комплекс міжнародных, дзярж., рэгіянальных гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні асобных відаў і ўсёй сукупнасці відаў дзікіх жывёл (генафонду) і інш. рэсурсаў жывёльнага свету; састаўная частка аховы прыроды і праблемы захавання біял. разнастайнасці Зямлі.
На Беларусі ахова жывёл рэгулюецца законамі Рэспублікі Беларусь «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету» (1981), «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (1992), Парадкам выдачы дазволаў на здабычу жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь (1993), адпаведнымі палажэннямі зямельнага, воднага і ляснога заканадаўства, міжнар. пагадненнямі, канвенцыямі і інш. Заканадаўствам устаноўлены забаронныя, папераджальныя, рэгулятыўныя, аднаўленчыя і інш. абавязкі дзярж. і грамадскіх арг-цый, гаспадарак і грамадзян па захаванні аптымальнай колькасці жывёл і іх генафонду (гл.Ахова генафонду). Асаблівай аховы патрабуюць рэдкія і тыя, што знікаюць, рэліктавыя, асяроддзеўтваральныя і асяроддзефарміравальныя, гаспадарча карысныя, прамыслова- і спартыўна-паляўнічыя віды жывёл. Ахова рэдкіх і тых, што знікаюць, відаў жывёл ажыццяўляецца ў адпаведнасці са спісам, прапанаваным Міжнар. саюзам аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП), Еўрапейскім Чырвоным спісам рэдкіх і тых, што знікаюць, відаў жывёл, рэгіянальнымі і нац. Чырвонымі кнігамі (гл.Ахоўныя жывёлы). У адпаведнасці зміжнар. канвенцыяй аб гандлі відамі дзікай фауны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, на Беларусі забаронены здабыча, продаж і купля хахулі, гіганцкай вячэрніцы, сярэднееўрап. ляснога ката, зубра, скапы, змеяеда, арлана-белахвоста, беркута, сапсана, дзербніка, шулячка, звычайнай пустальгі, чорнага бусла, драфы. Ахова прамыслова- і спартыўна-паляўнічых відаў жывёл ажыццяўляецца праз ліцэнзаванне паляўнічага промыслу, правядзенне біятэхн. мерапрыемстваў, увядзенне часовых забаронаў на здабыванне (адлоў ці адстрэл) асобных відаў, арганізацыю месцаў спакою дзікіх жывёл. Колькасць прамысл. жывёл рэгулюецца Палажэннем аб паляванні і вядзенні паляўнічай гаспадаркі і Правіламі рыбалоўства ў вадаёмах Рэспублікі Беларусь (гл.Паляўніцтва, Рыбалоўства). Функцыю кантролю мерапрыемстваў па ахове жывёл выконваюць Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Мін-ва лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь з далучэннем грамадскасці (гл.Беларускае таварыства аховы прыроды, Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў і інш.). Адной з формаў аховы жывёл з’яўляецца таксама ўтрыманне і развядзенне рэдкіх і гаспадарча карысных відаў у заапарках, заасадах, спецыялізаваных гадавальніках і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛОТАЗНА́ЎСТВА,
вучэнне пра балоты, іх паходжанне, развіццё, будову і гасп. выкарыстанне. Мае батаніка-геаграфічны (фітацэналагічны) і тарфазнаўчы кірункі.
Балотазнаўства ўзнікла ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў Зах. Еўропе. Інтэнсіўна развівалася ў канцы 19 ст. ў сувязі з ростам меліярац. работ. Заснавальнік балотазнаўства ў Расіі — М.В.Ламаносаў, які даследаваў прыроду торфу. На Беларусі вывучэнне балотаў пачалося з Палесся (М.Бутрымовіч, 1772). Пазней была арганізавана Заходняя экспедыцыя па асушэнні балотаўпад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага (1873—98), у якой прынялі ўдзел глебазнавец В.В.Дакучаеў і батанік Г.І.Танфільеў, што апублікаваў першую ў Расіі класіфікацыю балотаў і апісаў расліннасць балотаў Палесся (1899). У 1911 адкрыта Мінская балотная доследная станцыя. Беларусь стала цэнтрам вывучэння і практычнага выкарыстання балотаў Расіі.
У пач. 20 ст.вял. ўклад у развіццё балотазнаўства зрабілі бел. вучоныя У.М.Сукачоў, А.Ф.Флёраў, В.Р.Вільямс, У.С.Дактуроўскі і інш. У 1925—30 работы па акультурванні балотаў вялі А.Т.Кірсанаў, М.Ф.Лебядзевіч, І.С.Лупіновіч, С.Г.Скарапанаў, іх прадаўжалі А.П.Підоплічка, М.М.Бамбалаў, П.І.Бялькевіч, І.І.Ліштван, У.Я.Ракоўскі, А.В.Цішковіч і інш. Вывучаюць балоты ў НДІ меліярацыі і лугаводства, глебазнаўства і аграхіміі, Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі і інш.н.-д. установах. Распрацавана карта тарфяных радовішчаў, абгрунтаваны сыравінныя базы бітумінозных тарфоў і паказаны ўмовы іх залягання. Даследаваны геагр. і экалагічныя асаблівасці развіцця некаторых сфагнавых комплексаў на вярховых балотах. Дадзены асн.генет. схемы развіцця тарфянікаў на тэр. рэспублікі. Вывучаюцца генезіс, глебаўтваральныя працэсы і раслінныя асацыяцыі балотаў, метады рэгулявання воднага рэжыму, праблемы, звязаныя зс.-г. выкарыстаннем асушаных балотаў, прамысл. асваеннем тарфяных радовішчаў і інш. На аснове даследаванняў па балотазнаўстве складаюцца праекты меліярацыі, выкарыстання торфу ў нар. гаспадарцы.
Літ.:
Підоплічка А.П., Смаляк Л.П. Даследаванні балотнай расліннасці Беларусі // Навука БССР за 50 год. Мн., 1968;
Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РЫЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць барый, пераважна ў ступені акіслення +2. Найб. пашыраны аксід, гідраксід барыю, солі барыю (сульфат, хларыд, карбанат, нітрат і інш.). Бясколерныя крышт. рэчывы, ядавітыя, ГДК амаль усіх барыю злучэнняў 0,5 мг/м³. Сыравінай у вытв-сці барыю злучэнняў з’яўляецца барытавы канцэнтрат (80—95% сульфату барыю), які атрымліваюць флатацыяй барыту.
Барыю аксід BaO, tпл 2017 °C, пры награванні ўзганяецца, шчыльн. 5,7∙103кг/м³. З вадой утварае гідраксід барыю, з кіслотамі, дыяксідам вугляроду — солі. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шкла, эмаляў, каталізатараў. Пры награванні ў кіслародзе (500 °C) пераходзіць у пераксід барыю BaO2 — кампанент піратэхн. сумесяў, адбельвальнікаў для тканін і паперы. Барыю гідраксід Ba(OH)2, tпл 408 °C, гіграскапічны, насычаны раствор у вадзе наз. барытавай вадой; моцная аснова. Выкарыстоўваецца як паглынальнік дыяксіду вугляроду, для ачысткі алеяў і тлушчаў, кампанент змазак, аналітычны рэагент на сульфат- і карбанат-іоны. Барыю сульфат BaSO4, tпл 1580 °C, шчыльн. 4,5∙103кг/м³, не раствараецца ў вадзе і разбаўленых кіслотах, паглынае рэнтгенаўскае выпрамяненне. Напаўняльнік гумы і паперы (у т. л. фотапаперы), кардону, кампанент белых мінер. фарбаў, кантрастнае рэчыва ў рэнтгенаскапічных даследаваннях страўнікава-кішачнага тракту (ГДК 6 мг/м³). Барыю карбанат BaCO3, tпл 1555 °C (у атмасферы CO2пад ціскам 45 МПа), шчыльн. 4,25∙103кг/м³. Дрэнна раствараецца ў вадзе, рэагуе з разбаўленымі салянай і азотнай кіслотамі. Трапляецца ў прыродзе як мінерал вітэрыт. Выкарыстоўваюць у вытв-сці катодаў у электронна-вакуумных прыстасаваннях, аптычнага шкла, эмаляў, палівы, керамічных матэрыялаў, ферытаў, чырв. цэглы. Барыю хларыд BaCl2, tпл 961 °C, шчыльн. 3,83∙103кг/м³, раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваецца ў гарбарнай прам-сці для ўцяжарвання і асвятлення скуры, для барацьбы са шкоднікамі ў сельскай гаспадарцы, загартоўкі «хуткарэзнай» сталі. Барыю нітрат Ba(NO3)2. Існуе як мінерал нітрабарыт, выкарыстоўваецца ў эмалях і паліве, піратэхніцы. Барыю тытанат BaTiO3 — сегнетаэлектрык. Барыю храмат BaCrO4 і манганат BaMnO4 — адпаведна жоўты і зялёны пігменты.
Літ.:
Ахметов Т.Г. Химия и технология соединений бария. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІМПІ́ЙСКІ РУХ,
міжнародны грамадскі рух, накіраваны на прапаганду і развіццё спорту праз падрыхтоўку і арганізацыю Алімпійскіх гульняў. Аб’ядноўвае мільёны людзей незалежна ад паліт. і рэліг. перакананняў, расавай прыналежнасці на прынцыпах раўнапраўя, дэмакратыі і ўзаемнай павагі. Асн. мэты і прынцыпы алімпійскага руху выкладзены ў Алімпійскай хартыі. Арганізац. аснова алімпійскага руху — Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК), Нацыянальныя алімпійскія камітэты (НАК) і іх кантынентальныя аб’яднанні (Асацыяцыя нац. алімпійскіх к-таў, Алімпійскі Савет Азіі, Асацыяцыя еўрап.нац. алімпійскіх к-таў і інш.), арганізац. к-ты Алімпійскіх гульняў, міжнар. і нац. федэрацыі па алімпійскіх відах спорту. Важную ролю ў развіцці алімпійскага руху адыгрываюць алімпійскія кангрэсы, сесіі МАК, дзейнасць яго спецыялізаваных камісій і інстытутаў, а таксама розных міжнар.спарт. арг-цый (Трыбунал спарт. арбітражу, Вярх. Саветміжнар.спарт. арбітражу, Міжнар. алімпійская асацыяцыя даследаванняў у спарт. медыцыне і інш.). Алімпійскі рух мае свае традыцыі, рытуалы, алімпійскую сімволіку.
Гісторыя сучаснага алімпійскага руху пачынаецца з канца 19 ст. Па ініцыятыве франц. педагога, гісторыка і грамадскага дзеяча П. дэ Кубертэна ў 1894 у Парыжы адбыўся I Міжнар.спарт. (алімпійскі) кангрэс, які прыняў рашэнне аднавіць на сучаснай аснове Алімпійскія гульні. Праграмныя і арганізац. асновы алімпійскага руху, распрацаваныя Кубертэнам і яго паплечнікамі, удасканальваліся на працягу наступных дзесяцігоддзяў.
Розныя праграмы МАК па каардынацыі дзейнасці нац. алімпійскіх к-таў прадугледжваюць дапамогу ім у развіцці алімпійскага руху ў сваіх краінах (асн.з іх — праграма «Алімпійская салідарнасць»). Дзейнічаюць Міжнар. алімпійская акадэмія (засн. ў 1961 у Алімпіі, рыхтуе спецыялістаў вышэйшага класа ў розных галінах спорту), Алімпійскі музей (засн. ў 1993 у Лазане, Швейцарыя), Міжнар. алімпійская федэрацыя філатэлістаў (з 1982). Існуе сістэма алімпійскіх узнагарод — медалі для пераможцаў і прызёраў гульняў, Алімпійскі кубак і Алімпійскі ордэн (прысуджаюцца за асаблівыя заслугі ў развіцці алімпійскага руху) і інш. У сістэме алімпійскага руху вылучаюцца рэгіянальныя спарт. спаборніцтвы пад патранажам МАК (Азіяцкія, Афрыканскія, Панамерыканскія і інш. гульні), спаборніцтвы, што наладжваюцца пасля Алімпійскіх гульняў у алімпійскім горадзе для спартсменаў-інвалідаў (гл.Параалімпійскія гульні). На Беларусі алімпійскім рухам кіруе Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі.
Літ.:
Le mouvement olympique = The olympie movement. Lausanne, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЧУЖЭ́ННЕ,
аб’ектыўны сац. працэс, які характарызуецца ператварэннем у пэўных умовах чалавечай дзейнасці і яе вынікаў у самаст. сілу, што пануе над чалавекам і варожая яму. Праяўляецца ў процістаянні асн. перадумоў працы (уласнасць, кіраванне і арг-цыя) суб’екту працы, дзярж.-бюракратычнай машыны радавым членам грамадства, у пачуццях апатыі, адзіноцтва, атрафіі да высокіх сац. і гуманіст. каштоўнасцяў.
Першапачаткова сфармулявана і выкарыстана Т.Гобсам, Дж.Локам, Ж.Ж.Русо для абгрунтавання дагаворнага паходжання дзяржавы як увасаблення перанесеных на яе («адчужаных») людзьмі сваіх пэўных правоў і свабод. Для Гегеля адчужэнне як уласцівасць сусв. духу (абсалютнай ідэі) ёсць пераход яго ў працэсе дыялект. развіцця ў сваю процілегласць — прыродную і сац. рэальнасць; для Феербаха — гэта стварэнне чалавечай свядомасцю рэліг.-ілюзорнага свету багоў, анёлаў і інш.пад уплывам усеагульнай залежнасці чалавека ад варожых яму сіл прыроды. Калі ў Гегеля пераадоленне адчужэння ажыццяўляецца праз усё больш глыбокае пазнанне навакольнага свету, то ў Феербаха — праз крытыку рэлігіі на аснове прынцыпаў любові і салідарнасці. Паводле Маркса, пераадоленне адчужэння можа быць дасягнута ў ходзе пралетарскай рэвалюцыі і стварэння такога грамадства, якое выключала б эксплуатацыю чалавека чалавекам і стварала б аб’ектыўныя ўмовы для свабоднага, усебаковага развіцця асобы.
У сучаснай зах. філасофіі адчужэнні імкнуцца абгрунтаваць усе бакі крызісу грамадства — сац. і нац. прыгнёт, бюракратызацыю грамадскага жыцця, тэхнізацыю свету і разбурэнне прыроднага асяроддзя, узрастаючую бездухоўнасць мастацтва і асобы, нявер’е і атэізм, тэрарызм і злачыннасць, нават нац.-вызв. барацьбу народаў. А.Камю атаясамлівае адчужэнне з відавочнай для яго абсурднасцю чалавечага быцця ў свеце фатальнай непазбежнасці смерці індывіда. Крызіс сацыялізму і марксізму ўяўляецца як спецыфічнае адчужэнне ў грамадстве здзярж.-калектыўнай уласнасцю, якая ўзмацняе працэс адчужэння, ператварае яго ў фатальна-антрапалагічную з’яву. Спробы пераадолення адчужэння ў гэтым сэнсе абвяшчаюцца утапічнымі або звязваюцца са зваротам чалавека да Бога і рэлігіі, да ўцёкаў ад грамадства ў інтымна-асабістае жыццё, з маральным адраджэннем асобы і грамадства на аснове любові, салідарнасці і інш.
Літ.:
Нарский И.С. Отчуждение и труд. М., 1983;
Грицанов А.А. Овчаренко В.И. Человек и отчуждение. Мн., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУІ́ЗМ,
збор светапоглядных падыходаў, рэліг.-філас. поглядаў і сац. дактрын, што сфарміраваліся ў Індыі ў 1-м тыс.н.э. на аснове ведычнай рэлігіі, касмалогіі, брахманізму, асіміляваных элементаў мясц. неарыйскіх культаў і інш.рэліг.сістэм. У аснове аб’яднання ў І. самых розных вераванняў і культаў (ад пантэістычных да монатэістычных) — прызнанне аўтарытэту Вед. Асн. паняцці: атман (абсалютны і субстанцыянальны суб’ект), карма (закон прычынна-выніковых сувязей адносна лёсу чалавека), сансара (ланцуг перараджэнняў, якасць якіх залежаць ад кармы), мокша (вызваленне ад ланцуга перараджэнняў, набыццё дасканаласці, зліццё з Богам, Абсалютам), йога (метады дасягнення зліцця з Богам, Абсалютам). І. абумоўлены падзел індыйскага грамадства на варны (саслоўі) і джаты (касты), а таксама сістэма варнашрама (уключае 4 стадыі жыцця чалавека: вучнёўства, перыяд гаспадара, адасабленне для роздуму і пустэльніцтва). Рэліг.л-ра І. падзяляецца на адкравенні (шруці) і паданні (смрыці). Да першых адносяцца Веды, брахманы (жрэцкая л-ра), араньякі (медытатыўна-йогавыя настаўленні), упанішады (філас. каментарыі да тэкстаў Вед). У смрыці ўваходзяць кнігі эпасаў «Махабхарата» і «Рамаяна», пураны (багаслоўскія творы), іціхасы (гіст. творы). Асн.рэліг. кірункі І. — вішнуізм і шываізм. Культавыя абрады праводзяцца ў храмах, мясцовых і хатніх алтарах, у свяшчэнных месцах. Жыццё паслядоўнікаў І. рэгламентавана сістэмай сямейнай і каляндарнай абраднасці. У традыцыі рэліг.-філас. школ Індыі артадаксальнымі лічацца тыя, што прызнаюць аўтарытэт Вед н’яя, вайшэйшыка, санкх’я, йога, міманса, веданта; неартадаксальнымі — традыцыі джайнізм, будызм і чарваку (не прызнаюць аўтарытэта Вед). Пад уплывам еўрап. культуры, з канца 18 ст. ў І. пачаліся рэформы па змякчэнні яго сац. дактрыны (Р.Рай, Д.Сарасваты, Рамакрышна, С.Вівекананда, А.Гхош). На рубяжы 19—20 ст. некаторыя кірункі мадэрнізаванага І. пачалі пранікаць у Еўропу і Амерыку, у 1960—70-я г. распаўсюдзіліся сярод моладзі зах. краін. У пач. 1990-х г. на Беларусі зарэгістравана абшчына вайшнаваў, створана Т-ва ведычнай культуры.
Літ.:
Боги, брахманы, люди: Четыре тысячи лет индуизма: [Пер. с чеш.]. М., 1969;
Пандей Р.Б. Древнеиндийские домашние обряды (обычаи): Пер. с англ. 2 изд. М., 1990;
Гусева Н.Р. Индуизм: История формирования. Культовая практика. М., 1997.
А.У.Гурко.
Да арт.Індуізм. Індуісцкі храм багіні Лакшмі і бога Нараяна ў Дэлі. 1970-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЕ́Ж (франц. manège) у архітэктуры, 1) прамавугольны ці круглы ў плане будынак без унутр. перагародак (часам агароджаная пляцоўка) для трэніроўкі коней, навучання верхавой яздзе, конна-спарт. спаборніцтваў. Падлога ў М. глінабітная, укрыта слоем пяску і драўняных апілак. Даўж. дарожкі ў закрытым прамавугольным М. да 130 м, у круглым — да 100 м, на адкрытым М. яна дзёрнавая, шчыльная грунтавая, пясчаная або тартанавая. Сучасныя М. будуюць звычайна пры іпадромах. У арх. адносінах найб. выразныя М. 18—19 ст.: класіцыстычныя — конна-гвардзейскі ў С.-Пецярбургу (1804—07, арх. Дж.Кварэнгі), Маскве (1817—25, інж. Л.Л.Карбанье, паводле праекта А.Бетанкура, арх. В.І.Баве; з 1957 выставачная зала). На Беларусі драўляныя прамавугольныя ў плане М. для трэніроўкі коней і навучання верхавой яздзе існавалі ў 2-й пал. 18—19 ст. ў Альбе пад Нясвіжам, Слуцку, Клецку і інш. Дзейнічае М. пры іпадроме конна-спарт. базы «Ратамка».
2) М. спартыўныя бываюць спецыялізаваныя (для аднаго віду спорту) і універсальныя, у якіх трансфармацыя арэны дае магчымасць праводзіць заняткі і спаборніцтвы па розных відах спорту. Найб. распаўсюджаны М.с. для заняткаў футболам і лёгкай атлетыкай. Футбольныя манежы маюць арэну для гульні ў міні-футбол (60 × 40 м); для спаборніцтваў рэсп. і міжнар. ўзроўняў — стандартнае футбольнае поле. Іх выкарыстоўваюць і для інш. відаў спорту (барацьба, бокс, валейбол, гандбол, гімнастыка, рэгбі, тэніс і інш.). Манежы для лёгкай атлетыкі маюць залы (не менш за 126 × 42 м) з прамымі і замкнёнымі бегавымі дарожкамі (звычайна зсінт. пакрыццём), сектары для скачкоў, штурхання ядра і інш., таксама трэніровачныя залы, басейны, сауны і інш. Буйныя М. маюць месцы для гледачоў. Будуюць таксама ў складзе комплексаў навуч. устаноў фіз. культуры і спорту. На Беларусі існуюць лёгкаатлетычныя М. спарт.к-таУзбр. сіл Беларусі (1976; цяпер Мінскі палац лёгкай атлетыкі), спарт. комплексу «Працоўныя рэзервы» (1989) у Мінску, у Гомелі (1980).
3) М. цыркавы, гл.Арэна.
4) Пераносная загародка для дзяцей, якія пачынаюць хадзіць.
С.А.Сергачоў.
Да арт.Манеж. Унутранае абсталяванне лёгкаатлетычнага манежа спартыўнага комплексу «Працоўныя рэзервы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́Д,
1) усё насельніцтва пэўнай краіны (напр., Н. Беларусі, Францыі і г.д.).
2) Розныя формы гіст., этн. супольнасцей (племя, народнасць, нацыя).
3) У марксізме — толькі прац. класы і сац. слаі грамадства (у процілегласць пануючай або кіруючай эліце). Узнікненне і паглыбленне сац. дыферэнцыяцыі людзей прывяло да з’яўлення ў грамадстве адносна ўстойлівых супольнасцей з уласнымі эканам., паліт. і інш. інтарэсамі, аб’ектыўнай зацікаўленасцю фармуляваць і актыўна вырашаць задачы сац. прагрэсу ў інтарэсах абсалютнай большасці людзей. Напр., ініцыятывай рэв. змен у Англіі ў 17 ст. авалодалі розныя слаі буржуазіі і новае дваранства, якія выступалі ад імя Н.; у Франц. рэвалюцыі 1789—99 Н. прадстаўляла «трэцяе саслоўе» (бурж. элементы горада і вёскі), што ўзначальвала барацьбу супраць феад. адносін; у 19 і 20 ст. у якасці носьбітаў «народных інтарэсаў» і «асноўных прадстаўнікоў Н.» заяўлялі аб сабе даволі вузкія колы ліберальнай і радыкальнай, тэхн. і навук. інтэлігенцыі, што часта адбывалася пад уплывам уздыму масавых нар. рухаў, дзе гал. месца займалі рабочыя, сяляне, дробная буржуазія. Н. валодае здольнасцю да самаарганізацыі, з’яўляецца не толькі неаднароднай, але і супярэчлівай супольнасцю. Пры гэтым супярэчнасці існуюць паміж асобнымі элементамі сац. структуры і адначасова пранізваюць яе па вертыкалі зверху ўніз, што накладвае яскравы адбітак на гіст. падзеі, у прыватнасці, калі прадстаўнікі аднолькавых па сваім сац. змесце частак Н. займаюць непрымірымыя грамадзянскія і паліт. пазіцыі (напр., у грамадз. войнах). Тэарэт. інтэрпрэтацыя катэгорыі Н. характарызуецца мноствам падыходаў, якія абумоўлены істотнымі асаблівасцямі канкрэтных кірункаў філас., сац.-паліт. і прававой думкі. Марксісцка-ленінская філасофія пры распрацоўцы катэгорыі Н. канцэнтруе ўвагу на выконваемай ім ролі асн. суб’екта, «героя» гіст. працэсу. У тэорыях масавага грамадства, масавай культуры і масавай камунікацыі Н. лічыцца пасіўным аб’ектам разнастайных грамадскіх змяненняў: індустрыялізацыі і урбанізацыі, развіцця масавай вытв-сці і спажывання, бюракратызацыі грамадскага жыцця, шырокага распаўсюджвання нізкіх па маральна-эстэт. узроўні прадуктаў масавай культуры і інш., аб’ектам маніпуляцый з боку ўладных структур. Прынцыпова новым кірункам міжнар.-прававых і філас. даследаванняў з’яўляецца сістэмнае вывучэнне Н. як суб’екта калект.міжнар. правоў: права на самавызначэнне, на зберажэнне сваёй індывідуальнасці, на сац.-эканам. развіццё, роўнасць зінш. Н. і суверэнітэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГО́ДНІЦКАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
мастацкая проза пра рэальныя ці выдуманыя падзеі, насычаныя займальнымі калізіямі, нечаканымі паваротамі, матывамі выкраданняў і праследаванняў, раскрыццём таямніц і загадак. Дзеянне адбываецца ў асаблівых умовах; персанажы рэзка падзяляюцца на ліхадзеяў і герояў. П.л. звязана здэтэктыўнай літаратурай, падарожжам і фантастычнай літаратурай.
Вытокі Пл. ў авантурных творах антычнасці («Метамарфозы» Л.Апулея) і сярэднявечча («Аповесць пра Трышчана»), Пл. фарміравалася і развівалася ў выніку пераасэнсавання ў эпоху барока рыцарскіх раманаў, з якімі непасрэдна звязана, і пад уплывам рамантызму. У ліку першых узораў П.л. былі «марскія раманы» Дж.Ф.Купера (ЗША) і Ф.Марыета (Вялікабрытанія), гіст.-прыгодніцкія раманы А.Дзюма-бацькі і сац.-прыгодніцкія Э.Сю (Францыя). Класічныя ўзоры П.л. — творы Т.М.Рыда. Р.Л.Стывенсана, Р.Хагарда (Вялікабрытанія), Ж.Верна, Л.А.Бусенара (Францыя), Дж.Лондана (ЗША) і інш. У рус. л-ры вядомы прыгодніцкія творы А.Грына, А.М.Талстога, А.Бяляева, братоў Вайнераў, В.Каверына, А.Рыбакова, Ю.Сямёнава, І.Яфрэмава, К.Вільмонт і інш.
На Беларусі элементы П.л. прысутнічаюць у мемуарах С.Пільштын «Рэха, на свет пададзенае, заняткаў, падарожжа і жыцця майго авантураў...» (1760; у бел.пер. «Авантуры майго жыцця», апубл. ў 1993), змест якіх нагадвае прыгодніцкі раман. Уласна П.л. склалася ў творчасці Я.Маўра. Яго аповесці «У краіне райскай птушкі» (1927), «Сын вады» (1928), «Палескія рабінзоны» (1930) і раман «Амок» (1929) развіваюць традыцыі сусв. П.л. Вядомы прыгодніцкія аповесці «Каштанавы «Масквіч» Х.Жычкі (1959), «Злачынства ля Зялёнай тоні» У.Краўчанкі (1961), «Пажарніца» («Тайна бункера № 7») У.Паўлава (1968), «Эрпіды на планеце Зямля» П.Місько (1987), «Блуканні па іншасвеце» Я.Сіпакова (1994), «Пастка для пярэваратня» А.Якімовіча (1997) і інш.
Майстар прыгодніцкай прозы — У.Караткевіч (аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха», 1964; раман «Чорны замак Альшанскі», 1979—80, і інш.). Прыгодніцкі элемент характэрны для асобных твораў Я.Коласа, З.Бядулі, М.Лынькова, Э.Самуйлёнка, К.Чорнага, У.Дубоўкі, С.Баранавых, Б.Мікуліча, Р.Мурашкі, Я.Нёманскага, І.Шамякіна, І.Сяркова. У прыгодніцкім жанры выступаюць А.Асіпенка, В.Гігевіч, Л.Дайнека, Э.Скобелеў, М.Чаргінец, У.Ягоўдзік і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́СТА-РЫ́КА (Costa Rica),
Рэспубліка Коста-Рыка (República de Costa Rica), краіна ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на Пнз Нікарагуа, на ПдУз Панамай; на У абмываецца Карыбскім м., на З — Ціхім ак.Пл. 51,1 тыс.км². Нас. 3534 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Сан-Хасэ. Краіна падзяляецца на 7 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. К.-Р. — дэмакратычная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1949. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — Заканад. асамблея (57 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). І прэзідэнт, і дэпутаты могуць быць абранымі толькі на адзін тэрмін. Прэзідэнт як кіраўнік урада (кабінета міністраў) назначае членаў кабінета, і яны адказныя перад ім. Губернатараў правінцый назначае прэзідэнт. У кантонах насельніцтва выбірае муніцыпальныя саветы, якія карыстаюцца абмежаванай аўтаноміяй у пытаннях мясц. кіравання. Вышэйшы судовы орган — Вярх. суд, якому належыць і права канстытуц. нагляду. Дзейнічаюць 4 апеляцыйныя суды і касацыйны суд, суды правінцый і мясц. суды.
Прырода. Большую ч. краіны займаюць вулканічныя хрыбты з дзеючымі вулканамі Ірасу (3432 м), Поас (2704 м), Міравальес (2020 м) і міжгорнае вулканічнае цэнтр. плато (Цэнтр. Месета) выш. 900—1200 м. На ПдЗ плато абмежавана хр. Кардыльера-дэ-Таламанка знайвыш. пунктам краіны г. Чырыпо-Грандэ (3820 м). На Пн і па ўзбярэжжах — нізіны. Бываюць разбуральныя вывяржэнні вулканаў і землетрасенні. З карысных выкапняў ёсць невял. радовішчы жал., меднай, марганцавай руд, серы, баксітаў, нафты, серабра і золата. Клімат субэкватарыяльны. На нізінах сярэднямесячныя т-ры 23—25 °C, на плато 19—20 °C. Ападкаў на У да 3000 мм за год, на З — 1000—1500 мм, сухі сезон зліст. да красавіка. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. На ўсх. узбярэжжы — вечназялёныя вільготнатрапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на зах. — лістападныя лясы, месцамі саванны. У гарах вышынная пояснасць, дубовыя лясы з падлескам з вечназялёных лаўровых і інш.Нац. паркі Каркавада, Брауліо-Карыльё, Чырыпо; запаведнік Кардыльера-дэ-Таламанка — Ла-Амістад.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва костарыканцы — нашчадкі ісп. каланістаў 16—17 ст. У антрапалагічных адносінах 87% — белыя, астатнія метысы, мулаты, негры. Індзейцаў менш за 1%. Жыве невял. колькасць кітайцаў, немцаў, італьянцаў, амерыканцаў, нікарагуанцаў. 95% вернікаў — католікі. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. каля 70 чал. на 1 км². Каля 75% насельніцтва жыве на цэнтр. плато, дзе шчыльн. да 500 чал. на 1 км². У гарадах — 50% насельніцтва. Найб. горад Сан-Хасэ — 920 тыс.ж. (1997). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Алахуэла, Картага, Лімон, Эрэдыя. У прам-сці занята 15% працоўных, у сельскай гаспадарцы — больш за 30%, у абслуговых галінах — 23%.
Гісторыя. Са стараж. часоў гэтую тэрыторыю насялялі індзейскія плямёны. У 1502 яна адкрыта Х Калумбам, з 1513 пачалося заваяванне яе іспанцамі. У 1560 уключана ў склад генерал-капітанства Гватэмала. Іспанцы знішчалі тут стараж. індзейскую культуру і на адабраных у індзейцаў землях закладвалі свае гаспадаркі, будавалі гарады. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 насельніцтва К.-Р. выступіла супраць ісп. панавання і прымусіла ісп. губернатара адмовіцца ад улады. 15.9.1821 абвешчана незалежнасць К.-Р. У 1822 яна далучылася да мекс. імперыі Ітурбідэ, а ў 1823 увайшла ў федэрацыю Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі; сталіцай К.-Р. стаў г.Сан-Хасэ. У 1825 прынята першая канстытуцыя. У 1838 К.-Р. вылучылася ў самаст. дзяржаву. У 1850-я г. тут пачалася вытв-сць кавы і бананаў на экспарт. З 1870-х г. сюды пранікае капітал ЗША, амер. манаполія «Юнайтэд фрут компані» стала фактычным гаспадаром эканомікі краіны. У канцы 19 ст. ў К.-Р. лібералізаваны адукацыя і заканадаўства. Паліт. стабілізацыя ў краіне зпач. 20 ст. спрыяла ўмацаванню дэмакр. інстытутаў. Эканам. крызіс у час 1-й сусв. вайны даў пачатак працягламу перыяду ўнутр. канфліктаў. Пры прэзідэнце Р.А.Кальдэроне Гуардыі (1940—44) рэфармавана прац. заканадаўства, праведзены абмежаваныя зямельная і сац. рэформы. Гэтую палітыку працягваў прэзідэнт Т.Пікада Міхальскі (1944—48). Змены ў краіне прывялі да палярызацыі грамадства і грамадз. вайны. У 1948 да ўлады прыйшла хунта на чале з Х.Фігерэсам Ферэрам; распушчана рэгулярная армія, аб’яўлена па-за законам камуніст. партыя, праведзены фін. і інш. рэформы. Канстытуцыя 1949 замацавала гэтыя змены.
У 1953—90 на чале ўлады знаходзіліся (з невял. перапынкамі) сацыял-дэмакраты з Партыі нац. вызвалення (ПНВ), у т. л. ў 1953—58 і 1970—74 прэзідэнт Фігерэс Ферэра, у 1986—90 — прэзідэнт О.Арыяс Санчэс. Гэты перыяд адзначаны актыўным умяшаннем дзяржавы ў эканоміку і сац. палітыку, развіццём перапрацоўчай прам-сці, адноснай паліт. стабілізацыяй, эканам. і гандл. супрацоўніцтвам зцэнтр.-амер. краінамі. З 1981 пачаўся крызіс у адносінах з Нікарагуа, выкліканы пагранічнымі інцыдэнтамі, згодай К.-Р. на знаходжанне на яе тэр. нікарагуанскіх антыўрадавых атрадаў (контрас) і дыпламат. акцыямі, скіраванымі на паліт. -ізаляцыю Нікарагуа. Прэзідэнт Арыяс Санчэс распачаў захады для пераадолення эканам. крызісу і ўрэгулявання цэнтр.-амер. канфлікту (Гватэмальскае пагадненне, падпісанае ў 1987 пяццю дзяржавамі Цэнтр. Амерыкі). У 1994 прэзідэнтам краіны абраны лідэр ПНВ Х.М.Фігерэс Олсен. К.-Р. — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў. Дзейнічаюць Партыя нац. вызвалення, Партыя сацыял-хрысц. адзінства, Партыя нар. авангард К.-Р., Партыя костарыканскага народа, Унітарная канфедэрацыя працоўных, Коста-рыканская канфедэрацыя дэмакр. працоўных. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў чэрв 1992. К.-Р. добраахвотна адмовілася ад утрымання ўзбр. сіл, што дазволіла палепшыць эканам. становішча насельніцтва.
Гаспадарка. К.-Р. — адна знайб. развітых краін Цэнтр. Амерыкі. Штогадовы даход на 1 чал. больш за 2 тыс.дол. ЗША. У эканоміцы важную ролю адыгрывае замежны капітал. Пад кантролем дзяржавы энергетыка, чыг. транспарт, банкаўская сістэма, нафтаперапрацоўка і размеркаванне нафтапрадуктаў, вытв-сць спіртных напіткаў, сувязь. Доля ў валавым унутр. прадукце сельскай і лясной гаспадаркі каля 20%, прам-сці каля 25%. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці трапічных культур, пераважна на экспарт. Апрацоўваецца каля 300 тыс.га, пад шматгадовымі культурамі каля 210 тыс.га, пад пашай і хмызнякамі каля 1,5 млн.га. На цэнтр. плато пераважае дробнае і сярэдняе землеўладанне. Кліматычныя і глебавыя ўмовы спрыяюць вырошчванню кавы гатунку «арабіка». Штогод збіраюць каля 150 тыс.т (каля 2,5% сусв. вытв-сці, 7—11-е месца ў свеце). Зхарч. культур вырошчваюць кукурузу, рыс, сорга, фасолю, бульбу, батат, агародніну, а таксама кветкі на экспарт (раён г. Алахуэла). На нізінах гал. культура — бананы, штогадовы збор 1—2 млн.т (каля 4% сусв. вытв-сці, 6—8-е месца ў свеце). Меншае значэнне мае вырошчванне какавы, цукр. трыснягу, тэкст. бананаў (з валокнаў вырабляюць т.зв. абаку, або манільскую пяньку, 3-е месца ў свеце пасля Філіпін і Малайзіі), ананасаў, цытрусавых, алейнай і какосавай пальмаў, тытуню, бавоўніку, сізалю. Жывёлагадоўля мяснога кірунку на натуральных лугах і ў саваннах; найб. развіта ў горнай ч. краіны і на зах. узбярэжжы. У 1996 было 1,6 млн. галоў буйн. раг. жывёлы. Гадуюць таксама свіней (каля 200 тыс. галоў), коней, авечак, коз. Птушкагадоўля. Марское рыбалоўства (18,1 тыс.т, 1992) і збор морапрадуктаў. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Прамысловасць прадстаўлена пераважна дробнымі прадпрыемствамі, больш за 70% якіх спецыялізуецца на вытв-сці прадуктаў харчавання, тэкстылю, абутку, дрэваапрацоўцы. Невял. здабыча золата, серабра, баксітаў, марганцавых руд. На зах. узбярэжжы здабыча солі з марской вады. Вытв-сць электраэнергіі 4,5 млрд.кВт∙гадз (1995), пераважна на ГЭС у гарах. Развіта харч. і харчасмакавая прам-сць (вытв-сць мясных, рыбных і агароднінных кансерваў, цукру, спіртных і прахаладжальных напіткаў, мукі і хлебабулачных вырабаў, цыгарэт, апрацоўка кавы і какавы, пладоў алейнай і какосавай пальмаў), а таксама тэкст. і швейная прам-сць. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, дрэваапр., мэблевай, цэлюлозна-папяровай, шкляной, цэм., гумавай, хім. (мінер. ўгнаенні), металаапр. прам-сці. Выраб радыёапаратуры, зборка аўтамашын з імпартаваных вузлоў і дэталяў. Большая ч.прамысл. прадпрыемстваў у г. Сан-Хасэ. У г. Лімон нафтаперапр.з-д, у г. Картага прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў. Развіта саматужная вытв-сць прадметаў хатняга ўжытку, маст. разьбярства і размалёўка па дрэве. Замежны турызм — каля 0,5 млн.чал. штогод, пераважна з ЗША. Даход ад турызму 626 млн.дол. (1994). Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Даўж. аўтадарог 26 тыс.км, у т. л. 8,2 тыс.кмз цвёрдым пакрыццём, чыгунак 950 км. Праз К.-Р. зПнЗ на ПдУ праходзіць участак Панамерыканскай шашы. Асн. чыгунка (даўж. 687 км) Лімон—Сан-Хасэ—Пунгарэнас злучае сталіцу згал. партамі на Карыбскім м. і Ціхім ак. Знешні гандаль пераважна марскім транспартам. Дзейнічае прадуктаправод Лімон—Сан-Хасэ. 13 авіяпортаў і пасадачных пляцовак. Міжнар. аэрапорт у Сан-Хасэ. У 1995 экспарт склаў 2,4 млрд.дол., імпарт — 3 млрд.дол. Экспартуюцца кава і бананы (разам больш за 50% па кошце), адзенне, ананасы, мяса, какава, кветкі, абака, цукар, драўніна. У імпарце пераважаюць прамысл. тавары, транспарт. сродкі і абсталяванне, паліва, харч. прадукты. Замежны гандаль вядзецца пераважна з ЗША (42% экспарту, 43% імпарту), Германіяй (адпаведна 9 і 4%), Японіяй (8% імпарту), Гватэмалай, Бельгіяй, Італіяй, Венесуэлай, Мексікай, Бразіліяй. Грашовая адзінка — калон.
Літ.:
Гамбоа Ф. Коста-Рика: Ист.-публицист. очерк: Пер. с исп. М., 1966;
Рютова Т.Ю. Коста-Рика: тревожные времена. М., 1981.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Коста-Рыкі.Да арт.Коста-Рыка. Кававая плантацыя.Да арт.Коста-Рыка. Тыповы краявід на цэнтральным плато.