невялікія водныя патокі, якія звычайна маюць сцёк на працягу ўсяго года. Умоўна да М.р. прынята адносіць рэкі з вадазборам да 2 тыс.км²; часта пры падзеле рэк на вялікія, сярэднія і малыя кіруюцца даўжынёй рэчышчаў. З’яўляюцца асн. кампанентам у складзе гідраграфічнай сеткі, вызначаюць воднасць і якасны стан вял. рэк; з М.р. складаецца верхняе звяно фарміравання паверхневага сцёку, для якога характэрны адносна высокая воднасць у час раставання снегу або ліўневых і зацяжных дажджоў і нізкая ў інш. перыяды года. Некат. М.р. могуць перасыхаць або перамярзаць. На М.р. часта знаходзяцца нерасцілішчы рыб, многія з іх маюць значнае паляўніча-гасп. і эстэт. значэнне. Асаблівая ўвага да М.р. звязана з іх вял. рэсурсаахоўнай і асяроддзеўтваральнай роляй, што найб. выразна выяўляецца ў зонах інтэнсіўнай меліярацыі. На Беларусі М.р. лічаць рэкі з пл. вадазбору да 250 км² ці даўж. да 100 км, у практыцы прыродаахоўнай дзейнасці да іх адносяць рэкі даўж. да 200 км. Усяго на Беларусі 20 780 рэк і ручаёў, з іх М.р. 20 732, рэк даўж. больш за 100 км — 48.
Найб. распаўсюджаны раўнінныя М.р. Яны працякаюць у адносна неглыбокіх, добра распрацаваных шырокіх далінах са спадзістымі схіламі. маюць звілістыя рэчышчы, складзеныя з лёгкаразмыўных грунтоў, з чаргаваннем плёсаў і перакатаў, невял. нахілы, павольнае цячэнне. У межах узвышшаў даліны М.р. больш выразныя, цячэнне больш хуткае, месцамі, асабліва ў вярхоўях, яны цякуць у ярах, берагі якіх стромкія, узроўні вады пры раставанні снегу і значных дажджах могуць павышацца на 2—3 м, а потым хутка спадаць. На Пд Беларусі шмат М.р. цякуць па балотах або маюць значныя прасторы іх у складзе вадазбораў. Для іх характэрны зацяжныя разводдзе і паводкі. некалькі паніжаны межанны сцёк. Значная ч. М.р. выцякае з азёр або цячэ праз іх. Яны характарызуюцца больш нізкімі модулямі макс. сцёку і павышаным сцёкам у межань, больш працяглым разводдзем. Многія М.р. служаць асн. крыніцамі водазабеспячэння, водапрыёмнікамі меліярац. сістэм, вял. колькасць іх каналізавана ў працэсе меліярацыі.
І.Я.Афнагель.
Да арт.Малыя рэкі. Рака Раста каля вёскі Астравы Чавускага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІТО́Р (англ. monitor),
клас нізкабортных браніраваных ваен. караблёў з малой асадкай, прызначаных для нанясення артыл. удараў па берагавых аб’ектах праціўніка, знішчэння яго караблёў у прыбярэжных раёнах мора і на рэках.
Назва ад аднайм. карабля, пабудаванага ў пач.грамадз. вайны 1861—65 у ЗША Пазней падобныя марскія М. з’явіліся ў Вялікабрытаніі, Расіі, Францыі і інш. З канца 19 ст. яны замяняліся браняносцамі берагавой абароны, з пач. 20 ст. — лінейнымі караблямі. Рачныя М. (будаваліся з канца 1860-х г., упершыню з’явіліся на Дунаі) выкарыстоўваліся для артыл. падтрымкі сухап. войск, высадкі дэсанта, аховы ўласных і парушэння варожых рачных камунікацый. У СССР (Кіеў) у 1934—37 пабудаваны 7 рачных М., у т. л.«Жалезнякоў», для Дняпроўскай ваеннай флатыліі (ДВФ; з 1940 частка ў Дунайскай флатыліі). Буд-ва марскіх і рачных М. спынена пасля 2-й сусв. вайны.
З вясны 1922 у Пінску (Зах. Беларусь), дзе пасля польска-сав. вайны 1919—20 была адноўлена польск. Пінская флатылія (ПФ), базіраваліся рачныя М. «Мазыр» (у 1923 перайменаваны ў «Торунь») і «Варшава», з 1926 (пасля расфарміравання польск. Віслінскай флатыліі) — М. «Пінск» і «Гарадзішча». Яны пабудаваны ў 1920 у Данцыгу (Гданьску, у гіст. л-ры часам наз. «гданьскія М.»). У 1924—26 у Кракаве для ПФ пабудаваны і больш лёгкія М. «Кракаў» і «Вільна». 17—21.9.1939 у час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь усе М. затоплены («Вільна» сеў на мель на Прыпяці і 18 вер. ўзарваны экіпажам). У вер.—кастр. 1939 караблі падняты і адрамантаваны сав. маракамі. Пасля пераўзбраення і перайменавання («Варшава» ў «Віцебск», «Гарадзішча» ў «Бабруйск», «Торунь» у «Вінніцу», «Кракаў» у «Смаленск», «Пінск» у «Жытомір») яны ўключаны ў ДВФ з гал. базай у Пінску, а пасля расфарміравання флатыліі (чэрв. 1940) — у Пінскую ваенную флатылію. Летам—восенню 1941 у ходзе абарончых баёў на Прыпяці, Бярэзіне, Дняпры М. знішчаны.
Літ.:
Павлович Р. Пинские мониторы // Армия. 1998. № 3;
Яго ж. Мониторы польской Пинской флотилии: история и судьба // Старонкі ваеннай гісторыі Беларусі. Мн., 1998. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАЛА́Й I (6.7.1796, Царскае Сяло, цяпер г. Пушкін, Расія — 2.3.1855),
расійскі імператар [1825—55]. З дынастыі Раманавых. Трэці сын Паўла I. Ганаровы чл.Пецярб.АН (1826). З 1817 ген.-інспектар па інж. часці. Заняў трон пасля раптоўнай смерці свайго брата Аляксандра I. Задушыў паўстанне дзекабрыстаў. У 1826 стварыў «Трэцяе аддзяленне» асабістай яго імператарскай вялікасці канцылярыі, узмацніў цэнзуру. Правёў рэформы кіравання дзярж. сялянамі і фінансавую, выдаў указ аб абавязаных сялянах, увёў інвентарныя правілы ў зах. губернях (гл.Інвентарная рэформа 1840—50-х гадоў). Пры ім заснаваны многія навуч. ўстановы, у т. л.Горы-Горацкая земляробчая школа (1840, з 1848 земляробчы ін-т), Ваен. (1832, пазней Генштаба), Артыл. і Інж. акадэміі (1855). Разам з тым у час яго праўлення зведалі ганенне многія дзеячы культуры, у т. л. беларускай, абмяжоўвалася дзейнасць навуч. устаноў, зачыняліся «ненадзейныя», у т. л. ў 1832 Віленскі універсітэт. Афіцыйную ідэалогію тагачаснай Расіі вызначыла т. зв. тэорыя афіцыйнай народнасці — «самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць». Пры М. I выдадзены «Збор законаў Расійскай імперыі», у 1837 адкрыты рух на першай у Расіі Царскасельскай чыгунцы. Урадам М. I разгромлены рэв. арганізацыі петрашэўцаў, кірыла-мяфодзіеўскага таварыства, задушаны нац.-вызв. рух на Каўказе (рух Шаміля), паўстанне 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве; праводзілася русіфікацыя нярускіх народаў, зроблены захады па ўмацаванні сац. базы імперыі на землях Беларусі. На Полацкім царкоўным саборы 1839 ліквідавана грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква, а яе вернікі далучаны да рус. праваслаўнай царквы. У 1840 канчаткова адменена дзеянне законаў ВКЛ (Статут ВКЛ 1588) і ўведзена агульнарас. заканадаўства. У знешняй палітыцы М. I імкнуўся да пашырэння ўплыву Расіі ў басейне Чорнага мора і на Балканах (гл.Руска-іранскія войны 19 ст., Руска-турэцкія войны 17—19 ст.); змагаўся супраць рэвалюцый у Еўропе, жорстка задушыў рэвалюцыю 1848—49 у Венгрыі. Крымская вайна 1853—56 і паражэнне ў ёй Расіі прывяло да краху яго ўнутр. і знешняй палітыкі.
Літ.:
Корнилов А.А. Курс истории России XIX в. М., 1993;
Платонов С.Ф. Лекции по русской истории. Ч. 1—2. М., 1994;
польскі паэт, эсэіст, перакладчык. Чл. Польскай АН у Кракаве (з 1992). Скончыў Віленскую гімназію (1929) і Віленскі ун-т (1934), вывучаў л-ру ў Парыжы (1934—35). Працаваў на польск. радыё ў Вільні і Варшаве. У 1945—51 на дыпламат. рабоце ў ЗША і Францыі, застаўся ў эміграцыі. З 1960 жыве ў ЗША. Праф. славістыкі Каліфарнійскага ун-та ў Берклі (1961—78). Дэбютаваў як паэт у 1930. Піша на польск., англ., франц. мовах. У «Паэме пра застылы час» (1933), зб. «Тры зімы» (1936) прадчуванне катастрофы, здольнай знішчыць прыроду і чалавечую цывілізацыю, у зб. «Выратаванне» (1945) матыў маральнай адказнасці і еднасці паэта з лёсам нацыі. Яго паэзіі ўласцівы інтэлектуальнае багацце, філас. абагульненне, пошук нетрадыц. форм. Спалучэнне сімвалічна-эстэт. бачання свету з канкрэтна-пачуццёвай вобразнасцю, разумовасці з лірызмам, пафасу з іроніяй у паэт. зб-ках «Дзённае святло» (1953), «Горад без імя» (1969), «Дзе ўзыходзіць сонца і дзе садзіцца» (1974), «Неабдымная зямля» (1984), «На беразе ракі» (1994) і інш. Аўтар кн. эсэ «Зняволены розум» (1951—53), «Кантыненты» (1958; уключаны вершы і пераклады), «Радзіма — Еўропа» (1959), «Зямля Ульра» (1977), успамінаў «Год паляўнічага» (1990), паліт. рамана «Здабыццё ўлады» (1953), аповесці «Даліна Ісы» (1955, экранізацыя 1982) і інш.Кн. эсэ «Пошук бацькаўшчыны» (1992) звязана з гісторыяй зямель Літвы, Беларусі, Украіны і Польшчы. Перакладаў на польск. мову англ., франц., ісп. паэзію (зб. «Вершаваная форма», 1986), кнігі Старога і Новага запаветаў, а таксама польск. паэзію на англ. мову. Аўтар «Гісторыі польскай літаратуры» (1969). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі Ю.Бушлякоў, А.Мінкін, А.Разанаў, А.Хадановіч, Я.Чыквін. Нобелеўская прэмія 1980.
Тв.:
Бел.пер. — Вершы // Далягляды, 92. Мн., 1992;
Сведчанне паэзіі: Паэты і сям’я людзей;
Лекцыя біялогіі;
Вершы // Крыніца. 1997. № 7.
Літ.:
Gorczyńska R. (Czarniecka E.) Podróżny świata: Rozmowy z Czesławem Miłoszem: Komentarze. Kraków, 1992;
Fiut A Moment wieczny: Poezja Czesława Miłosza. Warszawa, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗЕ́ЙНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,
тэорыя, якая вывучае і распрацоўвае метады забеспячэння эфектыўнай работы тэхн. аб’ектаў (канструкцый, машын, сістэм, матэрыялаў і інш.) у працэсе іх эксплуатацыі на працягу прызначанага часу. У ёй уводзяцца колькасныя паказчыкі надзейнасці (на аснове пабудовы матэм. мадэлей аб’ектаў), абгрунтоўваюцца патрабаванні да надзейнасці з улікам эканам. і інш. фактараў, распрацоўваюцца рэкамендацыі па забеспячэнні зададзеных патрабаванняў на этапах праектавання, вытв-сці, захоўвання і эксплуатацыі.
Асн. матэм. апарат Н.т. — імавернасцей тэорыя і матэматычная статыстыка. Разлік імавернасці безадказнай работы аб’екта за пэўны час робіцца з выкарыстаннем аналітычных метадаў тэорыі выпадковых працэсаў, разлік якасных паказчыкаў надзейнасці ў многім аналагічны разліку сістэм масавага абслугоўвання тэорыі. Аналітычныя метады разліку надзейнасці спалучаюцца з метадамі мадэліравання на ЭВМ.
Распрацоўкі ў галіне Н.т. пачаліся ў СССР у 1930-я г. (у дачыненні да надзейнасці сістэм энергетыкі), далей развіваліся ў 1940-я г. ў ЗША (у дачыненні да радыёэлектронных сістэм). Да канца 1950-х г. у ЗША і еўрап. краінах склалася некалькі школ Н.Т., якія пастаянна развіваліся. Уклад у Н.т. зрабілі працы Б.У.Гнядэнкі, А.Дз.Салаўёва, Г.В.Дружыніна, У.В.Балоціна (Расія), Я.С.Пераверзева (Украіна), А.М.Шырокава, І.С.Цітовіча, Г.А.Велігурскага (Беларусь) і інш.
На Беларусі даследаванні па Н.т. вядуцца з 1950-х г. у Інстытуце надзейнасці машын, у ін-тах фізіка-тэхнічным, механікі металапалімерных сістэм, тэхн. кібернетыкі і інш.Нац.АН, БПА, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш. Пераважна распрацоўваюцца праблемы прагназавання і спосабаў павышэння надзейнасці машын (аўтамабіляў, трактароў, металаапрацоўчых станкоў і інш.). У 1997 Міжнар. федэрацыя па тэорыі машын і механізмаў заснавала спец.Тэхн.к-т надзейнасці машын і механізмаў.
Літ.:
Беляев Ю.К., Соловьев А.Д. Математические методы в теории надежности. М., 1965;
Болотин В.В. Ресурс машин и конструкций.-М., 1990;
Цитович И.С., Берестнев О.В. Пути повышения надежности машин. Мн., 1979;
Велигурский Г.А. Аппаратурно-программные методы анализа надежности структурно-сложных систем. Мн., 1986;
Переверзев Е.С. Модели накопления повреждений в задачах долговечности. Киев, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ДЗЯРЖА́ЎНАЕ РАЗМЕЖАВА́ННЕ САВЕ́ЦКІХ РЭСПУ́БЛІК СЯРЭ́ДНЯЙ А́ЗІІ Праводзілася ў 1924—25 Рас.камуніст. партыяй і сав. дзяржавай з мэтай удасканалення нац.-дзярж. структуры СССР у адпаведнасці з прынцыпам нац. і дзярж. самавызначэння народаў у складзе саюзнай дзяржавы. Сав.дзярж. ўтварэнні, што існавалі на кастр. 1924 на тэр. Сярэдняй Азіі і ч. Казахстана (Туркестанская АССР, Бухарская і Харэзмская сацыяліст.сав. рэспублікі) сфарміраваліся ў межах былых адм. утварэнняў Рас. імперыі (адпаведна Туркестанскага ген.губернатарства, Бухарскага эмірата і Хівінскага ханства), якія не супадалі з этнічнымі межамі сярэднеазіяцкіх народаў — узбекаў, казахаў, туркменаў, таджыкаў, кіргізаў і інш. Па ініцыятыве мясц. кампартый у 1924 пастаўлена пытанне пра нац.-дзярж. размежаванне. Пасля яго адабрэння Сярэднеазіяцкім бюро і Палітбюро ЦК РКП(б) (12.6.1924) разгарнулася растлумачальна-агітацыйная кампанія. Пасля абмеркавання на мясц. з’ездах і курултаях у 1924—25 на месцы скасаваных Туркестанскай АССР, Бухарскай і Харэзмскай сацыяліст.сав. рэспублік утвораны і размежаваны, у асн. паводле этн. прынцыпу, Узбекская ССР, Туркменская ССР (абедзве 27.10.1924), Таджыкская АССР (14.10.1924) у складзе Узбекскай ССР, Кара-Кіргізская аўт. вобласць (14.10.1924) у складзе РСФСР (25.5.1925 перайменавана ў Кіргізскую аўт. вобласць, 1.2.1926 у Кіргізскую АССР). Каракалпакская аўт. вобласць (утворана 16.2.1925) і раёны Туркестанскай АССР, населеныя казахамі, увайшлі ў Казахскую АССР (да крас. 1925 наз. Кіргізская АССР) у складзе РСФСР. У далейшым Таджыкская (у 1929), Казахская і Кіргізская АССР (абедзве ў 1936) пераўтвораны ў саюзныя сав.сацыяліст. рэспублікі, а Каракалпакская аўт. вобласць у Каракалпакскую АССР (у 1932) у складзе РСФСР, з 1936 — Узбекскай ССР. Этн. цераспалосіца ў Сярэдняй Азіі не заўсёды дазваляла дакладна вызначыць межы новых нац.-дзярж. і нац.-адм. утварэнняў, што стварыла ў рэгіёне крыніцу напружанасці і будучых канфліктаў. У той жа час у выніку нац.-дзярж. размежавання 1924—25 і наступных (да 1936) пераўтварэнняў асн. сярэднеазіяцкія нацыі — узбекі, казахі, туркмены, кіргізы, таджыкі, дагэтуль падзеленыя штучнымі межамі, набылі ўласную нац. дзяржаўнасць (у межах СССР), што стварыла перадумовы для ўтварэння пасля распаду СССР сучасных незалежных дзяржаў Сярэдняй Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАШ КРАЙ»,
часопіс, орган Цэнтральнага бюро краязнаўства (ЦБК) пры Інбелкульце. Выдаваўся з кастр. 1925 да студз. 1933 у Мінску на бел. мове раз у месяц. Рэдактар З.Бядуля. Яго выдаўцы ставілі за мэту вывучэнне прыродных і прадукцыйных сіл Беларусі, духоўных традыцый яе народаў. Даследаванні вяліся па 3 асн. кірунках: прыродна-геагр., грамадска-эканам. і культ.-гістарычным. Матэрыялы часопіса адлюстроўвалі феналагічныя назіранні, даследаванні флоры і фауны розных рэгіёнаў Беларусі (публікацыі П.Салаўёва, В.Перахода, М.Збіткоўскага, С.Мельніка, В.Палянскай, І.Сяржаніна, А.Фядзюшына), актыўна ўзнімалі пытанні аховы прыроды (В.Купрэвіч, Фядзюшын). У геагр., гіст. і эканам. аспектах вывучаліся гарады, мястэчкі, раёны, вёскі (М.Азбукін, Дз.Даўгяла, Я.Крукоўскі, Д.Васілеўскі, Я.Сяргеенка, В.Самцэвіч). Змяшчаліся аналіт. апісанні прыродных ландшафтаў, азёр, рэк, балот, паркаў (У.Уладзіміраў, Я.Троська, Ю.Лапіцкі і інш.). Вынікі краязнаўчага вывучэння традыц. духоўнай і матэрыяльнай культуры, побыту беларусаў асвятлялі М.Каспяровіч, А.Немцаў, М.Мялешка і інш., звычаёвае права — І.Бонч-Асмалоўскі, Р.Парэчын, нар. медыцыны — К.Гурвіч, А.Жаўрыд, Купрэвіч. Пра літ. краязнаўства пісалі Васілеўскі, Каспяровіч, А.Шашалевіч (А.Мрый), Т.Кулакоў і інш. Краязнаўцы Самцэвіч, С.Нікіфаровіч, Кулакоў і інш. змяшчалі даследаванні пра ф-кі, з-ды, камуны, саўгасы і калгасы, кірмашы Беларусі. Публікаваліся матэрыялы пра сял. і рабочы рух, рэв. падзеі, партыз. рух. Краязнаўства нац. меншасцей Беларусі прадстаўлена ў публікацыях І.Сосіса, Г.Аляксандрава, В.Скардзіса, К.Мартэнсона. Часопіс арыентаваў краязнаўцаў на збор слоўніка жывой мовы, нар. тэрмінаў, у т. л. па анатоміі і заалогіі, на складанне рэгіянальных геагр. слоўнікаў, збіранне звестак па нар. мастацтве, рамёствах, промыслах, па гісторыі тэатра. «Н.к.» апублікаваў больш за 100 праграм, анкет, інструкцый па розных галінах краязнаўчай дзейнасці, у т. л. па зборы вусна-паэтычнай творчасці, нар. музыцы. Інфармаваў чытачоў пра дзейнасць ЦБК, пра ход усебел. краязнаўчых з’ездаў і канферэнцый, працу акруговых і раённых т-ваў краязнаўства, музеяў, змяшчаў бібліяграфію па краязнаўстве. Выйшаў 61 нумар. У 1930—33 час.наз. «Савецкая краіна».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-ЙОРК (New York),
штат на ПнУ ЗША. Пл. 127,2 тыс.км². Нас. 18137 тыс.чал. (1997). Адм. ц. — г.Олбані. Найб. гарады і прамысл. цэнтры — Нью-Йорк і Буфала. Большая ч.тэр. занята адгор’ямі Апалачаў. На в-ве Лонг-Айленд, каля воз. Антарыо і ўздоўж р.Св. Лаўрэнція — нізіны. Клімат умераны, марскі. Сярэднямесячныя т-ры паветра на нізінах ад 0 °C (студз.) да 23 °C (ліп.). Ападкаў 800—1000 мм за год. Гал.р. Гудзон, у ніжнім цячэнні даступная марскім суднам. Пад хваёвымі і мяшанымі лясамі каля 25% тэрыторыі. Штат займае адно з першых месцаў у ЗША па аб’ёмах прадукцыі апрацоўчай прам-сці, банкаўскіх укладаў, гандл. абаротаў. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці: маш.-буд., у т. л. эл.-тэхн., электронная, оптыка-механічная, інструментальная, выраб навук. апаратуры, авіяракетная, судна- і прыладабудаванне; швейная, паліграф., чорная і каляровая металургія, хім., нафтаперапр., фармацэўтычная, харч., гарбарна-абутковая, ювелірная. Выраб спарт. абсталявання і цацак. Здабыча цынкавай і жал. руды, буд. матэрыялаў. Лесанарыхтоўкі. Марское рыбалоўства. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу; малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля. На в-ве Лонг-Айленд вырошчваюць бульбу і агародніну, на ўзбярэжжах азёр Эры і Антарыо — вінаград і фрукты (яблыкі, ігрушы, вішні). Транспарт аўтамаб., чыг., марскі.
На тэр. Н.-Й., якую здаўна насялялі індзейскія плямёны іракезаў, першыя еўрапейцы з’явіліся ў 1524. У 1614 галандцы засн. тут гандл. факторыю. У 1621 кіраванне гэтай тэр. атрымала галандская Зах.-інд. кампанія, якая заснавала калонію Новыя Нідэрланды са сталіцай Новы Амстэрдам. У 1664 калонію захапілі англічане і перайменавалі яе і сталіцу ў Н.-Й. У 17 і 18 ст. за валоданне гэтай тэр. ваявалі англічане і французы, паступова выцясняючы індзейцаў на 3. У часвайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83тэр. Н.-Й. была ахоплена ваен. дзеяннямі, у іх ліку бітва 1777 пад Саратогай, аблога г. Нью-Йорк. У 1788 Н.-Й. ратыфікаваў канстытуцыю ЗША і ўвайшоў у склад федэрацыі як штат-заснавальнік. З 1-й пал. 19 ст. пачалося інтэнсіўнае эканам. развіццё штата, значны наплыў імігрантаў з Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́РМА (Palermo),
горад у Італіі, на ПнЗ в-ва Сіцылія. Адм. цэнтр вобл. Сіцылія і прав. Палерма. Каля 740 тыс.ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на Тырэнскім м.Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. суднабуд., суднарамонтная, с.-г., эл.-тэхн., радыёэлектронная; дрэваапр., мэблевая, паліграф., цэм., харчасмакавая. Ун-т (з 1777). Акадэмія выяўл. мастацтваў і музыкі, кансерваторыя. Абсерваторыя. Бат. сад. Оперны і драм. тэатры. Турызм. Зімовы курорт. Штогадовыя міжземнаморскія кірмашы.
Засн. фінікійцамі. У 5—3 ст. да н.э.гал. цэнтр карфагенян у Сіцыліі. У 254 да н.э. заваяваны Рымам, у 535 н.э. — Візантыяй, у 1-й пал. 9 ст. — арабамі, у 1072 — нарманамі. З 1130 рэзідэнцыя каралёў Сіцылійскага каралеўства. З 12 ст. буйны эканам. і культ. цэнтр Паўд. Еўропы. У 1282 пасля паўстання (гл.«Сіцылійская вячэрня») з горада выгнана Анжуйская дынастыя. У час праўлення каралёў Арагона (1302—1479) заняпаў. З 1504 у складзе Сіцылій абедзвюх Каралеўства. У 1734—1816 сталіца Сіцылійскага каралеўства, размяшчалася рэзідэнцыя віцэ-караля. З 1820 цэнтр рэв. руху за аўтаномію Сіцыліі. Паўстаннем у П. (12.1.1848) пачалася Рэвалюцыя 1848—49 у Італіі. 27.5.1860 вызвалены войскамі Дж.Гарыбальдзі ад улады ісп. Бурбонаў і ўвайшоў у склад Італьян. каралеўства.
У старой частцы П. — касцёлы Сан-Джавані дэльі Эрэміці (каля 1132, мазаікі сярэдзіны 12 ст.) і Мартарана (спалучае рысы раманскага стылю з элементамі араб. і візант. архітэктуры; 1143, мазаікі сярэдзіны 12 ст.), Палацца Рэале (нармандскі палац 11 ст., перабудаваны з араб. крэпасці; перабудаваны ў 16—18 ст., мазаікі 12 ст.), Капэла Палаціна (1130—43, мазаікі 12 ст.), сабор (каля 1170, гал. фасад 14—15 ст., порцік 1465; купал — пасля 1781, паводле праекта Ф.Фугі; кампаніла 12 ст.); палацы Ла Дзіза (1154—60), Ла Куба (1180), К’ярамонце (1307), Абатэлі (1495), касцёлы 17 ст., т-р «Масіма» (1879—97, арх. Дж.Б. і Э.Базіле). У сучасным цэнтры П. (раён Вілануова) — магазін «Рандаца» (1960) і інш. Музеі: археал.нац., Нац. галерэя Сіцыліі, галерэя сучаснага мастацтва, этнагр. Дж.Пітрэ, скарбніца сабора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ТРУ́ПА ІГНА́ТА БУЙНІ́ЦКАГА,
прафесійны бел. тэатр у 1907—13. Створана па ініцыятыве акцёра і тэатр. дзеяча І.Буйніцкага ў фальварку Палівачы Дзісенскага пав. Віленскай губ. (цяпер в. Палевачы Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл.). Узнікла на аснове бел. вечарынак, аматарскіх «сямейных» спектакляў і да 1910 мела аматарскі характар. Трупа праводзіла асв. работу, шмат зрабіла для развіцця самадз. творчасці і прапаганды бел. мастацтва, стварыла асновы нац.прафес. тэатра. Пад уплывам яе дзейнасці і традыцый у крас. 1917 узнікла Першае таварыства беларускай драмы і камедыі. Калектыў шмат гастраліраваў па Беларусі, у Вільні (1910), Пецярбургу (1911 і 1912), Варшаве (1913). У праграму паказаў спачатку ўваходзілі бел.нар. песні, танцы, дэкламацыя вершаў і апавяданняў на роднай мове, невял. п’есы. З 1910 паказы складаліся з некалькіх самаст. частак: 1—2 п’ес, дэкламацый, спеваў і танцаў. Тэатр прытрымліваўся нар. традыцый, вылучаўся сінт. характарам сваёй творчасці і рэаліст. накіраванасцю. У нескладаным сцэнічным афармленні выкарыстоўваліся элементы бел.нар.выяўл. мастацтва, акцёры выступалі ў бел.нац. касцюмах. Сярод драм. выканаўцаў вызначаліся Буйніцкі (іграў характарна-драм. ролі), А.Бурбіс, Крапівіха (Цётка), А.Забель (З.Абрамовіч); сярод музыкантаў — Дз.Крывадубаў (Няленка) і І.Голер; сярод спевакоў — Я.Феакцістаў; сярод танцораў — Буйніцкі, яго дочкі Ванда і Алена, Ч., Л. і Я.Родзевічы. Муз. часткай кіраваў Л.Рагоўскі. Рэжысёрамі былі А.Аляксеенка, Бурбіс і інш. У рэпертуары: пастаноўкі «Модны шляхцюк» К.Каганца, «У зімовы вечар» і «Хам» паводле Э.Ажэшкі, «Сватанне» і «Мядзведзь» А.Чэхава, «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага, «Міхалка» Далецкіх; вершы Я.Купалы, Я.Коласа, Я.Лучыны, А.Паўловіча; песні «Чаму ж мне не пець», «Дуда-весялуха», «За гарамі, за лясамі» і інш.; танцы «Юрка», «Гняваш», «Верабей», «Лявоніха», «Мельнік», «Мяцеліца» і інш.
Літ.:
Няфёд У. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;
Яго ж. Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра. Мн., 1991;
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983.
У.І.Няфёд.
Да арт.Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. Буйніцкі з дочкамі. 1911.Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага ў час выступлення на этнаграфічным вечары ў Пецярбургу. 1912.