1) прыстасаванне для змены напрамку патоку газаў, вадкасцей, сыпкіх матэрыялаў, гукавых хваль.
2) Выцяжное прыстасаванне на вентыляцыйнай шахце (для адсмоктвання забруджанага паветра з памяшканняў) або коміне. Дзеянне заснавана на выкарыстанні энергіі патоку паветра (ветру), які абдзімае Д.
3) Прылада для вымярэння і ўстаранення дэвіяцыі магнітных компасаў. Вымярае гарыз. і верт. складальныя напружанасці магнітнага поля, якія дзейнічаюць на стрэлку компаса.
4) У оптаэлектроніцы прыстасаванне для змены паводле пэўнага закону напрамку распаўсюджвання аптычнага выпрамянення. Бываюць механічныя (сканеры) і оптаэлектронныя (у т. л. вадкакрышталічныя). Найб. пашыраны электрааптычныя і акустааптычныя. Выкарыстоўваюцца ў сістэмах аптычнай апрацоўкі інфармацыі, у аптычных запамінальных прыстасаваннях, у лазерных друкавальных прыстасаваннях і інш.
Дэфлектары: а — механічны круглай формы (1 — патрубак, 2 — дыфузар, 3 — парасон-каўпак); б — электрааптычны дыскрэтны (1 — мадулятары святла, 2 — двухпраменепраламляльныя крышталі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУ́КАЎ Мікалай Іванавіч (н. 20.5.1930, г. Шуя, Расія),
бел. філосаф. Засл. дз. нав. Рэспублікі Беларусь (1992). Д-рфілас.н. (1975), праф. (1976). Скончыў Ленінградскі ун-т (1958). Працаваў у Мінскім мед. ін-це (1960—69), у БДУ (1969—88). З 1988 заг. кафедры філасофіі Нац.АН Беларусі. Даследуе філас. праблемы прыродазнаўства і тэхнікі. Распрацаваў канцэпцыі функцыян. прыроды інфармацыі, трох узроўняў нематэрыяльных (ідэальных) працэсаў, даў арыгінальную трактоўку праблемам адзінства свету, штучнага інтэлекту, суадносін фармальнай логікі і дыялектыкі. Заснавальнік бел.навук. школы ў галіне філас. праблем тэорыі сістэм, кібернетыкі, матэматыкі і інфарматыкі. Аўтар падручнікаў для ВНУ па філасофіі, філас. асновах матэматыкі і кібернетыкі.
Тв.:
Информация: (Философский анализ информации — центрального понятия кибернетики). Мн., 1966;
Философские основания кибернетики. М., 1985;
Проблема сознания: Филос. и специально-науч. аспекты. Мн. 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМАВЕ́РНАСНАЯ ЛО́ГІКА,
лагічная сістэма, у якой выказванням (суджэнням, сцвярджэнням, сказам) акрамя значэнняў ісціны і няісціны могуць прыпісвацца «прамежкавыя» значэнні, якія называюць імавернасцямі ісціннасці выказванняў, ступенямі іх праўдападобнасці, ступенямі пацвярджэння і інш. Уяўляе сабой удакладненне індукцыйнай логікі і адзін з відаў мнагазначнай логікі. Ісцінным выказваннем (верагодным падзеям) прыпісваецца ісціннаснае значэнне (імавернасць) — 1, няісцінным выказванням (немагчымым падзеям) — 0. Значэннем выказванняў І.л., што разглядаюцца як гіпотэзы, можа быць любы сапраўдны лік паміж 0 і 1. Вылічэнне імавернасцей складаных гіпотэз, калі вядомы імавернасці выказванняў, якія іх складаюць, робіцца па правілах матэм. вылічэння імавернасцей. Праблематыка Іл. ў стараж.-грэч. філасофіі распрацоўвалася Арыстоцелем, у Новы час — Г.Лейбніцам, Дж.Булем, У.Джэвансам, Дж.Венам. Сучаснае развіццё грунтуецца на сувязі тэарэтыка-імавернасных паняццяў з ідэямі тэорыі інфармацыі і лагічнай семантыкі. Гл. таксама Імавернасцей тэорыя, Імавернасць, Матэматычная логіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КО́ЗА НО́СТРА»
(італьян. «Cosa nostra» літар. наша справа),
назва тайнай злачыннай арг-цыі ў ЗША. Узнікла сярод эмігрантаў-сіцылійцаў у пач. 20 ст. як разнавіднасць даўнейшай сіцылійскай мафіі. У час дзеяння «сухога закону» (1920—33) яна зарабіла на кантрабандзе, нелегальнай вытв-сці і распаўсюджанні алкаголю мільярды долараў, з канца 1940-х г. перайшла на вытв-сць і распаўсюджанне наркотыкаў. Здабытыя на злачынных аперацыях сродкі ўкладвае ў легальны бізнес, што дало ёй магчымасць кантраляваць асобныя галіны прам-сці, частку сродкаў масавай інфармацыі, прафсаюзаў, кантактаваць на ўзаемавыгаднай аснове з уплывовымі дзелавымі і паліт. коламі. Складаецца з 24 т.зв. сем’яў (ад 20 да 1000 членаў), што жывуць у розных гарадах. Ёю кіруе шэф (бос), які мае юрыд. дарадчыка. Дзейнасць гэтых сем’яў і інш. груп, што не з’яўляюцца мафіёзнымі арг-цыямі, каардынуе Нац. злачынны сіндыкат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЗІС ПАЛІТЫ́ЧНЫ,
разладжванне функцыянавання якой-н. паліт. сістэмы з пазітыўным ці негатыўным вынікам. Бываюць К.п. канкрэтнай палітыкі, улады, урада (правячага кабінета), парламенцкі, адносін паміж заканад. і выканаўчай уладамі, крызіс даверу (адносін улады і грамадства) і інш. Характэрныя асаблівасці: хуткасць і нечаканасць; недаўгачаснасць ці, наадварот, працягласць (зацяжны К.п.); глыбіня ўздзеяння на паліт. сістэму, якая дасягнула мяжы, далей якой існаваць ці развівацца немажліва, вычарпала рэсурсы ці натыкаецца на супраціўленне звонку (знешняя экспансія з боку суседніх краін). Мае 3 фазы: перадкрызісная (першыя сімптомы); кульмінацыя; разбурэнне сістэмы ці яе пераход у новы стан або ўтварэнне новай сістэмы. Найб. пашыраны ўрадавы К.п. Умовай выхаду з К.п. з’яўляецца даступнасць паліт. сістэмы крытыцы з боку грамадства, адкрытасць крыніцам інфармацыі, здольнасць прыстасоўвацца да новых умоў. Адзін з прыкладаў К.п. — Красавіцкі крызіс 1917 у Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМІНАЛО́ГІІ, КРЫМІНАЛІ́СТЫКІ І СУДО́ВАЙ ЭКСПЕРТЫ́ЗЫ ПРАБЛЕ́М НДІМіністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь
(НДІПКК і СЭ),
навуковы цэнтр, які праводзіць даследаванні ў галіне крыміналогіі, крыміналістыкі і суд. экспертызы, ажыццяўляе метадычнае забеспячэнне работы следчых і суд. органаў, а таксама экспертныя даследаванні пры суд. разглядзе крымін. і цывільных спраў, матэрыялаў аб адм. правапарушэннях. Створаны ў адпаведнасці з пастановай СМ Рэспублікі Беларусь ад 20.3.1990. Упершыню ўстанова для навук. даследаванняў і забеспячэння работы экспертаў была заснавана пры Нар. камісарыяце БССР у 1929; неаднаразова мянялася назва (лабараторыя, ін-т). У складзе НДІ лабараторыі: суд.-почырказнаўчых даследаванняў, суд.-тэхн. даследавання дакументаў, суд. фанетыкі, суд.-балістычных і трасалагічных даследаванняў, крыміналістычных даследаванняў матэрыялаў, рэчываў і вырабаў, суд. аўтатэхн. даследаванняў, суд.-эканам., таваразнаўчых экспертыз і інш.; аддзелы: крыміналогіі, крыміналістыкі, навук.-тэхн.інфармацыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАМЕТРЫ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ РАЗВЕ́ДКІ,
магнітаразведка, адзін з кірункаў разведачнай геафізікі, які заснаваны на вывучэнні анамалій геамагнітнага поля, абумоўленай неаднолькавай намагнічанасцю горных парод. Праводзіцца магн. або аэрамагнітная здымка, апрацоўка вымярэнняў, пабудова магн. профіляў і карт, геал. інтэрпрэтацыя выяўленых анамалій магн. поля. Для атрымання больш поўнай геолага-геафіз.інфармацыі М.м.р. ўваходзяць у комплекс з інш.геафіз. метадамі: сейсма-, граві-, электраразведкай і інш. Выкарыстоўваюць магнітометры. Рознымі іх мадыфікацыямі выконваюцца наземныя, аэрамагнітныя, аўтамабільныя, марскія, свідравінныя і спадарожнікавыя вымярэнні. Па даных вымярэнняў складаюцца карты анамальнага магн. поля (гл.Магнітнае поле Зямлі), якія выкарыстоўваюцца ў геолагаразведачных работах. На Беларусі з дапамогай М.м.р. адкрыты Аколаўскае і Навасёлкаўскае радовішчы жалезных руд, трубкі выбуху, перспектыўныя на радовішчы алмазаў, рудапраяўленні каляровых і рэдкіх металаў, складзена геал. карта парод крышт. фундаменту. Гл. таксама Геафізічная разведка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІТО́Ру праграмаванні,
машынная праграма для назірання, кантролю або праверкі аперацый у сістэме апрацоўкі даных. Адрозніваюць М. раздзялення часу, рэальнага часу, віртуальных машын, вызначэння прадукцыйнасці ЭВМ, кантрольны М. (для запуску тэстаў), фонава-аператыўны (напр., для вываду інфармацыі на прынтэр адначасова з работай машыны па зададзенай праграме) і інш.
Можа быць часткай аперацыйнай сістэмы (выконвае функцыі дыспетчара) ці замяняе яе цалкам (сістэмны М.). Звычайна мае статус праграмы карыстальніка. У агульным выпадку ў праграмным забеспячэнні можа быць некалькі М., кожны з якіх выконвае свае спецыфічныя функцыі. напр., кіраванне трансляцыяй праграм, пакетам дастасавальных праграм, комплексам тэставых задач, дыялогавым рэжымам работы машыны і інш. М. у мовах праграмавання — сукупнасць аператараў для арганізацыі высокаўзроўневага механізму сінхранізацыі і ўзаемадзеяння працэсаў (у т. л. праграмных), які забяспечвае доступ да непадзельных рэсурсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕВІЗІ́ЙНАЕ МАСТА́ЦТВА,
сукупнасць відаў мастацкай дзейнасці, звязаных з паяўленнем тэлебачання. Тэлебачанне рэпрадуцырус падзеі рэальнага жыцця, а таксама творы розных відаў мастацтва (кінафільмы, тэатр. спектаклі, канцэрты, творы выяўл. мастацтва) і стварае арыгінальныя тэлевідовішчы: маст. і дакумент.тэлефільмы, тэлеспектаклі (гл.Тэлевізійны тэатр), тэлеперадачы. Поліфункцыянальнасць праграмы (уключае інфарм., дакумент.-публіцыст. і маст. перадачы) вызначае структуру твораў тэлемастацтва, якія сінтэзуюць дакумент., дакумент.-ігравыя і ігравыя формы. Для тэлебачання характэрны: цыклавыя формы тэлемастацтва (цыклы, серыі), аб’яднаныя аўтарскай задумай, тэмай, жанрам, асобай вядучага; увядзенне тэлекамунікатара (вядучага, расказчыка, каментатара), які садзейнічае персаніфікацыі інфармацыі, псіхал. кантакту гледача з тэлевідовішчам. Элементы тэлевізійнай маст. інтэрпрэтацыі рэчаіснасці ёсць у многіх праграмах, якія спалучаюць інфарм., выхаваўчыя і эстэт. функцыі. Прапаганда розных відаў мастацтва тэлевізійнымі сродкамі ажыццяўляецца на Рэспубліканскай студыі тэлебачання і абласных студыях тэлебачання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОТАХІМІ́ЧНЫЯ РЭА́КЦЫІ,
хімічныя рэакцыі, што адбываюцца пад уздзеяннем святла. Паглынанне фатона з даўжынёй хвалі 200—1000 нм выклікае квантавы пераход малекулы рэчыва з асн. электроннага стану ва ўзбуджаны ці фотаіанізацыю (адшчапленне электронаў і ўтварэнне радыкалаў, іон-радыкалаў).
Малекулы ва ўзбуджаным стане больш рэакцыяздольныя, актыўна ўступаюць у хім. рэакцыі, першасныя прадукты якіх (іоны. радыкалы, ізамеры) нестабільныя і пераўтвараюцца ў канчатковыя прадукты Ф.р. у выніку звычайных тэрмічных хім. рэакцый. Тыпы Ф.р.: раскладанне (фотадысацыяцыя), замяшчэнне, ізамерызацыя, акісленне, аднаўленне, полімерызацыя, фотасінтэз і інш. Ф.р. адыгрываюць важную ролю ў прыродзе (гл.Фотабіялогія). Выкарыстоўваюцца ў працэсах запісу і апрацоўкі інфармацыі (фатаграфія, фоталітаграфія), сінтэзу арган. і неарган. рэчываў (атрыманне капралактаму, вітамінаў D і інш.), сінтэзу і мадыфікацыі палімераў (фотаполімерызацыя, фотамадыфікацыя і фотадэструкцыя), у квантавай электроніцы (фотахім. лазеры, мадулятары), мікраэлектроніцы (фотарэзістары) і інш.