СКАРАПА́ДСКІ (Павел Пятровіч) (16.5.1873, г. Вісбадэн, Германія — 26.4.1945),
украінскі дзярж. і паліт. дзеяч. Ген.-лейтэнант рас. арміі (1916). Паходзіў з казацкага роду нашчадкаў В.І.Скарападскага (памёр у 1727) — брата ўкр. гетмана І.І.Скарападскага. Скончыў Пажскі корпус у Пецярбургу (1893), служыў у коннай гвардыі. Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. Флігель-ад’ютант імператара Мікалая II (1905—10). У 1-ю сусв. вайну на Паўд.-Зах. фронце, камандаваў кав. брыгадай, дывізіяй, 34-м армейскім корпусам, які ў жн. 1917 ператварыў у 1-ы ўкр. корпус. У кастр.—ліст. 1917 на чале корпуса падтрымаў укр.Цэнтральную раду, прызначаны кіраўніком яе ваен. фарміраванняў. У сак. 1918 ва ўмовах герм. акупацыі Украіны стварыў апазіцыйную да Цэнтр. рады «Укр. грамаду». 29.4.1918 на Усеўкр. з’ездзе хлебаробаў абвешчаны гетманам Украіны, пры падтрымцы Германіі і ч.рас. афіцэрства скінуў Цэнтр. раду і захапіў уладу. С. ўстанавіў аўтарытарную дыктатуру пераважна ў інтарэсах памешчыкаў, буржуазіі і заможнага сялянства. Пры ім адкрыты 150 укр. гімназій, 2 новыя ўкр. ун-ты (у Кіеве і Камянцы-Падольскім), Укр. акадэмія навук. Яго палітыка згодніцтва з герм. акупантамі, якія рабавалі Украіну, выклікалі масавыя выступленні рабочых і незаможных сялян, у т. л. рух пад кіраўніцтвам Н.І.Махно. Ва ўмовах паражэння Германіі ў 1-й сусв. вайне С. 14.12.1918 скінуты войскамі Украінскай дырэкторыі ўрада. Жыў у эміграцыі ў Швейцарыі і Германіі, дзе кіраваў «Укр. саюзам хлебаробаў-дзяржаўнікаў». 16.4.1945 смяротна паранены ў час адной з бамбардзіровак Германіі саюзнікамі.
Тв.:
Спогади. Київ, 1995.
Літ.:
Гетьман Павло Скоропадський (1873—1945): Матеріали до біобібліогр. Київ, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭВААПРАЦО́ЎЧАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна прамысловасці па мех. і хім.-мех. апрацоўцы драўніны. Уключае 3 гал. групы вытв-сці: лесапільную; клееных матэрыялаў і пліт; вырабаў з драўніны. Асн. сыравінай для лесапільнай вытворчасці служаць бярвёны; асн. прадукцыя — піламатэрыялы, дадатковая — тэхнал. трэскі, якія атрымліваюць здрабненнем кавалкавых адходаў. Асн. сыравінай клееных матэрыялаў і пліт служаць лясныя сартыменты, драўнінныя адходы і кляі; прадукцыя — клееныя паўфабрыкаты і вырабы (фанера, фанерныя пліты, клееныя буд. канструкцыі, драўнянаслаістыя пластыкі, драўнянастружкавыя і драўнянавалакністыя пліты і інш.). Для вырабаў з драўніны зыходная сыравіна — драўніна і драўнінныя матэрыялы, пластмасы, металы, шкло, тканіны, кляі, лакі і інш.; прадукцыя — сталярна-буд. вырабы, драўняныя дамы, мэбля, муз. інструменты, тара, спарт. інвентар, гасп. тавары, сувеніры, абсталяванне сродкаў транспарту і інш.
У Рас. імперыі Д.д. узнікла ў саматужнай і рамеснай форме ў пач. 18 ст. Інтэнсіўна развіваецца з 2-й пал. 19 ст.Удз. в. Беларусі ў агульным аб’ёме Д.д. Расіі ў 1913 складала 6,5%. Пераважала лесапілаванне (59,1% валавой прадукцыі). Лясная сыравіна і паўфабрыкаты ішлі ў асноўным за мяжу. Працавалі: Бабруйскі, Гомельскі і Мазырскі лесапільныя з-ды, запалкавыя і фанерныя прадпрыемствы ў Пінску, Барысаве, Гомелі і інш.
У СССР развіццё Д.п. было звязана з ростам капітальнага буд-ва, машынабудавання, вытв-сці тавараў шырокага ўжытку. У 1920—30-я г. працавалі: дрэваапр.з-д у Мінску, Гомельскія лесакамбінат (на базе лесапільных з-даў) і дрэваапр. камбінат, Бабруйскі лесакамбінат і Бабруйскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, Віцебскі фанерны з-д і інш. Да Айч. вайны ў Беларусі былі 3 дрэваапр. камбінаты, 26 леса- і 16 фанерных з-даў, 5 мэблевых, 4 запалкавыя ф-кі. Аб’ём выпуску прадукцыі ў 1940 больш як у 6,5 раза перавышаў узровень 1913. Выпуск клеенай фанеры склаў 34,8%, запалак — 28,6% агульнасаюзнага аб’ёму. Пасля вайны побач з адноўленымі пабудаваны новыя прадпрыемствы Д.п. Маючы 0,7% лясоў СССР, у канцы 1980-х г. Беларусь выпускала 10,6% фанеры, каля 8% драўнянавалакністых і 7% драўнянастружкавых пліт, 6% мэблі, 3,4% паперы ад усесаюзнага аб’ёму.
Найбольшымі і тэхнічна развітымі прадпрыемствамі з’яўляюцца Бабруйская мэблевая фабрыка, Гомельскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырская мэблевая фабрыка, «Мінскпраектмэбля», Пінская дрэваапрацоўча-фанерная фабрыка, «Івацэвічдрэў», Мастоўскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, «Рэчыцадрэў» і інш., якія ўваходзяць у канцэрн «Беллеспаперапрам». У 1991—95 аб’ёмы выпуску прадукцыі паступова зніжаліся. Яе стабілізацыя пачалася з 2-й пал. 1990-х г. Да гэтага часу створана больш за 100 малых і сумесных прадпрыемстваў розных формаў уласнасці, пераважна мэблевых; дзейнічаюць таксама прадпрыемствы ў сістэме лясной гаспадаркі, мясц. прам-сці, быт. абслугоўвання насельніцтва, буд-ва, с.-г. прадпрыемстваў і інш. Каля 70% усёй прадукцыі выпускаюць прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам». Значная частка ідзе на экспарт, пераважна ў Расію.
Д.п. шырока развіта ў многіх краінах свету, у т. л. ў ЗША, Швецыі, Фінляндыі, Нарвегіі, Канадзе, з якіх шмат прадукцыі экспартуецца. Высокаразвітая Д.п. Германіі і Японіі ў асноўным працуе на прывазной сыравіне. Высокі ўзровень Д.п. ў Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Швейцарыі, Даніі, Бельгіі, Славеніі і інш., якія таксама імпартуюць сыравіну і паўфабрыкаты. Д.п. развіваецца ў Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Румыніі, Венгрыі, Балгарыі, краінах Прыбалтыкі. З краін СНД найб. развітая ў Расіі, якая мае вял. запасы драўніны і забяспечвае ляснымі рэсурсамі многія краіны свету, на Украіне.
Тэхн. прагрэс у Д.п. цесна звязаны з н.-д. дзейнасцю, вывучэннем яе фізіка-мех. уласцівасцей, распрацоўкай новых матэрыялаў, тэхналогій і абсталявання, канструяваннем мэблі і інш. вырабаў. Гэтыя работы выконваюцца ў Бел.дзярж.тэхнал. ун-це, НВА «Мінскпраектмэбля», буйнейшымі дрэваапр. аб’яднаннямі.
Літ.:
Экономика Советской Белоруссии, 1917—1967. Мн., 1967;
Барташевич А.А., Богомазов В.В. Технология изделий из древесины. Мн., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫШЫ́ (саманазва латвіешы),
нацыя, асноўнае насельніцтва Латвіі (1390 тыс.чал.; 1992). Жывуць таксама ў краінах СНД, у т. л. на Беларусі 2658 чал. (перапіс 1989), Зах. Еўропы, у ЗША, Канадзе, Аўстраліі. Агульная колькасць 1,54 млн.чал. (1992). Гавораць на латышскай мове. Вернікі пераважна пратэстанты, часткова — католікі, праваслаўныя.
У этнагенезе Л. удзельнічалі балцкія, фіна-угорскія і часткова слав. плямёны. Кансалідаваліся ў народнасць да пач. 17 ст. У 19 ст. фарміруецца лат. нацыя. Традыц. паселішчы Л. — невял. вёскі і хутары. Асн. заняткі — земляробства і жывёлагадоўля, на ўзбярэжжы — рыбалоўства. Найб. развітыя рамёствы — ткацтва, кавальства, ганчарства, дрэваапрацоўка, піва- і сыраварэнне. Нац. адзенне: у жанчын тунікападобная вышытая кашуля, паласатая або ў клетку спадніца з ліфам, узорысты пояс і інш.; характэрная частка лат. гарнітура — пакрывала-плед, прышпіленае на плячы або на грудзях вял. круглай спражкай-брошкай (сактас); у мужчын — кароткая вышытая кашуля, белыя паласатыя або ў клетку штаны, кафтан, капялюш і інш.
Этнакулы. сувязі бел. і лат. народаў маюць даўнія традыцыі. Яшчэ ў 13 ст. жыхары Полацкай зямлі разам з латгаламі і інш. балцкімі плямёнамі змагаліся супраць ням. рыцараў. У 16—18 ст. у склад ВКЛ, а пасля Рэчы Паспалітай уваходзілі т.зв. Польскія Інфлянты, частка Ліфляндыі, населеная пераважна каталіцкім насельніцтвам. Балцкая яго частка сфарміравала народнасць латгальцаў, якія разглядаюцца як частка лат. народа. Перасяленне Л. на У і ПнУбел. зямель найб. інтэнсіўна ішло ў 1860—80-я г. У 1897 значныя групы Л. жылі ў Віцебскім (каля 4 тыс.), Аршанскім (да 3,7 тыс.), Полацкім (каля 1,7 тыс.) і Быхаўскім (каля 1 тыс.) паветах. У 1-ю сусв. вайну колькасць Л. на Беларусі павялічылася (больш за 20 тыс.чал.), у 1920—30-я г. зменшылася (14 тыс.чал.; перапіс 1926). У 1910-я г. ў Віцебску існавала Лат. дабрачыннае т-ва, у наваколлі Лёзна — правасл. брацтва. У 1910—20-я г. ў Віцебску дзейнічала культ.-асв.т-ва «Прометэйс». У 1920-я г. было Лат. бюро пры ЦККП(б)Б і ЛКСМБ, консульства Латв. Рэспублікі ў Віцебску. У 1910—30-я г. сярод вернікаў-латышоў Магілёўшчыны існавала група евангельскіх хрысціян, т.зв. апусталі. Працавала 5 нац.лат. сельсаветаў, калгасы (23 у 1935), у месцах кампактнага пражывання Л. — лат. школы (24 у 1930/31 навуч.г., 12 лат., 2 бел.-лат., 1 лат.-літ. ў 1935/36 навуч.г.). Гісторыю лат. перасяленчага руху, матэрыяльную і духоўную культуру Л. на Беларусі вывучала Лат. камісія Інбелкульта (засн. ў 1927), з 1929 — лат. сектар Бел.АН, з 1933 — лат. секцыя Ін-та нацменшасцей АН Беларусі. У 1929 апублікавана «Праграма даследавання латышскіх калоній», якая прадугледжвала збіранне і вывучэнне этнагр. і фалькл. матэрыялаў. У 1929—30 праведзены экспедыцыі ў раёны кампактнага пражывання Л. на Віцебшчыне і Полаччыне. Былі выдадзены некалькі навук. прац на лат. мове па гісторыі лат. насельніцтва Беларусі. У 1930—40-я г. колькасць Л. на Беларусі значна зменшылася. Пасля Вял.Айч. вайны адбывалася міграцыя часткі Л. Беларусі ў Латвію, на тэр. Беларусі ішло перасяленне пэўнай колькасці Л. з Латвіі. У 1959 на Беларусі было 2631 Л., у 1970—2660, у 1979—2617. Мігранты з Латвіі (пасляваен.) і нашчадкі колішніх перасяленцаў на Беларусі, знаходзячыся ў пастаянных этнакульт. кантактах з мясц. насельніцтвам, захоўваюць некаторыя этнічныя асаблівасці (мову, абрады, рэлігію і інш.). З 1995 дзейнічае Саюз латышоў Віцебскай вобл. «Даўгава».
Літ.:
Шкільтэр К. Латышскія калоніі на Беларусі: Гіст. развіццё латыш. сялянскіх гаспадарак. Мн., 1931.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ТАПІСЫ,
гісторыка-літаратурныя творы з апісаннем падзей па гадах; помнікі пісьменнасці ўсх. славян 11—18 ст. Пагадовая форма выкладу гісторыі вядома з часоў антычнасці. У форме Л. складалі свае творы першыя гісторыкі Стараж. Рыма. У сярэднія вякі асн. відамі гіст. запісаў у летапіснай форме былі ў Зах. Еўропе аналы і хронікі. У працэсе станаўлення Л. (хронікі) прайшлі шлях ад лаканічных храналагічных запісаў да разгорнутага каменціраванага апісання гісторыі. Сярэдневяковыя летапісцы апісвалі пераважна вонкавы бок падзей і асвятлялі мінулае з пункту гледжання свецка-рыцарскіх або хрысц.-аскетычных ідэалаў, прама ці ўскосна зыходзячы з царк.-рэліг. канцэпцыі свету. У Зах. Еўропе традыц. летапісанне (хранаграфія) заняпала ў эпоху Адраджэння са з’яўленнем новай свецкай гістарыяграфіі, заснаванай на гуманіст. светапоглядзе і традыцыях ант.гіст. прозы. На Русі Л. пачалі складаць у 11 ст.; гэта было выклікана ідэйна-паліт. задачамі культ.-гіст. развіцця ўсх. славян, бурным ростам іх грамадскай і этн. свядомасці ў перыяд актыўнага гіст. самасцвярджэння. У пач. 12 ст. ў Кіеве створаны агульнарус. летапісны помнік «Аповесць мінулых гадоў». Гэты твор паслужыў стымулам і асновай для зараджэння летапісання ў інш. гарадах і землях ўсх. славян. У 12—14 ст. Л. мелі пераважнамясц. характар. Паўд.-рус. летапісанне гэтага часу прадстаўлена Кіеўскім летапісам і Галіцка-Валынскім летапісам, наўгародскае — Наўгародскім 1-м, уладзіміра-суздальскае — Лаўрэнцьеўскім летапісам і Радзівілаўскім летапісам. У 15 ст. ўзніклі летапісныя зборы Троіцкі летапіс (пач. 15 ст.), Бел.-літ. летапіс 1446, збор 1448 і інш. Найбуйнейшымі цэнтрамі летапісання былі Кіеў, Масква, Ноўгарад, Смаленск, магчыма, Полацк. У 17 — пач. 18 ст. інтэнсіўна развівалася ўкр. летапісанне (гл.Казацкія летапісы). Традыц. летапісанне ў Расіі, на Беларусі і Украіне заняпала ў 18 ст. разам з завяршэннем стараж. эпохі ў гісторыі літаратур усх.-слав. народаў. Складанне Л. было справай палітычнай; летапісцы выражалі інтарэсы і ідэйна-паліт. памкненні пэўнага сац. асяроддзя. Лепшыя стараж.-рус. Л. — цэласныя гіст.-літ. творы, якія вызначаюцца майстэрствам апавядання, шырынёй гіст. погляду, высокай ідэйнасцю і публіцыстычнасцю. Паводле жанравай структуры Л. — гэта зборы, якія аб’ядноўваюць кароткія дзелавыя запісы, дакументы (лісты, прывілеі, граматы), літ. творы, што надае ім выгляд гіст.-літ. кампіляцый. Гіст. падзеі і факты датаваліся ў Л. «ад стварэння свету», з 16 ст. ў бел. Л. датаванне вялося «ад нараджэння Хрыста» (розніца паміж дзвюма датамі складала 5508 гадоў). Навук. даследаванне і выданне Л. пачалося ў 18 ст. Вялікі ўклад у гэтую справу зрабілі А.А.Шахматаў, Дз.С.Ліхачоў, М.М.Улашчык, якія прапанавалі новыя падыходы і метады даследавання. Вядома каля 1,5 тыс. розных летапісных спісаў. Большасць з іх зберагаецца ў архівах і б-ках Масквы і Санкт-Пецярбурга. Самыя выдатныя Л. выдадзены ў Поўным зборы рускіх летапісаў. На Беларусі Л. вядомы з часоў Полацкага княства. Асаблівай папулярнасцю карысталіся «Аповесць мінулых гадоў» і Галіцка-Валынскі летапіс. Апошні паслужыў крыніцай і літ. ўзорам «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» і Хронікі Быхаўца. У 15—17 ст. на Беларусі чыталі, перапісвалі і выкарыстоўвалі пры складанні летапісных збораў і кампіляцый розныя стараж.рус. Л. У 2-й чвэрці 15 ст. маскоўскі Л. Фоція пакладзены ў аснову агульнай часткі Беларуска-літоўскага летапісу 1446; Аўрамкі летапіс у аснове меў наўгародскае паходжанне. У 16—17 ст. на бел. землях бытаваў ілюстраваны Радзівілаўскі летапіс, пратограф якога паходзіў з Маскоўскай Русі. Літ. традыцыі стараж.-рус. Л. адыгралі вял. ролю ў гісторыі бел. летапісання. Гл. таксама Летапісы беларуска-літоўскія, Летапісы беларускія, Летапісныя аповесці і апавяданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЫЯВІ́СТЫКА (ад лац. medius сярэдні + aevum век, эпоха),
галіна гіст. навукі, якая вывучае гісторыю сярэдніх вякоў, пераважна ў Зах. Еўропе. Гісторыю зах.-еўрап. краін пасля падзення Рым. імперыі асвятлялі сярэдневяковыя гіст. творы — гісторыі, хронікі, аналы, біяграфіі, агіяграфія, у аснове гіст. канцэпцыі якіх ляжаў хрысц.правідэнцыялізм. У 15—16 ст.італьян. гуманісты вылучылі гісторыю сярэдніх вякоў у асобны перыяд, указалі на сістэму феодаў і феад. раздробленасць як на яго характэрныя рысы. Гісторыкі эпохі Асветніцтва ўвялі ў навуку паняцце феадалізм, у 18 ст. вылучылі М. ў асобную гіст. дысцыпліну. На мяжы 18—19 ст. у зах.-еўрап. гістарыяграфіі ўзнікла «рамантычная» плынь, прадстаўнікі якой (Ю.Мёзер, Ж. дэ Местр, Э.Бёрк і інш.) ідэалізавалі сярэдневякоўе, рацыяналізму асветнікаў проціпастаўлялі правідэнцыялізм. Вучоныя 1-й пал. 19 ст. (французы Ф.Гізо, А.Цьеры, Ж.Мішле, англічанін Т.Карлайл, немец В.Цымерман і інш.) вывучалі пераважнапаліт. падзеі, юрыд. нормы, дзейнасць выдатных асоб. У Расіі М. як навука склалася ў 1830—40-я г. (Ц.М.Граноўскі). Да паліт. кірунку ў рас. М. належалі П.М.Кудраўцаў, С.В.Яшэўскі, У.І.Гер’е, М.А.Асокін і інш. Яе сац.-эканам. праблемы вывучалі І.В.Лучыцкі, М.І.Карэеў, М.М.Кавалеўскі, праблемы культуры — М.С.Карэлін, Л.П.Карсавін і інш.Асн. кірункамі сусв. М. 2-й пал. 19 ст. былі паліт. (Ф.Дан, Г. фон Зібель), гісторыка-прававы (Г.Л.Маўрэр, У.Стэбс, Г.Мэн) і пазітывісцкі (Н.Д.Фюстэль дэ Куланж, І.Тэн, Г.Мано). Марксізм, які трактуе сярэдневякоўе як час панавання феадалізму і разглядае яго як адну з грамадска-эканам. фармацый, паўплываў на сав. медыявістаў 1920—80-х г. (Я.А.Касмінскі, М.П.Грацыянскі, А.І.Няўсыхін, С.Д.Сказкін і інш.) і некаторых еўрап. даследчыкаў. На ўзровень канцэптуальнага асэнсавання сярэдневякоўя М. вывелі франц. вучоныя М.Блок і Л.Феўр, якія з 1929 выдавалі час. «Annales d’histoire économique et sociale» («Аналы эканамічнай і сацыяльнай гісторыі»), Склалася «Аналаў» школа, на базе якой аформілася некалькі плыней, у т. л. «татальная гісторыя» (Ж.Ле Гоф), што вывучае матэрыяльную, духоўную, інтэлектуальную культуру і з’явы паўсядзённасці як адзіны комплекс, «гісторыя ментальнасцей» (Ж.Дзюбі, У.Раўльф), што арыентуецца на праблемы сац. псіхалогіі і светаўспрымання. Блізкія да іх сучасныя кірункі «новай сацыяльнай гісторыі» ў ЗША, Вялікабрытаніі і інш. краінах. У СССР падобныя даследаванні праводзілі М.М.Бахцін, А.Я.Гурэвіч, Ю.Л.Бяссмертны і інш.
У Беларусі навук. вывучэнне сярэдневякоўя вядзецца з 18 ст. На высокім узроўні выкладалася гісторыя сярэдніх вякоў у Віленскім ун-це. У 1756 з’явілася праца Ф.Папроцкага «Еўропа са старажытнейшых часоў». Сістэматычныя курсы па М. ў сярэдзіне 19 ст. склаў А.Здановіч. У 20 ст. цэнтрам даследаванняў па М. стала кафедра гісторыі стараж. свету і сярэдніх вякоў БДУ (у 1934—55 — кафедра гісторыі сярэдніх вякоў). З 1920-х г. школу бел. М. ўзначальваў У.М.Перцаў. Праблемы гісторыі каталіцкай царквы, пачатку рэфармацыі, вальнадумства ў сярэдневяковай Еўропе даследаваў Г.М.Ліўшыц. Сярэдневякоўе Чэхіі вывучала Н.А.Гусакова, міжнар. адносіны ў познім сярэдневякоўі — Ю.Я.Івонін. Сучасная бел. М. вызначаецца шырокім спектрам праблематыкі, разнастайнасцю метадалаг. падыходаў. Сац. адносіны ў сярэдневяковай Еўропе даследуюць В.І.Гарамыкіна і Я.Р.Рыер, гісторыю Візантыі і Польшчы — Л.П.Сушкевіч, гісторыю каталіцкай царквы — В.А.Фядосік, духоўную культуру ранняга сярэдневякоўя — І.А.Еўтухоў, сярэдневяковы побыт і ранні гуманізм — А.Дз.Смірнова, сярэдневяковую гісторыю Брытаніі — А.І.Малюгін, франкскай Дзяржавы — А.М.Сурта, праблемы Адраджэння — А.П.Вахніна. Пра вывучэнне гісторыі сярэдневяковай Беларусі гл. ў арт.Гістарыяграфія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁВЯШЧА́ННЕ,
перадача па радыё розных праграм для неабмежаванай колькасці слухачоў; адзін з асн. аператыўных сродкаў масавай інфармацыі і прапаганды. Ажыццяўляецца праз перадаючыя радыёцэнтры і прымаецца на радыёпрыёмнікі. Вядзецца са студый або інш. памяшканняў, абсталяваных пастаяннай радыёапаратурай, а таксама з плошчаў, вуліц, стадыёнаў, тэатраў і інш. з дапамогай пераносных установак. З 1990-х г. пашырылася кабельнае вяшчанне. Асн. жанры Р.: інфарм.-публіцыстычны (гутарка, інтэрв’ю, каментарый, інфармацыя, рэпартаж), маст.-публіцыстычны (нарыс, кампазіцыя), мастацкі (опера, п’еса). Найб. папулярныя формы Р.: інфарм. праграма, радыётэатр (у т. л. радыёпастаноўка), радыёклуб (часопіс, газета, зборнік). Вядзецца таксама прамая трансляцыя важных грамадска-паліт. падзей, літ. або муз. твораў усіх жанраў і адаптаваных для радыё тэатр.драм. і оперных спектакляў.
Першыя радыёвяшчальныя перадачы ў СССР пачаліся ў 1919 (г. Ніжні Ноўгарад), рэгулярнае Р. з 1924. На Беларусі Р. пачалося са стварэннем у 1924 акц.т-ва «Радыёперадача». Першая перадача Бел. радыё адбылася 15.11.1925 на радыёстанцыі РВ-10 імя Саўнаркома БССР. Трансліраваліся перадачы ў радыусе да 300 км, працягласць — 30 мін у суткі (у Мінску на той час было 20 радыёпрыёмнікаў, пераважна ў клубах). Адкрыццё радыёстанцыі РВ-10 садзейнічала пашырэнню асн. на той час праваднога вяшчання. якое асабліва хутка стала развівацца з 1928. У 1931 на Бел. радыё ўпершыню выкарыстаны апараты гуказапісу. У 1920—30-я г. перадачы вяліся пераважна ў форме радыёгазет. У Вял.Айч. вайну радыёстанцыя «Савецкая Беларусь», якая размяшчалася ў Маскве, вяла перадачы на бел. і рус. мовах для насельніцтва Беларусі, акупіраванай ням. фашыстамі. За перыяд яе існавання (1.1.1942—20.9.1944) адбылося 3270 перадач, якія інфармавалі пра становішча ў краіне і на франтах, перамогі Чырв. Арміі, барацьбу партызан і падпольшчыкаў, выкрывалі злачынствы акупантаў, фаш. прапаганду, дзейнасць калабарацыяністаў, перадавалі матэрыялы для падп. друку, трансліравалі радыёмітынгі, канцэрты бел. музыкі; выступалі таксама дзярж. і парт. дзеячы Беларусі, пісьменнікі і інш.
У 1967 завершана поўная радыёфікацыя Беларусі. Бел. радыё вядзе перадачы па 2 нац. праграмах у мона- і стэрэаварыянтах: 1-я (19 гадз у суткі) і 2-я (18 гадз) рэсп. праграмы, праграмы радыёстанцый «Сталіца» (12 гадз) і «Беларусь» (4 гадз). Трансліруюцца таксама праграмы маскоўскіх радыёстанцый «Маяк» і «Маладзёжны канал». У 1972 пачалося стэрэавяшчанне на ультракароткіх хвалях. У склад Бел. радыё ўваходзяць: дырэкцыя праграм, 6 вяшчальных рэдакцый, інфарм. служба і 2 дырэкцыі — вяшчання на 2-й праграме і радыёстанцыі «Сталіца». У Доме радыё (узведзены ў 1963) 13 студый, з іх 5 вяшчальных, 10 мантажных апаратных, цэнтр. апаратная. У абл. цэнтрах функцыянуе абл. Р., у раёнах пры райвыканкомах працуюць рэдакцыі Р. на чале з карэспандэнтамі-арганізатарамі. З сярэдзіны 1990-х г. існуе праграма, якая дазваляе аператыўна інфармаваць радыёслухачоў пра актуальныя і надзённыя пытанні: сац.-эканам. развіцця краіны, дзярж. будаўніцтва, праблемы Чарнобыльскай катастрофы, мед. абслугоўвання насельніцтва, сац. абароны розных катэгорый грамадзян і інш. З 1962 вядзецца рэгулярнае вяшчанне на кароткіх хвалях на замежныя краіны. Радыёстанцыю «Беларусь» можна слухаць на бел., рус., англ. і ням. мовах у ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Індыі, а таксама ў 20 краінах Зах. Еўропы і Паўн.-Зах. Афрыкі. З 15.6.1998 у дыяпазоне сярэдніх і кароткіх хваль рэтрансліруюцца перадачы на многія рэгіёны Расіі. Праграмы Бел. радыё могуць прымаць таксама жыхары прыгранічных раёнаў Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны. Сярод найб. папулярных перадач Бел. радыё: «У абедзенны перапынак», «На хвалі часу», «Радыёфакт», «Спявай, душа народная», «У сярэду на бяседу», «Сельская раніца», «Вячэрнія зарніцы» і інш.Рэсп. радыё ўваходзіць у склад Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЬБА́ АРХІТЭКТУ́РНАЯ,
арнаментальная ці сюжэтная кампазіцыя, выкананая спосабам маст. апрацоўкі (пераважна дрэва) для дэкору будынкаў і збудаванняў, від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Упрыгожвае фасады і інтэр’еры будынкаў, надае ім маст. каштоўнасць, узбагачае пластыку фасадаў вытанчанай святлоценявой мадэліроўкай, узмацняе іх рытмічную будову, кантрастна вылучае найб. значныя элементы кампазіцыі, падкрэслівае архітэктоніку будынкаў і збудаванняў.
Вядома з даўніх часоў (Стараж. Егіпет і Грэцыя, Індыя); у Расіі — з 12 ст. (Ноўгарад), асабліва пашырана з 19 ст.: у Расіі — Архангельская, Кастрамская, Маскоўская, Томская, Уладзімірская вобл., у краінах Еўропы — (Венгрыя, Славакія, Фінляндыя, Польшча, Швецыя, Нарвегія, Данія) і інш.
На Беларусі Р.а. пашырана з 12 ст. ў драўляным дойлідстве (Полацк, Віцебск, Мінск, Пінск і інш.). У 17 ст.бел. майстры, якія пераехалі ў Маскоўскую дзяржаву, прынеслі з сабой майстэрства аб’ёмна-ажурнай разьбы, што развівалася на Беларусі з 16 ст. (гл.Беларуская рэзь). У 16 — пач. 20 ст. Р.а. выкарыстоўвалася пераважна ў афармленні фасадаў і інтэр’ераў культавых збудаванняў (Пінскі касцёл францысканцаў), палацаў, сядзібных дамоў, з 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. шырока ўжывалася для знадворнага дэкарыравання гар. і сельскага нар. жылля. Найб. росквіту ў арх. дэкоры дасягнулі веткаўская разьба, разьба ў Магілёве, Гомелі, Шклове, Віцебску, Чачэрску і інш. На Беларусі пашырана некалькі відаў Р.а.: гранёна-выемчатая (геам. ўзор заглыблены ў гладкі фон), скразная (плоска-ажурная і аб’ёмна-ажурная кампазіцыя без фону), рэльефная (над заглыбленым фонам узнята выява), камбінаваная (спалучае некалькі відаў Р.а. або розныя матэрыялы і спосабы апрацоўкі). У нар. жыллі найб. пашыраны стылізаваныя салярныя (Жыткавіцкі, Лельчыцкі, Пінскі, Слонімскі, Шклоўскі р-ны), зааморфныя (Капыльскі, Клецкі, Дзятлаўскі, Івацэвіцкі, Нясвіжскі р-ны), расл. (паўд. раёны Беларусі), геам. і інш.дэкар. матывы. У творчасці разьбяроў Гомельшчыны сустракаюцца тэмы «Свет Божы», «Рай нябесны», «Рай зямны» і інш. У нар. дойлідстве найб. старадаўнімі элементамі дэкору былі вільчакі. Скразной або краявой разьбой упрыгожвалі падзоры. Р.а. аздаблялі франтоны. Найчасцей дэкор франтонаў — простая (верт., гарыз.), фігурная («квадратам», «ромбам», «у елачку», салярныя матывы) і камбінаваныя шалёўкі, накладкі з разным прафіляваным геам. арнаментам і расфарбоўка (Слуцкі і Любанскі р-ны, Цэнтр. і Зах. Палессе). Асн. дэкор сцен — фігурная шалёўка з элементамі разьбы (найб. пашыраны ў 1950—80-я г. ва ўсх. і цэнтр. р-нах Беларусі). У дэкор уваходзіць таксама ўпрыгожванне Р.а. вуглоў (пашыраны ў 1950—60-я г.; асабліва апрацоўка плоскімі нашчыльнікамі, аздобленымі накладкамі з геам., расл., радзей зааморфнай арнаментыкай). Адзін з гал. элементаў разнога дэкору знадворнай ч. жылля і грамадскіх будынкаў — упрыгожаныя разьбой аконныя ліштвы. Р.а. упрыгожваюць франтончыкі, карнізы, слупы і інш. элементы веранды, ганка, падчэняў. Іх дэкар. выгляд ствараецца маст. шаляваннем у выглядзе выявы сонца з прамянямі, рэльефнымі разеткамі, ажурнай разьбой закрылін па краях стрэшкі, фігурнай апрацоўкай слупоў у выглядзе калон з разнымі капітэлямі, адмысловым малюнкам фігурных аконных пераплётаў у спалучэнні з паліхромнай расфарбоўкай у выглядзе ромбаў, квадратаў, авальных круглых і расл. форм. Для дэкору дзвярэй характэрна маст. разьба з салярнымі выявамі, разеткамі. расл. арнаментам, геральдычнымі і зааморфнымі матывамі. У афармленні малых арх. форм (вароты, калодзежы, альтанкі і інш.) выкарыстоўваюць такія самыя прыёмы Р.а., як і для аддзелкі жылля. На Беларусі вылучаюць некалькі асн.арх.-дэкар. ансамбляў традыц. аздаблення нар. жылля, у т. л. навагрудска-мядзельскі. турава-пінскі, слуцка-любанскі, барысаўска-асіповіцкі, мазырска-хойніцкі, полацка-віцебскі, шклоўска-магілёўскі, веткаўска-гомельскі.
Літ.:
Беларуская народная архітэктурная разьба. Мн., 1958;
Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;
Сахута Я.М. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978;
Хіцько І.П. Мастацтва разьбы па дрэве. Мн., 1998.
І.П.Хіцько.
Да арт.Разьба архітэктурная. Дэталь фасада 19-й пячоры Аджанты. Індыя. 5—7 ст.Да арт.Разьба архітэктурная. Галоўны алтар Пінскага касцёла францысканцаў. Каля 1730.Да арт.Разьба архітэктурная. Ліштвы жылога дома ў г. Ветка Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКАЯ МО́ВА,
адна з усходнеславянскіх моў, мова рускіх. Дзярж. мова Расійскай Федэрацыі; адна з дзярж. моў (разам з беларускай мовай) Рэспублікі Беларусь; адна з афіц. і рабочых моў ААН, ЮНЕСКА і інш.міжнар. арг-цый, уваходзіць у лік «сусветных моў». У гісторыі Р.м. вылучаюць 3 асн. перыяды развіцця: 6—14 ст. — перыяд існавання стараж.-рус. мовы; 15—17 ст. — перыяд мовы велікарус. народнасці, які пачаўся з распаду стараж.-рус. мовы на 3 усх.слав. мовы: Р.м., бел. і ўкраінскую мову; 18—21 ст. — перыяд функцыянавання сучаснай рус.нац. мовы; вял. ролю ў 19 ст. ў замацаванні літ. норм адыграла творчасць А.Пушкіна. Р.м. мае дыялекты: паўн. (ладага-ціхвінская, валагодская, кастрамская групы гаворак) і паўд. (зах., верхнедняпроўская, верхнедзяснінская, курска-арлоўская, усх. групы гаворак); сярэднярус. гаворкі: зах. окаючыя (наўгародскія, гдоўскія) і акаючыя (пскоўскія, селігера-таржкоўскія), усх. окаючыя (уладзімірска-паволжскія) і акаючыя. Умоўна групы гаворак аб’ядноўваюцца ў дыялектныя зоны зах., паўн., паўн.-зах., паўн.-ўсх., паўд., паўд.-зах. і паўд.-ўсходнюю. Многія з зах., верхнедняпроўскіх і верхнедзяснінскіх гаворак паўд. дыялекту маюць рысы, якія збліжаюць іх з некат. гаворкамі паўн.-ўсх. дыялекту бел. мовы. Адрозненне Р.м. ад бел. і ўкр. моў выяўляецца ў спецыфічных асаблівасцях яе сістэмы, гал. чынам у фанетыцы і марфалогіі. У фанетыцы — наяўнасць «ро», «ло» і «ре», «ле» ў каранях слоў паміж зычнымі пры «ры», «лы» і «ри», «ли» у бел. і ўкр. мовах (рус. «крошить», «глотать», бел. «крышыць», «глытаць», укр. («кришити», «глитати»); вымаўленне спалучэнняў мяккіх зубных і шыпячых з j пры доўгіх мяккіх зычных у бел. і ўкр. мовах (рус. «судья», бел. «суддзя», укр. «суддя»); выбухное «г» пры фрыкатыўным γ у бел. мове (рус. «город», бел. «γорад») і інш. У марфалогіі — адсутнасць клічнай формы пры наяўнасці яе ў бел. і ўкр. мовах (рус. «брат!», бел. «браце!», укр. «брате!»); адсутнасць чаргавання «к», «г», «х» з «ц», «з», «с» у склонавых формах назоўнікаў пры наяўнасці яго ў бел. і ўкр. мовах (рус. «нога — на ноге», бел. «нага — на назе», укр. «нога — на нозі»); шырокае распаўсюджанне формы назоўнага склону мн. л. з канчаткамі -а(-я) пад націскам у назоўніках ніякага роду пры яго адсутнасці ў бел. і ўкр. мовах (рус. «дома́», бел. «дамы́», укр. «домы́») і інш. Значныя адрозненні паміж рус., бел. і ўкр. мовамі — у лексіцы, як найб. рухомым узроўні мовы.
Пісьменства Р.м. атрымала ў спадчыну са Стараж. Русі (гл.Кірыліца, Глаголіца). Кірыліца ляжыць у аснове сучаснага рускага алфавіта. Найб. раннія з пісьмовых помнікаў, якія адлюстроўваюць элементы рус. маўлення, адносяцца да 11 ст. (Астрамірава евангелле, Ізборнікі Святаслава 1073 і 1076, Архангельскае евангелле 1092, Наўгародскія службовыя мінеі 1096—97 і інш.).
Існуюць даўнія традыцыі рус.-бел. моўных кантактаў, іх узаемадзеяння і ўзаемаўплыву. Гэтаму спрыяла тэр. суседства рус. і бел. моў, іх блізкароднасны характар, адзіныя шляхі на пэўных этапах рус. і бел. народаў. У рус. і бел. мовах шмат агульнага: значны пласт лексікі, грамат. лад і інш. Р.м. на Беларусі функцыянуе пераважна ў сваёй літ. разнавіднасці і гарадскога прастамоўя, а таксама астраўных (стараверскіх) гаворак у некат. рэгіёнах Беларусі; характарызуецца шэрагам спецыфічных, абумоўленых уплывам бел. мовы, рыс і асаблівасцей, пераважна ў сферы фанетыкі (вымаўлення), лексікі, акцэнтуацыі і інтанацыі. Вывучае Р.м. русістыка.
Літ.:
Русская грамматика. Т. 1—2. М., 1980;
Русский язык: Энцикл. 2 изд. М., 1998;
Русский язык в Белоруссии. Мн., 1985;
Типология двуязычия и многоязычия в Беларуси. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНЕГА́Л (Sénégal),
Рэспубліка Сенегал (République du Sénégal), дзяржава на З Афрыкі. Мяжуе на Пн з Маўрытаніяй, на У — з Малі, на Пд — з Гвінеяй і Гвінеяй-Бісау. Тэр. краіны з З на У разразае тэр. дзяржавы Гамбія (утварае паўанклаў). На З краіна абмываецца Атл. акіянам. Пл. 196,2 тыс.км². Нас. 9987,5 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — французская, шырока распаўсюджаны мовы валоф і фульбе. Сталіца — г.Дакар. С. падзяляецца на 10 абласцей. Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 крас.).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1963 (са зменамі). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 7 гадоў. Заканад. ўлада належыць Нац. сходу (140 дэпутатаў) з тэрмінам паўнамоцтваў 5 гадоў. Палавіна складу парламента выбіраецца паводле прапарцыянальнай сістэмы, палавіна — паводле мажарытарнай. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Прырода. Паверхня — раўніна, нізінная на З, узгорыстая на У. На крайнім ПдУ — астанцовыя масівы (выш. да 581 м). З карысных выкапняў найб. значэнне маюць фасфарыты. Ёсць жал. руда, пяскі з ільменітам, рутылам і цырконам, буд. матэрыялы і інш. Клімат субэкватарыяльны. Сярэднія месячныя т-ры ад 23 °C (студз.) да 28 °C (ліп.). За год выпадае ад 250 мм ападкаў на Пн да 1500 мм на Пд. Дажджлівы сезон у ліп.—вер. на Пн, май — ліст. на Пд. Найб. рэкі Сенегал, Гамбія (вярхоўі) і Казаманс. Пераважае расліннасць саваннаў, на Пн — апустыненая, травяністая і хмызняковая, на Пд — з рэдкалессямі і групамі баабабаў. Па далінах рэк галерэйныя лясы, уздоўж ніжняга цячэння р. Казаманс лістападна-вечназялёныя. У жывёльным свеце захаваліся антылопы, з драпежнікаў — шакал, гіена, леапард. Многа паўзуноў, з насякомых — муха цэцэ, тэрміты, камары. Мора багатае рыбай (тунец, сардзіны, макрэль) і вустрыцамі. Нац. паркі — Ніякола-Коба, Джудж (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Дэльта Салума і інш.; ёсць заказнікі.
Насельніцтва. Каля 90% складаюць народы зах. бантоіднай групы — валоф (43%), фульбе (24%), серэр (15%), дыёла (4%). На Пд і У жывуць мандынга, санінке, сусу (размаўляюць на мовах сям’і мандэ). У гарадах невял. групы еўрапейцаў і ліванцаў. Сярод вернікаў найб. мусульман (92%), ёсць паслядоўнікі мясц. анімістычных вераванняў (6%; на Пд), католікі (2%; у гарадах). Сярэднегадавы прырост насельніцтва 3,3% (1999). Сярэдняя шчыльн. 51 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 100 чал. на 1 км²) заселены раён Зялёнага Мыса на З, дзе знаходзіцца сталіца краіны г. Дакар з нас. 2079 тыс.ж. (2000). Гарадское насельніцтва складае 47%, акрамя сталіцы толькі ў гарадах Каалак, Тыес, Сен-Луі, Дыўрбель, Зігіншор і Руфіск перавышае 100 тыс.ж. У сельскай гаспадарцы занята 60% насельніцтва. Значная эміграцыя, пераважна ў Францыю.
Гісторыя. Паселішчы чалавека на тэр. С. вядомы з часоў ніжняга палеаліту. З 9 ст. тут жылі народы тукулер, валоф, фульбе; тэр. С. ўваходзіла ў склад дзяржаў Гана, Малі, Сангаі. У 15 ст. з’явіліся еўрапейцы (з 1446 партугальцы, у 16 ст. іх выцеснілі галандцы), якія гандлявалі рабамі. У 17 ст. С. каланізаваны французамі (у 1659 засн.г. Сен-Луі). Да 1854 абвешчаны франц. калоніяй, але поўнасцю заваяваны французамі ў 1879—90. Эканам. цэнтрам калоніі быў г. Дакар (засн. ў 1857). У 1848—51 і з 1871 краіна мела сваіх дэпутатаў у Нац. сходзе Францыі (уласна афрыканцаў з 1914). У франц.калан. войсках у Афрыцы служылі сенегальскія стралкі. З 1895 С. — частка Франц.Зах. Афрыкі. У 2-ю сусв. вайну да 1943 пад уладай франц. прагерм. ўрада «Вішы», потым адна з апорных баз антыгітлераўскай «Змагарнай Францыі». У 1946 С. атрымаў статус заморскай тэр. Францыі. у 1957 — унутр. аўтаномію. Вядучай паліт. сілай краіны з 1958 быў Прагрэс. саюз С. (ПСС). З 1958 С. аўтаномная рэспубліка ў складзе франц. Супольнасці. У 1959 ён аб’яднаўся з Франц. Суданам у Федэрацыю Малі (з 20.6.1960 незалежная, 20.8.1960 распалася).
5.9.1960 С. стаў незалежнай рэспублікай на чале з прэзідэнтам Л.С.Сенгорам (ген. сакратар ПСС). Пасля адхілення ад улады апазіцыйна настроенага кіраўніка ўрада М.Дыя (у 1962—74 зняволены) Сенгор адначасова быў і прэм’ер-міністрам краіны (1962—70). У дзяржаве будаваўся «дэмакр.афр. сацыялізм» (спробы сумясціць афр. традыцыі і каштоўнасці індустр. грамадства). З 1966 існаваў аднапарт. рэжым ПСС (з 1976 наз.Сацыяліст. партыя), які ў знешняй палітыцы арыентаваўся на Францыю. У 1974 дазволена дзейнасць інш. партый, у т. л.Дэмакр. партыі С. (ген. сакратар А.Вад). Пры пераемніку Сенгора А.Дыуфу (з 1983 прэзідэнт, у 1983—91 адначасова і прэм’ер-міністр С.) у краіне паглыбіліся паліт. і сац.эканам. пераўтварэнні, палепшаны адносіны з Анголай і Эфіопіяй. У 1982—89 С. разам з Гамбіяй утвараў канфедэрацыю Сенегамбія. У 1988 адбыліся міжэтн. хваляванні на памежжы С. і Маўрытаніі, з 1990 унутры краіны ўзнік канфлікт вакол пытання незалежнасці паўд. правінцыі Казаманс. У сак. 2000 прэзідэнтам С. выбраны Вад. С. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства. Дзейнічаюць Сацыяліст. партыя, Дэмакр. партыя С., інш. партыі і рухі.
Гаспадарка. С. — эканамічна слабаразвітая краіна з параўнальна развітымі сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам і гарнаруднай прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. за год 1600 дол. (2000). Сельская гаспадарка дае 19% ВУП, прам-сць 17%, абслуговыя галіны 64%. Пасля заваявання незалежнасці разам з прыцягненнем замежнага (пераважна французскага) і нац. прыватнага капіталу ўрад імкнецца расшырыць дзярж. сектар. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 2,4 млн.га зямлі пад ворыва і шматгадовыя насаджэнні, каля 3,2 млн.га пад натуральную пашу (саванны і саванныя лясы). Каля 80 тыс.га зямлі арашаецца. Гал. ролю адыгрывае земляробства. Землеўладанне пераважна абшчыннае, у найб. развітых зах. раёнах прыватнае, значная частка сялян арандатары; ёсць збытавыя кааператывы і дзярж. плантацыі. Каля 50% ворных зямель занята пад арахіс (штогадовы збор 700—900 тыс.т, адно з першых месцаў у свеце). Асн. раён вырошчвання арахісу — зах. і цэнтр.ч. краіны. На ўласныя патрэбы вырошчваюць проса і сорга (паўсюдна), маніёк і рыс (на Пн у нізоўях р. Сенегал, на Пд у бас.р. Казаманс), батат, кукурузу, агародніну. Новыя культуры — цукр. трыснёг і бавоўнік. Таварнае пладаводства і агародніцтва ў раёне г. Дакар. Алейная пальма і бананы распаўсюджаны на Пд. На Пн у саваннах — збор камедзі з дзікарослай акацыі. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая і ў меншай ступені качавая, малапрадукцыйная, найб. развіта на Пн і ПнУ. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы (на Пн — зебу, на Пд — буйвалы) 2,96, авечак 4,3, коз 3,6, свіней 0,33. Гадуюць таксама коней (каля 200 тыс.), аслоў (каля 200 тыс.), вярблюдаў (каля 6 тыс.). Развіта птушкагадоўля (у 1997—45 млн. курэй). Расце значэнне марскога рыбалоўства. У 1999 вылаўлена 507 тыс.т рыбы. Тунцовыя кансервы і свежамарожаная рыба экспартуюцца ў Еўропу, сушаная, вяленая і салёная — у краіны Экватарыяльнай Афрыкі. Развіты вустрычны промысел. Гал. цэнтры рыбалоўства і рыбаперапрацоўкі Дакар, Руфіск, Жааль, Сен-Луі. Найб. развіты харч. і харчасмакавая прам-сць. Працуюць прадпрыемствы па перапрацоўцы арахісу і атрыманні арахісавага алею (адно з вядучых месцаў у свеце), мукамольныя, піваварныя, цукр., тытунёвыя, мылаварныя. Развіта тэкст.прам-сць (бавоўнаачышчальны з-д у г. Тамбакунда, 3 тэкст. ф-кі ў Дакары, камбінат у г. Тыес) і гарбарна-абутковая (ф-ка ў г. Руфіск). Ёсць прадпрыемствы па металаапрацоўцы (у асн. для гарнаруднай прам-сці і сельскай гаспадаркі), па зборцы аўтамабіляў і лёгкіх самалётаў, цэм., лесапільныя, мэблевыя, запалкавыя. У Мбао каля г. Руфіск нафтаперапр. і мінер. угнаенняў з-ды, у г. Дакар суднабудаванне і суднарамонт, ліцейная вытв-сць у г. Тыес і інш. Здабыча фасфарытаў (больш за 2 млн.т штогод, асн. радовішчы Тайба і Пало каля г. Тыес), мармуру, інш.буд. матэрыялаў, солі з марской вады (каля г. Каалак). Энергетыка засн. на імпартуемай нафце. Асн.ЦЭС у Дакары і суседніх гарадах (каля 90% агульнай магутнасці). У 1998 атрымана 1,2 млрд кВт∙гадз электраэнергіі. Развіты саматужныя промыслы (ганчарны, выраб цыновак, маст. рэчаў і сувеніраў, ювелірных упрыгожанняў, мэблі, драўлянага посуду і інш.). Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. У С. 14,6 тыс.км аўтадарог, з іх 4,3 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, 110 тыс. легкавых аўтамабіляў, 50 тыс. грузавых і аўтобусаў; 0,9 тыс.км чыгункі (найб. важная лінія перасякае краіну з З на У і далей да р. Нігер у Малі), 0,9 тыс.кмунутр. водных шляхоў (выкарыстоўваюцца пераважна ў перыяд дажджоў, у т. л. 785 км па р. Сенегал). Гал. марскія парты Дакар (каля 70% экспарту і імпарту С., абслугоўвае Малі і інш. краіны Зах. Афрыкі), Сен-Луі (экспарт фасфарытаў), Каалак, Зігіншор. 20 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Дакара. У 1998 экспарт склаў 925 млн.дол., імпарт 1,2 млрд.дол. У экспарце пераважаюць арахіс і прадукты яго перапрацоўкі (больш за 50%), рыба і рыбапрадукты, фасфарыты, нафтапрадукты, бавоўна; у імпарце — харч. і прамысл. тавары, машыны і металы, паліва. Гал.гандл. партнёры: Францыя (20% экспарту, 36% імпарту), інш. краіны Зах. Еўропы, суседнія краіны, Індыя, ЗША, Кітай. Замежны турызм (штогод каля 500 тыс. замежных турыстаў, турысцкі сезон у сухі зімовы перыяд) прыносіць даход у 160—200 млн.дол. Краіна атрымлівае эканам. дапамогу пераважна ад Францыі. Грашовая адзінка — франк КФА.
Літ.:
Кашин Ю.С. Сенегал. М., 1973;
Кузнецов Л.М. На самой западной точке Африки: Дакар. М., 1980.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Сенегала.Да арт.Сенегал (дзяржава). У даліне р. Сенегал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРУ́НДЗІ (Burundi),
Рэспубліка Бурундзі (République du Burundi), дзяржава ва Усх. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Руандай, на У і Пд з Танзаніяй, на З з Заірам, на ПдЗ абмываецца водамі воз. Танганьіка. Падзяляецца на 15 правінцый. Пл. 27,8 тыс.км². Нас. 6,026 млн.чал. (1993). Сталіца — г.Бужумбура. Афіц. мова кірундзі і франц., пашырана мова суахілі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).
Дзяржаўны лад. Бурундзі — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1992 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент (Нац. асамблея), выканаўчую — урад на чале з прэм’ер-міністрам, які фарміруе прэзідэнт.
Прырода. Амаль уся краіна занята пласкагор’ем (выш. 1500—200 м), падзеленым некалькімі глыбокімі далінамі, складзеным гал.ч. з дакембрыйскіх крышт. і метамарфічных парод. Зах. край яго — мерыдыянальны хрыбет выш. 2000—2600 м. Асобныя невысокія горы ёсць на У. На крайнім Зтэр. Бурундзі ўваходзіць ва Усх.-Афр. рыфтавую зону. Карысныя выкапні: золата, уран, волава, кобальт, медзь, вальфрам, берыліевая руда, касітэрыт, торф і інш. Клімат субэкватарыяльны, умерана вільготны, акрамя сухога сезона (чэрв.—вер.), у паніжаных раёнах гарачы (у Бужумбуры на выш. каля 780—800 м над узр. м. сярэднямесячныя т-ры паветра 23—25 °C), на выш. 1500—2000 м (б.ч. краіны) умерана цёплы (сярэднямесячныя т-ры паветра 15—20 ºС). Ападкаў ад 800—1000 мм да 1400—1600 мм за год. Больш як палавіна тэр. краіны належыць да бас. вытокаў р. Ніл (рэкі Рувуву і Аканьяру), на З рэкі ўпадаюць у воз. Танганьіка (бас.р. Конга). Прыродныя трапічныя лясы амаль усе вынішчаны (займаюць 2% тэр.), пераважаюць паўторныя саванны і культ. расліннасць. Нац. паркі: Ківіра, Рузізі, Рувуву; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Больш за 98% складае народнасць барундзі, належыць да групы паўн. банту. Этнасацыяльна яна падзяляецца на групы жывёлаводаў-тутсі (каля 14%), земляробаў-хуту (каля 85%) і пігмеяў-тва (каля 1%). Жывуць таксама еўрапейцы (пераважна бельгійцы), выхадцы з Паўд. Азіі (у асн. індыйцы). Каля 67% вернікаў — хрысціяне, у т. л. 62% католікаў, 5% пратэстантаў, 32% прытрымліваюцца мясц.традыц. вераванняў, ёсць мусульмане (каля 1%). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва адна з самых высокіх у Афрыцы — 216,8 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 15% насельніцтва. Найб. з іх (1993, тыс.ж.): Бужумбура — 300, Гітэга — 101,8, Муінга — 79,3, Нгозі — 74,2.
Гісторыя. Тэр. Бурундзі заселена чалавекам у эпоху палеаліту. У пач. 1-га тыс.н.э. тут з’явіліся земляробчыя бантумоўныя плямёны хуту, у 12—13 ст. — качэўнікі-жывёлаводы тутсі. Заснаваная ў 17 ст. тутсі-бурундзійская дзяржава на чале з мвамі (каралём) пасля заключэння Гельгаландскага дагавора 1890 паміж Германіяй і Вялікабрытаніяй аб падзеле сфер уплыву ва Усх. Афрыцы стала аб’ектам герм. каланізацыі. Разам з суседняй Руандай Бурундзі, кароль якой супраціўляўся каланізацыі да 1903, у 1908—12 аб’яднаны ў адзіную калан.тэр. пад назвай Руанда-Урундзі. Апошняя ў 1-ю сусв. вайну акупіравана войскамі Бельгіі (1916), у 1923 паводле рашэння Лігі Нацый перададзена ёй у падмандатнае кіраванне, у 1946 прызнана ААН падапечнай тэр. Бельгіі. З канца 1950-х г. узмацніўся нац.-вызв. рух бурундзійцаў, якім кіравала Партыя адзінства і нац. прагрэсу на чале з Л.Рвагасорэ (забіты ў 1961). 27.6.1962 спец. сесія ААН ліквідавала бельг. апеку над Руанда-Урундзі. 1.7.1962 абвешчана незалежнасць Каралеўства Бурундзі. Пасля ваен. перавароту 1966, які прывёў да звяржэння манархіі і ўстанаўлення рэспублікі, краінай кіравалі ваенныя (перавароты 1976, 1987). Паліт. і сац. нераўнапраўе этнічна пераважных хугу ў параўнанні з кіруючай меншасцю тутсі выклікала крывавыя сутыкненні паміж імі (1972, 1988). У 1991 прэзідэнт маёр П.Буёя распачаў працэс дэмакратызацыі краіны. У 1993 прэзідэнтам рэспублікі ўпершыню выбраны хуту М.Ндадзье (забіты афіцэрамі-тутсі ў кастр. 1993). Этн. канфлікты спарадзілі праблему бежанцаў (каля 700 тыс.чал. у 1994). З 1994 прэзідэнт рэспублікі хуту С.Нтыбантунганья, кіраўнік урада тутсі А.Ндуваё. У выніку перавароту 1996 кіраўніком дзяржавы зноў стаў П.Буёя. Дзейнічаюць Фронт за дэмакратыю ў Бурундзі, Партыя адзінства за нац. прагрэс, Партыя народа, Аб’яднанне за дэмакратыю і сац.-эканам. развіццё, Канфедэрацыя свабодных прафсаюзаў Бурундзі і інш. Бурундзі — член ААН з 1962, Арг-цыі афр. адзінства і інш.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, у якой занята 93% насельніцтва (у прам-сці і гандлі 1,5%). Апрацоўваецца 43% тэр. краіны, у т. л. 2,6% арашаецца, пад лугамі і пашай 35%. Пераважае матычнае земляробства. Вырошчваюць бананы, маніёк, батат, бульбу, фасолю, кукурузу, сорга, проса, рыс, арахіс, тытунь. Пасадкі алейнай пальмы. Гал. экспартныя прадукты: высакаякасная кава гатунку арабіка (збор 30—45 тыс.т штогод), бавоўна (6—7 тыс.т), чай (2—3 тыс.т), кара хіннага дрэва. Жывёлагадоўля экстэнсіўнага кірунку, адсталая. Гадуюць буйн. раг. жывёлу — каля 1 млн. галоў (1990), авечак, козаў. Рыбалоўства ў воз. Танганьіка (каля 10 тыс.т штогод). У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (кавы, чаю, бавоўны, рысу і інш.). Прадпрыемствы: піваварныя, безалкагольных напіткаў, цукр., малочныя, мукамольныя, алейныя, мылаварныя, гарбарныя; цэментныя, цагельныя, лесапільныя з-ды, тэкст., сеткавязальная, коўдравая і абутковая ф-кі. Дробныя ЦЭС і ГЭС, б.ч. электраэнергіі Бурундзі атрымлівае з Заіра. Невял. здабыча золата, алавянай і танталаніобіевых руд. Традыц. рамёствы. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 5,9 тыс.км, у т. л. 400 км з цвёрдым пакрыццём. Знешні гандаль ідзе пераважна па воз. Танганьіка паміж партамі Бужумбура і Кігома (Танзанія). 5 аэрапортаў, у т. л.міжнар. ў Бужумбуры. Экспарт: кава (больш за 80% па кошце), бавоўна, чай, скуры. Імпарт: прамысл., харч. і спажывецкія тавары, нафтапрадукты. Асн.гандл. партнёры: ЗША, Бельгія, ФРГ, Японія. Некат. ролю ў гандл. балансе краіны адыгрываюць грашовыя пераводы бурундзійцаў, якія працуюць у суседніх краінах, найб. у горнай прам-сці Заіра. Грашовая адзінка — бурундзійскі франк.
Літ.:
Соколова Р.Б. Республика Бурунди: Справ. М., 1992.