ВУЛЬФЕНІ́Т (ад прозвішча аўстр. Минералога Ф.Вульфена),
мінерал класа малібдатаў, малібдат свінцу Pb(MoO4). Прымесі кальцыю, вальфраму, ванадыю, урану. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі квадратна-таблітчастыя, радзей псеўдаэктаэдрычныя, прызматычныя або кубоідныя. Суцэльныя агрэгаты рэдкія. Колер жоўты, шараваты, белы, зялёны, карычневы, жоўта-карычневы. Бляск смалісты да алмазнага. Крохкі. Цв.каля 3. Шчыльн. 6,8 г/см³. Характэрны мінерал зоны акіслення свінцова-малібдэнавых радовішчаў. Руда свінцу. Радовішчы вульфеніту ў Алжыры, Аўстраліі, ЗША і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫГАНАШЧА́НСКАЕ БАЛО́ТА,
у Ляхавіцкім, Івацэвіцкім і Ганцавіцкім р-нах Брэсцкай вобл., сцёк па Агінскім і інш. каналах у Выганаўскае возера. Нізіннага (94%) і мяшанага тыпу. Пл. 34,9 тыс.га, у межах прамысл. Пакладу 27,6 тыс.га. Глыб. торфу да 4,7 м, сярэдняя 2,1 м. Пад торфам трапляюцца мергель і сапрапель. Каля 5 тыс.га асушана, на іх вырошчваюць шматгадовыя травы, збожжавыя і прапашныя культуры. Неасвоеная частка балота ўваходзіць у гідралагічны заказнік Выганашчанскае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМНЯ́НКА, Вымніца,
рака ў Віцебскім р-не, левы прыток Касплі (бас.Зах. Дзвіны). Даўж. 38 км. Пл. вадазбору 357 км². Выцякае з возера без назвы каляв. Раніца, цячэ ў межах Віцебскага узв., працякае праз воз.Вымна, пратокай злучана з Янавіцкім возерам. Асн. прыток — р. Паловец (справа). Даліна да в. Півавары трапецападобная, шыр. 300—500 м. Пойма перарывістая, шыр. да 500 м. Рэчышча звілістае, шыр. 6—10 м. На рацэ г.п. Янавічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́БРУСЁЎ (Аляксей Канстанцінавіч) (н. 1.1.1922, в. Гарошкава Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1945). З ліст. 1941 на Зах., Варонежскім, 1-м Укр. франтах, удзельнік абароны Масквы, вызвалення Польшчы, Чэхаславакіі. Старшы сяржант Габрусёў вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра каляг. Вышгарад (Украіна): пераправіўся з групай разведчыкаў цераз раку, пасля гібелі камандзіра ўзначаліў узвод, які адбіў 10 контратак праціўніка, утрымліваў плацдарм да падыходу падмацавання. Да 1964 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛЕЙ, Халі (Halley) Эдмунд (8.11.1656, Хагерстан, каля Лондана — 25.1.1742), англійскі астраном і геафізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1678). Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. З 1703 праф. Оксфардскага ун-та. З 1720 дырэктар Грынвіцкай абсерваторыі. Склаў першы каталог зорак (341) Паўд. неба, адкрыў уласны рух зорак (1718). Вылічыў арбіты больш як 20 камет, прадказаў новае з’яўленне Галея каметы, даказаў наяўнасць перыяд. камет. Вывучаў зямны магнетызм.
Літ.:
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ.М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗІ́ШЧА,
гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і банцараўскай культуры, селішча банцараўскай культуры каляв. Гарадзішча Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Гарадзішча неаднаразова ўмацоўвалася валамі з абарончай сцяной, ровам; у 5—6 ст. выкарыстоўвалася як сховішча для навакольнага насельніцтва. На селішчы выяўлены рэшткі 42 слупавых і зрубных жытлаў, 17 гасп. ям. Сярод знаходак гліняныя штрыхаваныя гаршкі і фрагменты гладкасценнага посуду, жал. і каменныя прылады працы, упрыгожанні з бронзы, абломкі сярэбраных шыйных грыўняў, льячка, тыглі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДНА́Я,
радовішча тугаплаўкіх глін каляв. Гарадная Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Паклад азёрных глін палеаген-неагенавага ўзросту. Гліны шэрыя і чорныя, дысперсныя, высокапластычныя, тугаплаўкія. Разведаныя запасы больш за 9 млн.м³, перспектыўныя 2,2 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—10,6 м, ускрышы 0,2—5,7 м. Гліны прыдатныя на выраб сценавых і абліцовачных блокаў, каналізацыйных труб, цэглы, як фармовачны матэрыял. Распрацоўваецца з 1979. Сыравінная база з-да абліцовачнай керамікі «Гарынь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РДА (Garda),
возера на Пн Італіі, каляпаўд. падножжа Альпаў, на выш. 65 м. Пл. 370 км². Глыб. да 346 м. У Гарду ўпадае р. Сарка, выцякае р. Мінча (левы прыток р. По). Паўн., вузкая і доўгая частка возера, акаймаваная хрыбтамі выш. да 2000 м, нагадвае фіёрд, паўд. — больш шырокая, складзена з марэнных адкладаў. Суднаходства. Па берагах курорты (Гарда, Сірміёне, Рыва-дэль-Гарда, Мальчэзіне, Гарньяна і інш.). На ўсх. беразе — рэзерват Гардэзана-Арыентале.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РДЭНБЕРГ ((Hardenberg) Карл Аўгуст фон) (31.5.1750, Эсэнродэ, каляг. Гіфгорн, Германія — 26.11.1822),
нямецкі дзярж. дзеяч. Князь (1814). Да 1782 на дзярж. службе ў курфюрстве Гановер. У 1791—98 міністр Прусіі, кіраваў маркграфствамі Ансбах і Байройт. Міністр замежных спраў (1804—06 і 1807) і дзярж. канцлер Прусіі (1810—22). Урад Гардэнберга працягваў ліберальныя пераўтварэнні, распачатыя папярэднімі ўладамі (гл.Штайна—Гардэнберга рэформы). Удзельнік Венскага кангрэса 1814—15. Аўтар «Мемуараў» (т. 1—5, выд. 1877).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́СТЫНГС, Хейстынгс (Hastings),
горад на ПдУ Вялікабрытаніі, на беразе праліва Па-дэ-Кале. Каля 100 тыс.ж. (1994). У раёне Гастынгса 14.10.1066 войскі герцага Нармандыі Вільгельма нанеслі паражэнне англа-саксонскім войскам караля Гаральда, які загінуў у бітве, і Вільгельм стаў англ. каралём (Вільгельм I Заваёўнік). Месца правядзення штогадовых міжнар. шахматных турніраў (з 1920). Прыморскі кліматычны курорт. Вял. пясчаны пляж, мяккі марскі клімат забяспечваюць умовы эфектыўнага кліматалячэння нерв., сардэчна-сасудзістых, лёгачных і інш. хвароб.