БАРО́ГРАФ (ад бара... + ...граф),
самапісная прылада для пастаяннай рэгістрацыі атм. ціску. Бываюць анероідныя і ртутныя. Найб. пашыраны анероідныя, прыёмная частка якіх зроблена з некалькіх злучаных мембранных анероідных карабкоў (гл. Анероід). Змены атм. ціску выклікаюць перамяшчэнне вечкаў карабкоў, якія перадаюцца пяру, што чэрціць суцэльную крывую на стужцы барабана з гадзіннікавым механізмам (завод разлічаны на суткі або тыдзень). Выкарыстоўваецца на метэастанцыях.
т. 2, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІЦЭ́РСКІ СКЛАД,
адміністрацыйна-прававая катэгорыя асоб, якія маюць ваен. або ваен.-спец. падрыхтоўку (адукацыю) і асабіста прысвоеныя афіцэрскія званні; асн. частка ваен. кадраў дзяржавы. Асобы афіцэрскага складу могуць знаходзіцца непасрэдна на ваен. службе, лічыцца ў запасе або быць у адстаўцы. Ва Узбр. сілах Рэспублікі Беларусь афіцэрскі склад падзяляецца на малодшы, старшы і вышэйшы (гл. ў арт. Званні воінскія).
т. 2, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАФОТАТАПАГРА́ФІЯ,
раздзел тапаграфіі, які вывучае метады стварэння тапаграфічных картаў па матэрыялах аэрафотаздымкі. Вылучаюць камбінаваны метад аэрафотатапаграфіі (контурная частка карты складаецца на падставе аэрафотаздымкаў, рэльеф мясцовасці адлюстроўваецца гарызанталямі па выніках мензульнай здымкі) і стэрэатапаграфічны метад (контуры і гарызанталі наносяцца універсальнымі стэрэафотаграмметрычнымі прыладамі). Пры пабудове контурнай часткі карты карыстаюцца вынікамі палявога і камеральнага дэшыфравання аэрафотаздымкаў.
Р.А.Жмойдзяк.
т. 2, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́РМА (ад грэч. derma скура),
злучальнатканкавая частка скуры пазваночных жывёл і чалавека, якая знаходзіцца пад эпідэрмісам; уласна скура. Развіваецца з мезадэрмы. Д. вял., ці малая рухома злучана з органамі, што ляжаць ніжэй, падскурнай рыхлай злучальнай тканкай, часта багатай тлушчавымі адкладамі. Складаецца з 2 слаёў: паверхневага сасочкавага (мае сасуды, забяспечвае жыўленне эпідэрмісу і яго вытворных) і сеткаватага (выконвае апорную функцыю).
т. 6, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛХАЎ,
рака ў Наўгародскай і Ленінградскай абласцях Расіі. Даўж. 224 км, пл. бас. 80,2 тыс. км². Выцякае з воз. Ільмень, цячэ па Прыільменскай нізіне, упадае ў Ладажскае воз. Сярэдні расход вады 593 м³/с. Суднаходная на ўсім працягу. Злучана каналамі з р. Мста, Нява, Сясь. Волхаў — частка Вышневалоцкай воднай сістэмы. ГЭС. На Волхаве — г. Ноўгарад, Кірышы, Волхаў, Новая Ладага.
т. 4, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЖО́РСКАЯ ЗЯМЛЯ́, Іжора,
гістарычная тэрыторыя народнасці іжора па берагах Нявы і ўзбярэжжы Фінскага заліва. У 13—15 ст. падпарадкавана Ноўгараду. У 1478 далучана да Маскоўскага княства. Пасля Лівонскай вайны (у 1581—90) і ў выніку інтэрвенцыі пач. 17 ст. зах. частка І.з. (гарады Капор’е, Івангорад з паветамі) захоплена Швецыяй. Вернута Расіі ў час Паўночнай вайны 1700—21.
т. 7, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАН (грэч. kōlon частка цела; элемент перыяду),
рытміка-інтанацыйная адзінка маўлення: моўны такт, выдзелены паўзамі, аб’яднаны лагічным націскам. У бел. мове сярэдні аб’ём К. каля 8 складоў, у маст. прозе — 2—4 поўнанаціскныя словы, у навук. і публіцыстычнай — больш. У мове, не разлічанай на гучнае вымаўленне, падзел на К. невыразны. Адзін з асн. сродкаў аратарскага маўлення.
т. 8, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБХО́ДНЫ ПРАДУ́КТ,
частка створанага работнікам прадукту, прызначаная для задавальнення жыццёвых патрэб непасрэдных вытворцаў і непрацуючых членаў іх сем’яў. Ствараецца на працягу неабходнага рабочага часу, пакрывае расходы на харчаванне, утрыманне жылля, задавальненне культ. і сац. патрэб і інш. На выпрацоўку Н.п. затрачваецца неабходная праца. Велічыня Н.п. вызначаецца ўзроўнем развіцця прадукцыйных сіл і прадукцыйнасці працы.
У.Р.Залатагораў.
т. 11, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ТСА БЕ́РАГ (Oates Coast),
частка паўн. ўзбярэжжа Зямлі Вікторыі (Усх. Антарктыда), які абмываецца морам Сомава, паміж 156 і 166° усх. д. Даўж. каля 600 км. Укрыты лёдам, ва ўсх. ч. групы гор, свабодныя ад лёду. Адкрыты ў 1911 англ. экспедыцыяй Р.Скота, названы ў гонар яе ўдзельніка капітана Л.Отса. У 1971 на О.Б. адкрыта сав. навук. станцыя Ленінградская.
т. 11, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ВАГОНАРАМО́НТНЫ ЗАВО́Д.
Засн. ў 1871 у Мінску як чыгуначныя майстэрні. З 1927 з-д «Полымя рэвалюцыі», з 1931 вагонарамонтны з-д. У Вял. Айч. вайну частка абсталявання эвакуіравана ў Куйбышаўскую вобл. Аднавіў працу ў 1945, у 1953—54 рэканструяваны і пашыраны. Завод рамантуе пасажырскія вагоны, фарміруе колавыя пары пасажырскіх і грузавых паяздоў, вырабляе запчасткі для рухомага саставу чыгунак.
т. 10, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)