адзін з цыклаў песень каляндарна-земляробчага круга. Распаўсюджаны ў народаў з часавай цыклізацыяй традыцыйнай песнятворчасці, у т. л. ў славян. На Беларусі ўключаюць абрадавыя, строга прымеркаваныя віншавальныя калядныя песні і шчадроўскія — «каляднае вяселле для ўсіх», «Жаніцьба Цярэшкі» і ўмоўна прымеркаваныя да зімы піліпаўскія песні і калядныя («ражстоўскія») гульні («Яшчур», «Халімон» і інш.). У нар. побыце тэрмін «З.п.» найчасцей ужываецца як сінонім піліпаўскіх. Яны арганічна спалучаюць прац. тэматыку (адсюль таксама назва «песні за кудзеляй») з сямейна-бытавой. Большасць з іх, асабліва з баладным сюжэтам («Да было ў бацькі да дзевяць сыноў»), апавядальнага характару. У паўн. раёнах Беларусі некат. з умоўна прымеркаваных З.п. — узоры працяжнага адзіночнага спеву («Ночы мае, ночушкі»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕДО́НСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,
эпоха тэктагенезу ў канцы ранняга — пач. сярэдняга палеазою, што папярэднічала герцынскай складкавасці. Тэрмін уведзены франц. геолагам М.Бертранам у 1887. Да класічных каледонскіх структур адносяцца Брытанскія а-вы, Скандынавія, Паўн. і Усх. Грэнландыя. Таксама К.с. развіта ў Цэнтр. Казахстане (зах.ч.), Паўн. Цянь-Шані, Паўд.-Усх. Кітаі, Усх. Аўстраліі; уваходзіць у фундамент Заходнесіб. і Заходнееўрап. маладых платформаў. Вял. значэнне К.с. мела ў развіцці Кардыльераў, асабліваПаўд. Амерыкі, Паўн. Апалачаў і інш.Найб. характэрнымі для К.с. з’яўляюцца структурная няўзгодненасць на ніжняй мяжы сілуру або дэвону і намнажэнне магутнай тоўшчы чырванаколерных кантынентальных адкладаў (маласы). З каледонскім тэктагенезам звязаны радовішчы жалеза, тытану, золата, малібдэну, азбесту, тальку, магнезіту і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДАРСЭ́ ((Condorcet) Мары Жан Антуан Нікала) (17.9.1743, г. Рыбмон, Францыя — 29.3.1794),
французскі філосаф-асветнік, матэматык, сацыёлаг, паліт. дзеяч. Маркіз. Член Франц.АН (1769). З 1785 сакратар Франц. акадэміі; супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.Дзідро. Удзельнік франц. рэвалюцыі канца 18 ст.Дэп. Заканадаўчага сходу і Канвента. У філасофіі — прыхільнік дэізму і сенсуалізму. Чалавечы розум, паводле К., складае асн. сілу гісторыі, а яго неабмежаваныя магчымасці абумоўліваюць паступальны рух гіст. працэсу. Прыхільнік тэорыі натуральнага права. Прызнаваў актыўную ролю ў грамадскім развіцці разнастайных фактараў, асабліва эканомікі і палітыкі. Адмаўляў прынцып падзелу людзей на саслоўі і абгрунтоўваў ідэю паліт. раўнапраўя грамадзян. У эканам. пытаннях падзяляў погляды фізіякратаў. У матэматыцы даследаваў пераважна дыферэнцыяльныя і інтэгральныя ўраўненні, тэорыю верагоднасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРАЦЭ́ПЦЫЯ (ад лац. contraceptio літар. процізачацце),
метады і сродкі папярэджання цяжарнасці. Адрозніваюць К. фізіял. і штучную. Фізіял. К. заснавана на палавым устрыманні ў авуляцыйны перыяд (з 12-га да 16-га дня пры 28-дзённым менструальным цыкле), калі зачацце найб. верагоднае. Тэрміны авуляцыі могуць вар’іраваць, што робіць К., заснаваную на фізіял. асаблівасцях, не вельмі надзейнай. Часовая стэрыльнасць (немагчымасць зачацця) бывае ў многіх жанчын пры кармленні грудзьмі, асабліва ў першыя месяцы пасля родаў. Штучная К. ўключае мех., хім., біял., хірург. і камбінаваныя сродкі і метады. К. мае значнае сац. значэнне як адзін з асн. метадаў прафілактыкі аборту, планавання сям’і, рэгулявання росту народанасельніцтва і інш.Гл. таксама Процізачаткавыя сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭНТРА́ЦЫЯ КАПІТА́ЛУ,
сканцэнтраванне і нарошчванне капіталу шляхам злучэння розных яго ўладальнікаў, уласнікаў, а таксама за кошт ператварэння ў капітал прыбыткаў, капіталізацыі даходаў. Дзякуючы К.к. ўдаецца рэалізаваць буйныя, перспектыўныя праекты з устойлівым прыбыткам. Асабліва моцны штуршок К.к. дало ў свой час развіццё такіх відаў вытв-сці, якія патрабуюць велізарных адначасовых затрат, матэрыяльных рэсурсаў і рабочай сілы (напр., буд-ва чыгункі). К.к. суправаджаецца павелічэннем памераў прадпрыемстваў і вядзе да стварэння манаполій і буйных капіталаў. Ва ўмовах сучаснай навукова-тэхн. рэвалюцыі выкарыстанне навукі ў вытв-сці і прыкладных даследаванняў вядзе да далейшага росту К.к. Найб. высокі ўзровень К.к. характэрны для такіх галін прамысловасці, як электронная, атамная, аўтамабільная, авіяцыйная, аэракасмічная і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВА́ЕВА (Тамара Георгіеўна) (3.6.1916, Казань, Татарстан — 25.2.1997),
артыстка балета. Засл.арг. Беларусі (1949). Скончыла балетную школу пры Пермскім т-ры оперы і балета (1933). Працавала ў т-рах оперы і балета Пермі, Ерэвана, Свярдлоўска. У 1946—58 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Яе творчую індывідуальнасць вылучалі строгая манера выканання, валоданне тэхнікай танца, асабліва складанымі вярчэннямі, непасрэднасць і шчырасць. Сярод лепшых партый на бел. сцэне: Надзейка («Князь-возера» В.Залатарова), Адэта—Адылія, Аўрора («Лебядзінае возера» і «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Цар-дзяўчына («Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні), Ліза («Марная засцярога» П.Л.Гертэля), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Тао Хоа («Чырвоны мак» Р.Гліэра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́НФСКІ О́РДЭР,
адзін з трох асн. грэчаскіх арх.ордэраў. Склаўся ў 2-й пал. 5 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі (карынфская калона ў храме Апалона ў Басах на Пелапанесе, каля 430 да н.э.) як больш насычаны дэкорам варыянт іанічнага ордэра. Вызначаецца высокай капітэллю, упрыгожанай стылізаванымі лістамі аканта і завіткамі; мадульёны або больш развітыя кансолі пад увянчальнай плітой карніза замяняюцца дэнтыкуламі або выкарыстоўваюцца ў спалучэнні з імі. Ад інш. ордэраў адрозніваецца большай лёгкасцю прапорцый, насычанасцю дэкорам. Атрымаў пашырэнне ў архітэктуры элінізму і асабліваСтараж. Рыма. На Беларусі быў пашыраны ў архітэктуры класіцызму з характэрнай для бел. дойлідства гладкай паверхняй ствала калоны. Выкарыстоўваўся ў архітэктуры 1950-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗАНІ́ЦА (Lysimachia),
род кветкавых раслін сям. першакветных. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях, асабліва ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 дзікарослыя віды: Л. звычайная (L. vulgaris, нар. назвы жаўточнік, жывотнік, мятнушка), Л. манетчатая, або лугавы чай (L. nummularia, нар. назвы лазоўка, падбярэжнік) і 2 інтрадукаваныя: Л. ландышавая (L. clethroides) і кальчаковая (L. verticillaris). Трапляецца на вільготных мясцінах, берагах рэк, балотах, сярод хмызняку.
Шматгадовыя травы, радзей паўкусты з аблісцелымі прамастойнымі або сцелістымі сцёбламі. Лісце супраціўнае ці кальчаковае, суцэльнакрайняе. Кветкі глыбокапяціраздзельныя ў суквеццях, іншы раз адзіночныя або па 1—2 у пазухах лісця. Плод — каробачка. Лек., фарбавальныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКАМО́ЦЫЯ (ад лац. locus месца + motio рух),
перамяшчэнне, сукупнасць узгодненых рухаў у жывёл і чалавека, што забяспечваюць актыўнае і мэтанакіраванае перамяшчэнне ў прасторы. Адрозніваюць водную, паветраную і сухапутную Л., якія рэалізуюцца ў розных тыпах: бег (вынослівы, імклівы, скачкамі, цяжкі, таранны і інш.); лажанне; плаванне (рыбападобнае, брас, ныранне); палёт (парашутаванне, планіраванне); поўзанне; хадзьба (на 2 або 4 нагах) і інш. Тыпы Л. мяняліся і ўскладняліся ў працэсе эвалюцыі жывёл і вызначалі асаблівасці іх будовы. Паяўленне новых тыпаў Л. звязана з удасканальваннем рухальнага апарату, органаў пачуццяў і асаблівац. н. с.Найб. складаная і разнастайная Л. ў пазваночных. Прагрэсіўныя змены Л. ў прыматаў (пераход да прамахаджэння і інш.) адыгралі важную ролю ў антрапагенезе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІ́НЧА СУД»,
у ЗША з 18 ст. пазасудовая расправа (самасуд), якая ўчынялася, як правіла, над неграмі. Назва ад прозвішча амер. расіста Ч.Лінча, які ў гады Вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83 камандаваў батальёнам стралкоў у штаце Віргінія, дзе законныя суды фактычна не дзейнічалі. Ён самачынна стварыў суд, які жорстка распраўляўся са злачынцамі і гал.ч. з паліт. праціўнікамі. У кастр. 1782 спец. законам дзеянні Лінча прызнаны незаконнымі, аднак накіраванасць яго дзейнасці не была асуджана. «Л.с.» найб. шырока быў распаўсюджаны з канца 19 ст. да 1930-х г. Сістэма няпісаных правіл лінчавання асабліва правакавалася крайне правымі прафашысцкімі арг-цыямі — ку-клукс-клан, Т-ва Дж.Бэрча і да т.п.