РЭВЕРБЕРАЦЫ́ЙНАЯ КА́МЕРА,

спецыяльнае памяшканне для акустычных вымярэнняў. Служыць для вымярэння каэфіцыента гукапаглынання матэрыялаў, градуіроўкі вымяральных мікрафонаў і шумамераў, вывучэння акустычнага выпрамянення машын і інш. крыніц шуму, суб’ектыўных даследаванняў слыху і інш.

т. 13, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЦІСКНЫ́ СТАН,

пракатны стан для перапрацоўкі абцісканнем буйных зліткаў са сталі або каляровых металаў у загатоўку — зыходны прадукт для вытв-сці гатовага пракату. Да абціскнога стану адносяцца блюмінг, блюмінг-слябінг і слябінг.

т. 1, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУГАПА́РК,

парк, які арганізуецца ў поймах рэк ці на берагах азёр для кароткачасовага адпачынку ва ўмовах, блізкіх да натуральнага асяроддзя. Для Л. характэрна перавага адкрытых прастораў з раскрыццём панарам на далёкія адлегласці.

т. 9, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЯРО́ЧНАЯ ХВА́ЛЯ,

хваля, што распаўсюджваецца ў напрамку, перпендыкулярным да плоскасці, у якой адбываюцца ваганні часцінак асяроддзя (для мех. хвалі) ці ў якой ляжаць вектары напружанасці эл. і магн. палёў (для электрамагнітнай хвалі).

т. 12, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫЛАСО́С,

электрычная прылада для выдалення пылу. Прынцып дзеяння засн. на ўсмоктванні вентылятарам пылу з паветрам. Выкарыстоўваецца таксама для пабелкі, афарбоўкі драўляных і метал. паверхняў, увільгатнення паветра, апырсквання раслін і інш.

Бытавы пыласос.

т. 13, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ О́ПТЫКА-МЕХАНІ́ЧНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ (БелОМА). Створана ў 1971 на базе Мінскага мех. з-да

(галаўное прадпрыемства, працуе з 1957, выпускаў фотаапараты і станкі для апрацоўкі аптычных дэталяў). Уключае з-ды «Зеніт» (г. Вілейка),

«Дыяпраектар» (г. Рагачоў), «Свет» (г. Жлобін) і ЦКБ «Пеленг» (г. Мінск). Спецыялізуецца па выпуску фота-, відэа-, дыяпраектарнай, мед. і экалагічнай тэхнікі, назіральных прылад, оптыкі для акуляраў, перыферыйных устройстваў для вылічальнай тэхнікі, а таксама оптыка-электронных сістэм абарончага прызначэння.

т. 2, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЗАРЭ́З,

апарат для кіслароднай рэзкі і зваркі металаў. Працуе на вадкім паліве (бензін, газа). Мае бак для паліва, гарэлку спец. канструкцыі (разак) і шлангі падачы паліва і кіслароду. У разаку паліва выпарваецца і змешваецца з кіслародам. Пры гарэнні сумесі ўтвараецца полымя, якое падаграе метал і выпарае паліва. Падагрэты метал рэжуць струменем кіслароду, які падаецца з балона пад ціскам.

Бензарэз: 1 — разак, 2 — бак для паліва, 3 — шлангі падачы паліва і кіслароду.

т. 3, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСПЕРАПЫ́ННАЕ ЛІЦЦЁ металаў і сплаваў,

тэхналагічны працэс атрымання зліткаў-загатовак з металаў ці сплаваў, заснаваны на бесперапынным руху металу адносна зон заліўкі і крышталізацыі. Робяць на машынах бесперапыннага ліцця. Упершыню выкарыстана ў каляровай металургіі, потым для разліўкі сталі.

Бесперапыннае ліццё сталі: а — схема ліцця; б — устаноўка для разліўкі з прамой вертыкальнай шахтай ахаладжальніка; в — з выгнутай шахтай; 1 — шахта ахаладжальніка; 2 — водаахаладжальны крышталізатар; 3 — залівачны коўш; 4 — стопар для закрыцця адтуліны.

т. 3, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІЗАРЫ́Н, 1, 2-дыгідраксіантрахінон,

араматычнае злучэнне, C14H8O4. Мал. м. 240, 20; фарбавальнік. Аранжава-чырвоныя крышталі, tпл 289 °C, маларастваральныя ў вадзе. Здабываўся з кораня марэны, у 1869 атрыманы штучна з антрацэну. Нерастваральныя ў вадзе солі алізарыну з многавалентнымі металамі выкарыстоўваліся для фарбавання і друкавання на тканінах з натуральных валокнаў (соль алюмінію — для атрымання чырвонага колеру, хрому — карычневага, жалеза — фіялетавага). Выкарыстоўваецца для маст. і паліграфічных фарбаў; аналітычны рэагент у хім. аналізе.

т. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАМЕ́ТРЫЯ (ад антрапа... + ...метрыя),

адзін з прыёмаў антрапал. даследавання, які заключаецца ў вымярэнні чалавечага цела і яго частак для ўстанаўлення палавых, узроставых, расавых і інш. структурных асаблівасцяў. Вылучаюць вымярэнні: цела — саматаметрыю, касцей шкілета — астэаметрыю, чэрапа — краніяметрыю. Для дакладнага вымярэння і фіксацыі прыкмет існуюць спец. інструменты (цыркулі, антрапаметры, ганіёметры, стужкі і інш.). Для якаснай характарыстыкі прыкмет, якія нельга вымяраць (рысы твару, колер скуры, валасоў, вачэй і інш.), складзены спец. шкалы.

т. 1, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)