ПА́ЎЛАЎСКАЯ «РЭСПУ́БЛІКА», Паўлаўская «Рэч Паспалітая», маёнтак Паўлава (Мерач) у Віленскім пав. (цяпер у Літве), дзе ў 2-й пал. 18 ст. былі праведзены кардынальныя сац.-эканам. рэформы. Уладальнік Паўлава (маёнтак атрымаў найменне ў 1767 ад імя гаспадара) П.​К.​Бжастоўскі (гл. ў арт. Бжастаўскія) ажыццявіў комплекс мерапрыемстваў па паляпшэнні становішча сялян, якое рэгулявалася статутамі 1769 і 1791. Сялянам дадзена асабістая вольнасць, яны атрымалі ў вечнае карыстанне вял. гаспадаркі, з якіх неслі павіннасці, права на вольнае карыстанне пушчай, права распараджацца маёмасцю, займацца рамёствамі і гандлем. Было ўведзена шырокае сял. самакіраванне на ўзор парламента з 2 палат, сял. суд і войска, ашчадна-пазыковая каса, дзе сяляне маглі атрымаць пазыку грашыма, збожжам і жывым інвентаром; пабудаваны школа, аптэка. Сяляне П.«р.» ўдзельнічалі ў паўстанні 1794. Не маючы магчымасці трымаць маёнтак пад рас. уладай, у канцы 1794 Бжастоўскі прадаў яго, аднак асн. палажэнні статута маёнтка захоўваліся. Праведзеныя ў духу Асветніцтва рэформы садзейнічалі развіццю капіталіст., грашовых адносін у сял. гаспадарцы, павышэнню дабрабыту насельніцтва. Рэформы Бжастоўскага сустрэлі варожыя адносіны большасці землеўласнікаў і ўхваляліся перадавымі коламі Рэчы Паспалітай.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 12, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛІКО́ЎСКІ ((Pawlikowski) Юзаф) (19.3.1767, в. Розпжа Лодзінскага ваяв., Польшча — 1829),

польскі публіцыст, паліт. дзеяч. Вывучаў права ў Ягелонскім ун-це (Кракаў), дзе належаў да Саюза філантропаў. Працаваў адвакатам. Выступаў супраць Таргавіцкай канфедэрацыі. Адзін з гал. арганізатараў паўстання 1794. Пасля разгрому паўстання эмігрыраваў у Бельгію, потым у Францыю, дзе 22.8.1795 падпісаў акт пра стварэнне радыкальнай эмігранцкай арг-цыі Польская дэпутацыя. У 1799—1800 сакратар і дарадчык А.Т.Касцюшкі. Пазней жыў у Варшаве, з 1821 чл. тайнага Нац. патрыят. т-ва. У 1826 арыштаваны, памёр у зняволенні. У першай публіцыст. працы «Пра польскіх прыгонных», выдадзенай ананімна ў 1788, выказваў фізіякратычныя погляды радыкалаў, якія патрабавалі адмены прыгону, асабістай незалежнасці і правоў для сялян. У трактаце «Палітычныя думкі для Польшчы» (1789) сфармуляваў філас. праграму нар. манархіі. Пад кіраўніцтвам Касцюшкі напісаў працу «Ці могуць палякі дамагчыся незалежнасці?» (1800), у якой патрабаваў спалучэння нац.-вызв. барацьбы з барацьбой за грамадскі прагрэс. Аўтар «Успамінаў пра падрыхтоўку касцюшкаўскага паўстання» (1876).

Літ.:

Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 12, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ СЯЛЯ́НСКА-РАБО́ТНІЦКАЯ ГРАМАДА́ (БСРГ),

масавая легальная рэв.-дэмакр. нац.-вызв. арг-цыя працоўных Зах. Беларусі ў 1925—27. Арганізавана ва ўмовах сац. і нац. прыгнёту з мэтай вызвалення Зах. Беларусі з-пад улады Польшчы. Дзейнасць БСРГ узначальваў ЦК. Старшыня ЦК Б.А.Тарашкевіч, нам. старшыні С.​А.​Рак-Міхайлоўскі, чл. П.П.Валошын і П.В.Мятла; кіраўнік Цэнтр. сакратарыята БСРГ М.Т.Бурсевіч, нам. сакратара В.​Макоўскі, паліт. рэдактар газет Я.С.Бабровіч. Праграма БСРГ (прынята 12.5.1926) змяшчала асн. дэмакр. і асобныя сацыяліст. патрабаванні: самавызначэнне Зах. Беларусі і аб’яднанне ўсіх бел. зямель у рэспубліку сялян і рабочых (уз’яднанне з БССР); стварэнне сял.-рабочага ўрада; устанаўленне дэмакр. свабод; канфіскацыя памешчыцкіх і царк. зямель, пераход іх ва ўласнасць дзяржавы і падзел без выкупу паміж малазямельнымі сялянамі і парабкамі; скасаванне асадніцтва; устанаўленне 8-гадзіннага рабочага дня; увядзенне рабочага кантролю ў вытворчасці, развіццё спажывецкай, вытв. і крэдытнай кааперацыі; нац. роўнасць і навучанне на роднай мове; свабода сумлення і інш. Гал. сродкам сац. і нац. вызвалення працоўных БСРГ лічыла адкрытую барацьбу нар. мас з эксплуататарамі на аснове саюзу рабочага класа і прац. сялянства. БСРГ супрацоўнічала з рэв.-дэмакр. партыяй польскіх сялян (гл. Незалежная сялянская партыя), укр. рэв.-дэмакр. арг-цыяй «Сельроб». 24.6.1925 дэпутаты польск. сейма Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Валошын і Мятла выйшлі з бел. нац. фракцыі сейма (гл. Беларускі пасольскі клуб) і стварылі пасольскі клуб БСРГ. Карыстаючыся дэпутацкай недатыкальнасцю, яны разгарнулі актыўную дзейнасць па стварэнні масавай арг-цыі працоўных для барацьбы супраць сац. і нац. прыгнёту. У студз. 1927 больш за 2 тыс. гурткоў БСРГ аб’ядноўвалі каля 120 тыс. членаў. Дзейнічала 18 павятовых к-таў БСРГ. ЦК БСРГ выдаваў газ. «Жыццё беларуса», «Беларуская ніва», «Беларуская справа», «Народная справа», «Наша справа», «Наш голас», «Наша воля», «Народны звон», сатыр. час. «Маланка». Пад уплывам грамады актывізавалі работу прагрэсіўная культ.-асв. арганізацыя Таварыства беларускай школы, бел. выдавецкае, навук. і дабрачыннае т-вы, Беларускі студэнцкі саюз. У выніку дзейнасці КПЗБ і грамады ў 1926 у Зах. Беларусі пачаўся ўздым масавага рэв. і нац.-вызв. руху, у якім у канцы 1926 — пач. 1927 наспявалі элементы рэв. сітуацыі. 21.3.1927 БСРГ афіцыйна забаронена польскімі ўладамі. Больш за 400 яе кіраўнікоў і актывістаў аддадзены пад суд.

Літ.:

Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада. Мн., 1928;

Палуян У.А. Беларуская сялянска-рабочая грамада Мн., 1967.

У.​А.​Палуян.

Паштоўка з партрэтамі арыштаваных у студзені 1927 уладамі Польшчы лідэраў Беларускай сялянска-работніцкай грамады П.​Мятлы, П.​Валошына, Б.​Тарашкевіча, С.​Рак-Міхайлоўскага і дзеяча Незалежнай сялянскай партыі Ф.​Галавача. 1927.

т. 2, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬХІМО́ВІЧ (Казімір) (20.12.1840, в. Дэмбрава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 31.12.1916),

жывапісец і графік; прадстаўнік позняга рамантызму і рэалізму ў бел. жывапісе 19 — пач. 20 ст. Вучыўся ў Варшаве ў маст. школе В.​Герсана (1871—73), у Парыжы (1876—78), скончыў Мюнхенскую АМ (1875). За ўдзел у паўстанні 1863—64 сасланы ў Сібір (да 1869). З 1878 у Варшаве, удзельнічаў у выстаўках Варшаўскага т-ва заахвочвання мастацтваў і Салона ў Парыжы. Аўтар гіст. палотнаў: «Пахаванне Гедзіміна», «Пасля бітвы», «Смерць Маргера», «Ліздзейка з дачкой на руінах царквы Перуна», «Абарона Ольштына» (1883), «Смерць Глінскага ў турме» (каля 1884). У карцінах «Жніво» (1869), «Вясковая дзяўчынка» (1880-я г.), «Наём работнікаў» (1893), «Парабкава хата», «У поце чала», «Шляхціц і селянін» (1898) і інш. адлюстраваў быт, пакутлівы лёс сялян і парабкаў. Пад уплывам ссылкі напісаў творы «Смерць у выгнанні», «Пахаванне на Урале» (каля 1820), «На этапе» (1894) і інш. Па матывах творчасці А.​Міцкевіча стварыў серыю карцін і 12 кардонаў-ілюстрацый да яго паэмы «Пан Тадэвуш». Ілюстраваў творы Ю.​Славацкага і Ю.​Крашэўскага. Размалёўваў (з Т.​Попелем і А.​Пятроўскім) касцёл Св. Кацярыны ў Пецярбургу.

К.Альхімовіч. Аўтапартрэт. 1864.
К.Альхімовіч. Вясковая дзяўчына. 1880-я г.

т. 1, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУЛЬНАЗЕ́МСКІЯ ПРЫВІЛЕ́І,

заканадаўчыя акты ВКЛ, якія дзейнічалі на тэр. ўсёй дзяржавы і замацоўвалі правы розных сац. груп, найперш шляхты. Найб. вядомыя тры прывілеі 1387 вял. князя ВКЛ Ягайлы, два з іх (ад 20 і 22 лют.) вызначалі льготы феадалам за пераход у каталіцтва, вызвалялі каталіцкае духавенства ад дзярж. павіннасцяў і падаткаў. Гарадзельскі прывілей 1413 замацоўваў унію ВКЛ з Польшчай, пашыраў правы феадалаў-католікаў і абмяжоўваў правы правасл. феадалаў. Прывілеямі 1432 і 1434 правасл. феадалам даваліся такія ж правы, як і католікам. Апошні прывілей гарантаваў асабістую свабоду і недатыкальнасць шляхты. Прывілеем 1447 вял. кн. Казімір забараняў надзяляць чужынцаў, у т. л. палякаў, пасадамі, маёнткамі, землямі і чынамі ў ВКЛ, абмяжоўваў права пераходу сялян ад аднаго феадала да другога. Прывілеем 1492 вял. кн. Аляксандр пацвердзіў ранейшыя правы шляхты, вызначыў асновы адм., цывільнага і крымін. права. У 1506 Жыгімонт I Стары выдаў прывілей, які пацвердзіў усе папярэднія прывілеі, дадзеныя духоўным і свецкім феадалам, гарадам, мяшчанам і наогул асобам усякага стану. Ім завяршыўся першы этап развіцця пісанага права ў форме агульназемскіх прывілеяў, потым асн. законамі краіны сталі Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588 (пра кожны гл. асобны арт.).

Я.​А.​Юхо.

т. 1, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ ГУБЕ́РНСКАЯ ДРУКА́РНЯ.

Існавала ў 1820—1915 у Гродне. Друкавала афіцыйныя матэрыялы, а таксама па гісторыі, краязнаўстве, этнаграфіі, фальклоры Беларусі, маст. творы і інш. З 1838 друкавала газ. «Гродненские губернские ведомости», у 1858—1915 «Адрас-каляндар і даведачную кніжку Гродзенскай губерні», у 1880—1914 «Агляд Гродзенскай губерні», у 1890—1906 «Памятную кніжку Гродзенскай дырэкцыі народных вучылішчаў». Усяго выдала больш за 200 друкаваных адзінак, каля 150 назваў кніг. Зачынена ў сувязі з акупацыяй Гродна герм. войскамі.

Былі выдадзены паэма «Тарас на Парнасе» (1896, на бел. мове), працы «Вопыт збірання песень і казак сялян Паўночна-Заходняга краю» М.​А.​Дзмітрыева (1868), «Апісанне горада Слоніма» М.​Г.​Мілакоўскага (1891), «Матывы вясельных песень пінчукоў» М.​В.​Доўнар-Запольскага (1893), «Горад Брэст-Літоўск і яго старажытныя храмы» Л.​С.​Паеўскага (1894), «Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў» А.​Я.​Багдановіча (1895), «Кароткі гістарычны нарыс Гродзенскай губерні за сто гадоў яе існавання, 1802—1902» Л.​Саланевіча (1901), «Гістарычны нарыс Гродзенскай губерні ў ваенна-палітычных адносінах за першыя сто гадоў яе існавання (1802—1902)» У.​С.​Манасеіна (1902), «Гродзенская даўніна. Ч. 1. Гор. Гродна» (1910) і інш.

Літ.:

Кніга Беларусі, 1517—1917: Зводны кат. Мн., 1986.

т. 5, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУКО́РСКІЯ ПАРТЫЗА́НЫ,

удзельнікі барацьбы супраць польскіх акупантаў на тэр. Ігуменскага і Мінскага пав. у 1919—20. У кастр. 1919 — крас. 1920 пад кіраўніцтвам Мінскага падп. к-та КП(б)ЛіБ у Дукорскай, Пярэжырскай, Самахвалавіцкай, Сенніцкай і інш. валасцях створаны партыз. групы і атрады (каля 600 чал., кіраўнікі А.​А.​Блажко, С.​Р.​Камлюк, Г.​Ф.​Катлянік, А.​А.​Крывашчокі і інш.). Партызаны вялі агітработу сярод сялян, псавалі лініі сувязі, выконвалі заданні камандавання Чырв. Арміі. Падпольны к-т сіламі партызан і падпольшчыкаў рыхтаваў у маі 1920 адначасовы ўдар па ворагу ў некалькіх месцах, але гэтаму перашкодзілі праведзеныя дэфензівай 27—28 крас. і ў ноч на 3 мая арышты ў вёсках Козырава, Калядзічы, Гатава, Дукора, Харавічы і інш. Пасля катаванняў паводле прыгавору ваен.-палявога суда 17.5.1920 ва ўрочышчы Пушча (каля в. Дукора) расстраляны 11 Д.п.: А.​К.​Ахрамовіч, Блажко, П.​К.​Буры, І.​І.​Камлюк, І.​Р.​Камлюк, С.​Р.​Камлюк, Катлянік, Крывашчокі, М.​Ф.​Маліноўскі, П.​С.​Пазняк, М.​І.​Рудовіч. 30 партызан сасланы ў польскія турмы на тэрмін ад 1 да 10 гадоў, дзе 5 з іх загінулі. У в. Пярэжыр і на месцы расстрэлу партызан пастаўлены помнікі.

У.​У.​Грамовіч.

т. 6, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́МСКІЯ ШКО́ЛЫ,

пачатковыя сельскія школы ў Рас. імперыі; засноўваліся пасля земскай рэформы 1864 і ўтрымліваліся на сродкі земстваў. Працавалі па планах і праграмах Мін-ва нар. асветы. Былі аднакласныя, пераважна з 3-гадовым навучаннем (1 настаўнік), і двухкласныя з 4-гадовым навучаннем (2 настаўнікі). У канцы 19 ст. тэрмін навучання ў многіх аднакласных З.ш. быў павялічаны да 4 гадоў, у двухкласных — да 5—6 гадоў. Выкладаліся: Закон Божы, чытанне, пісьмо, арыфметыка, спевы; у некат. даваліся звесткі па прыродазнаўстве, геаграфіі, гісторыі. У параўнанні з міністэрскімі і царкоўнапрыходскімі школамі ў З.ш. была лепш арганізавана навучальна-выхаваўчая работа, пры асобных былі б-кі, «начлежныя прытулкі» для дзяцей з аддаленых вёсак, гарачае харчаванне. Адыгралі значную ролю ў пашырэнні пісьменнасці сярод сялян. Ва ўсх. ч. Беларусі З.ш. пачалі адкрывацца з 1907. У 1911 у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях іх было 373. У 1918 рэарганізаваны ў прац. школы.

Літ.:

Звягинцев Е.А. Полвека земской деятельности по народному образованию. 2 изд. М., 1917;

Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г. Мн., 1985. С. 370—374;

Мяцельскі М.С. Земствы і школа на Беларусі (1903—1917) // Пач. школа. 1992. № 4.

В.​С.​Болбас.

т. 7, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НО́ВАЕ ЖЫЦЦЁ»,

штотыднёвая газета. Выдавалася Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыяй з 3.3 да 21.5.1923 у Вільні на бел. мове. Рэдактар Я.​Лагіновіч. Адлюстроўвала паліт. настроі сялян і радыкальнай інтэлігенцыі Зах. Беларусі. Пад рубрыкамі «Палітычныя падзеі», «З газет», «Весткі з сейму» з рэв.-дэмакр. пазіцый асвятляла міжнар. жыццё, паліт. становішча ў Польшчы, барацьбу ў парламенце прадстаўнікоў левых сіл, змяшчала выступленні дэпутатаў, іх паліт. заявы. Друкавала матэрыялы аб праявах сац. і нац. ўціску працоўных Зах. Беларусі, асвятляла культ. жыццё ў Зах. і Сав. Беларусі. З артыкуламі пра задачы вызв. барацьбы выступалі Лагіновіч (псеўд. Лаўрыновіч), Л.​Родзевіч (псеўд. Р.​Юргілевіч). Серыю артыкулаў «Беларускі пасольскі клуб у польскім сейме», «Што такое «Wyzwolenie» з беларускага пункту гледжання» апубл. У.​Самойла (псеўд. Суліма). Пра стан асветы ў Зах. Беларусі пісаў С.​Рак-Міхайлоўскі (псеўд. Баўтручонак). Змяшчала літ. творы У.​Жылкі (паэма «Уяўленне», вершы), Родзевіча (драм. абразкі, лірыка), І.​Канчэўскага (псеўд. Ганна Галубянка), Ф.​Чарнышэвіча і інш., артыкулы Р.​Зямкевіча пра развіццё бел. л-ры. Выйшла 13 нумароў, з іх 3 канфіскаваны. Пасля забароны выходзіла газ. «Наша жыццё» (з 27.5 да 25.6.1923, выйшла 6 нумароў). 6.7.1923 выпушчана аднадзёнка «Наша новае жыццё».

А.​С.​Ліс.

т. 11, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮСТРА́ЦЫЯ (польск. lustracja ад лац. lustrum падатковы або фіскальны перыяд),

перыядычны вопіс дзярж. маёмасці з мэтай вызначэння яе даходнасці. 1) У ВКЛ і Рэчы Паспалітай Л. праводзілася ў 16—18 ст. (з 1562 кожныя 5 гадоў) з мэтай павелічэння даходнасці дзярж. уладанняў, а таксама пры перадачы іх новаму дзяржаўцу. Л. праводзілі спецыяльна прызначаныя чыноўнікі — люстратары; іх асоба лічылася недатыкальнай, а знявага разглядалася як цяжкае дзярж. злачынства. Паколькі Л. шляхецкіх маёнткаў у ВКЛ не праводзіліся, то яны ахоплівалі толькі частку насельніцтва. У выніку праведзенай Л. складаўся дакумент, які таксама называўся Л.

2) У Расійскай імперыі Л. праводзіліся ў 1778—1876 рас. урадам на тэр. Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны (на Беларусі да 1867). Л. 1778 і 1779 праводзіліся з мэтай павелічэння даходаў дзярж. казны. У канцы 1839 міністрам дзярж. маёмасці П.​Дз.​Кісялёвым пачата Л. 1840—50-х г. Праводзілася ў 2 этапы: да 1844 пры захаванні фальваркова-паншчыннай сістэмы, з 1844 шляхам паскоранага пераводу сялян дзярж. маёнткаў на аброк, знішчэння фальваркова-паншчыннай сістэмы. Да 1857 на аброк пераведзены ўсе дзярж. маёнткі Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. У 1858 і 1867 праводзіліся праверачныя Л.

т. 9, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)