ЛО́ЙКА (Валерый Аляксандравіч) (н. 8.6. 1946, в. Саўцавічы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1991). Скончыў Горкаўскі ун-т (г. Ніжні Ноўгарад, 1968). З 1968 у Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па фіз. оптыцы, оптыцы рассейвальных асяроддзяў. Развіў тэорыю фарміравання аптычнага відарыса ў фатагр. галагена-сярэбраных слаях; паказаў магчымасць гашэння кагерэнтнай складальнай для монаслаёў часцінак дысперснага рэчыва, прапанаваў метад кіравання аптычным выпрамяненнем у капсуляваных вадкіх крышталях.
Тв.:
Оптика фотографического слоя. Мн., 1983 (разам з А.П.Івановым);
Распространение света в плотноупакованных дисперсных средах. Мн., 1988 (разам з А.П.Івановым, У.П.Дзікам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НЧАНКА (Леанід Іванавіч) (н. 2.1.1949, в. Набушава Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне матэм. кібернетыкі. Д-рфіз.-матэм.н. (1992), праф. (1993). Скончыў БДУ (1971). З 1971 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па нягладкім і мнагазначным аналізе, тэорыі нягладкіх экстрэмальных задач і задач аптымальнага кіравання. Распрацаваў новы метад атрымання неабходных умоў аптымальнасці для задач кіравання дыферэнцыяльнымі ўключэннямі са спазненнем.
Тв.:
Дифференциальные свойства маргинальных функций и их приложения к задачам оптимизации. Мн., 1992 (разам з А.Ф.Барысенкам);
Многозначный анализ и возмущенные задачи нелинейного программирования. Мн., 1993 (разам з А.Ф.Барысенкам, С.П.Грыцаем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБЛІ́ЖАНАЕ ВЫЛІЧЭ́ННЕ,
атрыманне набліжаных рашэнняў розных матэм. задач (напр., задач, якія ўзнікаюць пры матэматычным мадэліраванні рэальных працэсаў і з’яў). Выкарыстоўваецца ў ядз. фізіцы, касманаўтыцы, машынабудаванні і інш.
Найб. пашыраныя задачы Н.в.: рашэнне алг. і трансцэндэнтных ураўненняў, а таксама сістэм такіх ураўненняў; набліжэнне і інтэрпаляцыя функцый, набліжанае дыферэнцаванне, набліжанае інтэграванне і інш. Для рашэння пэўнай матэм. задачы выбіраецца (ці будуецца) адпаведны лікавы метад — алгарытм (распрацоўваецца і вывучаецца ў тэорыі лікавых метадаў). Для Н.в. шырока выкарыстоўваюцца ЭВМ (алгарытмы рашэнняў задач, якія найб. часта ўзнікаюць на практыцы, уваходзяць у іх матэматычнае забеспячэнне). У інж. разліках часта карыстаюцца графічнымі вылічэннямі і намаграмамі. (Гл. таксама Вылічальная матэматыка.)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́МНАЯ ГАЗІФІКА́ЦЫЯ ВУ́ГАЛЮ,
метад ператварэння каменных і бурых вуглёў у гаручыя газы непасрэдна ў зямных нетрах. Ажыццяўляюць пад уздзеяннем высокай т-ры (1000—2000 °C) і акісляльніку (паветра, кісларод, вадзяная пара) у свідравінах для падвядзення акісляльніку (выдзімання) і адвядзення газу, што ўтвараецца. Свідравіны, размешчаныя ў пэўным парадку, утвараюць т.зв. падземны газагенератар, у якім адбываюцца тыя ж хім. рэакцыі, што і ў звычайных газагенератарах (гл.Газіфікацыя паліва). Ідэю П.г.в. выказаў у 1888 Дз.І.Мендзялееў. Распрацоўка і ўкараненне тэхн. рашэнняў П.г.в. пачаты ў СССР у 1930-я г. Работы па П.г.в. праводзяцца ў ЗША, Германіі, Францыі і інш. краінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁНАЎ (Уладзімір Міхайлавіч) (28.10.1878, Масква — 7.2.1954),
расійскі хімік-арганік; адзін з арганізатараў анілінафарбавай і фармацэўтычнай прам-сці ў СССР. Акад.АНСССР (1943, чл.-кар. 1939). Скончыў Дрэздэнскі політэхн.ін-т (1901) і Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1906). З 1920 праф. Маскоўскіх ун-та, тэкст. ін-та (з 1935), хіміка-тэхнал. ін-та (з 1943). Навук. працы па хіміі алкалоідаў, фарбавальнікаў, духмяных рэчываў і фармацэўтычных прэпаратаў. Адкрыў метад сінтэзу β-амінакіслот кандэнсацыяй альдэгідаў з малонавай к-той і аміякам у растворы этанолу (рэакцыя Р.; 1926). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСК ((Rask) Расмус Крысціян) (22.11.1787, каля г. Одэнсе, Данія — 14.11.1832),
дацкі мовазнавец; адзін са стваральнікаў параўнальна-гістарычнага мовазнаўства; заснавальнік навук. мовазнаўства ў Скандынавіі. З 1825 праф. Капенгагенскага ун-та. Упершыню ў мовазнаўстве выкарыстаў параўн.-гіст.метад пры вырашэнні пытання аб паходжанні ісландскай мовы і даказаў роднасць герм. моў з балта-слав., грэч. і лац. («Даследаванні ў галіне старажытнапаўночнай мовы, або паходжанне ісландскай мовы», нап. 1814). У 1818 адкрыў рэгулярную адпаведнасць паміж індаеўрап. і герм. шумнымі зычнымі, якая пазней была сістэматызавана Я.Грымам (т.зв. закон Грыма). Вывучаў таксама параўн.-гіст. граматыку балта-слав., фіна-угорскіх і індаіранскіх моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ХТЭР (Андрэй Аляксандравіч) (15.8.1871, г.п. Кураўской Калужскай вобл, Расія — 9.4.1947),
расійскі вучоны ў галіне батанікі і фізіялогіі раслін. Акад.АНСССР (1932; чл.-кар. 1929), акад. УАСГНІЛ (1935). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1893) і працаваў у ім. З 1917 праф. Пермскага, Саратаўскага, Маскоўскага ун-таў. У 1934—38 дырэктар Ін-та фізіялогіі раслін АНСССР. Навук. працы па фотасінтэзе, засуха- і зімаўстойлівасці раслін, устойлівасці іх да засольвання глебы, па біяхіміі тэхн. культур, імунітэце раслін да грыбковых хвароб, па пытаннях браджэння. Распрацаваў метад вызначэння інтэнсіўнасці фотасінтэзу, выкарыстаў перарывістае (мігальнае) святло для вывучэння яго механізму. Эксперыментальна праверыў і ўдасканаліў тэорыю храматычнай адаптацыі В.Т.Энгельмана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНТГЕНАЭЛЕКТРО́ННАЯ СПЕКТРАСКАПІ́Я,
сукупнасць метадаў вызначэння будовы хім. злучэнняў і структуры паверхні цвёрдых цел на аснове аналізу фотаэлектронаў рэчыва пад уздзеяннем рэнтгенаўскага выпрамянення.
Спектры фотаэлектронаў атрымліваюць з дапамогай магнітных, безжалезных бэта-спектрометраў у вобласці энергій 2—10 кэВ. Метад эфектыўны ў даследаваннях цвердафазавых рэакцый, дэфектнага складу рэчыва, хіміі тонкіх плёнак, паколькі ў выпрамяненні электронаў удзельнічае толькі паверхневы слой узору. Выкарыстоўваюць для вызначэння энергіі атамных узроўняў, валентнага стану атамаў у хім. злучэнні, для хім. і фазавага аналізаў.
Літ.:
Миначев Х.М., Антошин Г.В., Шпиро Е.С. Фотоэлектронная спектроскопия и ее применение в катализе. М., 1981;
Нефедов В.И. Рентгеноэлектронная спектроскопия химических соединений: Справ М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦ-АРТ,
адна з найб. значных плыней сав. неафіц. мастацтва (андэграўнду). Узнік у 1970-я г. ў творчасці рас. мастакоў В.Комара і А.Меламіда як ідэйная і эстэт. рэакцыя на панаваўшы метадсацыялістычнага рэалізму (парадыйная назва «С.а.» — літаральна «сацыялістычнае мастацтва»). С.-а. імкнуўся да пазбаўлення мастацтва ад ідэалаг. стэрэатыпаў, іранічна выкарыстоўваў і гратэскна (часам эпатажна) перапрацоўваў сімвалы сав. дзяржаўнасці, лозунгі камуніст. агітацыі і інш. Стылістычна не аформіўся ў дакладна вызначаны кірунак, аб’ядноўваў розных па творчай манеры мастакоў (Б.Арлоў, Р.Брускін, А.Касалапаў, Р.Лебедзеў, Дз.Прыгаў, Л.Сокаў і інш.). Прадстаўнік С.-а. на Беларусі — А.Пушкін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕ́ДБЕРГ ((Svedberg) Тэадор) (30.8.1884, Вальба, каля г. Гаўле, Швецыя — 26.2.1971),
шведскі фізікахімік. Чл. Каралеўскай швед.АН (1912), замежны чл.АНСССР (1966). Скончыў Упсальскі ун-т (1907), дзе і працаваў (з 1921 праф.). З 1949 дырэктар Ін-та ядз. хіміі (г. Упсала). Навук. працы пераважна па калоіднай хіміі, электрафарэзе, фізікахіміі бялкоў. Эксперыментальна пацвердзіў распрацаваную А.Эйнштэйнам і М.Смалухоўскім тэорыю броўнаўскага руху, даказаў рэальнасць існавання малекул. Прапанаваў метад ультрацэнтрыфугавання для выдалення калоідных часцінак з раствораў (1919), у т. л. для седыментацыі бялкоў. Стварыў першую аналіт. ультрацэнтрыфугу, якая забяспечвала паскарэнне 5∙103g (1923). Вызначыў малекулярную масу і форму малекул бялкоў (1926). Нобелеўская прэмія 1926.