ЛЮНЕ́Т, люнета (франц. lunette літар. лунка) у архітэктуры,
арачны праём у скляпенні або сцяне, гарызантальна абмежаваны знізу. Пашыраны ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока і класіцызму. У скразных Л. звычайна размяшчаліся вокны; «глухія» Л. ўпрыгожваліся размалёўкай, лепкай, скульптурай. У архітэктуры 1950-х г. іх выкарыстоўвалі ў якасці аконных праёмаў (будынак паліграф. камбіната імя Я.Коласа ў Мінску).
Люнет на галоўным фасадзе будынка паліграфічнага камбіната імя Я.Коласа ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯТУ́ЧЫЯ РЫ́БЫ (Exocoetidae),
сямейства рыб атр. сарганападобных. 7 родаў, больш за 60 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных водах Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў. Трымаюцца чародамі.
Даўж. да 50 см. Грудныя плаўнікі размешчаны высока, доўгія і шырокія, прыстасаваны да планіруючага палёту над вадой (сродак ратавання ад драпежнікаў). Пралятаюць у паветры да 400 м на выш. да 10 м. Орган РУХУ — хваставы плаўнік. Планктафагі. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДУ́РА (Madura),
востраў у Малайскім архіпелагу, каля паўн.-ўсх. ўзбярэжжа Явы, паміж морамі Балі і Яванскім. Тэр. Інданезіі. Пл. каля 4,5 тыс.км². Берагі расчлянёны слаба, месцамі акаймаваны каралавымі рыфамі і водмелямі. Рэльеф узгорысты, выш. да 471 м. Складзены пераважна з мергеляў і вапнякоў, пашыраны карст. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Лістападныя трапічныя лясы, саванны, зараснікі хмызнякоў. Плантацыі рысу, кукурузы, тытуню. Жывёлагадоўля. Рыбалоўства. Рамёствы. Радовішчы нафты, газу. На М. гарады Сампанг, Суменеп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙНІК (Maianthenum),
род кветкавых раслін сям. лілейных. 3 віды. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 1 від — М. двухлісты (M. bifolium). Трапляецца на сухой пясчанай глебе ў хваёвых і мяшаных лясах.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 40 см з тонкім паўзучым карэнішчам. Сэрцападобнае лісце (2—3) у верхняй ч. сцябла, чаргаванае, збліжанае. Кветкі дробныя, белыя, духмяныя, у верхавінкавай гронцы. Плод — чырв. ягада, ядомая. Лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІ́НІЯ (Molinia),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 3—5 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі М. блакітная, або сіняўка (M. caerulea), трапляецца на забалочаных лугах, ускрайках тарфяных балот, сярод хмызняку.
Шматгадовыя травы выш. да 1,5 м. Утвараюць густыя дзярніны. Светла-зялёныя сцёблы маюць укарочаныя ніжнія і падоўжаныя верхнія міжвузеллі. Лісце доўгае, лінейнае, цвёрдае, па краі шурпатае, блакітна-зялёнае. Суквецце — доўгая перарывістая шматкаласковая мяцёлка. Плод — зярняўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІЁК, маніёт (Manihot),
род кветкавых раслін сям. малачайных.
Больш за 160 відаў. Пашыраны ў тропіках абодвух паўшар’яў. Стараж. культура М. ядомы, або касава (M. esculenta) — важная харч. расліна.
Травы і кусты, рэдка дрэўцы з млечным сокам. Карані часта клубнепадобна патоўшчаныя, даўж. да 1 м, маса да 15 кг, маюць 20—40% крухмалу, з іх атрымліваюць муку і крупы (тапіёка, ці маніёкавае сага). Харч. і каўчуканосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАБУ́ (Leptoptilos),
род птушак сям. буслоў атр. галянастых. 3 віды. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі і Афрыцы. Жывуць калоніямі на дрэвах або скалах паблізу балот.
Даўж. да 1,5 м, размах крылаў да 3 м. Спіна чорная або цёмна-шэрая, ніз цела белы. Дзюба масіўная. Галава і шыя пакрыты рэдкім пухам. На шыі голы гарлавы мяшок (у М. яванскага няма). Кормяцца жывёльным кормам, мярцвячынай. Нясуць 2—4 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКАРО́Н (франц. mascaron ад італьян. mascherone вялікая маска),
дэкаратыўны рэльеф у выглядзе чалавечага твару або галавы жывёлы. Размяшчаецца пераважна на замках арак, аконных і дзвярных праёмаў, на фантанах (з адтулінай для выпуску струменя вады), а таксама на мэблі, посудзе і інш. Былі пашыраны ў архітэктуры стыляў готыкі, рэнесансу, барока, неакласіцызму і мадэрн. У арх. дэкоры часам спалучаўся з антабамі.
Маскарон у аздабленні аконнага праёма інтэрната БПА у Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЧ-РЫ́БА (Xiphias gladius),
адзіны від сям. мечарылых атр. акунепадобных. Пашыраны ва ўсіх акіянах, пераважна ў тропіках. Мігрыруе на вял. адлегласці. Зрэдку трапляецца ў Азоўскім, Балтыйскім, Баранцавым, Чорным, Японскім морах.
Даўж. да 4,5 м, маса да 0,5 т. Цела без лускі. Верхняя сківіца выцягнута ў мечападобны адростак (адсюль назва) даўж. да 1/3 усёй рыбы. Драпежнік, корміцца кальмарамі, рыбай і інш. Аб’ект промыслу і спарт. лову.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАКО́КІ (Micrococcus),
род няспораўтваральных бактэрый шарападобнай формы. Пашыраны ў вадзе, глебе, паветры, харч. прадуктах. Уваходзяць у склад нармальнай мікрафлоры чалавека.
Клеткі дыям. 1—2 мкм, нерухомыя, грамстаноўчыя. Размяшчаюцца пераважна паасобку або ў гронках няправільнай формы. Строгія аэробы. Сапратрофы або факультатыўныя паразіты. Размнажаюцца дзяленнем. Прымаюць удзел у кругавароце азоту ў прыродзе: раскладаюць арган. рэшткі, у якіх ёсць бялкі, да аміяку, рэдукуюць нітраты і нітрыты да свабоднага азоту і інш.