ГО́РЫ,

вёска ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Быстрая, на аўтадарозе Горкі—Мсціслаў. Цэнтр сельсавета і закрытага акц. прадпрыемства. За 15 км на У ад Горак, 101 км ад Магілёва, 17 км ад чыг. ст. Пагодзіна. 722 ж., 244 двары (1996).

У пісьмовых крыніцах упамінаюцца ў сувязі з падзеямі вайны ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай 1500—01. Да 17 ст. цэнтр Горы-Горацкага маёнтка. У канцы 16 ст. закладзены Горскі замак. Належала Сапегам, А.​Д.​Меншыкаву, графам Салагубам. З 1772 Горы ў складзе Рас. імперыі, у Чавускім пав. Магілёўскай губ. У 1784 у Горах 930 ж., 146 двароў, панскі дом, кузня, царква. З пач. 1830-х г. пад казённай апекай. У 1811—44 дзейнічала Горы-Горацкая парусінава-палатняная мануфактура. У 1897 у Горах 1665 ж., 273 двары. У 1909 цэнтр. воласці, 1615 ж., 285 двароў, нар. вучылішча, вадзяны млын, паштовая станцыя. З 1918 мястэчка ў Горацкім пав., з 1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з 1922 у Смаленскай губ. З 1924 у БССР. У Вял. Айч. вайну ў 1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі 180 двароў, загубілі 93 вяскоўцаў. У 1970 у Горах 469 ж., 165 двароў.

Сярэдняя школа, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля вёскі комплекс археал. помнікаў Горы.

В.​М.​Князева.

т. 5, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІ́ЛЬНА,

вёска ў Уздзенскім р-не Мінскай вобл., на левым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПдЗ ад г.п. Узда, 90 км ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Коласава. 515 ж., 218 двароў (1999).

Упершыню згадваецца пад 1284 як месца бітвы вял. кн. ВКЛ Рынгольда з кааліцыяй кіеўскіх, уладзімірскіх, друцкіх князёў і татар (гл. Магільнянская бітва 1284): Пазней велікакняжацкае ўладанне. З 1-й чвэрці 15 ст. ўласнасць Альгердавічаў, з 1512 — Пацаў (М.​Пац пабудаваў касцёл), з 1602 — М.​К.​Радзівіла Сіроткі, з 1830-х г. — Вітгенштэйнаў. Перад 1480 у крыніцах названа мястэчкам. У 16 ст. ў М. дзейнічала прыстань, у 16—17 ст. існаваў Магільнянскі замак. У час войнаў сярэдзіны 17 ст. М. разбурана. З 1793 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Ігуменскага пав. У канцы 18 ст. 374 ж., 92 двары, уніяцкая царква, млын, карчма, верф. У 1863 М. наведаў мастак Н.Орда і зрабіў яе замалёўкі. З 1924 цэнтр сельсавета Уздзенскага р-на. З 1937 працавала электрастанцыя. У 1972—497 ж., 172 двары. У 1979—91 наз. Нёман.

Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі рэшткі Магільнянскага замка.

В.​У.​Шаблюк.

т. 9, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЯРНІ́ЦА,

вёска ў Беларусі, у Слонімскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса «Прагрэс». За 34 км на З ад Слоніма, 180 км ад Гродна, 2 км ад чыг. ст. Азярніца. 442 ж., 173 двары (1994). Сярэдняя школа, б-ка, клуб, бальніца. Царква.

Упершыню ўпамінаецца ў 1478 сярод «прысёлкаў» маёнтка Дзярэчын, якім валодалі Копачы. У 15—16 ст. належала Б.​Мілашэвічу, Б.​Багавіцінавічу, І.​Гарнастаю. У 1886 — 418 ж., 39 двароў, школа, царква, сінагога, штогод праводзіліся 2 кірмашы. З 1940 цэнтр сельсавета.

т. 1, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДЛЕРФЕЛЬТ ((Adlerfelt) Густаў) (1671—9.7.1709),

шведскі прыдворны. Вучыўся ва ун-тах Упсалы (Швецыя), Гале (Германія), падарожнічаў па краінах Еўропы. З 1700 гофюнкер, з 1701 пры двары Карла XII, суправаджаў яго ў паходах. Удзельнік Паўн. вайны 1700—21. Загінуў у баі пад Палтавай. Вёў дзённік ваен. падзей, у т. л. на Беларусі, дапаўняў яго афіц. дакументамі, інш. крыніцамі. Часткова надрукаваны (ананімна) у 1707 у Гамбургу, дапрацаваны сынам, выдадзены на франц., англ. і ням. мовах (1740—42); у арыгінале выдадзены ў 1919.

В.​П.​Грыцкевіч.

т. 1, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́Й (Васіла, Вісіла, Андрэй Паляк; ? — 1398),

рэлігійны дзеяч, першы віленскі біскуп у ВКЛ (1388—98). Вучыўся ў Гнезне, служыў у Кракаве. З 1374 сакратар і казначэй пры двары польскага караля. Садзейнічаў шлюбу каралевы Ядвігі з вял. кн. ВКЛ Ягайлам, пасля заключэння яго (1386) апошні даў згоду на ўтварэнне Віленскага біскупства і прызначэнне Андрэя біскупам. У 1392 Андрэй каранаваў Вітаўта на ВКЛ, заручыўшыся яго падтрымкай у правядзенні палітыкі пашырэння каталіцызму на тэр. ВКЛ. Быў вымушаны прызнаваць праваслаўе, бел. мову, паліт. незалежнасць ВКЛ ад Польшчы.

т. 1, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДО́К,

вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., на р. Бярэзіна (бас. Нёмана). Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на Пд ад г. Маладзечна, 60 км ад Мінска, 14 км ад чыг. ст. Аляхновічы. 576 ж., 222 двары (1996). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Філіял Дзярж. музея гісторыі л-ры «Гарадок». Помнікі архітэктуры: царква (2-я пал. 19 ст.), вадзяны млын (канец 19 — пач. 20 ст.). Каля вёскі археал. помнікі Гарадок.

т. 5, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЦВІ́НАВІЧЫ,

вёска ў Кармянскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Касалянка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на ПнУ ад г.п. Карма, 99 км ад Гомеля, 61 км ад чыг. ст. Рагачоў. 1789 ж., 723 двары (1999). Птушкафабрыка «Сож», лясніцтва. Сярэдняя школа, Палац культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік і мемар. дошка П.М.Лепяшынскаму, які заснаваў Ліцвінавіцкую школу-камуну. Каля вёскі паселішча эпохі неаліту і бронзавага веку.

т. 9, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́КАВА,

вёска ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл., на беразе Лукаўскага вадасховішча. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Маларыта, 45 км ад Брэста. 744 ж., 283 двары (1999). Т-ва з абмежаванай адказнасцю «Вілія». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Магіла сав. воіна і ахвяр фашызму. Каля вёскі стаянкі эпохі мезаліту і неаліту.

т. 9, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕГАСФЕ́Н (Megasthenēs; каля 350, Іонія, М. Азія — каля 290 да н.э.),

старажытнагрэчаскі гісторык і этнограф. Па даручэнні Селеўка I Нікатара ў 300—290 да н.э. ўзначальваў пасольства пры двары караля Індыі Чандрагупты. Аўтар твора «Індыка» (у 4 кн., захаваліся дробныя фрагменты), у якім шмат каштоўных звестак пра грамадскі лад, рэлігію, звычаі і гісторыю тагачаснай Індыі, а таксама геагр. інфармацыя, у т. л. першыя звесткі пра Гімалаі. Твор М. выкарыстоўвалі ў сваёй працы ант. гісторыкі Дыядор Сіцылійскі, Страбон, Арыян, Пліній Малодшы.

т. 10, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ФАР I (Nikēphoros; ?—26.7.811),

візантыйскі імператар [802—811]. Быў скарбнікам пры двары імператрыцы Ірыны. Пасля яе звяржэння абвешчаны імператарам. Для ўмацавання фін. становішча дзяржавы ўвёў новыя падаткі, у т. л. з царкоўнай маёмасці. Умацаваў флот, развіваў гандаль шляхам прадастаўлення купцам дзярж. пазыкі. Задушыў паўстанне славян у г. Патры (Пелапанес) і пачаў іх хрысціянізацыю. З 802 ваяваў з араб. халіфам Харунам-ар-Рашыдам, у 804 пацярпеў паражэнне ў Фрыгіі, у 807 падпісаў зневажальны для Візантыі мір. Забіты ў час вайны 809—11 з Балгарыяй.

т. 11, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)