ЗА́ЙДЭЛЬМАН (Seydelmann) Карл (24.4.1793, г. Глац, Сілезія, цяпер г. Клодзка, Польшча — 17.3.1843),

нямецкі акцёр. З 1815 у т-ры г. Брэслаў, з 1820 у Пражскім ням. гар. т-ры, у прыдворных т-рах Каселя, Штутгарта, Берліна. Прымаў удзел у рэжысёрскіх доследах К.​Імермана (роля Натана Мудрага ў аднайм. п’есе Г.​Лесінга), ва «ўзорных» спектаклях Дзюсельдорфскага т-ра. Найб. значныя ролі: Карлас, Мефістофель, Альба («Клавіга», «Фауст», «Эгмант» І.​В.​Гётэ), Рычард III, Атэла і Яга («Рычард III», «Атэла» У.​Шэкспіра) і інш., у якіх выявілася высокая здольнасць да пераўвасаблення.

т. 6, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЕЛЯ́Н Яфім Захаравіч (12.4.1912, г. Рэчыца Гомельскай вобл. — 6.3.1975),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1973). Скончыў студыю пры Ленінградскім Вял. драм. т-ры (1935), працаваў у гэтым тэатры. Для ігры характэрны стрыманы лірызм, уменне трымаць паўзу, прыцягваць увагу гледача да роздумаў героя. Сярод роляў: Джэксан («Скаваныя адным ланцугом» Н.​Дугласа і Г.​Сміта, 1961), Вяршынін («Тры сястры» А.​Чэхава, 1965). З 1932 здымаўся ў кіно: Сава Марозаў («Мікалай Баўман», 1968), Свідрыгайлаў («Злачынства і кара», 1970). Чытаў тэкст ад аўтара ў фільмах, у т. л. тэлефільме «Семнаццаць імгненняў вясны» (1973) і інш.

т. 8, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧАРА́Н Сурэн Акімавіч (5.9.1904, Тбілісі — 1979),

артыст эстрады, чытальнік. Нар. арт. Арменіі (1945). Нар. арт. Расіі (1967). Скончыў Маскоўскую арм. драм. студыю (1925). У 1925—32 акцёр Арм. т-ра імя Г.​Сундукяна ў Ерэване. З 1939 у Маскоўскай філармоніі. Стварыў каля 30 літ. кампазіцый: цыклы «Скарбы сусветнай літаратуры», «Армянская і руская класіка», «Творы савецкіх пісьменнікаў», «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.​Руставелі, «Адысея» Гамера, «Шахразада» (паводле зб. казак «Тысяча і адна ноч») і інш. Дзярж. прэмія СССР 1951.

Тв.:

В поисках живого слова. М., 1960.

т. 8, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБЕРТА́ВІЧУС (Kubertavičius) Пятрас (22.6.1897, в. Вартай Лаздзійскага р-на, Літва — 14.2.1964),

літоўскі акцёр і рэжысёр; адзін з заснавальнікаў літ. прафес. т-ра. Працаваў у т-рах Петраграда і Вільні (з 1916), каўнаскіх драм. (1920—52, 1959—63) і юнага гледача (1952—59). Сцэнічныя вобразы вылучаліся глыбінёй, рэаліст. выразнасцю, дынамікай: Скіргайла, Шарунас («Скіргайла», «Шарунас» В.​Крэве), Крушна («Сын уладара» і «Уладар» В.​Мікалайціса-Пуцінаса), Чабутыкін («Тры сястры» А.​Чэхава), Глостэр («Кароль Лір» У.​Шэкспіра). Паставіў спектаклі «Пяюць пеўні» Ю.​Балтушыса (1948, 1958), «Блудны сын» Р.​Блаўмана (1957) і інш.

т. 8, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮНЬЕ́-ПО (Lugné-Poe; сапр. Люнье; Lugné) Арэльен Мары

(27.12.1869, Парыж — 19.6.1940),

французскі рэжысёр, акцёр. З 1888 працаваў у Вольным т-ры і адначасова вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі. Заснавальнік (1893, разам з К.​Маклерам) і кіраўнік (да 1929) т-ра «Эўр» (Парыж). Імкнуўся да абнаўлення і абагачэння выразных сродкаў тэатр. мастацтва, выступаў як прыхільнік паэт. т-ра, які процістаіць «прозе» тагачаснай рэчаіснасці, сцвярджаў эстэтыку сімвалізму. У 1930-я г. ставіў спектаклі ў розных т-рах Парыжа. Аўтар успамінаў аб франц. т-ры 1890-х г. — пач. 20 ст.

т. 9, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВО́НАЎ Аляксандр Міхайлавіч (н. 12.1.1925, в. Гольева Краснагорскага р-на Маскоўскай вобл.),

расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Расіі (1970). З 1953 працаваў у тэатрах г. Уладзімір, на Д. Усходзе. У 1972—85 у Гродзенскім абл. драм. т-ры. Выканаўца драм. роляў. Сярод роляў у Гродзенскім т-ры: Караваеў («Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Цясленка («Апошні шанц» В.​Быкава), Цімоха («Вечар» А.​Дударава), Каргін («Цяжкае абвінавачванне» Л.​Шэйніна), бацька Цярэнція («Жорсткія гульні» А.​Арбузава), дзед Сцёпачка («Печ на коле» Н.​Сямёнавай) і інш.

Н.​В.​Трацэўская.

т. 9, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Працаваў у Магілёве ў 1946—49. Створаны на базе пераведзенага Гомельскага драм. т-ра. Маст. кіраўнік М.​Нікіцін, з 1947 А.​Данаці. Ставіліся п’есы бел. і рус. драматургаў, замежная класіка: «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «Жаніцьба Бальзамінава», «Позняе каханне» А.​Астроўскага, «Апошнія» М.​Горкага, «Даўным-даўно» А.​Гладкова, «Рускае пытанне» К.​Сіманава, «Гаспадыня гасцініцы» К.​Гальдоні і інш. У т-ры працавалі рэж. С.​Астравумаў (таксама і акцёр), В.​Меяроўскі, М.​Рэхельс, акцёры М.​Абрамаў, Л.​Весніна, В.​Казакова, Г.​Качаткова, Я.​Палосін.

Дз.​У.​Стэльмах.

т. 9, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЯР (Major) Тамаш (26.1.1910, Будапешт — 1986),

венгерскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Венгрыі (1950). У 1945—62 дырэктар Нац. т-ра ў Будапешце, з 1962 гал. рэжысёр гэтага т-ра. З 1947 праф. Венг. вышэйшай школы тэатр. і кінамастацтва. Прапагандаваў сістэму К.Станіслаўскага. Сярод роляў: Люцыфер («Трагедыя чалавека» І.​Мадача), Яга («Атэла» У.​Шэкспіра), Іван Васілевіч («Іван Васілевіч» М.​Булгакава). Паставіў: «Банк-бан» І.​Катаны (1945), «Ворагі» М.​Горкага (1949), «Баявое хрышчэнне» Э.​Урбана́ (1951), «Трагедыя чалавека» (1955, 1960, 1964) і «Добры чалавек з Сезуана» (1972) Б.​Брэхта. З 1941 здымаўся ў кіно.

т. 10, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПАЗЯ́Н Ваграм Камеравіч (18.1.1888, г. Стамбул, Турцыя —5.6.1968),

армянскі акцёр. Нар. арт. СССР (1956). Сцэн. адукацыю атрымаў у Італіі. З 1907 (з перапынкамі) працаваў у арм. т-рах Стамбула, у 1922—53 іграў у арм. і рус. трупах Ерэвана, Тбілісі, Баку, Ленінграда, з 1954 у Арм. т-ры імя Г.​Сундукяна ў Ерэване. Творчасці ўласцівы дасканаласць выканаўчай тэхнікі, бліскучы артыстызм. Выступаў пераважна ў п’есах У.​Шэкспіра: Атэла, Гамлет, Рамэо, Макбет («Атэла», «Гамлет», «Рамэо і Джульета», «Макбет»). Сярод інш. роляў: Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога), Арбенін («Маскарад» М.​Лермантава).

т. 12, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАХІ́МАЎ Набі (7.11.1911, г. Каканд, Узбекістан — 1994),

узбекскі акцёр. Нар. арг. СССР (1964). З 1929 у Узб. т-ры драмы імя Хамзы (Ташкент). У 1946—61 выкладаў у Ташкенцкім тэатр. ін-це. Творчасці ўласцівы вастрыня сац. характарыстыкі, дакладнасць сцэн. малюнка, майстэрскае валоданне сродкамі тэатр. выразнасці ад вострага драматызму да гратэску. Сярод роляў: Етаў, Мамасаліеў («Мухабат», «Палёт» Уйгуна), Кузыеў («Шаўковае сюзане» А.​Кахара), Урганжы («Світанак рэвалюцыі» К.​Яшэна), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Яга, Лір («Атэла», «Кароль Лір» У.​Шэкспіра). Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1967. Дзярж. прэмія СССР 1977.

т. 13, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)