ГЛУСК,

гар. пасёлак, цэнтр Глускага р-на Магілёўскай вобл., на р. Пціч. Вузел аўтадарог на Бабруйск, Старыя Дарогі, Любань, Акцябрскі. За 170 км ад Магілёва, 33 км ад чыг. ст. Ратміравічы, на лініі Бабруйск—Акцябрскі. 8,5 тыс. ж. (1995).

У пісьмовых крыніцах упамінаецца з 2-й пал. 15 ст. як Стары Глуск (пазнейшы Глуск Пагарэлы); у 16—19 ст. — вядомы як Глуск Дубровіцкі. Належаў Гальшанскім, Хадкевічам, Палубінскім, Чартарыйскім, Радзівілам. У 16 ст. пабудаваны Глускі замак. У 18 ст. ў складзе Рэчыцкага пав. Мінскага ваяводства, з 1791 у Случарэцкім пав. Навагрудскага ваяводства. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка ў Бабруйскім пав. У 1864 меў каля 3 тыс. ж.; у 1897 каля 5328 ж., 500 дамоў, нар. вучылішча, касцёл, 2 царквы, 5 сінагог. У 1911 у Глуску 6680 ж., 3 гарбарныя з-ды, драўнянастружкавая мануфактура, 22 крамы. З 17.7.1924 цэнтр Глускага раёна, з 27.9.1938 — гар. пасёлак. У 1939 — 5125 ж. У Вял. Айч. вайну з 28.6.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Глуску каля 3 тыс. чал. Вызвалены 27.6.1944 у ходзе Бабруйскай аперацыі 1944. У 1960 у Глуску знойдзены Глускі скарб. У 1962—66 у Бабруйскім р-не. У 1977 у Глуску 6,4 тыс. ж. Прадпрыемствы харч., дрэваапр. прам-сці.

4 сярэднія і 1 муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Мемарыяльны комплекс землякам. Помнік двойчы Герою Сав. Саюза С.Ф.Шутаву. Магілы ахвяр фашызму.

А.П.Грыцкевіч.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЫБА́ЛЬДЗІ (Garibaldi) Джузэпе

(4.7.1807, г. Ніцца, Францыя — 2.6.1882),

нацыянальны герой Італіі, адзін з гал. дзеячаў Рысарджымента. Генерал (1849). З 14-гадовага ўзросту плаваў на караблі бацькі, потым служыў на флоце Сардзінскага каралеўства (П’емонта). У 1832 пазнаёміўся з Дж.Мадзіні. За ўдзел у падрыхтоўцы паўстання мадзіністаў у Генуі завочна прыгавораны да пакарання смерцю (1834). Эмігрыраваў у Паўд. Амерыку. У Браз. імперыі ўдзельнічаў у барацьбе рэспубліканцаў з манархістамі (узначальваў флатылію паўстанцаў рэспублікі Рыу-Гранды), у т.зв. Вялікай вайне 1839—52 Аргенціны супраць незалежнага Уругвая ў складзе уругвайскіх войск камандаваў італьян. легіёнамі. Вярнуўся ў пач. Рэвалюцыі 1848—49 у Італіі. На чале атрадаў валанцёраў удзельнічаў у аўстра-італьян. вайне 1848—49. Ініцыятар стварэння Рымскай рэспублікі 1849. Пасля яе падзення, не здолеўшы прабіцца на дапамогу Венецыі, з вял. стратамі дасягнуў П’емонта, адкуль высланы ўладамі. З 1849 жыў у Амерыцы. У 1854 вярнуўся ў Італію. У час Аўстра-італа-франц. вайны 1859 камандаваў добраахвотніцкім корпусам альпійскіх егераў. У час Рэвалюцыі 1859—60 у Італіі ўзначальваў паход «Тысячы». На чале корпуса добраахвотнікаў удзельнічаў у аўстра-італьян. вайне 1866. У 1862 і 1867 намагаўся ўзбр. шляхам вызваліць Рым ад панавання папы. Па просьбе часовага рэв. ўрада Францыі ўзначаліў Вагезскую армію ў франка-прускую вайну 1870—71. Пасля 1871 жыў на в-ве Капрэра, дзе і памёр Яго імем наз. батальён італьян. інтэрнацыяналістаў, які ўдзельнічаў у Іспанскай рэвалюцыі 1931—39 (гл. Гарыбальдзі батальён), і італьян. партыз. атрады ў 2-ю сусв. вайну (гл. Гарыбальдзійскія брыгады).

Тв.:

Рус. пер. — Мемуары. М., 1966.

У.Я.Калаткоў.

т. 5, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́ШНЯЯ АДУКА́ЦЫЯ,

форма агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі ва ўмовах сям’і. У старажытнасці і сярэдневякоўі (да станаўлення сістэм адукацыі) забяспечвала саслоўна-прафес. пераемнасць. Элементарным тыпам Д.а. можна лічыць перадачу ад бацькоў дзецям ведаў, прафес. вопыту, асноў светапогляду, у т.л. рэліг. выхаванне. У зах. краінах з сярэдзіны 1970-х г. Д.а. набыла новыя рысы ў межах пед. руху «flexíschooling» (гібкая адукацыя), паводле якога акрамя школы месцам адукацыі можа быць дом, музей, б-ка і інш.; бацькі разглядаюцца як актыўныя партнёры школы; не абавязковай лічыцца прысутнасць настаўніка ў навуч. працэсе; вучоба скіравана на выяўленне і развіццё здольнасцей вучня; магчымасці дома (выкарыстанне сучасных тэхн. сродкаў навучання) разглядаюцца як кампанент школьнай праграмы. «Flexischooling» спалучае Д.а. з навучаннем у школе. У Рас. імперыі ў 18—19 ст. Д.а. мела важнае значэнне для фарміравання сістэмы агульнай адукацыі. З узнікненнем ун-таў, гімназій і інш. навуч. устаноў была абавязковым этапам для таго, каб прадоўжыць навучанне або паступіць на вайсковую службу, паколькі давала неабходную падрыхтоўку (ад праграмы пач. школы да поўнага гімназічнага курса). Пасля 1917 Д.а. як сістэма спыніла існаванне. З 1960-х г. для кампенсацыі недахопаў дзярж. сістэмы сярэдняй адукацыі атрымалі распаўсюджанне спецыфічныя формы Д.а. (прыватныя ўрокі, сямейныя семінары, рэпетытарства). У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г. развіццё некаторых формаў Д.а. разглядаецца як адзін з варыянтаў садзеяння індывідуалізацыі навучання, рацыянальным суадносінам дамашняй і школьнай падрыхтоўкі. Сістэма адукацыі Рэспублікі Беларусь прадугледжвае магчымасць самаст. атрымання грамадзянамі агульнай адукацыі з правам на дзярж. атэстацыю.

В.М.Навумчык.

т. 6, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́КАЕ

(да 1939 Высока-Літоўск),

горад у Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Пульва. За 40 км ад г. Камянец, за 3 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск на лініі Брэст—Беласток, аўтадарогамі злучаны з Брэстам і Пружанамі. 4,8 тыс. ж. (1996).

Упершыню ўпамінаецца ў 14 ст. пад назвай Высокі Горад. У 1494 горад атрымаў магдэбургскае права і герб: у блакітным полі сярэбраная 2-павярховая вежа-брама. Належаў Ёдкам, вял. князю, Хлявіцкім, Войнам, Сапегам, Патоцкім. У 1605 засн. касцёл св. Тройцы (у 1950-я г. пераабсталяваны на грамадскія патрэбы). Пры Сапегах пабудаваны Высокаўскі замак. У 16—18 ст. цэнтр дывановага і палатнянага ткацтва. З 1671 штогод праводзіліся кірмашы. У 1773—85 каля Высокага пабудаваны кляштар, тады ж працаваў цагельны з-д. У 1794—97 існаваў водны шлях з Высокага ў Гданьск. З 1795 у складзе Прусіі, з 1807 — у Рас. імперыі, мястэчка Брэсцкага пав. У 1826—28 працавала Высока-Літоўская суконная мануфактура. У 1897 — 3434 ж., дробныя прадпрыемствы, 3 школы. З 1921 у Польшчы, горад у Брэсцкім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—62 цэнтр Высокаўскага раёна Брэсцкай вобл. З 23.6.1941 да 28.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі 1297 чал. У 1959 — 2,6 тыс. чал. З 1962 у Камянецкім р-не.

Прадпрыемствы харчовай, буд. матэрыялаў прам-сці. Помнікі архітэктуры: Варварынская капліца (1772), царква (1869), сядзіба канца 19 — пач. 20 ст. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

А.С.Барысавец, В.А.Міронаў.

т. 4, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́МСТВЫ.

органы мясц. самакіравання ў Рас. імперыі, створаныя паводле земскай рэформы 1864. На Беларусі ўведзены ў 1911 у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ. У З. пануючае становішча займалі памешчыкі; удзельнічалі прадстаўнікі буржуазіі (фабрыканты, купцы, заможныя сяляне), з цягам часу іх колькасць павялічвалася. Царскі ўрад, які баяўся ўплыву ліберальна-бурж. элементаў у З., перадаў ім толькі мясц. гасп. справы, што датычылі адпаведнай губерні ці павета. Аддзяленне гасп. спраў ад агульнай адміністрацыі драбіла мясц. кіраванне паміж казённымі і земскімі ўстановамі, што адмоўна адбівалася на ўсім ходзе мясц. дзейнасці. Асновай бюджэту З. было абкладанне падаткамі нерухомай маёмасці: зямель, дамоў, фабр.-зав. прадпрыемстваў і гандл. устаноў. Расходы З. падзяляліся на абавязковыя (дарожныя, кватэрныя і інш.) і неабавязковыя (на ахову здароўя і нар. асвету). Губернатар і міністр унутр. спраў мелі права затрымаць выкананне любой пастановы земскага сходу. Нягледзячы на абмежаванасць, З. садзейнічалі развіццю мясц. ініцыятывы, гаспадаркі і культуры. Яны адкрывалі на свае сродкі школы, бальніцы, урачэбныя ўчасткі, удзельнічалі ў расходах на ўтрыманне царк.-прыходскіх школ, арганізоўвалі вет. абследаванне і сан. нагляд, агранамічныя мерапрыемствы (стваралі склады с.-г. машын, насенныя і зернеачышчальныя пункты, доследныя палі), займаліся статыстыкай (гл. Земская статыстыка), страхаваннем, вогнеўстойлівым буд-вам, садзейнічалі развіццю саматужных промыслаў. Ліквідаваны пасля Кастр. рэвалюцыі.

Літ.:

Мыш М.И. Положение о земских учреждениях 12 июня 1890 г... СПб., 1894;

Веселовский Б.Б. История земства за сорок лет. Т. 1—4. СПб., 1909—11;

Слобожанин В.П. Земское самоуправление в Беларуси (1905—1917 гг.). Мн., 1994.

С.П.Самуэль.

т. 7, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,

ваенна-паліт. аб’яднанне часткі шляхты і некаторых магнатаў Рэчы Паспалітай супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і Рас. імперыі ў 1768—72. Засн. 29.2.1768 у г. Бар (зараз Вінніцкая вобл., Украіна) па ініцыятыве Ю.Пуласкага, А. і М.Красінскіх і інш. Канфедэраты выступілі з кансерватыўнай праграмай адмовы ад паліт. рэформаў, на якія пайшоў кароль і яго аднадумцы, патрабавалі скасавання закону 1768 пра ўраўнаванне ў правах з католікамі шляхты правасл. і лютэранскага веравызнання, захавання шляхецкіх вольнасцяў і прывілеяў каталіцкай царквы. Разам з тым яны дамагаліся спынення ваен. інтэрвенцыі Расіі, умяшання яе ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай, аднаўлення незалежнасці краіны. Патрыят. заклікі далі шырокі прыток у рады канфедэратаў шляхты, мяшчан, сялян. Масавай з’явай стала партыз. барацьба, якая ахапіла польскія, бел. і літ. землі (на Украіне Барская канфедэрацыя стрымлівалася паўстаннем «калііўшчына»). Увосень 1769 створана Гал. рада Барскай канфедэрацыі («Генеральнасць») з рэзідэнцыяй у г. Прэшаў (Славакія). Дзейнасць канфедэратаў на тэр. Беларусі і Літвы каардынавалі чл. Гал. рады маршалак канфедэрацыі М.Пац і камандуючы войскамі Ю.Сапега. У чэрв. 1770 атрад Ш.Касакоўскага перайшоў з Літвы на Беларусь, дзе папоўніўся дробнай шляхтай, сялянамі і інш. Дзейнічаў у раёне Мядзела, Радашковіч і Мінска, разбіты пад Навагрудкам. У 1771 рух канфедэратаў на Беларусі ўзмацніўся ў сувязі з далучэннем да іх вял. гетмана літ. М.К.Агінскага. 12.9.1771 яго невял. войска разбіта А.В.Суворавым пад в. Сталовічы. Пасля гэтага барацьба пайшла на спад. Тысячы канфедэратаў, 70% з якіх складалі мяшчане і сяляне, былі сасланы ў Сібір. Разгром Барскай канфедэрацыі садзейнічаў першаму падзелу Рэчы Паспалітай у 1772.

Літ.:

Konopczyński W. konfederacja Barska. Т. 1—2. Warszawa, 1936—38.

П.Р.Казлоўскі.

т. 2, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБМЕЖАВА́ЛЬНЫЯ ЗАКО́НЫ па землеўладанні і землекарыстанні,

сукупнасць расійскіх нарматыўных актаў па абмежаванні маёмасных правоў насельніцтва Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны ў канцы 18 — пач. 20 ст. ў сферы землеўладання і землекарыстання. Пасля далучэння гэтых тэрыторый да Рас. імперыі канфіскоўваліся маёнткі памешчыкаў, якія адмовіліся прысягаць расійскім імператарам, землі ўдзельнікаў паўстання 1794, 1830—31, 1863—64 падлягалі і секвестру (у гэтым выпадку ўладальнік павінен быў прадаць зямлю або абмяняць яе на маёнтак ва ўнутраных раёнах Расіі). У 1864—65 набываць зямлю (за выключэннем пераходу па спадчыне) і ўступаць у землекарыстанне было забаронена «асобам польскага паходжання» і яўрэям. У 1860—1-й пал. 1870-х г. канфіскаваны або секвестраваны сотні зямельных участкаў ваколічнай шляхты. У 1882 у сельскай мясцовасці мяжы аселасці яўрэям забаронена арандаваць, браць у заклад ці кіраванне зямельную маёмасць усіх відаў. У 1884 аналагічны закон прыняты да «асоб польскага паходжання». З 1887 на Беларусі (апрача Магілёўскай губ.) права куплі зямлі пазбаўлены іншаземцы. У канцы 1860-х—80-я г. пэўныя абмежаванні ўведзены і для сялян (напр., яны маглі купляць канфіскаваныя або секвестраваныя маёнткі толькі цалкам). У выніку абмежавальных законаў плошча зямель мясц. памешчыкаў на Беларусі паменшылася з 7,5 млн. дзес. (78,4%) да 4,1 млн. дзес. (42,4%). Пад уплывам рэв. руху ў пач. 20 ст. шэраг абмежавальныя законы скасаваны, астатнія праіснавалі да 1917.

Літ.:

Громачевский С.Г. Ограничительные законы по землевладению в Западном крае с мотивами и разъяснениями. Спб., 1892;

Жукович П.И. О русском землевладении в Северо-Западном крае со времени присоединения его к России. Спб., 1895.

В.П.Панюціч.

т. 1, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗА,

горад на ўсх. узбярэжжы Міжземнага мора, на тэрыторыі гіст. вобласці Палесціна. З навакольнай прыбярэжнай тэрыторыяй (сектар Газа, паласа Газа) даўж. 50 км, шыр. ад 5—7 да 12 км і пл. 362 км² мае асобны паліт. статус. Насельніцтва горада Газа каля 270 тыс. чал., усяго сектара Газа разам з насельніцтвам лагераў палесцінскіх бежанцаў каля 800 тыс. чал. (1994), больш за 99% з іх арабы-палесцінцы. У сектары Газа ёсць 10 с.-г. яўр. паселішчаў (кібуцаў). Развіта мясцовая і саматужная прам-сць (выраб дываноў, пашыў адзення, ганчарства, рамонт трансп. сродкаў). Здабыча буд. матэрыялаў і будаўніцтва. Рыбная лоўля. Вырошчванне цытрусавых. Частка насельніцтва працуе на прадпрыемствах Ізраіля. 40% насельніцтва — беспрацоўныя.

Старажытны горад ханаанеяў у паўд. Палесціне. У канцы 15 ст. да н.э. занята егіпцянамі. З 12 ст. да н.э. прадмет спрэчак паміж ізраільскай дзяржавай і філістымлянамі. З канца 8 ст. да н.э. пад уладай Асірыі, Вавілона, Персіі. У 332 да н.э. захоплена Аляксандрам Македонскім. Росквіт Газы прыпадае на часы рымскага і візант. панавання. З 635 н.э. Газа ў складзе халіфата, з 1517 у Асманскай імперыі. У 1917 горад заняты брыт. войскамі, у 1920—47 — адм. ц. Палесціны, падмандатнай Вялікабрытаніі. Паводле рашэння Ген. Асамблеі ААН у 1947 Газа і прылеглыя тэр. (сектар Газа) увайшлі ў склад араб. дзяржавы. Пасля араба-ізраільскай вайны 1948—49 сектар Газа пад кіраваннем Егіпта. Акупіраваны ізраільскімі войскамі ў 1967. У 1993 у Вашынгтоне падпісана Дэкларацыя аб прынцыпах стварэння часовага палесцінскага самакіравання ў сектары Газа на працягу 5-гадовага пераходнага перыяду. Гл. таксама Блізкаўсходні канфлікт.

т. 4, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІСНА́,

горад у Міёрскім р-не Віцебскай вобл., на р. Дзісна, пры ўпадзенні яе ў Зах. Дзвіну. За 45 км ад г. Міёры, 12 км ад чыг. ст. Боркавічы на лініі Полацк—Даўгаўпілс (Латвія). Аўтадарогамі злучана з Полацкам, Глыбокім, Міёрамі. 2,7 тыс. ж. (1995).

У 10—11 ст. полацкія крывічы заснавалі тут невял. крэпасць — Капец-гарадок, тэр. вакол яго заселена да 13 ст. З 1301 Дз. ў ВКЛ. З 14 ст. згадваецца Дзісенскі замак. З 1563 сяло. У 1567 атрымала герб, у 1569 новы герб (у блакітным полі ладдзя з разгорнутым ветразем) і стала горадам. У 16—17 ст. пабудаваны правасл. Уваскрасенская (гл. Дзісенскі Уваскрасенскі манастыр), Узвіжанская, Спаса-Праабражэнская і уніяцкая Міхайлаўская цэрквы, парафіяльны касцёл, францысканскі кляштар. У 17 ст. цэнтр староства. Вял. страты нанесены Дз. ў часы Лівонскай вайны 1558—89, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21, пажараў і эпідэмій. З 1793 у Рас. імперыі, з 1795 цэнтр Дзісенскага павета Мінскай, з 1842 Віленскай губ. У 1897 у Дз. 6,7 тыс. ж. З 1922 у Дзісенскім пав. Віленскага ваяв. Польшчы. 6073 ж. (1939). З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Дзісенскага раёна. У Вял. Айч. вайну з 5.7.1941 да 4.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў горадзе і раёне загубілі 4584 чал., у горадзе стварылі лагер смерці. З 1959 Дз. ў Міёрскім р-не. 2,5 тыс. ж. (1959).

Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Помнік архітэктуры — царква Адзігітрыі (19 ст.). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік Вызвалення.

т. 6, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

1) адм-тэр. адзінка ў 1413—1795 у ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Цэнтр — г. Вільня. Утворана паводле Гарадзельскага прывілея 1413. У Віленскім ваяводстве ўвайшла большая частка зах., цэнтр, і ўсх. зямель Беларусі, тэр. паўн.-ўсх. літ. зямель. Фармальна ў Віленскае ваяводства ўваходзілі Клецкае (да 1521) і Мсціслаўскае (да 1529) княствы, якія фактычна былі аўтаномныя. У Бабруйскай воласці мела цераспалосныя ўчасткі з Трокскім ваяводствам — «віленскую палавіцу» (г. Бабруйск і 18 сёл). У 1507 са складу Віленскага ваяводства вылучана і ўтворана Навагрудскае ваяводства, пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 — Мінскае ваяводства; у Віленскім ваяводстве засталося 5 пав. (Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі, Вількамірскі, Лідскі). У 1514—1611 і ў 1654—1793 на тэр. Віленскага ваяводства намінальна існавала экстэрытарыяльнае Смаленскае ваяводства. У 1793 Браслаўскі пав. пераўтвораны ў ваяводства. У 1795 Віленскае ваяводства ўвайшло ў склад Рас. імперыі, на яго тэр. ўтвораны Віленская губерня і Слонімская губерня.

2) Адм.-тэр. адзінка на тэр. Зах. Беларусі ў складзе Польшчы ў 1922—39. Пл. 28,9 тыс. км, нас. 1275,2 тыс. чал. (1931). Цэнтр — г. Вільня. Паводле ўмоў рас.-літ. дагавора 12.7.1920 урад РСФСР фармальна перадаў гэтыя землі Літве, але фактычнай перадачы не адбылося. 9.10.1920 яны былі захоплены польск. войскамі ген. Л.Жалігоўскага і на іх тэр. ўтворана Сярэдняя Літва, якая 20.2.1922 была далучана да Польшчы. Віленскае ваяводства ўключала 9 паветаў. У час 2-й сусв. вайны ў вер. 1939 Віленскае ваяводства занята часцямі Чырв. Арміі. Паводле сав.-літ. дагавора 10.10.1939 тэр. Віленскага краю (г. Вільня, Віленска-Трокскі і б.ч. Свянцянскага пав.) перададзена Літве, на астатняй тэр. ў снеж. 1939 утворана Вілейская вобласць.

А.П.Грыцкевіч.

т. 4, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)