БЕ́НТАС (ад грэч. benthos глыбіня),
сукупнасць арганізмаў, якія жывуць на грунце і ў грунце марскіх і мацерыковых вадаёмаў. Падзяляецца на жывёльны (заабентас) і раслінны (фітабентас). Па памерах адрозніваюць макрабентас — ад 5—10 мм і больш, меябентас — ад 0,5 мм да 5—10 мм і мікрабентас — менш за 0,5 мм. У прэсных вадаёмах бентас бяднейшы, чым у марскіх. Бентас — кармавая база для многіх рыб, некаторыя ядомыя або ідуць на тэхн. патрэбы.
т. 3, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НТСАН ((Bentzon) Нільс Віга) (н. 24.8.1919, Капенгаген),
дацкі кампазітар, піяніст. Вучыўся ў Капенгагенскай кансерваторыі (1938—41). Канцэртаваў з 1943. З 1945 выкладаў у Ютландскай муз. акадэміі (г. Орхус), з 1949 у Капенгагенскай кансерваторыі. Сярод твораў (больш за 500) оперы «Фауст 3» і «Уліс», балет «Жэні фон Вестфален», 13 сімфоній; найб. значныя творы Бентсана — сімфонія «Хроніка пра Рэне Дэкарта» (1975) і сімф. варыяцыі (1953). Аўтар першага падручніка дадэкафоніі «Дванаццацітонавая музыка» (1953).
т. 3, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫ ЦІСК,
збіральнае паняцце ў горнай геамеханіцы, якое аб’ядноўвае сукупнасць сілавых палёў, што фарміруюцца ў нетрах Зямлі як вынік натуральных і вытв. уздзеянняў. Гал. ўзбуджальнік горнага ціску — гравітацыя; у меншай ступені фарміруецца за кошт тэктанічных сіл і змены т-ры верхніх слаёў зямной кары, а таксама вытв. дзейнасці па здабычы карысных выкапняў, буд-ва падземных і наземных збудаванняў. Выклікае дэфармаванне масіву горных парод, вядзе да горных удараў і раптоўных выкідаў.
т. 5, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКІ АБАРО́НЦА,
прадстаўнік грамадскай арганізацыі або працоўнага калектыву, якому даручаецца прымаць удзел у судовым разглядзе справы з мэтай абароны правоў і інтарэсаў падсуднага. Удзел грамадскага абаронцы ў судзе прадугледжаны крымінальна-працэсуальным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Грамадскі абаронца самастойны ўдзельнік працэсу, незалежны ад удзелу ў справе прафесійнага абаронцы — адваката. Ён не мае права адмовіцца ад абароны, за выключэннем выпадку, калі калектыў, што ўпаўнаважыў яго, ануляваў дадзенае яму даручэнне.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 5, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКІ ПАРА́ДАК,
сістэма грамадскіх адносін, якая рэгулюецца маральнымі і прававымі нормамі, мае на мэце гарантаванне грамадскай бяспекі і спакою, абароны гонару і годнасці грамадзян і нармальных умоў для дзейнасці дзярж. і грамадскіх арг-цый. Складваецца ў працэсе свядомага і добраахвотнага выканання грамадзянамі правіл паводзін, устаноўленых законам і маральнымі нормамі. Выкананне гэтых правіл забяспечвае зладжанае і ўстойлівае супольнае жыццё людзей. Парушэнні грамадскага парадку цягнуць за сабой адпаведную адказнасць: маральную, адм., крымінальную.
т. 5, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРЫФ»,
прыватнаўласніцкі герб, якім у Беларусі, Украіне, Літве і Польшчы карысталася больш за 220 родаў, у т. л. Асоўскія, Бяліцкія, Браніцкія, Быкоўскія, Закрэўскія, Канарскія, Квяткоўскія, Путкамеры. На чырвоным полі выява стаячага на задніх лапах сярэбранага грыфа — фантаст. істоты з тулавам ільва, галавой і крыламі арла, дзюба і капцюры залатыя. Клейнод — верхняя палавіна грыфа без лап і залатая труба. Вядомы з 13 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.
т. 5, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫРАША́ЛЬНЫ ЎЗМАЦНЯ́ЛЬНІК у аналагавых вылічальных машынах,
узмацняльнік пастаяннага току з ланцугамі адмоўнай адваротнай сувязі. Прызначаны для выканання матэм. аперацый (напр., складання, інтэгравання, дыферэнцыравання) над аналагавымі велічынямі. Пры нелінейных ланцугах адваротнай сувязі дае магчымасць выконваць нелінейныя аперацыі (падвышэнне да ступені, множанне, лагарыфмаванне). Вырашальны ўзмацняльнік без ланцугоў адваротнай сувязі наз. аперацыйным узмацняльнікам (мае каэфіцыент узмацнення больш за 106; выпускаецца ў выглядзе інтэгральнай схемы). Выкарыстоўваецца таксама ў сістэмах аўтаматыкі, радыё- і вымяральнай тэхнікі.
т. 4, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́СЫЛКА,
1) у Расіі ў 19 — пач. 20 ст. выдаленне асобы па судзе або ў адм. парадку са сталіцы, пэўных губерняў ці гарадоў з правам або без права выбару месца жыхарства па-за дадзенай мясцовасцю.
2) Мера крымінальнага пакарання (асноўнага або дадатковага), якая паводле заканадаўства СССР і Рэспублікі Беларусь заключалася ў выдаленні асуджанага з месца яго жыхарства і забароне пражываць у пэўных мясцовасцях. На Беларусі адменена ў 1994.
т. 4, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯДЗЕ́ТА,
возера на мяжы Расонскага і Полацкага р-наў Віцебскай вобл., на водападзеле рэк Дрыса і Палата, за 45 км на ПнУ ад Полацка, сярод лясных масіваў. Пл. 4,68 км², даўж. 4,6 км, найб. шыр. 1,6 км. Пл. вадазбору 26 км². Схілы катлавіны выш. 4—1 м. Берагі месцамі забалочаныя, пад лесам і хмызняком. Востраў пл. 3,6 га. На З злучана ручаём з воз. Глыбочына, на Пд выцякае р. Вядзеціца.
т. 4, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ СВЯТО́Е,
возера ў Сенненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свячанка (выцякае з возера), за 9 км на З ад г. Сянно. Пл. 0,77 км², даўж. 1,53 км, найб. шыр. 730 м, найб. глыб. 2,5 м, даўж. берагавой лініі 4,3 км. Пл. вадазбору 17,1 км². Схілы катлавіны выш. 2—5 м, пад лесам і хмызняком. Берагі сплавінныя, пойма (шыр. да 200 м) забалочаная. Дно плоскае, выслана сапрапелем. Зарасло.
т. 4, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)