І́МПУЛЬСНАЯ ТЭ́ХНІКА,

галіна радыётэхнікі і электронікі, звязаная з даследаваннем, распрацоўкай і выкарыстаннем метадаў і тэхн. сродкаў атрымання (генерыравання), запамінання (захоўвання), пераўтварэння, узмацнення, вымярэння і індыкацыі імпульсаў электрычных. Імпульсныя сігналы, што выкарыстоўваюцца ў І.т., вызначаюцца амплітудай і працягласцю імпульсаў, частатой іх паступлення (праходжання), адносным узаемным размяшчэннем у серыі, перарывістасцю. Найб. шырока выкарыстоўваюцца імпульсы: у аўтаматыцы працягласцю каля 0,01—1 с, перарывістасцю да 10; у радыёсувязі адпаведна 10​−4—10​−5 с, 10—10​2; у радыёлакацыі 10​−3—10​−9 с, ад 10​2 да 10​4; у вылічальнай тэхніцы да 10​−9 с і менш.

Генерыраванне імпульсаў рознай формы, іх селекцыя па пэўных адзнаках, функцыянальнае пераўтварэнне і інш. робіцца з дапамогай разнастайных схем і ўстройстваў. Гэта лінейныя ўстройствы фарміравання і пераўтварэння імпульсаў (фарміравальныя лініі, дыферэнцавальныя і інтэгравальныя ланцугі, імпульсныя трансфарматары і ўзмацняльнікі, эл.-магн. і ультрагукавыя лініі затрымкі); нелінейныя ўстройствы пераўтварэння імпульсаў і пераключэння ланцугоў (абмежавальнікі, імпульсныя мадулятары, фіксатары ўзроўню, пік-трансфарматары, пераключальныя матрыцы і інш.); рэгенератыўныя спускавыя ўстройствы і генератары імпульсаў (пераразлічальныя схемы, трыгеры, мультывібратары, блокінг-генератары); імпульсныя дзельнікі частаты паўтору, электронныя генератары лінейназменнага току і напружання, селектары імпульсаў, лагічныя элементы і ўстройствы перапрацоўкі інфармацыі, закадзіраванай імпульснымі сігналамі, і інш. Метады і сродкі І.т. шырока выкарыстоўваюцца ў тэлебачанні (сігналы відарыса і сінхранізацыі імпульсныя), у радыёлакацыі і радыёнавігацыі, у радыёсувязі з высокай перашкодаўстойлівасцю і шматканальнай, у сучасных ЭВМ і лічбавых аўтаматах, радыёвымяральных прыладах і інш.

Літ.:

Ерофеев Ю.Н. Импульсная техника. М., 1984;

Фролкин В.Т., Попов Л.Н. Импульсные и цифровые устройства. М., 1992.

В.​І.​Вараб’ёў.

т. 7, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ГІКА ПРЭДЫКА́ТАЎ, функцыянальная логіка,

раздзел логікі, у якім вывучаюцца лагічныя сувязі паміж выказваннямі з улікам іх унутранай (суб’ектна-прэдыкатнай) структуры; пашыраны варыянт логікі выказванняў. Прадметам даследавання з’яўляецца любая галіна аб’ектаў з дадзенымі на гэтых аб’ектах прэдыкатамі, г. зн. уласцівасцямі і адносінамі. У выніку фармалізацыі Л.п. прымае выгляд розных злічэнняў (напр., злічэнне выказванняў). Пры аналізе ўплыву на лагічны вывад унутр. структуры выказванняў прэдыкаты разглядаюцца як функцыі, значэннямі якіх служаць выказванні. У дапаўненне да сімвалічных сродкаў логікі выказванняў у мову Л.п. уведзены лагічныя знакі — аператары ∀ («для ўсіх») і ∃ («для некаторых», існуе... такое, што...»), якія адпаведна наз. квантарамі агульнасці і існавання. Для выяўлення структуры выказванняў уводзіцца бясконцы пералік індывідных пераменных x, y, z ... x​1, y​1, z​1, .... якія ўяўляюць сабой розныя аб’екты, і бясконцы пералік прэдыкатных пераменных P, Q, R, ..., P​1, Q​1, R​1 ..., якія ўяўляюць сабой уласцівасці і адносіны аб’ектаў. Запіс (∀x)P(x) азначае «Усякі x валодае ўласцівасцю P»; (∃x)P(x) — «некаторыя x валодаюць уласцівасцю P» і (∃xQ(xy) — «існуе x, які знаходзіцца ў адносінах Q з y» і да т.п. Квантары могуць звязваць у формулах індывідныя (звязаныя) пераменныя. Індывідныя пераменныя, не звязаныя ў формуле квантарамі, наз. свабоднымі. Так, ва ўсіх трох прыведзеных формулах пераменная х звязаная, у апошняй формуле пераменная у свабодная. Звязаныя пераменныя наз. фіктыўнымі. Формулы, якія прымаюць значэнне «ісціна» ў кожнай інтэрпрэтацыі, наз. агульназначнымі. Існуюць таксама некласічныя Л.п., якія прапануюць іншыя тлумачэнні лагічных звязак і квантара.

Літ.:

Колмогоров А.Н., Драгалин А.Г. Введение в математическую логику. М., 1982;

Жуков Н.И. Философские основания математики. 2 изд. Мн. 1990.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 9, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́СЯЦАВЫ САМАХО́ДНЫ АПАРА́Т,

месяцаход, транспартная прылада, якая можа кіравацца аўтаматычна ці касманаўтамі, для перамяшчэння па паверхні Месяца і правядзення навук. даследаванняў.

Першыя аўтам. М.с.а., кіравальныя з Зямлі, «Месяцаход-1» і «Месяцаход-2» створаны ў СССР і дастаўлены на паверхню Месяца 17.11.1970 аўтам. міжпланетнай станцыяй (АМС) «Месяц-17» і 16.1.1973 — АМС «Месяц-21» адпаведна. Месяцаходы складаліся з 2 асн. частак: герметычнага прыборна-агрэгатнага адсека і колавага шасі. У адсеку размяшчаліся сістэмы тэрмарэгулявання, электрасілкавання, радыёкомплексу, дыстанцыйнага кіравання і інш. Звонку знаходзіліся ТВ-камеры, антэны, навук. апаратура і інш. Электрасілкаванне забяспечвалася хім. і сонечнымі батарэямі і ізатопнымі крыніцамі. Шасі (8 вядучых колаў) забяспечвала перамяшчэнне па паверхні Месяца, рэжым руху выбіраўся на аснове ТВ-інфармацыі і тэлеметрычных звестак. Працягласць актыўнага функцыянавання «Месяцахода-1» — 301,3 сут, пройдзена 10,54 км, даследавана 80 тыс. м² месяцавай паверхні, атрымана больш за 200 панарам і больш за 20 тыс. здымкаў паверхні Месяца. «Месяцаход-2» ва ўмовах складанага рэльефу за 123 сут пераадолеў 37 км. Першы кіравальны месяцаход — амер. апарат «Ровер» (1971). У 1971—72 на Месяц дастаўлены касм. караблямі «Апалон-15, -16, -17» 3 месяцаходы «Ровер» для перамяшчэння астранаўтаў. Макс. маса (з 2 астранаўтамі і грузам) 725 кг, макс. пройдзеная адлегласць 36 км.

Літ.:

Передвижная лаборатория на Луне — Луноход-1. Т. 1—2. М., 1971—78.

У.​С.​Ларыёнаў.

Да арт. Месяцавы самаходны апарат. Кампаноўка і габарытныя памеры (мм) «Месяцахода-1»: 1 — герметычны прыладны адсек; 2 — тэлекамеры; 3 — вугалковы адбівальнік; 4 — востранакіраваная і маланакіраваная антэны; 5 — радыятар-ахаладжальнік; 6 — сонечная батарэя; 7 — штыравая антэна; 8 — прылада для вызначэння фізіка-механічных уласцівасцей грунту; 9 — тэлефотакамеры; 10 — блок колаў шасі.

т. 10, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНІСТЭ́РСТВА (ад лац. ministro служу, кірую),

родавая назва найб. важных цэнтр. органаў дзярж. кіравання, якія ўваходзяць у структуру ўрада. Упершыню створаны ў Зах. Еўропе ў 16—17 ст. У Расіі ўведзены ў 1802, у СССР — у 1946 (адпаведна і ў Беларусі), да гэтага — наркаматы. Кіраўнік М. (міністр) — звычайна дзеяч, што ўваходзіць у склад урада. У некат. краінах М. ствараюцца на аснове актаў вышэйшых заканад. органаў (напр., ЗША) ці кіраўніка дзяржавы (напр., у Францыі) або на аснове законаў (актаў) урада. Колькасць М., іх структура і размеркаванне кампетэнцыі паміж імі вызначаюцца кіраўніком урада або выканаўчай улады (прэм’ер-міністрам, у Рэспубліцы Беларусь — прэзідэнтам). Для выканання ўскладзеных на іх задач М. надзяляюцца паўнамоцтвамі дзярж.-ўладнага характару і маюць права выдаваць юрыд. акты, абавязковыя для выканання падведамнымі арг-цыямі. Унутраная структура М. разнастайная (нават у межах адной краіны) і залежыць ад памераў М., аб’ёму і характару яго дзейнасці. М. маюць цэнтр. апарат, часам таксама рэгіянальныя і мясц. органы. Пры М. існуюць розныя дапаможныя органы. У М. Рэспублікі Беларусь утвараецца калегія ў складзе міністра (старшыні, які назначаецца Прэзідэнтам), яго намеснікаў, інш. кіраўнікоў. Члены калегіі зацвярджаюцца ўрадам. У 1999 у Рэспубліцы Беларусь існавалі М.: архітэктуры і будаўніцтва; унутраных спраў; жыллёва-камунальнай гаспадаркі; аховы здароўя; замежных спраў; культуры; лясной гаспадаркі; абароны; адукацыі; па кіраванні дзярж. маёмасцю і прыватызацыі; па надзвычайных сітуацыях; прадпрымальніцтва і інвестыцый; прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя; прамысловасці; сувязі; сельскай гаспадаркі і харчавання; сац. абароны, спорту і турызму; статыстыкі і аналізу; паліва і энергетыкі; гандлю; транспарту і камунікацый; працы; фінансаў; эканомікі; юстыцыі. Гл. таксама Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.

т. 10, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЫ́,

1) прадстаўнікі вышэйшых пластоў феадалаў у Чэхіі і Польшчы ў 13—14 ст. Лац. адпаведнік у афіц. граматах — «barones». У 14—15 ст. у Польшчы тэрмін «П.» ўсё больш замяняўся тэрмінам «можнаўладцы» або «магнаты».

2) У ВКЛ у 15—16 ст., у час юрыд. афармлення шляхецкага саслоўя, другая пасля князёў група феадалаў, нашчадкі знатных і заможных баяр, якія мелі буйныя маёнткі. Землі належалі П. паводле вотчыннага права («з поўным правам і панствам»). У дакументах 16 ст. згаданы розныя групы П.: П. радныя (паны-рада) — найб. буйныя свецкія і духоўныя землеўласнікі, якія адпаведна сваім дзярж. пасадам засядалі ў Радзе ВКЛ; П. (панове) харугоўныя — буйныя землеўласнікі, якія выходзілі на вайну не ў складзе павятовай шляхты, асобна са сваімі атрадамі васалаў; проста П. (паняты) — заможныя землеўласнікі, якія ў войску выступалі асобнай харугвай. У 2-й пал. 16 ст. паны-рада і князі (княжаты) складалі вышэйшую групу феадалаў ВКЛ — магнатаў. Астатнія П. зліліся з асн. масай шляхецкага саслоўя, якое стала юрыдычна аднастайным. Словам «пан» пры прозвішчы ці імю пачалі называць не толькі шляхціцаў-землеўласнікаў, але і ўсіх прадстаўнікоў шляхецтва. Паступова гэта слова набыло значэнне, адпаведнае рус. слову «господин» — спачатку толькі як абазначэнне гаспадара, валадара, а пазней і як ветлівы зварот да мужчын, незалежна ад іх паходжання і сац. становішча. У апошнім значэнні слова «пан» пры прозвішчы шырока ўжываецца ў Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Літве і на Украіне. Для Беларусі больш характэрна слова «спадар».

Літ.:

Грицкевич А.П. Формирование феодального сословия в Великом княжестве Литовском и его правовые основы (XV—XVI) // Первый Литовский Статут 1529 г. Вильнюс, 1982.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 12, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАКСІ́ДНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у малекуле якіх ёсць група з 2 злучаных атамаў кіслароду. Падзяляюць на арганічныя і неарганічныя.

Арганічныя П.з. маюць пераксігрупу —O—O—, непасрэдна злучаную з атамамі вугляроду. Адрозніваюць пераксіды арганічныя, гідрапераксіды (агульная ф-ла ROOH, дзе R — арган. радыкал), ацылгідрапераксіды, ці пераксікіслоты (надкіслоты), RC(O)OOH і азаніды. Вадкасці (метылпераксід CH3OOCH3 — газ) ці цвёрдыя рэчывы. Дрэнна раствараюцца ў вадзе, добра — у арган. растваральніках. Пры награванні, у прысутнасці прымесей (асабліва цяжкіх металаў і іх солей) раскладаюцца; тэрмоліз звычайна прыводзіць да ўтварэння свабодных радыкалаў (ROM​0 ці RCO—O​0). Моцныя акісляльнікі, лёгка загараюцца (некаторыя выбухованебяспечныя). Удзельнічаюць у біял. працэсах (напр., акісленні ліпідаў, біясінтэзе простагландзінаў). Атрымліваюць уздзеяннем на арган. рэчывы кіслароду (аўтаакісленне), азону (азанаванне), неарган. і арган. пераксідаў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці палімераў (ініцыятары полімерызацыі, вулканізавальныя агенты), для адбельвання тканін і харч. прадуктаў, як дабаўкі да маторнага паліва, у арган. сінтэзе. Неарганічныя П.з. падзяляюць на простыя (пераксіды, супераксіды, азаніды, гідрапераксіды) і комплексныя (пераксікіслоты, пераксасальваты і інш.). Найпрасцейшае і найб. пашыранае П.з. — пераксід вадароду. Пераксіды (злучэнні шчолачных металаў і металаў II групы перыяд. сістэмы, акрамя берылію), супераксіды, ці надпераксіды (злучэнні шчолачных і шчолачна-зямельных металаў), і азаніды — іонныя злучэнні, іх крышт. рашоткі складаюцца з іонаў металаў і малекулярных аніёнаў O2​−2, O​−2 і O​−3 адпаведна. Акісляльнікі. Пры награванні лёгка раскладаюцца з вылучэннем кіслароду. У прам-сці выпускаюць натрыю пераксід, пераксіды барыю BaO2 (гл. Барыю злучэнні) і кальцыю CaO2, супераксіды натрыю NaO2 і калію KO2. Выкарыстоўваюць як акісляльнікі, адбельвальнікі (напр., у тэкст., харч., цэлюлознапапяровай прам-сці), крыніцы кіслароду для рэгенерацыі паветра, кампаненты ракетнага паліва і інш.

т. 12, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РЫ АКСІ́ДЫ,

хімічныя злучэнні серы з кіслародам. Найб. пашыраныя аксіды серы (IV), ці серы дыаксід SO2, і аксід серы (VI), ці серы трыаксід SO3.

Серы дыаксід (сярністы ангідрыд, сярністы газ) — бясколерны газ з рэзкім пахам, шчыльн. 2,926 кг/м³, tпл -75,46 °C, tкіп -10,6 °C. Добра раствараецца ў вадзе, этаноле, дыэтылавым эфіры. Водны раствор SO2 — сярністая кіслата H2SO3: моцная двухасноўная к-та, якая існуе толькі ў растворы, утварае солі — сульфіты і гідрасульфіты. Уваходзіць у склад вулканічных газаў. У прам-сці атрымліваюць абпальваннем пірыту. Выкарыстоўваюць пераважна ў вытв-сці сернай к-ты, а таксама як аднаўляльнік, антыаксідант, для адбельвання шэрсці, шоўку і інш., кансервавання агародніны, садавіны; вадкі — як холадагент. Серы трыаксід (серны ангідрыд) — бясколерная вадкасць (пры пакаёвай т-ры), tкіп 44,7 °C; пры т-ры ніжэй за 16,8 °C — празрыстыя крышталі (α=SO3). У прысутнасці вельмі нязначнай колькасці вільгаці (1 моль вады на 10​6 моль SO3) полімерызуецца і цвярдзее; цвёрды існуе ў β-, γ- і δ-мадыфікацыях (tпл 32,5, 62,2 і 95 °C адпаведна). Бурна (з вылучэннем вял. колькасці цяпла) узаемадзейнічае з вадой, утварае серную кіслату. У вільготным паветры «дыміць». Раствараецца ў канцэнтраванай сернай кіслаце (раствор наз. алеумам). Моцны акісляльнік. Атрымліваюць каталітычным акісленнем SO2. Выкарыстоўваюць для вытв-сці сернай к-ты, олеума, сінтэзу шматлікіх арган. рэчываў, для гідратацыі пры вытв-сці азотнай к-ты. С.а. атрутныя; пашкоджваюць слізістыя абалонкі органаў дыхання, серны ангідрыд выклікае цяжкія апёкі скуры. SO2 — адзін з асн. ядаў, што атручваюць навакольнае асяроддзе, ГДК у атм. паветры 0,5 мг/м³.

А.​Л.​Чарнякова.

т. 14, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЯЛЕ́НСКІЯ САБО́РЫ,

з’езды вышэйшага духавенства хрысціянскай царквы, на якіх абмяркоўваюцца і вырашаюцца пытанні багаслоўскага, царкоўна-паліт. і дысцыплінарнага характару. Вял. месца ў дзейнасці У.с. займала барацьба з ерасямі. Праваслаўная царква прызнае толькі 7 першых У.с., якія адбыліся да падзелу цэркваў і склікаліся рым. і візант. імператарамі. З 12 ст. папы рымскія склікаюць з’езды толькі вышэйшага духавенства каталіцкай царквы, але называюць іх У.с. і прысвойваюць ім адпаведна парадкавыя нумары. Назвы У.с. атрымліваюць ад месца, дзе адбыліся.

У.с.: 1) I Нікейскі, 325; 2) I Канстанцінопальскі, 381; 3) Эфескі, 431; у 449 скліканы новы Эфескі сабор, які, аднак, на наступным саборы быў аб’яўлены «разбойніцкім» і выключаны са спіса У.с.; 4) Халкідонскі, 451; 5) II Канстанцінопальскі, 553; 6) III Канстанцінопальскі, 680—81; у 692 у Канстанцінопалі скліканы У.с., які атрымаў назву Пяташостага, таму што яго рашэнні дапаўнялі рашэнні 5-га і 6-га У.с.; 7) II Нікейскі, 787; 8) IV Канстанцінопальскі, 869—70, на якім выявіліся вострыя супярэчнасці паміж зах. і ўсх. хрысціянскімі цэрквамі; яго рашэнні, накіраваныя супраць канстанцінопальскага патрыярха Фоція, былі скасаваны на V Канстанцінопальскім саборы; 9) I Латэранскі, 1123; 10) II Латэранскі, 1139; 11) III Латэранскі, 1179; 12) IV Латэранскі, 1215 (санкцыяніраваў інквізіцыю); 13) I Ліёнскі, 1245; 14) II Ліёнскі, 1274, унія з правасл. царквой; 15) В’енскі, 1311—12; 16) Канстанцкі, 1414—18; 17) Базельска-Фларэнційскі, 1431—49; 18) V Латэранскі, 1512—17; 19) Трыдэнцкі, 1545—63; 20) I Ватыканскі, 1869—70; 21) II Ватыканскі, 1962—65. Гл. таксама Ватыканскія саборы.

Літ.:

Лозинский С.Г. История папства. М., 1961.

т. 16, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАСФА́ТЫ,

солі і эфіры фосфарных кіслот.

Ф. неарганічныя — солі артафосфарнай H3PO4 (ортафасфаты) і паліфосфарных кіслот (Ф. кандэнсаваныя). Адрозніваюць Ф. сярэднія, кіслыя і асн., двайныя і трайныя (рознакатыённыя; напр., NaPbPO4), мяшаныя [рознааніённыя; напр., KSr3(PO4)(SO4)2]. Сярэднія ортафасфаты шчолачных металаў і амонію раствараюцца ў вадзе (растворы маюць pH>7), металаў х высокімі ступенямі акіслення не раствараюцца, бязводныя (акрамя ортафасфатаў амонію і ртуці Hg​2+) устойлівыя пры награванні да т-ры плаўлення. Найб. пашыраны гідра- і дыгідраортафасфаты шчолачных металаў (гл. Натрыю злучэнні). Ф. трапляюцца ў прыродзе ў выглядзе мінералаў, найважн. з іх — апатыт і фасфарыты. Выкарыстоўваюць як фосфарныя ўгнаенні, кампаненты мыйных сродкаў, мінер. падкормак і інш. Ф. арганічныя — эфіры H3PO4 агульнай ф-лы (RO)nP(O)(OH)3−n, дзе R — арган. радыкал. Адрозніваюць Ф. поўныя (сярэднія, ці трацічныя) з n = 3 і кіслыя з n = 1, 2 (адпаведна першасныя і другасныя), якія наз. таксама арганіл- і дыарганілфосфарнымі к-тамі [напр., (C2H5O)2P(O)OH — дыэтылфосфарная к-та]. Кіслыя Ф., у якіх R — астатак гліцэрыны, вугляводу, амінаспіртоў і інш. (напр., нуклеінавыя кіслоты, нуклеатыды, фосфаліпіды), пашыраны ва ўсіх жывых арганізмах. Ф. арган. выкарыстоўваюць для мадыфікацыі пластмас (напр., як пластыфікатары), экстрагента [напр., трыбутылфасфат (C4H9O)3PO для экстракцыі урану і інш. радыеактыўных элементаў з адпрацаванага ядз. паліва], флотарэагенты, цепланосьбіты, пестыцыды, лек. сродкі і інш.

Літ.:

Продан Е.А. Неорганическая топохимия. Мн., 1986. С. 52—72;

Констант З.А., Диндуне А.П. Фосфаты двухвалентных металлов. Рига, 1987;

Общая органическая химия: Пер. с англ. М., 1983. Т. 5. С. 44—95.

А.​П.​Чарнякова.

т. 16, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРА́ЛЬНЫЯ РАЎНІ́НЫ.

У Паўн. Амерыцы (на тэр. ЗША і Канады) паміж Апалачамі на У, Вялікімі раўнінамі на 3, Лаўрэнційскім узв. на Пн і ПнУ і Прымексіканскай нізінай на Пд. Пераважаюць выш. 150—500 м. Ц.р. адпавядаюць паўд. ч. Паўночна-Амерыканскай платформы. Радовішчы кам. вугалю, нафты, газу, кухоннай солі, свінцова-цынкавых руд і барыту.

Паўн. ч. Ц.р. фарміравалася пад уздзеяннем антрапагенавых зледзяненняў. Тут пашыраны марэнна-ўзгорысты рэльеф са шматлікімі азёрамі тэктона-ледавіковага паходжання (Вялікія азёры, Вініпег, Вініпегосіс, Манітоба і інш.). На Пд ад мяжы стараж. зледзяненняў распасціраюцца зандравая раўніна, укрытая лёсамі, парэзаная ярамі, і ўзвышаная раўніна, дзе выхады вапнякоў на паверхню ўтвараюць сталовыя плато (напр., Озарк) з эразійнымі і карставымі формамі. На Пд плато Озарк горы Бостан (выш. да 825 м). Клімат умерана кантынент., на крайнім Пд — субтрапічны. Сярэдняя т-ра студз. ад -20 °C на Пн да 4 °C на Пд, ліп. адпаведна 19 і 26 °C. Ападкаў 400—1200 мм за год. Б.ч. тэрыторыі раўнін у межах бас. р. Місісіпі, якая разам з прытокамі ўтварае разгалінаваную сістэму водных шляхоў. На Пн рэкі Св. Лаўрэнція і Нельсан. Глебы бурыя, лясныя і чарназёмападобныя. На Пн участкі мяшаных лясоў з дуба, клёна, ліпы, гемлока, елкі і хвоі. На марэнных узгорках ялова-піхтавыя лясы, па далінах рэк — дубова-гікорыевыя зараснікі. На Пд Ц.р. зона высакатраўных прэрый, якія амаль што зведзены ў выніку разворвання і засялення тэрыторыі. Ц.р. — адзін з гал. с.-г. раёнаў ЗША і Канады (збожжавая гаспадарка і жывёлагадоўля), больш за ​3/4 тэр. пад ворывам і пашамі.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 17, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)