магматычная поўнакрышт. горная парода, багатая крэменязёмам. Адна з найб. пашыраных у зямной кары кантынентаў. Складаецца ў асноўным з кварцу, каліевага палявога шпату (артаклаз, мікраклін), кіслага плагіяклазу і слюды (біятыт, мускавіт). Структура раўнамерназярністая ці парфірападобная. Тэкстура масіўная. Колер ружовы, шэры, жоўты, белаваты, зеленаваты. Шчыльн. 2530—2720 кг/м³. Трываласць на сцісканне да 300 МПа. Існуюць 2 генет. групы граніту: магматычныя, якія ўзніклі ў працэсе крышталізацыі (расплавы) і ўтвораныя ў працэсе гранітызацыі. Адрозніваюць уласна граніт (10—60% плагіяклазу), гранадыярыт (65—90%) і плагіяграніт (больш за 90%). На Беларусі граніт пашыраны сярод парод крышт. фундамента. Выкарыстоўваецца як буд. і абліцовачны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ДЫВАНЫ́,
вырабы Гродзенскіх каралеўскіх мануфактур, заснаваных А.Тызенгаўзам у 2-й пал. 18 ст. Адметныя высокай тэхнікай ткацтва і прыгажосцю. Кампазіцыі гродзенскіх дываноў (ворсавых і шпалер) складаліся з раскіданых па полі букетаў, перавязаных стужкамі, вазонаў і кошыкаў з кветкамі. Колеравая гама звычайна блакітная і залацістая. Раслінны арнамент ворсавых дываноў (букеты руж на светлым фоне) вызначаўся лёгкасцю формаў і гарманічнасцю колеравых спалучэнняў. Французскія майстры, якія працавалі на мануфактурах, пераймалі зах.-еўрап. ўзоры і стваралі дываны ў стылях барока і класіцызму. Часам у гродзенскіх дыванах трапляюцца ўзоры ў мясц. арнаментальных традыцыях.
Дз.С.Трызна.
Да арт.Гродзенскія дываны. Фрагмент шпалеры 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗАВА́Я МА́РКА,
знак для абазначэння мінімальнай вышыні надводнага борта судна пры поўнай яго загрузцы ў розных умовах плавання.
Мае выгляд круга, перасечанага па цэнтры гарыз. лініяй, якая паказвае найб. дапушчальную асадку судна ў марской вадзе (у летні час у зоне ўмеранага клімату), і 6 гарыз. ліній, якія паказваюць гранічнае апусканне яго ў залежнасці ад раёна плавання, пары года, характару вады. Наносіцца на барты судна.
Грузавая марка марскога судна: а — надводны борт па летнюю грузавую марку; лініі асадкі: ТП і П — для прэснай вады ў трапічнай і ўмеранай зонах; Т — трапічная; Л і З — летняя і зімовая ва ўмеранай зоне; ЗПА — зімовая ў Паўн. Атлантыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́МАВЫЯ КЛЯІ́,
растворы каўчукоў у арган. растваральніках (бензіне, аліфатычных, араматычных, хларыраваных вуглевадародах і інш.).
Падзяляюць на 2 асн. групы: гумавыя кляі, якія не вулканізуюцца (растворы каўчуку натуральнага, каўчукоў сінтэтычных, гутаперчы), утвараюць клеявыя злучэнні ў выніку выпарэння растваральніку; гумавыя кляі, што вулканізуюцца (у іх састаў уваходзяць вулканізуючыя рэчывы), утвараюць больш трывалыя клеявыя злучэнні, чым гумавыя кляі першай групы. У залежнасці ад т-ры ўтварэння клеявога злучэння адрозніваюць гумавыя кляі гарачай (пры 140—150 °C) ці халоднай (пры 25—30 °C) вулканізацыі. Выкарыстоўваюць пры зборцы і рамонце гумавых вырабаў, у вытв-сці прагумаваных тканін, для мацавання гумы да металу, дрэва, шкла і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРЫГО́РСКІ ПАРК, сад «Саломінка»,
помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў 1906 у в. Дабрыгоры Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. на правым беразе р. Крывінка ваен. урачом П.М.Красавіцкім. Дрэвы садзіў вядомы садавод Я.Мароз. Пл. 10 га. Парк эканам. тыпу, па кампазіцыі пладовы сад.
Па перыметры абсаджаны рознымі экзотамі, якія ўтвараюць ахоўныя пасадкі і невял. паркавыя курціны. У ім каля 30 відаў і формаў дэкар. раслін: кедр сібірскі, елкі белая, Энгельмана, серабрыстая, хвоі веймутава, жорсткая, чорная, Банкса, лістоўніцы яп. і еўрап., бук, арэх маньчжурскі, клён татарскі і інш.
Літ.:
Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989. С. 87—88.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРО́ЖНЫЯ ВО́СЫ (Pompilidae),
сямейства вос падатр. сцябліністабрухіх перапончатакрылых насякомых. Больш за 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках. На Беларусі 24 віды, з іх сярод камянёў і раслін на пясчаных дарогах найб. трапляюцца пампіл дарожны (Pompilus viaticus), павукалоў буры (Priocnemis fuscus).
Даўж. 3—25 мм. Пярэдняспінка развітая, брушка кароткае, сцябліністае. Малюнак цела чорны або чорны з чырвоным ці жоўтым. Ногі доўгія, пярэднія часта з капальным грэбенем. Палююць на павукоў. Большасць з іх рые ў зямлі гнёзды, выкарыстоўваюць і норкі павукоў, куды адкладваюць яйцы на паралізаваных уколамі джала павукоў, якія з’яўляюцца кормам для лічынак. Лічынка акукліваецца ў норцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́ЙНАЕ ЗНАЧЭ́ННЕ, эфектыўнае значэнне,
сярэднеквадратычнае за перыяд значэнне перыядычнай эл. велічыні (сілы току, напружання і інш.). Напр., Дз.з. сілы пераменнага току вызначаецца цеплавым дзеяннем току (Джоўля—Ленца закон захоўвае свой від, калі пад сілай пераменнага току разумеюць яго Дз.з.). Для велічынь, якія змяняюцца па сінусаідальным законе, Дз.з. ў √2 разоў меншае за амплітуду (найб. значэнне). У электратэхніцы Дз.з. напружання, электрарухальнай сілы і сілы току запісваюць без якіх-н. адзнак (усе амперметры і вальтметры вымяраюць Дз.з. току і напружання), напр., калі ў эл. сетцы напружанне 220 В, то менавіта 220 В — Дз.з. напружання, а яго амплітуднае значэнне (двойчы за перыяд) роўнае 220 √2 В.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
цэнтральныя органы кіравання Рэспублікі Беларусь. якія ажыццяўляюць функцыі міжгаліновага кіравання, у асобных выпадках галіновае кіраванне нар.-гасп. і сац.-культ. комплексамі. Яны маюць права выдаваць нарматыўныя акты, абавязковыя для выканання ўсімі мін-вамі, ведамствамі і арг-цыямі. Уваходзяць у склад Урада — СМ Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (дадатку ад 14.1.1997) утвораны Дз.к.Р.Б.: па друку; па авіяцыі; па справах моладзі; мытны; падатковы; пагран. войск; па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі; па энергазберажэнні і энергет. наглядзе; па архівах і справаводстве; патэнтны; па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі; па гідраметэаралогіі; вышэйшы атэстацыйны; па навуцы і тэхналогіях; па справах рэлігій і нацыянальнасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́ЎСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,
аб’ядноўвае шматлікія ізаляваныя радовішчы на тэр. Днепрапятроўскай, Запарожскай, Жытомірскай, Вінніцкай, Кіеўскай, Чаркаскай, Кіраваградскай абл. Украіны. Пл. каля 150 тыс.км²; распасціраецца пераважна па правабярэжжы р. Дняпро на 680 км пры шыр. да 150 км. Вугляноснасць басейна звязана з палеагенавымі адкладамі, якія залягаюць на крышт. пародах Украінскага масіву. Разведаныя запасы вугалю 2,4 млрд.т.
Наяўнасць вуглёў вядома з 16 ст. Інтэнсіўнае асваенне з 1946. Магутнасць вугляноснай тоўшчы да 55 м, глыб. залягання ад 5 да 160 м. Вуглі бурыя, тэхн. групы Б1. Цеплыня згарання на рабочае паліва 9,2 МДж/кг. Здабыча вядзецца разрэзамі і шахтамі. Цэнтр — г. Александрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАКО́НАВА ДРЭ́ВА (Dracaena draco),
кветкавая расліна з роду драцэна. Эндэмік Канарскіх а-воў.
Шматгадовая дрэвападобная расліна выш. больш за 20 м, дыям. ствала каля асновы да 4 м. Характэрны другасны рост у таўшчыню. Лісце доўгае, скурыстае, шорсткае, размешчана пучкамі на канцах галінак. Кветкі буйныя, двухполыя, сабраны ў пучкі па 2—4. Тэхн., лек. і дэкар. расліна. З надрэзаў кары выцякае чырв. смала (т. зв. «драконава кроў»), з якой атрымліваюць лак. Валокны лістоў выкарыстоўваюць для пляцення. Д.д. называюць таксама некаторыя інш. віды драцэны (напр., амбет, ці афрыканскае Д.д., кінаварна-чырвоная, камбаджыйская, расколатае ці самалійскае Д.д.), якія выдзяляюць крывава-чырвоную смалу.