чартарыйскіх па рэфармаванні анархічнага дзярж. ладу Рэчы Паспалітай; супраць Чартарыйскіх заключыў пагадненне з вял. каронным гетманам Ю.​Патоцкім. Разам з ім садзейнічаў зрыву сеймаў і ў гэтым меў падтрымку караля Аўгуста III, які вельмі рэдка прыязджаў з Саксоніі; Р. быў фактычным прадстаўніком караля ў ВКЛ. У 1748 як галава роду Радзівілаў зняволіў клецкага ардыната М.​Радзівіла, аб’явіў яго вар’ятам і атрымаў у распараджэнне яго маёнткі. У 1750-я г. камандаваў задушэннем Мазырскага ўзбр. выступлення сялян. Пасля смерці малодшага брата Гераніма Фларыяна (1760) атрымаў у спадчыну яго Слуцкае і Капыльскае княствы, Біржы, Кейданы, Копысь, Койданава і інш. Адбудаваў Нясвіж і Нясвіжскі замак, якія моцна пацярпелі ў час Паўночнай вайны 1700—21. Заснаваў Нясвіжскую друкарню, Нясвіжскі кадэцкі корпус, у якім рыхтавалі афіцэраў для яго ўласнага войска, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў. Трымаў шмат мануфактур, у т. л. Нясвіжскую суконную мануфактуру, Нясвіжскую дывановую мануфактуру, Налібоцкую шкляную мануфактуру, Урэцкую шкляную мануфактуру, Слуцкую мануфактуру шаўковых паясоў, Свержанскую фаянсавую мануфактуру.

Тв.:

Бел. пер. — Дыярыюш Князя Міхала Казімера Радзівіла ваяводы віленскага, гетмана вялікага В.​К.​Літ. // Спадчына. 1994. № 4—5;

1995. № 1—6;

1996. № 1—2, 4.

А.​Л.​Грыцкевіч.

М.К.Радзівіл Рыбанька. Карціна С.​А.​Мірыса (?). Каля 1760.

т. 13, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЖА́НСКІ ПАЛА́ЦАВЫ КО́МПЛЕКС помнік архітэктуры 17—18 ст. у г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. Размешчаны на высокім узгорку ў паўд.-ўсх. частцы горада; з’яўляўся рэзідэнцыяй князёў Сапегаў. У 1-й пал. 17 ст. пабудаваны 2-павярховы крыжападобны ў плане мураваны палац з 3 вежамі: 2 квадратныя ў плане на гал. фасадзе і тарцы левага крыла і 5-гранная на паўн.-ўсх. вугле. У цэнтр. ч. палаца, якая выступала глыбокім рызалітам, размяшчаліся вестыбюль з 4-маршавай лесвіцай і вял. зала на 2-м паверсе, у бакавых ч. — жылыя пакоі, кабінеты, архіў, б-ка. У 1698 і ў Паўночную вайну 1700—21 разбураны, у 1-й пал. 18 ст. адноўлены. У 1784—86 перабудаваны (арх. Я.​С.​Бекер): 2 вежы разабраны, а тарцовая ўключана ў аб’ём палаца. Да цэнтр. ч. гал. фасада прыбудаваны порцік з падвойнымі пілястрамі і калонамі кампазітнага ордэра, завершаны трохвугольным франтонам са скульптурай. У дэкар. аздабленні палаца сумяшчаліся рысы позняга барока і класіцызму. Адначасова створаны палацавы комплекс з некалькіх згрупаваных вакол параднага двара карпусоў, з паркам, садамі і аранжарэяй. Сіметрычныя бакавыя карпусы размешчаны перпендыкулярна палацу і злучаны з ім паўцыркульнымі ў плане аркадамі. Усх. корпус падзяляўся параднай лесвіцай на 2 роўныя ч. — тэатр і манеж. Тэатр меў глыбокую сцэну з 7 планамі куліс, што давала магчымасць тройчы мяняць афармленне ў час спектакля. Падковападобная ў плане зала 2-ярусная: у 1-м ярусе было 14 ізаляваных лож, на 2-м — 15 з каралеўскай у цэнтры. Ложы ўпрыгожвалі ажурныя балюстрады, калоны карынфскага ордэра. У зах. корпусе (не захаваўся) размяшчалася карцінная галерэя. Паралельна палацу па восі двара пабудавана ўязная брама з 2-павярховымі флігелямі па баках. Брама вырашана ў выглядзе 3-пралётнай трыумфальнай аркі, упрыгожана разнымі геральдычнымі картушамі з моранага дубу. Фасады будынкаў дэкарыраваны руставанымі пілястрамі, ляпнымі гірляндамі, скульптурай, разнастайнымі абрамленнямі аконных праёмаў. З 1795 у палацавым комплексе размяшчаліся суконная і ткацкая ф-кі. У 1914 комплекс пашкоджаны, часткова рэстаўрыраваны ў 1930, у 1944 разбураны. Захаваліся гал. і ўсх. карпусы, аркады, уязная брама і флігелі, фрагменты аздобы інтэр’ераў і канструкцый перакрыццяў (знаходзяцца на кансервацыі).

Т.​В.​Габрусь.

Ружанскі палацавы комплекс. Руіны галоўнага корпуса палаца.

т. 13, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЖА́НЫ,

гарадскі пасёлак у Пружанскім р-не Брэсцкай вобл., на р. Ружанка. На скрыжаванні аўтам. дарог Пружаны—Слонім і Ваўкавыск—Косава. За 45 км ад г. Пружаны, 130 км ад Брэста і 38 км ад чыг. ст. Івацэвічы на лініі Баранавічы—Брэст. 3,4 тыс. ж. (2000).

Вядомы з 1552. Належалі Тышкевічам. У 1598 Р. купіў канцлер ВКЛ Л.​Сапега, які ўладкаваў там адну з гал. рэзідэнцый роду Сапегаў. Р. ўваходзілі ў Слонімскі пав. Навагрудскага ваяв. ВКЛ. 20.6.1637 атрымалі магдэбургскае права і герб. У 17 ст. ў Р. больш за 400 дамоў, Ружанская царква Пятра і Паўла і манастыр базыльян, Ружанскі Троіцкі касцёл кляштара дамініканцаў, кляштар кармелітаў, палац Сапегаў, дзе зберагалася значная б-ка. У 1698 Р. разбураны ў час вайны Сапегаў са шляхтай ВКЛ. У 18 ст. архітэктар Я.​С.​Бекер перабудаваў палац (гл. Ружанскі палацавы комплекс), выканаў праекты новых пабудоў. У Р. дзейнічаў прыгонны тэатр, працавалі паперня, палатняныя мануфактуры, Ружанскія суконныя прадпрыемствы. вырабляліся дываны. З 1795 Р. ў складзе Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Слонімскага пав. У 1831 за ўдзел Сапегаў у паўстанні 1830—31 Р. канфіскаваны і перададзены ў казну. У 19 ст. ў Р. 2 гарбарныя з-ды, палатняная і 3 суконныя ф-кі. У 1897 у Р. 5016 ж., 769 будынкаў, 5 дробных прадпрыемстваў, нар. вучылішча, у 1914—6815 ж., 26 прадпрыемстваў (341 рабочы), выраблялася ружанская кераміка. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Косаўскага пав. Палескага ваяв., 3622 ж. (1921). Дзейнічаў райком КПЗБ. З 1939 у складзе БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Ружанскага раёна. У Вял. Айч. вайну з 23.6.1941 да 13.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Р. і раёне 5491 чал., дзейнічаў падп. антыфашысцкі к-т. З 1962 у Пружанскім р-не.

Працуюць мэблевая ф-ка, вытворча-харчовы з-д, вытворча-гандлёвы камбінат; сярэдняя і муз. школы, 2 дашкольныя дзіцячыя ўстановы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, касцёл. Брацкая магіла сав. воінаў і партызана; брацкая магіла сав. воінаў і Курган Славы (за 2 км ад Р. каля шашы на Ваўкавыск). Помнікі архітэктуры: Петрапаўлаўская царква і манастыр базыльян, Троіцкі касцёл, Палацавы комплекс, сінагога (2-я пал. 19 ст.).

Ружаны. Царква Пятра і Паўла манастыра базыльян.

т. 13, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ,

комплекс абарончых збудаванняў 19 — пач. 20 ст. ў г. Брэст. Пабудавана ў 1830—42 на месцы стараж. цэнтра г. Брэст (горад перанесены на фарштаты) як частка сістэмы ўмацаванняў на З Расіі.

Месца для буд-ва крэпасці прапанаваў у 1797 ваен. інжынер Дэвалан. Будавалася паводле праекта (зацверджаны ў 1830) генералаў Малецкага, К.​І.​Опермана і палкоўніка А.​І.​Фельдмана. Некаторыя пабудовы старога горада былі пакінуты: у будынку кляштара езуітаў (пабудаваны ў 1623, адноўлены ў 1679) размяшчалася канцылярыя каменданта крэпасці; будынак кляштара базыльян (1629, пазней вядомы як Белы палац) быў перабудаваны пад афіцэрскае казіно; у кляштары бернардзінцаў (з 1781) у 1841—60 размяшчаўся Брэсцкі кадэцкі корпус, потым — вайсковы шпіталь. Першапачатковыя часовыя ўмацаванні ў 1833—42 ператвораны ў доўгатэрміновыя.

Крэпасць размяшчалася на 4 астравах, утвораных рукавамі р. Мухавец і Зах. Буг і сістэмай каналаў. Складалася з Цэнтр. ўмацавання (Цытадэль) і Цярэспальскага, Валынскага, Кобрынскага перадмаставых умацаванняў (агульная пл. 4 км²). Цытадэль — востраў, аперазаны крывалінейнай у плане замкнёнай 2-павярховай абарончай казармай (даўж. 1,8 км) з 4 брамамі — Цярэспальскай, Холмскай, Беластоцкай і Брэсцкай, якія мастамі злучалі цэнтр. востраў з перадмаставымі ўмацаваннямі. Мураваныя сцены казармы 2-метровай таўшчыні, з байніцамі і амбразурамі для вядзення агню са стралк. зброі і гармат; у 500 казематах казармы магло размясціцца больш за 12 тыс. салдат. Архітэктурным цэнтрам Цытадэлі была гарнізонная Мікалаеўская царква (1856—79, арх. Д.​Грым), пабудаваная на самым высокім месцы. Кобрынскае ўмацаванне, узведзенае на месцы Кобрынскага прадмесця, складалася з 4 бастыённых фортаў і 3 равелінаў. З Цытадэллю яно было злучана Брэсцкай і Беластоцкай (Брыгіцкай) брамамі і мастамі цераз р. Мухавец. Цярэспальскае ўмацаванне, пабудаванае на левым беразе Зах. Буга, мела 4 земляныя люнеты, злучаныя ровам. Цярэспальскай брамай і канатным мостам (самым вял. на той час у Расіі) цераз Зах. Буг яно злучалася з Цытадэллю. Валынскае ўмацаванне створана на месцы стараж. дзядзінца Брэста, складалася з 2 бастыённых фортаў з 2 равелінамі; з Цытадэллю было злучана Холмскай брамай і пад’ёмным мостам цераз Мухавец. Холмская брама мела 4 вежы з зубцамі. Над уязным праёмам Цярэспальскай брамы былі 4 ярусы вузкіх акон-байніц, над якімі пазней была надбудавана 5-ярусная вежа з дазорнай пляцоўкай. Па вонкавай лініі крэпасці праходзіў земляны вал выш. да 10 м з цаглянымі казематамі, за ім пракапаны каналы з перакінутымі цераз іх мастамі. Перадмаставыя ўмацаванні злучаліся з прылеглай да крэпасці тэрыторыяй праз Паўн., Паўн.-Зах., Усх., Паўд. брамы і Варшаўскі праезд.

На пач. свайго існавання крэпасць была адным з самых дасканалых умацаванняў Рас. імперыі. У 1864 пачалася яе рэканструкцыя. У 1878 зацверджаны план буд-ва перадавых умацаванняў. Да 1888 на адлегласці 3—4,5 км адзін ад аднаго збудаваны 9 фортаў, у кожным з якіх можна было размясціць каля 200 чалавек і да 20 гармат, даўж. абарончай лініі дасягнула 30 км. У 1912 зацверджаны ген. план пашырэння крэпасці на 1912—21. Летам 1913 пачата буд-ва, якое закончана да кастр. 1914. Крэпасць магла вытрымаць аблогу да 8 месяцаў. У 1-ю сусв. вайну па загадзе Вярх. камандавання 8—12.8.1915 гарнізон, крапасное ўзбраенне, баявыя запасы, маёмасць былі эвакуіраваны, частка ўмацаванняў узарвана. З 15.8.1915 да канца 1-й сусв. вайны крэпасць займалі герм. войскі. Тут падпісаны Брэсцкі мір 1918. Паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора 1921 Брэст з крэпасцю адышоў да Польшчы. На пач. 2-й сусв. вайны ў вер. 1939 ням.-фаш. войскі бамбілі крэпасць, пашкодзілі частку яе абарончых збудаванняў. 17.9.1939 ням. войскі пасля ўпартых баёў з польскім гарнізонам захапілі крэпасць. 22 вер. ў адпаведнасці з сакрэтным пратаколам да савецка-герм. пакта аб ненападзе (23.8.1939) у горад і крэпасць увайшла Чырв. Армія. Знаходжанне герм. войскаў у Брэсце скончылася сумесным з Чырв. Арміяй парадам і абменам сцягамі. У сувязі з развіццём ваен. тэхнікі крэпасць страціла ваен. значэнне, але разам з пабудаванымі ў ёй 2 дотамі ўвайшла ў Брэсцкі ўмацаваны раён. 22.6.1941 гарнізон Брэсцкай крэпасці прыняў першыя ўдары ням.-фаш. арміі і больш за месяц трымаў абарону (гл. Брэсцкай крэпасці абарона 1941). 28.7.1944 у ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944 Брэст і крэпасць вызвалены ад ням.-фаш. войск. У час вайны знішчаны або пашкоджаны амаль усе будынкі, якія мелі гіст. і маст. каштоўнасць. 8.5.1965 Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР Б.к. прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой». У 1971 адкрыты мемарыяльны комплекс Брэсцкая крэпасць-герой. З 1982 на тэр. крэпасці дзейнічае археалагічны музей «Бярэсце». Іл. гл. ў арт. Абарончыя збудаванні.

Літ.:

Аникин В.И. Брестская крепость — крепость-герой. 2 изд. М., 1985;

(Свод памятников истории и культуры Белоруссии: Брестская обл. Мн., 1990.

В.​І.​Анікін (архітэктура).

Да арт. Брэсцкая крэпасць. Белы палац. Здымак пач. 20 ст.
Пяты форт Брэсцкай крэпасці.

т. 3, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭНА́ДА (Grenada),

дзяржава на в-ве Грэнада і ў паўд. ч. а-воў Грэнадзіны, у архіпелагу М. Антыльскія а-вы ў Вест-Індыі. Падзяляецца на 7 раёнаў. Пл. 344 км². Нас. 92 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Сент-Джорджэс. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 лют.).

Дзяржаўны лад. Грэнада — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1974. Член Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, прадстаўлены генерал-губернатарам. Заканад. ўлада належыць парламенту (15 дэпутатаў), які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Востраў Грэнада (пл. 311 км²) гарысты (выш. да 840 м, гара Сент-Катэрын). На У невял. нізіна. Астравы Грэнадзіны пераважна нізінныя. Клімат субэкватарыяльны, пасатны, марскі. Сярэднямесячная т-ра паветра 25—28 °C. Ападкаў больш за 1500 мм (у гарах да 5000 мм) за год, дажджлівы перыяд май—кастрычнік. Шмат невял. рэчак і ручаёў. У гарах захаваліся вільготныя трапічныя лясы. Заказнік Гранд-Этан.

Насельніцтва. Пераважаюць негры (53%) і мулаты (42%). Невял. колькасць англічан, французаў, карэнных жыхароў — індзейцаў карыбаў. Паводле веравызнання пераважаюць католікі і англікане. Сярэдняя шчыльн. 267 чал. на 1 км², на ўзбярэжжах да 500—800 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 50% насельніцтва. Найбольшыя гарады: Сент-Джорджэс (каля 7,5 тыс. ж.), Гуяў, Грэнвіл, Вікторыя. Характэрна эміграцыя ў суседнія краіны.

Гісторыя. Найб. стараж. насельніцтва Грэнады — індзейцы аравакі — называлі в-аў Камахонь. У 15 ст. іх выцеснілі адсюль індзейцы карыбы. У 1498 востраў адкрыў Х.​Калумб і назваў яго Кансепсьён. З 1650 каланізаваны французамі, якія стварылі тут плантацыйную гаспадарку, заснаваную на рабскай працы (рабоў прывозілі з Афрыкі). У Сямігадовую вайну 1756—63 на востраве высадзіліся англічане (1762), паводле Парыжскага мірнага дагавора 1763 ён стаў брыт. калоніяй і атрымаў назву Грэнада. У час вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83 востраў зноў захапіла Францыя (1778), аднак паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 уступіла яго Вялікабрытаніі. У вайну паміж Англіяй і Францыяй (пачалася ў 1794) на Грэнадзе ў 1795 адбылося антыангл. паўстанне пад кіраўніцтвам Ж.​Федона (нац. герой Грэнады), задушанае брыт. войскамі. У 1834—38 тут скасавана рабства. У 1885—1958 Грэнада ў складзе брыт. калоніі Падветраныя астравы.

Ва ўмовах узмацнення мясц. руху за аўтаномію на чале з Э.​Гейры (з 1950) калан. ўлады ўвялі ў Грэнадзе ўсеагульнае выбарчае права (1951) і абмежаваную аўтаномію (1958). У 1958—62 Грэнада ў складзе Вест-Індскай федэрацыі. З сак. 1967 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава» з поўным унутр. самакіраваннем (прэм’ер-міністр Гейры). З 7.2.1974 незалежная дзяржава ў складзе брыт. Садружнасці. Напачатку яе прэм’ер-міністр Гейры (1974—79) прытрымліваўся нацыянал-рэфармісцкага курсу, потым устанавіў дыктатуру, што выклікала рэвалюцыю (сак. 1979). Новы ўрад на чале з М.​Бішапам (1979—83) праводзіў палітыку дэмакратызацыі і дыверсіфікацыю эканомікі, наладзіў сувязі з сацыяліст. краінамі, у т. л. з Кубай. У кастр. 1983 узнік канфлікт сярод лідэраў кіруючай партыі Новы рух ДЖУЭЛ, што прывяло да ўзбр. сутыкнення, у час якога загінулі Бішап і шэраг яго міністраў. 25.10.1983 пад выглядам аднаўлення законнасці і бяспекі амер. грамадзян на Грэнадзе супраць краіны распачалі ваен. аперацыю ЗША. У ходзе яе востраў з ліст. 1983 да чэрв. 1985 акупіравалі амер. войскі. Пасля выбараў у снеж. 1984 створаны пераходны ўрад на чале з Х.​Блейзам. У 1990 яго змяніў урад Н.​Брэтвейта. З 1995 прэм’ер-міністр Грэнады — К.​Мітчэл. Грэнада — чл. ААН (з 1974), брыт. Садружнасці, Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскага супольніцтва, Лаціна-амер. эканам. сістэмы, удзельнічае ў Руху недалучэння. Дзейнічаюць Аб’яднаная лейбарысцкая партыя. Нац. партыя Грэнады, Патрыят. рух імя М.​Бішапа, Нац.-дэмакр. кангрэс, Савет прафсаюзаў Грэнады.

Гаспадарка. Пераважае сельская гаспадарка і абслугоўванне турыстаў. Краіна спецыялізуецца на вытв-сці спецый: мускатнага арэха (каля 2 тыс. т штогод, ​1/3 сусв. вытв-сці), гваздзікі, карыцы, ванілі. Вырошчваюць таксама какаву, бананы, цукр. трыснёг, какосавую пальму, цытрусавыя, бавоўну, харч. культуры. На схілах гор гаі мускатнага арэха, ніжэй какавы, потым бананаў і інш. культур. Разводзяць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз, авечак. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Ёсць прадпрыемствы па перапрацоўцы мускатных арэхаў (г. Гуйяў), копры, цукр. трыснягу, піваварны з-д, бавоўнаачышчальная, швейная, мэблевая ф-кі і інш. На востраве штогод бывае каля 100 тыс. турыстаў і адпачываючых пераважна з ЗША і Канады. Транспарт аўтамаб. (746 км дарог з цвёрдым пакрыццём) і марскі. Гал. порт Сент-Джорджэс. Паблізу міжнар. аэрапорт. Грэнада экспартуе мускатны арэх, какава-зярняты, бананы, гваздзіку, карыцу, ваніль, імпартуе харч. і прамысл. тавары. Асн. гандл. партнёры: ЗША, краіны Зах. Еўропы, суседнія краіны, Канада. Грашовая адзінка — усходнекарыбскі долар.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Герб і сцяг Грэнады.

т. 5, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАСТАЕ́УСКІ (Фёдар Міхайлавіч) (11.11.1821, Масква — 9.2.1881),

рус. пісьменнік. Род Д. бел. паходжання; у 1506 яго продкі атрымалі грамату на в. Дастоева (Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл.). Скончыў Пецярбургскае ваенна-інж. вучылішча (1843). Дэбютаваў перакладам рамана А.​Бальзака «Яўгенія Грандэ» (1844). Першы раман «Бедныя людзі» (1846) паставіў Д. ў шэраг вядомых прадстаўнікоў натуральнай школы. У 2-й пал. 1840-х г. захапляўся ідэямі сацыялістаў-утапістаў. За ўдзел у гуртку М.Петрашэўскага прыгавораны (1849) да пакарання смерцю, замененага катаргай (адбываў у Омску, 18 50—54), потым праходзіў салдатчыну. На катарзе перажыў духоўны крызіс: страціў веру ў мажлівасць перабудовы грамадства рэв. шляхам. У той жа час абвастрыліся яго ўспрыманне чалавечых пакут і трывога за лёс чалавецтва. З 1859 жыў у Пецярбургу. Напісаў і выдаў творы «Дзядзечкаў сон», «Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» (абодва 1859), «Прыніжаныя і зняважаныя» (1861). У «Запісках з Мёртвага дома» (1861—62) паказаў жахі катаргі. З братам Міхаілам выдаў час. «Время» (1861—63) і «Эпоха» (1864—65), у якіх прапагандаваў ідэі т.зв. почвеніцтва. У 1863 напісаў аповесць «Запіскі з падполля», якія сталі вяхой на шляху распрацоўкі ім філас. рамана. Раманы «Злачынства і кара», «Гулец» (абодва 1866), «Ідыёт» (1868), «Падлетак» (1875), «Браты Карамазавы» (1879—80) адлюстравалі глыбокія супярэчнасці рас. рэчаіснасці і грамадскай думкі ў эпоху вял. сац. зрухаў у Расіі і Зах. Еўропе. У іх Д. выказаў бязмернасць пакут абяздоленага чалавека. Свет чалавечых пакут — аснова ўсёй рэаліст. творчасці пісьменніка. Пафас яго твораў — барацьба супраць арэчаўлення чалавека, нівеліроўкі і абясцэньвання асобы ва ўмовах капіталізму. Самыя вострыя праблемы часу Д. пераносіў у раманы, як у «лабараторныя» ўмовы, каб паказаць іх магчымы кірунак і вынік у маштабах усяго чалавецтва. Герой Д. — чалавек ідэі, непаўторнага светаўспрымання. Свядомасць гал. герояў Д. — арэна барацьбы пунктаў погляду. Звычайна героі яго твораў паказваюцца ў моманты крызісу, пералому, калі ідэя авалодвае глыбінямі іх натуры, пераходзіць у моцнае пачуццё. У паказе здзеку з чалавечай годнасці, у перадачы самых тонкіх перажыванняў Д. дасягае незвычайных маст. вышынь. У рамане «Злачынства і кара» ён выкрыў бурж. індывідуалізм, паказаў заганнасць, антычалавечнасць тэорыі «права моцнага», «права на праліццё крыві». У ім гранічная напружанасць думкі і філас псіхал. дыялогу. Дыялог у творах Д. разгортваецца як споведзь герояў. У рамане «Ідыёт» высакародны чалавек сутыкаецца з бесчалавечным грамадствам, раскрываецца яго трагічнае бяссілле перад амаралізмам і прагаю грошай. Вельмі моцна гучыць заўсёднае імкненне пісьменніка зберагчы веру ў чалавека, знайсці і ўвасобіць свой ідэал. Адначасова пісьменнік ідэалізаваў пакорлівасць і ўзвышаныя пакуты чалавека, праводзіў ідэю маральнага самаўдасканалення на рэліг. аснове. Самы супярэчлівы твор Д. раман «Д’яблы» (1871—72). Гэта ў нейкай ступені памфлет на рус. рэв. дэмакратыю, якую ён беспадстаўна атаясамліваў з бурж. індывідуалізмам. Разам з тым у творы ёсць і больш значны, глыбокі ідэйна-маст. змест, які робіць яго сугучным нашым сённяшнім адносінам да разбуральнага, цалкам амаральнага экстрэмізму. Раман «Падлетак» — пра драпежніцтва і маральны распад буржуазіі. Вяршыняй філас., сац. і псіхал. пошукаў пісьменніка з’яўляецца яго апошні раман «Браты Карамазавы». У ім адбіўся жах аўтара перад звярыным у чалавеку, перад яго разбэшчанасцю і эгаізмам, абвастрылася пакутлівае хістанне пісьменніка паміж ідэалізацыяй пакорлівасці і бунтам супраць яе. Д. стварыў новы тып рамана, блізкага да трагічнага тэатра. Ён выявіў важныя тэндэнцыі грамадскага развіцця, паставіў праблемы сусв. значнасці. Многія яго творы экранізуюцца і інсцэніруюцца.

Творы Д. зрабілі велізарны ўплыў на рус., бел. і сусв. л-ру. М.​Гарэцкі (драма «Антон» і інш.), шукаючы адказы на шмат якія праблемы нац. характару, апіраўся і на маст.-псіхал. адкрыцці аўтара «Братоў Карамазавых». Бел. раман, які рабіўся ўсё больш псіхалагічным і аналітычным (творчасць К.​Чорнага), вельмі плённа выкарыстоўваў вопыт Д. Прыкметныя сляды вучобы ў Д. ў творах М.​Зарэцкага («Сцежкі-дарожкі» і інш.). У бел. перакладзе выйшлі раман Д. «Бедныя людзі» (1930, пер. Я.​Плашчынскі), аповесці «Белыя ночы» і апавяданне «Палзункоў» (1971, пер. Л.​Салавей). Першыя пастаноўкі твораў Д. на Беларусі адбыліся ў пач. 20 ст. Аматарскімі і прафес. калектывамі ставіліся спектаклі паводле раманаў Д. «Ідыёт» (Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, 1903; Т-ва рус. драмы, 1921; Бел. тэатр.-маст. ін-т, 1970), «Прыніжаныя і зняважаныя» (тэатр імя Я.​Коласа, 1957, 1973), «Злачынства і кара» (Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, 1903; тэатр імя Я.​Коласа, 1962), «Дзядзечкаў сон» (тэатр імя Я.​Купалы, 1978). У в. Дастоева працуе літ.-краязнаўчы музей Д.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—30. Л., 1972—90.

Літ.:

Бахтин М.М. Проблемы поэтики Достоевского. 4 изд. М., 1979;

Фридлендер Г.М. Реализм Достоевского. М.; Л., 1964;

Карякин Ю.Ф. Самообман Раскольникова. М., 1976;

Достоевский в зарубежных литературах. Л., 1978;

Селезнев Ю И. Достоевский. 3 изд. М., 1990;

Адамович А.М. Достоевский после Достоевского // Новый мир. 1981. № 10;

Твардовская В.А. Достоевский в общественной жизни России (1861—1881). М., 1990;

Ф.​Достоевский: Библиогр. произв. Достоевского и лит. о нем, 1917—1965. М., 1968.

А.​М.​Адамовіч, Р.​І.​Баравік (тэатр).

Ф.М.Дастаеўскі. Партрэт мастака В.​Пярова. 1872.

т. 6, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)