АНДРЭ́Й (Васіла, Вісіла, Андрэй Паляк; ? — 1398),

рэлігійны дзеяч, першы віленскі біскуп у ВКЛ (1388—98). Вучыўся ў Гнезне, служыў у Кракаве. З 1374 сакратар і казначэй пры двары польскага караля. Садзейнічаў шлюбу каралевы Ядвігі з вял. кн. ВКЛ Ягайлам, пасля заключэння яго (1386) апошні даў згоду на ўтварэнне Віленскага біскупства і прызначэнне Андрэя біскупам. У 1392 Андрэй каранаваў Вітаўта на ВКЛ, заручыўшыся яго падтрымкай у правядзенні палітыкі пашырэння каталіцызму на тэр. ВКЛ. Быў вымушаны прызнаваць праваслаўе, бел. мову, паліт. незалежнасць ВКЛ ад Польшчы.

т. 1, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛАНЖЭ́ ((Boulanger) Жорж Эрнест) (29.4.1837, г. Рэн, Францыя — 30.9.1891),

палітычны дзеяч Францыі, генерал. Удзельнік аўстра-італа-франц. (1859), франц. каланіяльнай (Індакітай, 1852—62) і франка-прускай (1870—71) войнаў, задушэння Парыжскай камуны 1871. У 1886—87 ваен. міністр. У 1887—89 узначальваў шавіністычны рух (буланжызм), які меў на мэце ўсталяванне ваен. дыктатуры, перагляд дэмакр. свабод і роспуск парламента, імкнуўся развязаць рэваншысцкую вайну з немцамі. У 1889 Б. абраны ў палату дэпутатаў, але абвінавачаны ў сувязі з манархістамі, уцёк у Бельгію, дзе скончыў самагубствам.

т. 3, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЯ́ЕЎ (Мітрафан Пятровіч) (22.2.1836, С.-Пецярбург — 4 ці 10.1.1904),

рускі муз. дзеяч, выдавец, мецэнат. У яго доме ў 1880—90-я г. збіраліся пецярб. кампазітары т.зв. Бяляеўскага гуртка на чале з М.Рымскім-Корсакавым. Заснаваў Глінкаўскія прэміі (1884, пакінуў фонд для іх), «Рускія сімф. канцэрты» (1885), выд-ва «М.​П.​Бяляеў у Лейпцыгу» з нотагандл. базай у Пецярбургу (1885), «Рускія квартэтныя вечары» (1891). Старшыня Пецярб. т-ва камернай музыкі (з 1898); наладжваў штогадовыя конкурсы на лепшы камерна-інстр. твор (з 1892, з прысуджэннем прэмій).

т. 3, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́ШАЎ (Аляксей Фёдаравіч) (1530 ? — 1561),

расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат. З канца 1540-х г. адзін з кіраўнікоў Выбранай рады. У 1550-я г. давераная асоба цара Івана IV Грознага, кіраваў унутр. і знешняй палітыкай дзяржавы. Пры ўдзеле Адашава да Расіі далучаны Казанскае (1552) і Астраханскае (1556) ханствы. У 1560 пасланы ваяводам у Лівонію. Прыхільнік экспансіі на У і Пд, Адашаў быў супраць актывізацыі Лівонскай вайны 1558—83. Трапіў у няміласць да цара, зняволены ў Юр’еве (цяпер Тарту), дзе і памёр.

т. 1, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСА́НДЭР ТУНІ́СКІ ((Alexander of Tunis) Харалд Руперт Леафрык Джордж) (10.12.1891, Лондан — 16.6.1969),

ваенны і дзярж. дзеяч Вялікабрытаніі. Фельдмаршал (1944), граф (1952). Скончыў каледжы Хараў і Сандхерст. У 1-ю сусв. вайну камандаваў брыгадай. У 2-ю сусв. вайну — эвакуацыяй брыт. войскаў з-пад Дзюнкерка (1940), з 1942 — войскамі на Сярэднім Усходзе і Пн Афрыкі, са снеж. 1943 галоўнакаманд. саюзнымі войскамі на Міжземнаморскім тэатры: наступленнем у Тунісе, на Сіцыліі і Пд Італіі. У 1946—52 ген.-губернатар Канады, у 1952—54 міністр абароны.

т. 1, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛУНАН ((Alunāns) Юрыс Андрэевіч) (13.5.1832, маёнтак Яўнкалснава, Латвія — 18.4.1864),

латышскі паэт і грамадскі дзеяч; заснавальнік нац. пісьмовай паэзіі. Скончыў Тартускі ун-т (1861). З 1862 рэдактар першай лат. газеты «Peterburgas avïzes» («Пецярбургская газета»). Аўтар зб. «Песенькі» (1856, пераклады класікаў сусв. паэзіі), эпіграм. Складальнік зб-ка навук.-папулярных артыкулаў «Двор, прырода і сусвет» (т. 1—3, 1859—61), у якім змешчаны матэрыялы па геаграфіі, гісторыі Расіі, мовазнаўстве. У вершах выступаў супраць самадзяржаўя, клерыкалізму, абуджаў нац. самасвядомасць лат. народа, удасканальваў нац. лат. мову.

М.​Абала.

т. 1, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕ́РДЗІ ((Alberti) Хуан Баўтыста) (29.8.1810, г. Тукуман, Аргенціна — 18.6.1884),

аргенцінскі паліт. і грамадскі дзеяч, філосаф, пісьменнік. У 1838 удзельнічаў у стварэнні тайнага т-ва «Маладая Аргенціна». У 1839—52 у эміграцыі. Пасля падзення дыктатуры Х.М.Росаса (1852) на дыпламат. службе ў краінах Еўропы і ЗША. Аўтар працы «Асновы і зыходныя палажэнні для палітычнай арганізацыі Аргенцінскай Рэспублікі» (1852), кнігі «Злачынства вайны» (1870), драм. хронікі «Майская рэвалюцыя» (1839), паліт. рамана «Паломніцтва Светача дня, або Падарожжа і прыгоды Праўды ў Новым Свеце» (1878) і інш.

т. 1, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬМЕ́ЙДА МЕДЫ́НА ((Almeida Medina) Кладаміра) (н. 11.2.1923, г. Сант’яга),

дзярж. і паліт. дзеяч Чылі. Скончыў Чылійскі ун-т. У 1952—53 міністр працы, У 1953—56 міністр гарнаруднай прам-сці, у 1970—73 міністр замежных спраў, нац. абароны ва ўрадзе С.Альендэ Госенса. Арыштаваны ў час ваен. перавароту (1973). У 1975 вызвалены і высланы з краіны. У 1978—89 нам. ген. сакратара, ген. сакратар Сацыяліст. партыі Чылі, старшыня Аб’яднанай сацыяліст. партыі Чылі, з 1988 старшыня Каардынацыйнага к-та сацыяліст. партый краін Лац. Амерыкі.

т. 1, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАЛІЦЫЯНІ́СЦКАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

літаратура 1830—60-х г. у ЗША, звязаная з грамадска-паліт. рухам за адмену рабства (гл. Абаліцыянізм). Пачынальнік і буйнейшы дзеяч руху — журналіст і паэт У.​Л.​Гарысан, выдавец газ. «Liberator» («Вызваліцель», выходзіла ў Бостане ў 1831—65). Найб. вядомыя творы абаліцыянісцкай літаратуры — раманы Р.​Хілдрэта «Раб, або Успаміны Арчы Мура» (1836); Г.​Бічэр-Стоу «Хаціна дзядзькі Тома» (1852). Тэмы і ідэі абаліцыянізму знайшлі адлюстраванне ў творчасці амер. пісьменнікаў Г.​У.​Лангфела, Р.​У.​Эмерсана, У.​Уітмена і інш.

т. 1, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАДУ́ЛЬКА (Леанід Сцяпанавіч) (н. 1.2.1937, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. дзеяч самадзейнага мастацтва, балетмайстар. Засл. работнік культ. Беларусі (1982). Скончыў Віцебскае культ.-асв. вучылішча (1979). З 1964 кіраўнік нар. ансамбля танца «Лявоніха» Віцебскага гар. цэнтра культуры. За час працы з калектывам падрыхтаваў больш як 20 праграм. Сярод пастановак: «Вянок беларускіх танцаў», бел. фалькл. танцы «Кругавая кадрыля», «Таўкуша», «Навалюдная «Лявоніха», харэагр. кампазіцыі «Скрыпяць мае лапці», «Касіў Ясь канюшыну», «У імя жыцця», «Алімпійскі факел», «Сонца Радзімы», «Час — наперад!», «Памяць», «Хатынь» і інш.

т. 2, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)