ЛІСТАБЛО́ШКІ, медзяніцы,

псіліды (Psyllinea),

падатрад насякомых атр. раўнакрылых. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Ва Усх. Еўропе каля 160 відаў, найб. трапляюцца медзяніцы яблыневая (Psylla mali) і грушавая (P. pyricoia), Л. капусная (Trioza brassicae) і маркоўная (T. viridula) і інш. Жывуць калоніямі. Многія віды — шкоднікі раслін, галаўтваральнікі, пераносчыкі вірусных хвароб раслін.

Даўж, да б мм. Цела жоўтае, зеленаватае, чырв.-бурае. Ротавыя органы сысучыя. 2 пары крылаў. Заднія ногі скакальныя. Кормяцца сокамі раслін. Экскрэменты Л. утвараюць т.зв. «медзяную расу» (адсюль другая назва).

Размнажэнне палавое, зрэдку партэнагенетычнае. Развіццё з няпоўным ператварэннем, у лічынак 5 узростаў.

Да арт. Лістаблошкі. Медзяніца грушавая.

А.​В.​Дзерункоў.

т. 9, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРОНАСПАРО́З, несапраўдная мучністая раса,

хвароба раслін, якая выклікаецца паразітычнымі грыбамі з роду перанаспора. Пашкоджвае лісце, суквецці, плады і інш. Пашыраны ўсюды. На Беларусі на П. часцей хварэюць цыбуля, буракі, капуста, рэдзька, бабовыя. З інш. с.-г. культур шкодзіць вінаграду, агуркам, сланечніку, тытуню. Значна зніжае ўраджай у вільготныя і цёплыя гады.

Інфекцыя перадаецца з насенным матэрыялам, праз глебу (з расліннымі рэшткамі), можа разносіцца ветрам, вадой. На зялёных ч. раслін утвараюцца плямы з шэраватым мучністым налётам на ніжнім баку. У хворых раслін дэфармуюцца тканкі, запавольваецца рост. Меры барацьбы: чаргаванне культур, апырскванне фунгіцыдамі, унясенне фосфарных і калійных угнаенняў і інш.

С.​І.​Бельская.

Перонаспароз: 1 — цыбулі; 2 — бурака.

т. 12, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРО́ЗІС (ад грэч. heteroiōsis змена, ператварэнне),

«гібрыдная сіла»; паскарэнне росту, павелічэнне памераў, павышэнне жыццяўстойлівасці і пладавітасці гібрыдаў першага пакалення ў параўнанні з бацькоўскімі формамі раслін або жывёл. У другім і наступных пакаленнях гетэрозіс звычайна затухае. Тэрмін «гетэрозіс» прапанаваў Дж.​Шэл у 1914. Існуюць тэорыі гетэрозісу: дамінавання, або звышдамінавання (гетэразігота пераважае гомазіготу), узаемадзеяння дамінантных спрыяльных генаў — генетычны (генны, храмасомны) баланс. Гетэрозіс шырока выкарыстоўваюць як прыём павышэння ўраджайнасці с.-г. раслін і прадукцыйнасці свойскіх жывёл, напр. у жывёлагадоўлі пры міжвідавых, міжпародных і ўнутрыпародных скрыжаваннях, у птушкагадоўлі — для атрымання бройлераў, у раслінаводстве — гібрыднага насення кукурузы, жыта, памідораў, цыбулі, гуркоў і інш.

Адрозніваюць гетэрозіс натуральны — перавагу гібрыда па якой-небудзь прыкмеце над лепшым з бацькоў і гетэрозіс гіпатэтычны — перавагу гібрыда над сярэдняй велічынёй, характэрнай для абодвух бацькоў. У раслін гетэрозіс падзяляюць на рэпрадукцыйны (найб. развіццё рэпрадукцыйных органаў, павышаная здольнасць да размнажэння, ураджайнасць і інш.), саматычны (магутнае развіццё вегетатыўных частак раслін) і адаптыўны (павышэнне прыстасаванасці гібрыдных асобін да ўмоў асяроддзя, іх канкурэнтаздольнасці ў барацьбе за існаванне).

т. 5, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́МЕРСАЎ (Вілор Фрыдманавіч) (24.7.1937, с. Андома Выцегарскага р-на Валагодскай вобл., Расія — 19.4.1999),

бел. вучоны ў галіне сельскай гаспадаркі. Акад. Акадэміі агр. навук Беларусі (1992). Чл.-кар. УАСГНІЛ (1988). Д-р с.-г. н. (1984), праф. (1985). Засл. дз. нав. Беларусі (1997). Скончыў Ленінградскі с.-г. ін-т (1960). З 1960 на Слаўгарадскай селекцыйнай станцыі, з 1961 ва Усесаюзным ін-це аховы раслін, з 1963 у аддзеле заалогіі АН Беларусі, з 1971 у Бел. НДІ аховы раслін (заг. аддзела, з 1974 нам. дырэктара, з 1978 дырэктар). З 1992 акад.-сакратар Акадэміі агр. навук Беларусі. Навук. працы па ўплыве мінер. угнаенняў на насякомых, комплекснай сістэме аховы с.-г. раслін ад шкоднікаў, выкарыстанні камп’ютэрнай тэхнікі, развіцці экалагічнага кірунку, каардынацыі міжнар. дзейнасці ў пытаннях аховы раслін.

Тв.:

Влияние минеральных удобрений на насекомых. Мн., 1976 (разам з С.​Л.​Гаравой);

Вредители и болезни зерновых культур и меры борьбы с ними. Мн., 1978 (разам з С.​Ф.​Буга);

Интегрированная система защиты зерновых культур от вредителей. Мн., 1988.

В.Ф.Самерсаў.

т. 14, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАДО́ЛЬНЫЯ (Monocotyledonas, Liliopsida),

клас кветкавых раслін, гл. Ліліопсіды.

т. 1, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСАПРА́ЎДНАЯ МУЧНІ́СТАЯ РАСА́,

хвароба раслін, тое, што перанаспароз.

т. 11, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГУ́ЛЬНІК,

род кветкавых раслін, тое, што вадзяны арэх.

т. 13, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНІ́НГІЯ,

род кветкавых раслін, гл. ў арт. Глаксінія.

т. 14, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

стрыжань,

цэнтральная частка сцябла ці кораня насенных раслін.

т. 15, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТАНІ́ЧНЫ САД,

навукова-даследчая, навуч.-дапаможная і культ.-асветная ўстанова, у якой культывуюцца і вывучаюцца расліны мясц. і іншаземнай флоры, прапагандуюцца бат. веды. Уключаюць калекцыі раслін адкрытага грунту (дэндрарыі, альпінарыі, участкі сістэматыкі, экспазіцыі лек., харч., дэкар. і інш. раслін) і аранжарэі. Размяшчэнне раслін пераважна па геагр. і сістэматычным прынцыпе, радзей па экалагічным і інш. Асн. даследчая задача — пошук новых карысных раслін, іх выпрабаванне і ўвядзенне у культуру. Адначасова батанічныя сады з’яўляюцца аб’ектамі рэкрэацыі.

Папярэднікі батанічных садоў — манастырскія сады (у Зах. Еўропе з 4 ст.), аптэкарскія агароды. Першыя батанічныя сады заснаваны ў Італіі (Салерна, 1309; Венецыя, 1333), потым у Германіі (Берлін, 1647), Францыі (Парыж, 1635), Швецыі (Упсала, 1655), Вялікабрытаніі (Эдынбург) пераважна для развядзення лек. раслін. У эпоху вял. геагр. адкрыццяў батанічныя сады пачалі актыўна займацца выпрабаваннямі прывезеных раслін: праз батанічны сад ў К’ю (Вялікабрытанія) ішло размеркаванне па трапічных раёнах кавы, гевеі, хіннага дрэва; праз батанічны сад Францыі распаўсюджваліся віды айланту, сафоры, туі, гінкга. У 18—19 ст. батанічны сад ў Калькуце (Індыя), Богары (Інданезія) адыгралі значную ролю ў інтрадукцыі трапічных раслін у розныя раёны. У Расіі папярэднікамі батанічных садоў былі «аптэкарскія агароды» ў Маскве (1706, цяпер філіял батанічнага саду Маскоўскага ун-та), Пецярбургу (1714, цяпер батанічны сад Бат. ін-та Рас. АН). У 19 ст. батанічныя сады існавалі пераважна пры ун-тах (Вільня і Тарту, 1803; Харкаў, 1804, Масква і Казань, 1806; Кіеў, 1835; Адэса, 1865; Томск, 1880, і інш.), лясных і с.-г. ін-тах. Нікіцкі батанічны сад (Крым, 1812), Сухумскі (1840) і Батумскі (1912) батанічныя сады сталі цэнтрамі інтрадукцыі субтрапічных раслін.

На Беларусі аднымі з першых былі Гродзенскі батанічны сад (18 ст.) і дыдактычны батанічны сад пры Шчучынскім кляштары (засн. садаводам С.​Юндзілам). Працуюць Вялікалятчанскі батанічны сад, батанічныя сады пры ВНУ і АН Беларусі: гл. Батанічны сад Віцебскага педагагічнага універсітэта, Цэнтральны батанічны сад АН Беларусі, Батанічны сад БДУ, Батанічны сад Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта, Батанічны сад Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.

Літ.:

Антипов В.Г. Об истории создания ботанических коллекций в Белоруссии // Ботаника. 1964. Вып. 6;

Цицин Н.В. Ботанические сады СССР. М., 1974;

Федорук А.Т. Древесные растения садов и парков Белоруссии. Мн., 1980;

Головкин Б.Н. История интродукции растений в ботанических садах. М., 1981;

Лапин П.И. Ботанические сады СССР: [Фотаальбом]. М., 1984.

т. 2, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)