грашовы збор, які спаганяецца дзярж. органамі з грамадзян, устаноў і арг-цый за пэўныя віды паслуг. На Беларусі парадак спагнання П.дз. рэгулюецца Законам «Аб дзяржаўнай пошліне» ад 10.1.1992. П.дз. бярэцца: у суд. установах пры падачы іскавых заяў, заяў і скарг, за выдачу копій дакументаў; у органах пракуратуры пры падачы наглядных скарг на судовыя пастановы, а таксама за выдачу копій дакументаў; у натарыятах і выканкомах мясц. Саветаў за натарыяльныя дзеянні, выдачу дублікатаў натарыяльна засведчаных дакументаў, складанне праектаў здзелак і заяў, выраб копій дакументаў і выпісак з іх; у органах ЗАГСа за рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану і інш.; у органах мін-ваунутр.спраў за выдачу дакументаў на права выезду за мяжу, выязных і ўязных віз, з заяў аб прыёме ў грамадзянства Рэспублікі Беларусь і выхадзе з яго, за прапіску грамадзян і ў некат. інш. выпадках. Стаўкі П.дз. устанаўліваюцца СМ Беларусі. Законам аб П.дз. вызначана кола ўстаноў і грамадзян, якія вызваляюцца ад выплаты П.дз. П.дз. выплачваецца наяўнымі грашамі, пошліннымі маркамі, а таксама шляхам пералічэнняў з рахунка плацельшчыка ў банку. З тавараў, якія перавозяць праз дзярж. граніцу, спаганяецца пошліна ў адпаведнасці з мытнымі тарыфамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-ФРАНЦУ́ЗСКІ САЮ́З,
ваенна-палітычны саюз Расіі і Францыі ў 1891—1917. Супрацьстаяў Траістаму саюзу на чале з Германіяй. Аформлены пагадненнем міністраў замежных спраў Францыі і Расіі (ліп. 1891) і сакрэтнай ваен. канвенцыяй, заключанай 17.8.1892 рас. і франц.ген. штабамі і ратыфікаванай урадамі Францыі (27.12.1893) і Расіі (4.1.1894). Канвенцыя прадугледжвала правядзенне неадкладнай і адначасовай мабілізацыі ўзбр. сіл абедзвюх краін у выпадку такіх жа дзеянняў Траістага саюза, выстаўленне Францыяй 1,3 млн.чал. і Расіяй 0,7 млн.чал. супраць Германіі з такім разлікам, каб ёй адразу давялося весці вайну на 2 франты (на У і З). Т.ч. у Еўропе ўтварыліся 2 варожыя адзін да аднаго ваен.-паліт. блокі. Р.-ф.с. дазволіў Францыі актывізаваць сваю калан. палітыку (найперш у Афрыцы), а Расіі — яе экспансію ў Маньчжурыі. Першапачаткова вызначальная роля ў саюзе належала Расіі, пазней — Францыі, ад якой Расія трапіла ў фін. залежнасць. У 1912 падпісана рус.-франц.ваен.-марская канвенцыя. З далучэннем да Р.-ф.с. Вялікабрытаніі, якая ў 1904 падпісала пагадненне з Францыяй, а ў 1907 — з Расіяй, утварылася «Траістая згода» (гл.Антанта). Р.-ф.с. ануляваны Сав. урадам Расіі пасля Кастр. рэвалюцыі 1917.
Літ.:
Манфред А.З. Образование русско-французского союза. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́МЛЕР ((Himmler) Генрых) (7.10.1900, г. Мюнхен, Германія — 23.5.1945),
адзін з кіраўнікоў фаш. Германіі і гал.ваен. злачынца 2-й сусв. вайны. Скончыў Тэхн.ун-т у Мюнхене. Удзельнік гітлераўскага путчу ў Мюнхене ў ліст. 1923. Чл. нацыянал-сацыялісцкай партыі з 1925. Кіраўнік (рэйхсфюрэр) СС (1929—45) і ўласнай сакрэтнай службы — СД (з 1931). Дэп. рэйхстага (з 1930). Нач. паліцыі Мюнхена, Баварыі (з 1933; пад яго кіраўніцтвам створаны адзін з першых канцлагераў у Дахаў). Шэф гестапа Прусіі (з 1934), разам з Р.Гайдрыхам кіраваў забойствам лідэраў штурмавых атрадаў і шэрагу палітыкаў у час т.зв. «ночы доўгіх нажоў» 30.6.1934. Дзярж. сакратар МУС (з 1936). «Рэйхскамісар па ўмацаванні ням. нацыі» (з кастр. 1939). У 2-ю сусв. вайну кіраваў масавым знішчэннем яўрэяў, рэалізацыяй плана «Ост» (у 1941 прысутнічаў на масавых пакараннях смерцю ў Мінску); міністр унутр.спраў (з 1943), галоўнакаманд. рэзервовай арміяй і адказны за ўзбраенне вермахта (з 1944), каманд. групай армій «Вісла» на сав.-герм. фронце (студз.—сак. 1945). 29.4.1945 за спробы заключыць сепаратны мір з зах. дзяржавамі пазбаўлены А.Гітлерам усіх пасад. 21.5.1945 трапіў у брыт. палон у Паўн. Германіі. Скончыў самагубствам.
Літ.:
Хавкин Б.Л. Рейхсфюрер СС Гиммлер // Новая и новейшая история. 1991. № 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́Р’ІНА ГО́РКА,
горад, цэнтр Пухавіцкага р-на Мінскай вобл., на р. Цітаўка. За 63 км ад Мінска. Чыг. ст. Пухавічы на лініі Мінск—Асіповічы, аўтадарогамі злучана з Мінскам, Бабруйскам, Чэрвенем, Уздой. 23,1 тыс.ж. (1998).
Вядома з 16 ст. Належала Радзівілам, Бужынскім, Ратынскім, Крупскім, пасля 1863 — міністру ўнутр.спраў Расіі Л.С.Макаву. Паводле падання назва паходзіць ад горкі, на якой стаяў язычніцкі храм, дзе ў Мар’ін дзень адбываліся святкаванні; пазней там пабудавана царква. З 1793 у Рас. імперыі, вёска Ігуменскага пав. Мінскай губ. Развіццю М.Г. паспрыяла пабудова ў 1873 Лібава-Роменскай чыгункі. У 1876 заснавана с.-г. школа (у 1921 ператворана ў с.-г. тэхнікум). У 1897 у вёсцы 2 тыс.ж., 2 царквы, паштовая станцыя. З 29.7.1925 цэнтр Пухавіцкага раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну з 28.6.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў М.Г. і раёне загубілі 3145 жыхароў; дзейнічала Мар’інагорскае маладзёжнае падполле. Вызвалена 3.7.1944 у ходзе Мінскай аперацыі 1944. З 22.7.1955 горад. У 1970—11,3 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы металургічнай, пачатковай апрацоўкі лёну, прам-сці. Абутковая ф-ка. Брацкая магіла сав. воінаў; помнікі: воінам-вызваліцелям; сав. воінам, партызанам і падпольшчыкам, удзельніцы Мінскага падполля Л.Г.Гайдучонак. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (1876).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАРЭ́ЎСКІ ((Paderewski) Ігнацы Ян) (18.11.1860, в. Курылаўка Хмяльніцкага р-на Вінніцкай вобл., Украіна — 29.6.1941),
польскі піяніст, кампазітар, грамадска-паліт. дзеяч, педагог Скончыў Варшаўскі муз.ін-т (1878), з 1879 выкладаў у ім (у 1882—83 праф., з 1909 дырэктар). Вучань Т.Лешаціцкага. У 1913—18 жыў у ЗША. У 1-ю сусв. вайну прадстаўнік Польскага нацыянальнага камітэта пры ўрадзе ЗША (1917—18). У студз. — ліст. 1919 прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў Польшчы, прадстаўляў яе на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 (разам з Р.Дмоўскім) і ў Лізе Нацый (1919—21). У 1940—41 старшыня польск. Нац. савета ў эміграцыі. Адзін з буйнейшых піяністаў свайго часу, прадстаўнік рамант. стылю. З яго гастроляў пачалася гісторыя канцэртнай залы «Карнегі-хол» (1891, Нью-Йорк). Яго выкананне вызначалася віртуознай тэхнікай, вытанчанасцю, моцным тэмпераментам. Меў вялікі канцэртны рэпертуар, у якім вылучаліся інтэрпрэтацыі твораў Ф.Шапэна, П.Чайкоўскага, Ф.Ліста. Аўтар оперы «Манру» (паст. 1901), сімфоніі (1907), канцэрта (1888), «Польскай фантазіі на арыгінальныя тэмы» (1893) для фп. з арк., санат, «Польскіх танцаў» (1884), цыкла «Песні падарожніка», мініяцюр, у т. л. «Менуэта G-dur», эцюдаў для фп., песень, а таксама артыкулаў, успамінаў. Пад яго кіраўніцтвам у 1935—40 падрыхтавана выданне поўнага збору твораў Шапэна (1949—58).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́Й 1492, Аляксандраў прывілей,
агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял.кн.Аляксандрам у Вільні 6.8.1492 пасля абрання яго на велікакняжацкі пасад. Меў характар феад. канстытуцыі ВКЛ, якая замацоўвала асновы дзярж. і грамадскага ладу, пануючае становішча баяр і іх вярхоў — паноў. Складаецца з 33 артыкулаў. П. пацвердзіў з частковымі зменамі ўсе прывілеі баярству, выдадзеныя папярэднімі вял. князямі. Важнай уступкай буйным феадалам было юрыд. афармленне вял. паўнамоцтваў Рады Вялікага княства Літоўскага, куды ўваходзілі вышэйшыя саноўнікі дзяржавы і радавітая знаць, сваякі вял. князя. П. устанавіў, што вял. князь не мае права адмяняць або змяняць законы, пастановы і судовыя рашэнні, прынятыя разам з Радай. Яе пастановы, прынятыя большасцю галасоў, павінны былі выконвацца вял. князем. Рада дзейнічала пад кіраўніцтвам вял. князя, а ў выпадку яго адсутнасці самастойна вырашала пытанні агульнадзярж. значэння. Прывілей вызначыў асновы адм., цывільнага і крымінальнага права. Службовым асобам было забаронена вымагаць у падначаленых падачкі звыш устаноўленых плацяжоў. Былі акрэслены прынцыпы прызначэння і пазбаўлення дзярж. пасад. П. пацвердзіў абавязковы характар мясц. прававых звычаяў. Дзярж. пасады і зямельныя ўладанні мелі права атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ (польскай шляхце гэта забаранялася). У П. абвяшчалася неабходнасць вынясення справядлівых судовых рашэнняў, забараняліся хабары і судзейская неаб’ектыўнасць, устанаўліваліся пэўныя тэрміны разгляду спраў. Напісаны на лац. мове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЕ́ШКІН (Валянцін Рыгоравіч) (н. 24.5.1951, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). З 1976 мастак Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. Працуе ў галіне маст. керамікі. Творы вызначаюцца арыгінальнасцю колеравага вырашэння і фактуры матэрыялу. Аўтар дэкар. кампазіцый «Жнівень» (1979), «Кветкі» (1980), «Лісты з блакнота» (1981), «Горад на пяску», «Падарункі дзядзькі Антося» (абедзве 1983), «Арэлі» (1984), серыі рэльефаў «Апосталы» (1989), керамічных скульптур «Катапульта», «Каля крыніцы» (абедзве 1998) і інш. Выканаў дэкар. пластыку рэстарана «Мінск» у Патсдаме (Германія, 1977), скульптуры і вазы ў Палацы культуры ў г. Вілейка (1987), рэльеф у Палацы нафтавікоў у г. Наваполацк (1988), дэкар. пано, скульптуру і кафлі для інтэр’ера аптэкі № 137 у г. Барысаў, дэкар. пано для інтэр’ера рэстарана «Планета» (усе 1979), дэкар. скульптуры для залы камернай музыкі (1983), дэкар. пластыку ў кафэ «Батлейка» (1986, усе з М.Байрачным), пано ў басейне «Гарызонт» (1989), серыю рэльефаў для рэзідэнцыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (усе ў Мінску), рэльефы «Пётр» і «Павел» для Пасольства Вялікабрытаніі ў Рэспубліцы Беларусь (усе 1998), керамічныя рэльефы і скульптуры для рэстарана «Заслаўе» (1989), камін і рэльефы для прафілакторыя Мін-ваўнутр.спраў Беларусі (1995) у в. Ждановічы Мінскага р-на і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМО́СА (Somoza),
сямейства, прадстаўнікі якога шляхам рэпрэсій і выбарчых махінацый утрымлівалі паліт. ўладу ў Нікарагуа ў 1930—70-я г.Самоса Гарсія (Somoza García) Анастасіо (1.2.1896, Сан-Маркас, Нікарагуа — 29.9.1956), заснавальнік паліт. дынастыі С. Скончыў Нац.ўсх.ун-т (г. Гранада, Нікарагуа). Быў міністрам абароны і ВМФ, паслом у Коста-Рыцы, міністрам замежных спраў. З 1932 каманд.Нац. гвардыяй Нікарагуа, генерал. У 1934 паводле яго загаду забіты А.С.Сандзіна. У 1936 шляхам фальсіфікацый і насуперак канстытуцыі абраны прэзідэнтам краіны. Прэзідэнт Нікарагуа ў 1937—47 і 1950—56 (у 1947—50 прэзідэнтам краіны быў яго дзядзька В.М.Раман-і-Рэес). Смяротна паранены праціўнікам рэжыму. Самоса Дэбайле (Somoza Debayle) Луіс Анастасіо (18.11.1922, г. Леон, Нікарагуа — 13.4.1967), сын Самоса Гарсіі. Атрымаў адукацыю ў ЗША. Каманд.Нац. гвардыяй Нікарагуа, палкоўнік. У 1956—63 прэзідэнт Нікарагуа. З 1963 пажыццёвы сенатар, фактычны кіраўнік краіны пры марыянетачным прэзідэнце Р.Шык Гуцьерэсе. Самоса Дэбайле (Somoza Debayle) Анастасіо (5.12.1925, г. Леон — 17.9.1980), малодшы сын Самосы Гарсія. Скончыў ваен. акадэмію ў Уэст-Пойнце (ЗША). У 1964 каманд.Нац. гвардыяй Нікарагуа, генерал. Прэзідэнт Нікарагуа ў 1967—72 і 1974—79. Скінуты ў выніку Нікарагуанскай рэвалюцыі 1979. Уцёк у Парагвай, дзе загінуў у выніку тэрарыст. акта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ДНЕЙ (Sydney),
горад на ПдУ Аўстраліі. Адм. ц. штата Новы Паўднёвы Уэльс. 3664 тыс.ж. (2000). Пачатковы пункт чыгунак і аўтадарог углыб краіны, порт на беразе зал. Порт-Джэксан Ціхага ак.Міжнар. аэрапорт. Найбуйнейшы эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне, у т. л.трансп., эл.-тэхн., радыёэлектроннае; чорная і каляровая металургія, нафтаперапр., хім., тэкст., паліграф., харч., папяровая. Метрапалітэн. Ун-т (з 1850). Оперны тэатр. Музеі: аўстралійскі, ваенна-мемарыяльны, геал., прыкладнога мастацтва, маст. галерэя. Заапарк. Штогадовыя аўкцыёны шэрсці. Месца правядзення XXVII летніх Алімпійскіх гульняў (2000).
Засн. ў 1788 як англ. калонія для ссылкі злачынцаў з метраполіі. Першае еўрап. паселішча ў Аўстраліі. Назва ад імя брыт. міністра ўнутр.спраў лорда Сідні. У 1842 атрымаў гар. права. Адкрыццё ў 1851 каля С. залатых прыіскаў паспрыяла хуткаму развіццю горада і росту яго насельніцтва. З 2-й пал. 19 ст. С. — гал.прамысл. цэнтр штата Новы Паўднёвы Уэльс і ўсёй Аўстраліі.
У цэнтры С. — эклектычныя будынкі 19 ст. Жылыя раёны абкружаюць кольцам (радыус 20—30 км) дзелавыя ч. горада. У С. шмат садоў, паркаў, бат. сад, заапарк, нац. парк. Сярод сучасных збудаванняў работы арх. Г.Зайдлера (пераважна 1960-я г.), оперны т-р (1959—66, арх. І.Утзан), арачны мост цераз заліў Порт-Джэксан (даўж. 2 км) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў РАСІ́ЙСКАЙ ФЕДЭРА́ЦЫІ.
Створаны ў 1992 y Маскве на базе Цэнтр.дзярж. архіва Кастр. рэвалюцыі, вышэйшых органаў дзярж. улады і органаў дзярж. кіравання СССР (ЦДАКР СССР) і Цэнтр.дзярж. архіва РСФСР (ЦДА РСФСР). Захоўваецца 3139 фондаў, 5,2 млн.спраў (1997). Сабраны матэрыялы па гісторыі рэв., грамадскага і нац.-вызв. руху народаў Рас. імперыі ў 19 — пач. 20 ст. Сярод іх дакументы Следчай камісіі Вярх. крымінальнага суда па справе дзекабрыстаў, 3-га аддзялення «ўласнай яго імператарскай вялікасці канцылярыі», Дэпартамента паліцыі, МУС, Маскоўскага і Пецярбургскага ахоўных аддзяленняў і інш. Есць дакументы Часовага ўрада, фонды па выбарах ва Устаноўчы сход, матэрыялы пра Кастр. паўстанне 1917. Зберагаюцца дакументы з’ездаў Саветаў, фонды ВЦВК, СНК, наркаматаў і мін-ваў СССР і РСФСР і інш.Вял. Айч. вайна 1941—45 адлюстравана ў лістах з фронту і на фронт, ваен. карэспандэнцыях, зводках Саўінфармбюро, тэкстах радыёперадач і інш. Сярод дакументаў гэтага перыяду — фонд Надзвычайнай дзярж. камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў ням.-фаш. захопнікаў на часова акупіраванай тэр.СССР, матэрыялы Нюрнбергскага і Такійскага працэсаў над гал.ваен. злачынцамі 2-й сусв. вайны. Зберагаюцца мікрафотакопіі дакументаў па гісторыі Расіі і СССР, атрыманыя з замежных архіваў. Захоўваюцца фонды б. Рускага замежнага гіст. архіва, перададзенага Чэхаславакіяй у 1945. Сабрана калекцыя перыяд. выданняў, лістовак, плакатаў, картаў. На падставе дакументаў архіва падрыхтаваны шматлікія дакумент. выданні.