ВЫСО́КАЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 17—18 ст. у г.Высокае Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Замак з землянымі ўмацаваннямі і бастыёнамі пабудаваны ў сярэдзіне 17 ст. на высокім беразе р. Пульва, якую падперлі плацінай і стварылі штучнае абвадненне. З усіх бакоў яго акружала вада. Цераз шырокі стаў да ўязной вежы-брамы быў перакінуты пад’ёмны мост. На вял. замкавым дзядзінцы стаялі драўляны палац і гасп. будынкі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 Высокаўскі замак моцна пацярпеў, але потым быў адноўлены. Захаваліся земляныя валы і брама замка.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́ЦКІ (Іван) (Ян) Станіслававіч (каля 1803, Гродзенская губ. — не пазней 1854),
удзельнік руху дзекабрыстаў. Уваходзіў у тайнае т-ва «Заране» ў Свіслацкай гімназіі (1823). З 1824 у Беластоку, у 1825 уступіў у т-ва«Ваенныя сябры», быў адным з кіраўнікоў яго арганізацыі ў Беластоку. 14.5.1826 арыштаваны, прыгавораны да пакарання смерцю. Па царскай канфірмацыі (1827) пазбаўлены дваранства і прыгавораны да крапасных работ тэрмінам на 5 гадоў з далейшым пасяленнем у Сібіры. Летам 1827 сасланы ў Омскую, потым у Усць-Каменагорскую крэпасці. У 1830 прызначаны радавым у Сібірскія лінейныя батальёны. Служыў у г. Петрапаўлаўск Табольскай губ. У 1845 звольнены ў адстаўку, жыў у Петрапаўлаўску пад тайным наглядам паліцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЯЎЛЕ́НЧЫЯ МАСТА́ЦТВЫ,
раздзел пластычных мастацтваў; аб’ядноўваюць жывапіс, скульптуру, графіку, фотамастацтва. Адлюстроўваюць рэчаіснасць у наглядных вобразах, што ўспрымаюцца зрокам. Структурная ідэнтычнасць, падабенства прадмета і яго вобраза, матэрыялізаванага ў маст. творы на палатне, кардоне або дошцы, на аркушы паперы, у камені ці метале, насценных размалёўках (манум.-дэкар. жывапіс), з’яўляецца адной з характэрных умоў рэаліст. ўзнаўлення прадметнага свету. Выяўленчыя мастацтвы маюць неабмежаваныя магчымасці глыбокага і праўдзівага адлюстравання дынамікі самых розных працэсаў грамадскага жыцця, выяўлення эстэт. сутнасці прыроднай і сац. рэчаіснасці, духоўнага свету чалавека; часам таксама могуць увасабляць вобразы, якія не існуюць у рэальнасці і створаны фантазіяй чалавека. Выяўленчае мастацтва з’яўляецца фактарам фарміравання грамадскага ўсведамлення (гл.Мастацтва); адной з формаў пазнання свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНО́К САНЕ́ТАЎ,
вершаваны твор з 15 санетаў, адна з цвёрдых страфічных формаў. Кампазіцыйнай асновай вянка санетаў з’яўляецца апошні санет — магістрал. Звычайна ён пішацца раней за іншыя, бо яго радкі ў строгай паслядоўнасці замыкаюць папярэднія санеты: 1-ы санет пачынаецца 1-м і канчаецца 2-м радком магістрала, 2-і адпаведна 2-м і 3-м радком і г.д.; 14-ы санет пачынаецца апошнім і канчаецца 1-м радком магістрала. Вядомы з эпохі барока. Надзвычай складаная форма, якая вымагае дасканалага паэт. майстэрства. Першы бел. вянок санетаў напісаў А.Салавей («Вянок першы», 1958), да гэтай формы звярталіся Н.Гілевіч («Нарач»), Х.Жычка («Абеліск»), А.Сербантовіч («Васілёк», «Курганы»), Я.Сіпакоў («Жанчына») і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДАВЫ́Я СЛАІ́,
1) у раслін — слаі прыросту драўніны, утвораныя камбіем у выніку сезоннай перыядычнасці яго дзейнасці. Найб. выяўлены ў дрэвавых раслін умераных і халодных паясоў, дзе яны адпавядаюць прыросту драўніны за адзін вегетац.перыяд. Нарастаюць ад цэнтра да перыферыі і складаюцца з дзвюх частак — ранняй (больш светлая, размешчана бліжэй да цэнтра, адкладаецца вясной) і позняй (больш цёмная, адкладаецца летам) драўніны. Бачныя на папярочным зрэзе ствала дрэва ў выглядзе канцэнтрычных гадавых кольцаў.
2) У жывёл — утварэнні ў некаторых тканках (напр., у лусцэ рыб, ракавінах малюскаў, кіпцюрах млекакормячых, хрусталіку іх вока), якія штогод адкладаюцца і працягла (часам усё жыццё) захоўваюцца. Адлюстроўваюць сезонныя змены тэмпу росту тканкі, што дазваляе вызначаць узрост асобін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВЫ КАНДЭНСА́Т,
прыродная сумесь узаемараствораных газападобных і лёгкакіпячых вадкіх вуглевадародаў (C5H12 + вышэйшыя), якія знаходзяцца ў зямных нетрах у газа- або парападобным стане. Ахалоджванне і зніжэнне ціску да атмасфернага пры эксплуатацыі газакандэнсатных пакладаў вядзе да выпадзення з сумесі вадкай фазы — кандэнсату. Газавая частка газавага кандэнсату належыць да катэгорыі тлустых газаў. Утрыманне вадкіх вуглевадародаў (кандэнсату) залежыць ад саставу газу, пластавых тэрмабарычных умоў, асаблівасцей міграцыі газавага кандэнсату і вагаецца ад 5—10 да 500—1000 г/м³. Генетычна газавы кандэнсат неаднародны. Фракцыйны і вуглевадародны састаў разнастайны (бензінавыя, газныя, метанавыя і інш. кампаненты). Газавы кандэнсат і яго састаўныя часткі выкарыстоўваюць як паліва для рухавікоў і як сыравіну для хім. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛБІ́ЦА, Галбеіца, Галубейка,
рака пераважна ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток Дзісны (бас.Зах. Дзвіны). Даўж. 63 км. Пл. вадазбору 1050 км². Пачынаецца за 0,5 км на ПдЗ ад в. Глінскія, цячэ ў межах Свянцянскіх град пад назвай Заражанка (на працягу 5 км у Мядзельскім р-не Мінскай вобл.), ніжняе цячэнне на Полацкай нізіне. Асн. прытокі Лаўрыха, Шурыца, Паловіца (злева), Чэртка, Карнееўка, Ласіца і Плісаўка (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 200—400 м. Пойма шыр. 50—150 м. Рэчышча ў верхнім цячэнні на працягу 11 км каналізаванае, у сярэднім і ніжнім цячэнні ягошыр. 20—30 м. Рака працякае праз азёры Задняе возера і Галбея, створаны сажалкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬПЕ́РЫН (Яфім Абрамавіч) (каля 1855, Мінск — ?),
рэвалюцыянер-народнік. Вучыўся ў Мінскай гімназіі. У 1874 далучыўся да ідэй народніцкага сацыялізму. У 1875—76 вёў «лятучую прапаганду» сацыялізму ў Смаленскай і Тульскай губ. Вярнуўся ў Мінск, супрацоўнічаў з землявольскім гуртком М.Л.Велера. Пасля расколу «Зямлі і волі» далучыўся да «Чорнага перадзелу», кіраваў яго гуртком у Гродне. З канца 1881 у Мінску далучыўся да нарадавольскага гуртка Я.С.Хургіна. З 1885 уваходзіў у гурток І.А.Гурвіча, вёў прапагандысцкую работу ў т.зв. «ісаакаўскіх» рабочых гуртках, супрацоўнічаў з газ.«Минский листок». Адзін са стваральнікаў Рабочай партыі палітычнага вызвалення Расіі. У 1900 арыштаваны, сасланы на 5 гадоў у Сібір. У 1924 напісаў успаміны пра рэв. дзейнасць.
ірландскі матэматык і механік. Чл. Ірландскай АН (1832) і яе прэзідэнт у 1837—45. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1837). Скончыў Дублінскі ун-т (1827), з 1827 праф. і дырэктар астр. абсерваторыі гэтага ун-та. Распрацаваў тэорыю гіперкамплексных лікаў, пабудаваў сістэму кватэрніёнаў, адначасова з Г.Грасманам прапанаваў тэорыю камплексных лікаў, якая стала адной з крыніц развіцця вектарнага злічэння. Распрацаваў тэорыю аптычных з’яў і ўстанавіў аналогію паміж класічнай механікай і геам. оптыкай, сфармуляваў адзін з варыяцыйных прынцыпаў механікі — найменшага дзеяння прынцып (прынцып Гамільтана), які незалежна ад яго выказаў М.В.Астраградскі.
Літ.:
Полак Л.С. Уильям Роуэн Гамильтон // Тр. Ин-та истории естествознания и техники АНСССР. 1956. Т. 15.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НА, Аўхар,
протадзяржава, якая існавала ў Зах. Афрыцы на тэр. сучасных Маўрытаніі (паўд.ч.) і Малі (зах.ч.) у 4—13 ст. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 8 ст. Сталіца — г. Кумбі-Сале. Этн. аснова — народ санінке. Мела армію ў 200 тыс.чал., у т. л. 40 тыс. лучнікаў. Была буйнейшым пастаўшчыком золата ў краіны Магрыба. Правіцелі Ганы кантралявалі транзітны гандаль золатам і соллю, абкладалі яго высокай пошлінай. У 1076 сталіцу Ганы заваявалі Альмаравіды. У выніку паўстання 1087 краіна вызвалілася, аднак у хуткім часе пачаўся яе распад. У 1240 Гана канчаткова трапіла пад уладу протадзяржавы Малі. Ад гіст. Ганы назва сучаснай дзяржавы Гана.
Літ.:
Куббель Л.Е. «Страна золота» — века, культуры, государства. 2 изд. М., 1990.