ПРЫ́ШВІН (Міхаіл Міхайлавіч) (4.2.1873, маёнтак Хрушчава, Ялецкі р-н Ліпецкай вобл., Расія — 16.1.1954),

рускі пісьменнік. Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1902). Друкаваўся з 1898. Першае апавяданне — «Сашка» (1906). Замілаванне родным краем, назіранні над побытам і моваю жыхароў Поўначы, запісы сказаў у кн. «У краіне непалоханых птушак» (1907), «За чароўным калабком» (1908). У нарысах «Адам і Ева» (1909), «Чорны араб» (1910), «Слаўныя бубны» (1913) уражанні ад паездкі ў Крым і Казахстан. Нарысы «Крыніцы Берандзея» (1925, дапоўненае выд. пад наз. «Каляндар прыроды», 1935), аўтабіягр. раман «Кашчэеў ланцуг» (выд. 1960), аповесці «Жураўлёва радзіма» (1929), «Неапранутая вясна» (1940) пра філас. і маральныя пошукі чалавека, яго сувязь з прыродаю. У кн. «Апавяданні пра ленінградскіх дзяцей» (1944), «Аповесць нашага часу» (1945, поўнае выд. 1957) — падзеі Вял. Айч. вайны. Аўтар рамана-казкі «Асударава дарога» (нап. ў 1930-я г., апубл. 1957), паэмы ў прозе «Фацэлія» (1940), аповесці «Жэнь-шэнь» (першапачаткова «Корань жыцця», 1933, фільм «Хаціна старога Лувена», 1935), казкі-былі «Кладоўка сонца» (1945), аповесці-казкі «Карабельны гушчар» (1954), дзённікаў (кн. «Вочы зямлі», апубл. 1957), кінасцэнарыяў і інш. П. — тонкі пейзажыст, пранікнёны лірык і публіцыст, псіхолаг і педагог. З яго творчасцю тыпалагічна звязаны лірычныя пейзажы, замалёўкі прыроды Я.​Маўра, Я.​Брыля, В.​Адамчыка, В.​Вольскага. На бел. мову асобныя творы П. пераклалі Адамчык, Я.​Брыль, Я.​Маўр, Б.​Сачанка і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1982—86;

Бел. пер. — Ярык. Мн., 1937;

Звер бурундук. Мн., 1940;

Лісічкін хлеб. Мн., 1941;

Журка. Мн., 1948;

Кладоўка сонца: Казка-быль. Мн., 1948;

3 дзённікаў // Маладосць. 1973. № 2.

Літ.:

Пришвина В.Д. Круг жизни: Очерки о М.​М.​Пришвине. М., 1981;

Яе ж. Путь к слову. М., 1984;

Курбатов В.Я. Михаил Пришвин: Очерк творчества. М., 1986.

М.​І.​Мішчанчук.

М.М.Прышвін.

т. 13, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́СУД МАСТА́ЦКІ,

прадметы бытавога, гаспадарчага, утылітарна-маст. і дэкар. прызначэння для прадуктаў харчавання, вадкасцей і інш., форма і дэкор якіх вызначаюцца эмацыянальна-вобразнай асновай. Адносна матэрыялу бывае метал. (чыгунны, медны, сярэбраны і інш.), керамічны (гліняны, фарфоравы, фаянсавы), драўляны, саламяны, шкляны, лубяны, пластмасавы і інш.; паводле вырабу — каваны, літы, штампаваны, бандарны, выдзеўбаны, такарны, плецены і інш.; аздабляецца размалёўкай, гравіраваннем, чаканкай, чарненнем, эмалямі, лепкай, разьбой і інш. Як і інш. творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва эстэт. прывабнасцю стварае колерава-пластычныя акцэнты ў інтэр’еры. У вобразным ладзе П.м. выяўляецца яго непасрэднае прызначэнне і эстэт. ўяўленні эпохі, часам грамадскія ідэі і з’явы. Асн. яго маст. прынцып — арганічнае спалучэнне дэкар. і утылітарных функцый, цесная ўзаемасувязь формы і дэкору. Вядомы ўсім народам свету, вызначаецца характэрнымі нац. асаблівасцямі.

На Беларусі з часоў неаліту вядомы гліняны посуд ручной лепкі, часта з геам. арнаментам. У 10—13 ст. пачаўся масавы рамесніцкі выраб сталовага і літургічнага П.м. У 15—16 ст. з утварэннем рамесніцкіх цэхаў пашырыліся злотніцтва і медніцтва. Геам. дэкор дапоўніўся рэльефнымі расл. і зааморфнымі матывамі. У 17 ст. пад уплывам барока П.м. набыў складаныя формы, аздобленыя рэльефнай чаканкай, літым або разьбяным арнаментам з густа пераплеценых расл. парасткаў, клетак, пладоў. Для храмаў і палацаў выраблялі разнастайныя чашы, блюды, паціры, кубкі, якія аздаблялі эмалямі, фініфцю, каштоўнымі камянямі, чарненнем, гравіраваннем і інш. Керамічныя вырабы ўпрыгожвалі ангобным геам. і расл. дэкорам, зялёнай, белай, карычневай палівамі (гл. Кераміка). Развівалася ліццё мастацкае з волава і бронзы. Высокамаст. посуд выраблялі бел. майстры, якія працавалі ў Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. Найб. развіцця П.м. дасягнуў у 18 ст. На буйных шкляных мануфактурах у Налібаках (Стаўбцоўскі р-н Мінскай вобл.), Урэччы (Любанскі р-н Мінскай вобл.), Новай Мышы (Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.) і інш. выраблялі шкляны і хрусталёвы П.м., аздоблены расл., заа- і антрапаморфнымі выявамі, гербамі і інш. (гл. Урэцка-Налібоцкае шкло). Фаянсавы посуд мануфактур у Целяханах (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.) і Свержані (Стаўбцоўскі р-н мінскай вобл.) дэкарыравалі паліхромнай размалёўкай, рэльефнымі выявамі кветак, пладоў, гірляндаў, маскаронаў (гл. Целяханскія фаянсавыя вырабы, Свержанская фаянсавая мануфактура). У Бакштах (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.), Вішневе і Рудні (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.) адлівалі алавяны посуд. У Гродне, Давыд-Гарадку, Магілёве, Пінску, Слуцку выраблялі залаты, сярэбраны, латунны, пазалочаны і пасярэбраны П.м. з рэльефным чаканным дэкорам расл. характару. З 2-й пал. 18 ст. пад уплывам класіцызму формы і аздабленне П.м. сталі больш ураўнаважаныя, дэкарыраваныя ўчасткі чаргаваліся з гладкімі, пашырыліся ант. матывы, ваен. атрыбутыка, маскароны. У 19 ст. пачаўся масавы прамысл. выраб П.м. штампоўкай, адліўкай і выдзіманнем у формы. У канцы 19 — пач. 20 ст. формы і дэкор П.м. часта мелі эклектычны характар, адлюстроўвалі ўплыў ампіру і мадэрну. У нар. побыце пераважаў самаробны П.м. з дрэва, гліны, саломы, лазы, бяросты (карцы, сальніцы, талеркі і інш.) простых канструктыўных форм, часта падкрэсленых нескладаным геам. ці зааморфным дэкорам, які захоўваў стараж. сімвалічную ролю. У 2-й пал. 19 ст. прыёмы і сродкі аздаблення традыц. нар. П.м. ўзбагаціліся, пашырыўся яго асартымент (гліняныя вазы, цукарніцы, масленіцы, сальніцы з размалёўкай і ляпнінаю, фігурныя пасудзіны для вадкасцей, драўляныя талеркі з разьбой, берасцяныя вырабы з цісненнем і інш.). Нар. майстры імкнуліся паўтараць формы і дэкор прамысл. вырабаў, але інтэрпрэтавалі іх у адпаведнасці з мясц. традыцыямі і ўласнымі густамі. У 1920-я г. П.м. амаль не вырабляўся. Шкляны і хрусталёвы П.м. (пераважна для выставак) выпускалі шклозаводы ў Барысаве, Бярозаўцы Лідскага р-на Гродзенскай вобл. (гл. Барысаўскае шкло, Нёманскае шкло). У характары вырабаў выяўляліся рэмінісцэнцыі маст. стыляў 19 ст. Недахоп П.м. часткова кампенсавалі вырабы традыц. ганчарных цэнтраў, у многіх з іх былі створаны арцелі (гл. Ганчарства). У 1940—50-я г. выставачны П.м. вызначаўся арнаментальным багаццем, перавагай дэкору над формай, пампезнасцю і электрычнасцю. У 1951 пачаў працаваць Мінскі фаянсава-фарфоравы з (гл. Мінскі фарфоравы завод) прадукцыя якога ў значнай ступені стваралася па ўзорах з-даў Расіі і Украіны. У канцы 1950-х г. задачы масавасці і функцыяналізму выклікалі выпрацоўку адточаных і выразных форм пры мінімуме дэкору, прастату і лаканізм абрысаў П.м. У 1960—80-х г. мастакі пры стварэнні ўзораў П.м. звярталіся да асн. прынцыпаў нар. дэкар.-прыкладнога мастацтва: спалучэння мэтазгоднасці і функцыянальнасці з умелым выкарыстаннем магчымасцей матэрыялу, яго колеру і фактуры. З’яўляюцца больш індывід. творчыя вырашэнні, вырабы пазбавіліся залішняга лаканізму. Сучасны П.м. вызначаецца разнастайнасцю форм, багаццем дэкар. вырашэнняў. Керамічны, драўляны разьбяны і размаляваны, плецены з саломы і лазы П.м. ў характэрным нац. стылі вырабляюць прадпрыемствы і майстры народных мастацкіх промыслаў.

Літ.:

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984;

Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977;

Яе ж. Беларускае мастацкае шкло XIX — пачатак XX ст. Мн., 1984;

Жук В.И. Современная белорусская керамика: Тенденции развития. Мн., 1984;

Здановіч Н.І. Трусаў А.А., Беларуская паліваная кераміка XI—XVIII стст. Мн., 1993;

Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Посуд мастацкі. Давыд-гарадоцкі залатар. Пацір. 1740.
Да арт. Посуд мастацкі. Л.​Мягкова. Фрагмент набору «Універсальны». Шклозавод «Нёман». 1980.
Да арт. Посуд мастацкі. У.​Угрыновіч. Дэкаратыўная кампазіцыя «Подых зялёнага ветру». 1988.

т. 12, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКЕДО́НІЯ (Македонија),

Рэспубліка Македонія (Република Македонија), дзяржава ва ўнутр. ч. Балканскага п-ва. Мяжуе на Пн з Югаславіяй (часткова з б. аўт. краем Косава), на У з Балгарыяй, на Пд з Грэцыяй, на З з Албаніяй. Пл. 25,3 тыс. км². Нас. 2009 тыс. чал. (1998). Дзярж. мова — македонская. Сталіца — г. Скоп’е. Падзяляецца на 34 абшчыны. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (2 жн.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сходу, выканаўчая — ураду на чале з прэм’ер-міністрам. Дзярж. герб не зацверджаны.

Прырода. Большую ч. тэр. займаюць сярэдневышынныя горы (выш. да 2764 м, хр. Карабі на мяжы з Албаніяй). Горы падзелены тэктанічнымі паніжэннямі, занятымі азёрамі або далінамі рэк. Частыя землетрасенні (у 1963 дзесяцібальным землетрасеннем разбураны г. Скоп’е). Карысныя выкапні: храміты, свінцова-цынкавыя, марганцавыя, вальфрамавыя, нікелевыя, жал. руды, азбест, буры вугаль і інш. Клімат пераходны ад умеранага да міжземнаморскага. У далінах і катлавінах лета гарачае і сухое, зіма параўнальна цёплая і дажджлівая, сярэднямесячныя т-ры ў студз. 4 °C, у ліп. — 22—25 °C. Ападкаў за год 900 мм на 3, 400 мм на У. У гарах халадней, зімой выпадае снег, ападкаў больш. Гал. рака Вардар. У катлавінах значныя азёры — Ахрыдскае (на мяжы з Албаніяй), Прэспа (на мяжы з Албаніяй і Грэцыяй), Дайранскае (на мяжы з Грэцыяй). Даліны і катлавіны асвоены, на схілах да выш. 2000 м — мяшаны лес і хмызнякі, вышэй — горныя лугі. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэрыторыі. З жывёл захаваліся ў гарах буры мядзведзь, рысь, дзік, воўк, алень, лань, сарны, дзікія козы і інш. Нац. паркі: раён г. Охрыд (уключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны), Маўрава, Галічыца, Пелістар.

Насельніцтва. 65% складаюць македонцы, нар. паўд.-слав. моўнай групы. Жывуць таксама албанцы (21%; найб. на ПнЗ), туркі (3%), цыганы, сербы і інш. Сярод вернікаў праваслаўных 67%, мусульман 30%. Сярэднегадавы прырост 0,68% (1997). Сярэдняя шчыльн. 79 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 200 чал. на 1 км²) заселены даліны і катлавіны. У гарадах жыве 54% насельніцтва. Найб. горад Скоп’е — 541,3 тыс. ж. (1994). Каля 50 тыс. ж. у гарадах Куманава, Цітаў-Велес, Бігала, Охрыд. Каля 40% працоўных занята ў прам-сці, каля 35% — у сельскай гаспадарцы.

Гісторыя. У антычнасці паўд. частка сучаснай М. ўваходзіла ў склад Македоніі Старажытнай, у 5 — пач. 20 ст. ўсе тэр. (Вардарская М.) у складзе гіст. вобласці Македонія. Пасля 2-й Балк. вайны (гл. Балканскія войны 1912—13), якая завяршылася Бухарэсцкім мірным дагаворам 1913, гіст. вобласць М., што раней была пад уладай Турцыі, падзелена паміж Сербіяй (большая ч. — Вардарская М.), Грэцыяй (Эгейская М.) і Балгарыяй (Пірынскі край). У 1918 Вардарская М. ў складзе Сербіі ўвайшла ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У 2-ю сусв. вайну з часоў Балканскай кампаніі 1941 большай ч. Вардарскай М. валодала Балгарыя, зах. частку акупіравалі італьян. войскі. На акупіраваных землях М. разгортваўся партыз. рух. Пасля вызвалення з 1945 Вардарская М. — адна з 6 рэспублік у складзе Федэратыўнай Нар. Рэспублікі Югаславіі (з 1963 Сацыяліст. Федэратыўная Рэспубліка Югаславія). У час грамадз. вайны ў Грэцыі 1946—49, у якой удзельнічалі і грэч. македонцы, камуніст. партыя Грэцыі намагалася далучыць да Югаславіі Эгейскую М.; частка македонцаў эмігрыравала ў Югаславію і СССР (каля 20 тыс. чал., пасяліліся пераважна ў г. Ташкент). У выніку распаду югасл. федэрацыі М. стала самаст. дзяржавай. У вер. 1991 на рэсп. рэферэндуме большасць выказалася за суверэнітэт і дзярж. самастойнасць М., 17.11.1991 прынята яе канстытуцыя. З 1992 незалежнасць М. прызналі Рас. Федэрацыя, Турцыя, Балгарыя, Славенія, Харватыя, Філіпіны, Літва і інш. Незалежную М. не прызнае Грэцыя (у яе складзе ёсць вобласць М. з цэнтрам у г. Салонікі), кіраўніцтва якой патрабуе перайменаваць М. ў Рэспубліку Скоп’е. М. — чл. ААН (з 1993), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (з 1995). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў студз. 1993.

У М. дзейнічаюць Унутр. макед. рэв. арг-цыяДэмакр. партыя за макед. нац адзінства, Дэмакр. альтэрнатыва, Партыя дэмакр. працвітання, Дэмакр. партыя албанцаў, С.-д. саюз М., Ліберальна-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя, Саюз цыганоў М., прафс. аб’яднанне — Асацыяцыя прафсаюзаў М.

Гаспадарка. М. — аграрна-індустр. краіна. Штогадовы даход на 1 чал. складае 1060 дол. ЗША (1998). У канцы 1990-х г. на эканоміку адмоўна ўплываюць: аслабленне эканам. сувязей з б. рэспублікамі Югаславіі, паліт. спрэчкі з Грэцыяй, ваен. дзеянні ў суседніх раёнах і вял. прыток бежанцаў з Косава. Гал. галіны прам-сці: маш.-буд., лёгкая (пераважна тэкстыльная), харчасмакавая (асабліва тытунёвая і кансервавая), горназдабыўная і энергетычная. Новыя галіны прам-сці: каляровая металургія, хім. і буд. матэрыялаў. Вытв-сць электраэнергіі 5,4 млрд. кВт∙гадз (1995), 87% выпрацавана на ЦЭС (працуюць пераважна на імпартнай нафце). Ёсць некалькі ГЭС, найбольшая — «Маўрава» на р. Чорны Дрын. Найбольшыя прадпрыемствы машынабудавання ў Скоп’е, Бітале і інш., дзе вырабляюць станкі, аўтобусы, с.-r. машыны, халадзільнікі, электрапрылады, аўтадэталі, інструмент. Асн. цэнтры тэкст. прам-сці — Цетава (камбінат шарсцяных вырабаў), Шціп (баваўняны камбінат), Цітаў-Велес (шаўкаткацкі камбінат). Тытунёвыя вырабы выпускаюць ф-кі ў Прылепе і Скоп’е. Харч. прам-сць (мукамольная, алейная, цукр., мясная, плодакансервавая, вінаробчая) пашырана ўсюды, гал. цэнтры Скоп’е, Куманава, Бітала, Прылеп. На базе лясных рэсурсаў сфарміравалася дрэваапр. і папяровая прам-сць (Прылеп, Кочані і інш.). Чорная (Скоп’е, Ягунаўцы, Куманава) і каляровая (Цітаў-Велес, Ягунаўцы, Скоп’е) металургія. Хім. прам-сць (Скоп’е) дае пластмасы, сінт. валокны, сродкі аховы раслін і інш. Развіты прам-сць буд. матэрыялаў (цэмент, мармур, керамічныя вырабы, вогнетрывалыя матэрыялы) і горназдабыўная. Здабываюць свінцова-цынкавыя (цэнтр Злетава), хромавыя (Скоп’е, Цетава, Куманава), жал., марганцавыя, сурмяныя, нікелевыя руды і буд. матэрыялы. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, мэблевай, паліграф., фармацэўтычнай і інш. галін прам-сці. Больш за палавіну прамысл. прадукцыі выпускаюць прадпрыемствы Скоп’е. Развіты нар. промыслы і саматужныя рамёствы, асабліва выраб прадметаў хатняга ўжытку і сувеніраў, дыванаткацтва, вышыўка, разьба па дрэве, чаканка па серабры і інш. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 1,3 млн. га зямель, палавіна іх пад ворывам і шматгадовымі культурамі, палавіна пад пашай. Раслінаводства развіта ў далінах і катлавінах, жывёлагадоўля — пераважна на горных пашах. Са збожжавых вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, рыс (83 тыс. га арашальных зямель), з тэхнічных — тытунь (штогадовы збор 17—20 тыс. т), цукр. буракі, бавоўну, опіумны мак, кунжут, арахіс, аніс і інш. Развіты агародніцтва (экспартнае значэнне маюць памідоры і перац), садоўніцтва (найб. яблыкі і слівы, на Пд аліўкі, інжыр, тутавае дрэва), вінаградарства (штогадовы збор каля 200 тыс. т). З галін жывёлагадоўлі лепш развіта авечкагадоўля. Пагалоўе (1997, тыс. гал.): авечак — 1800, буйн. раг. жывёлы — 300, свіней — 200, коней — 66,5, буйвалаў — 1. Птушкагадоўля. Рыбалоўства на буйных азёрах. Лясная гаспадарка. Транспарт чыгуначны і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 699 км, у т. л. 232 км электрыфікавана, аўтадарог 8,5 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5,4 тыс. км. У краіне 263 тыс. легкавых, 23 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Важнае міжнар. значэнне маюць чыгунка і аўтамагістраль Бялград (Югаславія) — Скоп’е — Салонікі (Грэцыя). Амаль усе знешнегандл. сувязі праз грэч. порт Салонікі. У краіне 14 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля Скоп’е і Охрыда (курортны і турыст. цэнтр). У 1996 экспарт складаў 900 млн. дол., імпарт — 1,4 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць прамысл. тавары, харч. прадукты, віно і тытунёвыя вырабы, у імпарце — машыны і трансп. сродкі, хімікаты, паліва. Гал. гандл. партнёры — рэспублікі б. Югаславіі, Балгарыя, Германія, Італія. Гандаль з Беларуссю (1997, млн. дол.): экспарт — 4,3, імпарт — 1,9. М. — краіна развітога міжнар. турызму. Грашовая адзінка — дэнар.

Літаратура. Прыгожае пісьменства на макед. мове зарадзілася ў 19 ст. і звязана з дзейнасцю асветнікаў К. і Дз.​Міладзінавых, П.​Зографскага, К.​Самарджыева і інш. У станаўленні новай макед. пісьменнасці і л-ры вял. роля належыць К.​Місіркаву, які даў першы ўзор кадыфікацыі макед. літ. мовы. У рэчышчы рэв. і нар.-патрыят. традыцый развівалася паэзія (К.​Нядзелкаўскі, В.​Маркоўскі), рэаліст. тэндэнцыі выявіліся ў драматургіі (В.​Ілёскі). Першы паэт. зб. на макед. мове — «Белыя досвіткі» К.​Раціна (1939). Пасля 2-й сусв. вайны засн. Саюз макед. пісьменнікаў (1946), Т-ва макед. мовы і л-ры (1954), пачалі выходзіць літ. перыяд. выданні. Найб. росквіту дасягнула паэзія (С.​Янеўскі, Б.Хонескі, А.​Шопаў, Г.​Тадароўскі) і навелістыка (У.​Малескі, І.​Бошкаўскі, Г.​Абаджыеў). Асновы новай драматургіі заклалі К.​Чашуле і Ілёскі. У 1950—60-я г. вядучым літ. жанрам стаў раман («Вёска за сямю ясенямі» і «І боль, і гнеў» Янеўскага, «Тое, што было небам» і «Ткацкі станок» Малескага, «Пабрацімы» і «Глухія досвіткі» І.​Леава, «Зоркі падаюць самі» С.​Дракула), зарадзілася аповесць (Дз.​Солеў). Асн. тэмы твораў — нац.-вызв. барацьба, чалавекі рэвалюцыя, антыфаш. супраціўленне, сацыяліст. пераўтварэнні. У гэтыя гады ў л-ры адзначыўся т.зв. працэс дэдагматызацыі, адмаўлення ад лініі развіцця, вызначанай сав. ўзорамі, сацыяліст. рэалізмам; дэклараваліся ідэйна-эстэт. плюралізм, разнастайнасць творчай метадалогіі. У 1970-я г. ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі. Найб. прыкметныя творчыя здабыткі належалі паэтам Тадароўскаму, Р.​Паўлоўскаму, А.​Попаўскаму, М.​Матэўскаму, празаікам Ж.​Чынгу, Дракулу, Т.​Геаргіеўскаму, Дж.​Абаджыеву, драматургам Ілёскаму, Т.​Арсоўскаму. Для сучаснай л-ры М. характэрна суіснаванне разнастайных ідэйна-эстэт. і маст. кірункаў. На бел. мове выдадзены макед. казкі ў зб. «Ці страшны страх?» (1970), «Югаславянскія казкі» (1999) і апавяданні ў зб. «Югаслаўскія апавяданні» (1975). На бел. мову паасобныя творы макед. пісьменнікаў перакладалі Н.​Гілевіч, П.​Кавалёў, М.​Паслядовіч, А.​Разанаў, М.​Ракітны, І.​Чарота.

Архітэктура. Ад часоў неаліту і бронз. веку на тэр. М. захаваліся рэшткі кругавых паселішчаў, каменных і глінабітных дамоў, умацаванняў, складзеных насуха з неабчасанага каменю. Сярод помнікаў архітэктуры 5—11 ст. рэшткі цыклапічных абарончых сцен Скоп’е (535), замка балг. цара Самуіла каля г. Охрыд, крэпасці ў Струміцы (абодва 11 ст.). Найб. ранні тып культавай архітэктуры — 3-нефавая базіліка з купаламі і харамі, часам з трансептам (сабор св. Сафіі ў Охрыдзе, каля 1037—50). У 12—14 ст. усталяваўся тып крыжова-купальнага, звычайна квадратнага ў плане храма з купалам (цэрквы св. Клімента ў Охрыдзе, 1295; Міхаіла і Гаўрыіла ў Леснаве, 1341) ці з 5 купаламі (царква св. Панцеляймона ў Неразі, 1164). Будавалі таксама 1-нефавыя скляпеністыя цэрквы (св. Міколы ў Варашы каля г. Прылеп, 1299). У перыяд тур. панавання ў Скоп’е, Бітале, Шціпе і інш. узводзілі цагляныя і каменныя купальныя мячэці, мінарэты, заезныя дамы («ан»), крытыя базары («безістэн»), лазні («амам»), вежападобныя ўмацаваныя жытлы («кулы»). Да 18—19 ст. належаць маляўнічыя ансамблі манастыроў (Іаана Бігорскага), разнастайныя прыклады нар. дойлідства: на раўнінах — 1-павярховыя 2-часткавыя дамы (стойла і жылы пакой з ачагом), у горных раёнах — 2-павярховыя (унізе стойла і кухня, наверсе — жыллё) з навесам-галерэяй, дамы тур. тыпу з сіметрычным размяшчэннем пакояў вакол сенцаў і ізаляваным ад вуліцы дваром. У гарадах будавалі 2—3-павярховыя дамы з эркерамі, лоджыямі ці балконамі. Своеасаблівыя крытыя чарапіцай дамы Охрыда з драўлянымі каркаснымі верхнімі паверхамі, гладкія атынкаваныя сцены якіх навісаюць над ніжнім паверхам, складзеным з каменю. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў буйных гарадах будавалі ў духу еўрап. эклектычнай архітэктуры. Пасля 2-й сусв. вайны разгарнулася рэканструкцыя гарадоў і сёл, пабудаваны буйныя прамысл. комплексы са зборнага жалезабетону, раёны 2—3-секцыйных і вежавых жалезабетонных жылых дамоў і грамадскіх будынкаў у ’сучасных стылях. У Скоп’е пасля землетрасення 1963 паводле праекта яп. арх. Тангэ Кэндзо ўзведзены будынкі Гіст. архіва, Макед. нар. т-ра, акадэміі навук і мастацтваў і інш. Ствараюцца новыя жылыя раёны. Раён г. Охрыд уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З часоў неаліту і бронзавага веку захаваліся керамічныя пасудзіны, мадэлі дамоў, фігуркі людзей і жывёл, помнікі мастацтва ілірыйцаў (залатыя маскі і інш. з Трэбенішце каля Охрыда, 6 ст. да н.э.), з 2 ст. да н.э. — рэшткі мазаік і фрэсак, скульптура. У 6—7 ст. развівалася культура стараж. славян. У мастацтве сярэдневякоўя важную ролю адыгрываў самабытны фрэскавы жывапіс, які дасягнуў росквіту ў 11—14 ст.: размалёўкі ў храме св. Сафіі ў Охрыдзе (сярэдзіна 11 ст.), у царкве св. Панцеляймона ў Неразі (1164), у цэрквах св. Клімента ў Охрыдзе (пасля 1295) і св. Георгія ў Стара-Нагарычане (1317—18, у абедзвюх майстры Міхаіл і Яўціхій, малявалі таксама абразы), у царкве Маці Божай у Мацейчы (каля 1355) і інш. Высокага ўзроўню дасягнула разьба па дрэве, якая мела фалькл. характар (разныя дзверы з плеценымі ўзорамі, фігурамі святых і ваяроў, выявамі звяроў, царква св. Міколы Болнічкага ў Охрыдзе, 12—13 ст.). 17—19 ст. — росквіт глыбокай і ажурнай разьбы з расл. ўзорамі і рэаліст. фігуркамі жывёл і людзей (у т. л. аўтапартрэтамі рэзчыкаў), у якой візант. і грэч. ўплывы, элементы барока і ракако спалучаліся з рысамі наіўнага гратэску. У эпоху асманскага панавання развіццё жывапісу запаволілася. Паступовы адыход ад стараж. канонаў пачаўся з 2-й пал. 18 ст. пад уплывам мастацтва Зах. Еўропы і Расіі (сям’я Фрчкоскіх). У канцы 19 — пач. 20 ст. Дж.​Зографскі і Дз.​Андонаў уключалі ў царк. жывапіс фалькл. і сатыр. матывы, патрыят. кампазіцыі, партрэты, пейзажы, сцэны нар. жыцця. У 1920—30-я г. жывапісцы Л.​Лічэноскі, М.​Марціноскі і інш. ў свабоднай дэкар. манеры стваралі нац. пейзажы, жанравыя кампазіцыі, партрэты і нацюрморты. Сярод першых прафес. скульптараў Дз.​Тадароўскі, П.​Хаджы-Бошкаў і інш. Вял. ўклад у развіццё выяўл. мастацтва М. зрабілі жывапісцы Р.​Анастасаў, П.​Мазеў, скульптар Б.​Мітрычэўскі і інш. У 1960—80-я г. рэаліст. традыцыі часта спалучаліся з пошукамі новых сродкаў пластычнай выразнасці (жывапісцы Д.​Кандоўскі, Г.​Чэмерскі, С.​Шэмаў, Т.​Шыяк, графік Д.​Перчынкаў, скульптар С.​Манеўскі і інш.). Развіваюцца нар. промыслы (чаканка па серабру, вышыўка, выраб дываноў і інш.).

Г.​С.​Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), І.​А.​Чарота (літаратура).

Сцяг Македоніі.
Да арт. Македонія. Узбярэжжа Ахрыдскага возера.
Да арт. Македонія. Удзельнікі нацыянальна-вызваленчага паўстання 1903.
Да арт. Македонія. Царква святога Клімента ў г. Охрыд. 13 ст.
Да арт. Македонія. Аплакванне Хрыста. Размалёўка царквы святога Панцеляймона ў Нерэзі. 1164.

т. 9, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГО́РНЫ КАРАБА́Х,

гістарычная вобласць у Закаўказзі, у складзе Азербайджана. Пл. 4,4 тыс. км². Нас. 194 тыс. чал. (1991), гарадскога 52,7%. Сярэдняя шчыльн. 43,9 чал. на 1 км². Жывуць армяне (76,9%), азербайджанцы (21,5%), рускія (1%) і інш. У выніку армяна-азерб. ўзбр. канфлікту (1988—94) значна вырасла міграцыйная актыўнасць насельніцтва; тысячы азербайджанцаў пакінулі тэр. Н.К., адначасова павялічыўся прыток армян з Азербайджана ў Н.К. Цэнтр — г. Ханкэнды (б. Сцепанакерт). Гарады: Шуша, Акдэры (Мардакерт).

Прырода. Рэльеф гарысты. Асн. частка тэр. Н.К. размешчана ў межах М. Каўказа. На Пнхр. Мураўдаг (выш. да 3724 м, г. Гямыш), у цэнтры, на З і Пд — Карабахскі хр. (выш. да 2725 м), на ПнУ і У — раўніны. Горы складзены часткова з кайназойскіх вулканагенна-асадкавых парод (туфы, туфабрэкчыі, лавы рознага складу, пясчанікі, вапнякі). Тэр. Н.К. адносіцца да ліку тэктанічна актыўных. Карысныя выкапні: поліметал. руды з прамысл. запасамі свінцу, цынку, медзі, барыты, буд. матэрыялы (мармур, мергелі, вапнякі, вогнетрывалыя гліны). Крыніцы мінер. вод. Клімат на б. ч. тэрыторыі ўмерана цёплы з сухой зімой. На раўніне і ў сярэднягор’і сярэдняя т-ра студз. ад 3 °C да -2 °C, у высакагор’і ад -6 °C да -10 °C, ліп. адпаведна 20—25 °C і 10—15 °C. За год на раўніне і ў сярэднягор’і выпадае 400—600 мм ападкаў, у высакагор’і — больш за 800 мм. Гал. рэкі: Тэртэр, Хачынчай, Каркарчай (бас. Куры), Кендэланчай, Ішханчай (бас. Аракса) багатыя энергарэсурсамі. На р. Тэртэр — Сарсангскае вадасх. з ГЭС. Глебы на раўніне і нізкагор’і пераважна каштанавыя, у сярэднягор’і — горна-лясныя, вышэй — горна-лугавыя. Расліннасць на раўніне палыновая і палынова-злакавая паўпустынная, у перадгор’ях і нізкагор’і зараснікі паўксерафітных хмызнякоў у спалучэнні са стэпавай расліннасцю, вышэй — шыракалістыя. лясы (дуб, граб, бук), субальпійскія і альпійскія лугі. Пад лесам і хмызнякамі каля 32% тэрыторыі.

Гісторыя. Сляды дзейнасці чалавека на тэр. Н.К. выяўлены з ніжняга палеаліту. У старажытнасці і сярэднявеччы — ч. гіст. Арменіі (арм. Арцах). У 1 ст. да н. э. — 8 ст. н. э. ў складзе Албаніі Каўказскай. У 11 ст. адбылося нашэсце сельджукаў, у 13 ст. — манголаў, у 16 ст. заваяваны Іранам. З сярэдзіны 18 ст. цэнтр. вобласць Карабахскага ханства са сталіцай у г. Шуша. Да пач. 19 ст. ў Н.К. захаваліся 5 арм. мелікстваў (княстваў) — апошніх рэшткаў арм. дзяржаўнасці. Паводле Гюлістанскага мірнага дагавора 1813 у складзе Рас. імперыі. У 1918—20 — аб’ект вострай барацьбы паміж Азербайджанам і Арменіяй, у выніку якой загінула больш за 20% насельніцтва Н.К. Пасля ўсталявання ў Н.К. сав. улады ў ліп. 1921 перададзены ў склад Азерб. ССР. У ліп. 1923 ператвораны ў Нагорна-Карабахскую аўт. вобласць (НКАВ). У лют. 1988 аблсавет НКАВ звярнуўся да Вярх. Саветаў СССР, Арм. ССР і Азерб. ССР з просьбай аб далучэнні да Арменіі, што стала пачаткам арм.-азерб. канфлікту. 26.11.1991 Вярх. Савет Азербайджана скасаваў аўтаномію Н.К. У студз. 1992 абвешчана Нагорна-Карабахская Рэспубліка (НКР). У ходзе ваен. дзеянняў у 1992—93 сілы самаабароны НКР пры падтрымцы Арменіі ўсталявалі кантроль над усёй тэр. Н.К. і шэрагам прылеглых раёнаў Азербайджана. У маі 1994 у г. Бішкек (Кіргізія) падпісана пагадненне аб спыненні агню ў Н.К. У цяперашні час Арменія і Азербайджан вядуць перагаворы пад эгідай Мінскай групы Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе пра будучыню Н.К.

Гаспадарка. Н.К. — пераважна агр. краіна. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 200 тыс. га, у т. л. пасяўныя пл. 51,7 тыс. га. Вядучыя галіны земляробства — вінаградарства, вытв-сць збожжа, садоўніцтва. Вырошчваюць збожжавыя (азімая пшаніца, ячмень), тэхн. (тытунь, бавоўнік), кармавыя і агародніна-бахчавыя культуры, бульбу. Вінаградарства развіта ў перадгор’ях, сярэднягор’і і на раўніне, пераважаюць тэхн. гатункі. Асн. пл. пладова-ягадных культур у Ханкэндыйскім і Ханджавендскім р-нах. Тутавае пладаводства. Жывёлагадоўля мяса-малочнага (на раўніне, у перадгор’ях і сярэднягор’і) і мяса-шэрснага (у высакагор’і) кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз, свіней, птушак. Развіта шаўкаводства. Прам-сць працуе пераважна на мясц. сыравіне. Асн. галіны: харч. (вінаробная, масласыраробная, мясная), лёгкая (шаўковая, абутковая, дывановая, швейная), маш.-буд. (эл.-тэхн.), электраэнергетыка, лясная і дрэваапр., у т. л. мэблевая. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Транспарт аўтамаб., чыг. і паветраны. Асн. аўтадарогі Еўлах—Агдам—Ханкэнды—Шуша—Лачын, Еўлах—Акдэры—Кельбаджар, чыгунка Еўлах—Агдам—Ханкэнды. У г. Ханкэнды аэрапорт. Курорт Шуша і бальнеакліматычная лячэбная мясцовасць Туршсу.

М.​Л.​Страха (прырода, гаспадарка).

т. 11, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІ́РЫЯ,

старажытная рабаўладальніцкая дзяржава на тэр. сучаснага Ірака. Існавала з 2-га тыс. да нашай эры да 7 ст. да нашай эры. З даўніх часоў тут жылі субарэйцы, ці хурыты, якія каля 2-га тыс. да нашай эры змяшаліся з селіцкімі семіцкімі плямёнамі Паўд. Месапатаміі. Цэнтрам Асірыі ў сярэдзіне 2-га тыс. да нашай эры стаў г. Ашур (Асур) і яго калоніі. Асн. занятак насельніцтва — жывёлагадоўля, земляробства. Запасы лесу, каменю, метал. руды спрыялі развіццю рамёстваў. Выгаднае геагр. размяшчэнне зрабіла Ашур цэнтрам транзітнага гандлю паміж Паўд. Двухрэччам і М. Азіяй.

У сярэдзіне 18 ст. да нашай эры Асірыя трапіла пад уладу Вавілоніі, у 16—15 ст. да нашай эры — Мітані. У канцы 15 — пач. 14 ст. да нашай эры Асірыя зноў стала незалежная і падпарадкавала Вавілонію. Асірыйскія законы 14 ст. да нашай эры сведчаць пра панаванне патрыярхальнай сям’і, пра маёмаснае расслаенне абшчыны. Заваёўніцкія войны, якія Асірыя вяла ў 14—13 ст. да нашай эры, павялічылі прыток рабоў-ваеннапалонных. Пасля часовага заняпаду (12 ст.) у канцы 12 — пач. 11 ст. да нашай эры Асірыя вяла паспяховыя войны ў Вавілоніі, Паўн. Сірыі, Фінікіі, рабіла набегі на Армянскае нагор’е. Аднак рух плямёнаў арамеяў аслабіў і расчляніў Асірыю. У 10—9 ст. да нашай эры асірыйскія цары зноў вялі заваёўніцкія войны з Вавілоніяй, Урарту, Мідыяй, Сірыяй. Разарэнне с.-г. раёнаў у выніку бясконцых войнаў выклікала сац.-паліт. крызіс. Пасля грамадз. вайны царом стаў Тыглатпаласар III (745—727 да нашай эры), які правёў дзярж. рэформы: умацаваў войска, увёў сістэму масавага перасялення заваяваных плямёнаў, надзяліў зямлёй вольных земляробаў і абавязаў іх выконваць вайск. павіннасць. Пры ім зноў пачаліся заваёўніцкія войны. За 100 гадоў Асірыя заваявала амаль усю Пярэднюю (Зах.) Азію і ператварылася ў магутную ваен. дзяржаву. Унутрыпаліт. барацьба, класавыя супярэчнасці, вызв. барацьба заваяваных народаў аслабілі Асірыю. Пры цару Ашурбаніпале (669 — каля 633 да нашай эры) войны супраць кааліцыі дзяржаў на чале з Вавілонам падарвалі сілы Асірыі, у 605 да н.э. яна была пераможана і перастала існаваць. Яе насельніцтва змяшалася з арамеямі Месапатаміі.

Пра выяўл. мастацтва Асірыі гл. ў арт. Вавілона-Асірыйская культура.

Да арт. Асірыя. Паляванне Ашурбаніпала. Рэльеф у палацы Ашурбаніпала.

т. 2, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРЫНО́ВІЧ Адам Гіляры Калікставіч [25.1.1869, б. фальварак Кавалі (Кавалькі), Мядзельскі р-н Мінскай вобл. — 4.2 (паводле інш. звестак 26 ці 29.1.1894), бел. паэт-дэмакрат, фалькларыст. Вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це (1887—93). Член, кіраўнік створанага ў 1889 нелегальнага «Гуртка моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай», які аб’ядноўваў студэнтаў шэрагу пецярбургскіх ВНУ і быў звязаны з Г.​В.​Пляханавым. У 1893 арыштаваны і зняволены, відаць, у Петрапаўлаўскую крэпасць. З-за хваробы адпраўлены пад нагляд паліцыі ў бацькоўскі фальварак Крыстынопаль (Смаргонскі р-н), дзе і памёр ад чорнай воспы. На фарміраванне светапогляду Гурыновіча аказалі ўплыў распаўсюджанне марксізму ў Расіі, ідэі шляхецкіх рэвалюцыянераў і рэв. народніцтва 1880-х г., у т. л. бел. групы «Гоман». Пісаў на бел., рус. і польск. мовах. У паэзіі быў паслядоўнікам Ф.​Багушэвіча (праграмны верш «Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею...»), выступаў з пазіцый рэалізму і народнасці, супраць сац., нац. і рэліг. ўціску, заклікаў да сац. барацьбы, да духоўнага абнаўлення (вершы «Перш душылі паны...», «Што ты спіш, мужычок...»). Пісаў у жанры пейзажнай («Бор», «Вясна») і элегічнай («Сцямнела на дворы і ціха кругом») лірыкі. Адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай паэзіі («Каток», «Рыбак»). На бел. мову пераклаў асобныя творы А.​Пушкіна, І.​Крылова, М.​Някрасава, А.​К.​Талстога, А.​Міцкевіча, Э.​Ажэшкі, Я.​Каспровіча, І.​Франко. У Свянцянскім пав. зрабіў шмат запісаў бел. фальклору («Зборнік беларускіх твораў...», 1893). Упершыню яго творы апубл. (з уступным артыкулам Б.​Тарашкевіча) у газ. «Беларускі звон» (1921). Частка рукапісаў спадчыны Гурыновіча зберагаецца ў БДАМ ЛІМ і Цэнтр. б-цы АН Літвы.

Тв.:

У кн.: Беларускія пісьменнікі другой паловы XIX ст., Мн., 1956;

Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

Літ.:

Гульман Р.І. Новыя архіўныя матэрыялы пра Адама Гурыновіча // Беларуская літаратура: Даслед. і публ. Мн., 1958. [Вып.] 1;

Шутовіч І. Адам Гурыновіч // Полымя. 1966. № 11;

Саламевіч Я. Адам Гурыновіч — фалькларыст // Тамсама. 1969. № 1;

Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;

Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст., Мн., 1977;

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989;

Мальдзіс А. Невядомыя здымкі Адама Гурыновіча // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1983. № 4.

Р.​М.​Семашкевіч.

Адам Гурыновіч.

т. 5, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЬСКІ РАЁН,

на Пд Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 як Каралінскі р-н, перайменаваны (1931) у Ельскі (у сучасных межах з 1965). Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 23,6 тыс. чал. (1997), гарадскога 51,7%. Сярэдняя шчыльнасць 17,3 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Ельск, 70 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 9 сельсаветаў: Багуціцкі, Валаўскі, Засінцаўскі, Качышчанскі, Млыноцкі, Рамязоўскі, Роза-Люксембургскі, Скараднянскі, Старавысокаўскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986). Поўнасцю адселена 5 нас. пунктаў (1996), у зоне з правам адсялення знаходзяцца 46 нас. пунктаў, дзе пражывае 18,8 тыс. чал.

Тэр. раёна пераважна ў межах Мазырскага Палесся, цэнтр. і паўд.-ўсх. ч. ў межах Гомельскага Палесся. Паверхня пласкахвалістая. 75% тэр. раёна на выш. 130—140 м, 25% — 140—160 м. Найвыш. пункт 177,8 м на Пд раёна (урочышча Ямны). Карысныя выкапні: торф, гліны для грубай керамікі, пясок, нафтавыя праяўленні, мінер. крыніца. У Е.р. ў 1952 упершыню на Беларусі атрымана са свідравіны нафта (18 т). Сярэдняя т-ра студз. -6,2 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў 590 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. У паўд. ч. раёна працякае р. Славечна з прытокамі Чэрцень, Батыўля, Ясенец, Жалонь, на ПнУ — Мытва з прытокам Млынок. Меліярац. каналы: Белякоўскі, Воўне, Высокі, Высока-Махнавіцкі, Валаўскі, Зашыр’еўскі і інш. 10 вадасх., найб. Кочышча, Бабруйкаўскае, Княжабор’еўскае. Пераважаюць глебы (79,3%) дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя. Пад лесам 53% тэрыторыі. Найб. лясістасць на ПдЗ, лясы хваёвыя і бярозавыя. Балоты пераважна нізінныя, займаюць 16,9% тэр., усе асушаны. Найб. балотныя масівы: Гала, Перасечанае балота.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 45,4 тыс. га, з іх асушаных 27,6 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 9 калгасаў, 6 саўгасаў, 6 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы дрэваапр. (мэблевая ф-ка), буд. (жалезабетонныя вырабы, цэгла, піламатэрыялы і інш.) і харч. прам-сці. Леспрамгас. Лясгас.

Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Калінкавічы—Оўруч (Украіна), нафтаправод «Дружба». Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі з г. Нароўля і г.п. Лельчыцы. У раёне 13 сярэдніх, 3 базавыя, 3 пачатковыя, 2 муз. школы, школа-інтэрнат, міжшкольны вытв.-вучэбны камбінат, 18 дашкольных устаноў, 38 клубаў і дамоў культуры, 26 б-к, 3 бальніцы, 20 фельч.-ак. пунктаў. Помнік архітэктуры — царква (18 ст.) у г. Ельск. Выдаецца газ. «Народны голас».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 6, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБЧА́НСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16 — пач. 19 ст. ў г.п. Любча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны на высокім левым беразе Нёмана. Прамавугольны ў плане (64 × 87 м), быў умацаваны валунамі, з 3, Пд і У — ровам (шыр. каля 30 м, глыб. 7—10 м). На паўд.-зах. і паўд.-ўсх. вуглах замчышча размяшчаліся 2 мураваныя вежы. Паўд.-зах. вежа-брама (10,15 × 9,8 м) мела выгляд куба, які на вы ш. каля 8 м пераходзіць у 8-гранную прызму. Падмурак быў складзены з вял. камянёў на вапне, выш. 3,85 м. Вежа мела 4 ярусы бою. Аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй гэта вежа вельмі падобная да вежаў Мірскага замкава-паркавага комплексу і некат. абарончых вежаў Віцебскага Верхняга замка. Паводле выкарыстання мяшанай гатычна-рэнесансавай муроўкі яе можна датаваць 2-й пал. 16 ст. Пра гэта сведчыць і знойдзены флюгер-ветранік з гербам Радзівілаў і лічбамі «1581». Напачатку вежа была, відаць, адзінай мураванай у драўляным замку, пра што ўскосна сведчаць прасла, што прымыкае да яе мураванай сцяны, і 2-я вуглавая паўд.-ўсх. вежа, якая адрозніваецца формай, памерамі (8,3 × 8,3 м) і рэнесансавай муроўкай. Яе пабудавалі, верагодна, у пач. 17 ст., бо на гербе Любчы, атрыманым у 1644, намаляваны 2 вежы. Яна таксама стаіць на падмурку выш. каля 4 м. У вежы былі 3 ярусы бою. Прасла замкавай сцяны паміж вежамі таксама рэнесансавай муроўкі мела таўшчыню 1,3 м. На паўд. баку замчышча, па-над Нёманам, паміж 2 невял. вежамі размяшчаўся палац. Паводле інвентара Л.з. за 1661 вежы мелі бляшаныя дахі з купаламі, на якіх знаходзіліся флюгеры з гербам Радзівілаў. Паўд.-зах. ўязная вежа запіралася дубовай брамай, перад ёю цераз роў быў перакінуты пад’ёмны мост. Пад вежай размяшчаліся скарбец і вязніца. На сцяне, звернутай у бок замкавага падворка, знаходзіўся гадзіннік. Справа ад увахода была кардэгардыя (каравульнае памяшканне), ва ўсх. частцы замкавай сцяны — фортка, якая выводзіла на 2-і мост. У 1655 Л.з. быў узяты казакамі І.​Залатарэнкі. У 18 ст. замак страціў сваё абарончае значэнне. Паводле апісання Л.з. за 1813, тут былі толькі 2 вежы, 2 масты злучалі замак з мястэчкам і фальваркам.

Літ.:

Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991.

М.​А.​Ткачоў.

Любчанскі замак у пачатку 19 ст. 3 акварэлі Ю Пешкі.

т. 9, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ТАД (ад грэч. methodos шлях даследавання або пазнання, тэорыя, вучэнне),

спосаб пазнання, сукупнасць прыёмаў і аперацый практычнага і тэарэт. асваення рэчаіснасці. М. могуць быць прыёмы навук. даследавання і маст. творчасці, сістэмы аперацый у тэхніцы, прам-сці, сельскай гаспадарцы і інш. У філасофіі пад М. разумеюць пэўны спосаб пабудовы і абгрунтавання сістэмы філас. і навук. ведаў. Зыходныя ўяўленні аб М. сфарміраваны ў антычнасці, але сістэмнае вывучэнне і распрацоўка М. адносіцца да Новага часу і звязана з узнікненнем і развіццём эксперым. навукі. Пачынальнік метадалогіі доследнай навукі Ф.​Бэкан параўноўваў М. з паходняй, якая асвятляе шлях у цемры. Выключная рознатыповасць аб’ектаў навукі і чалавечай практыкі абумоўліваюць разнастайнасць М., таму спробы выпрацаваць універсальны, прыдатны да пазнання ўсіх з’яў і аб’ектаў М. не прывялі да поспеху. Адрозніваюць агульныя М., якія выкарыстоўваюцца ў працэсе як навук., так і звычайнага пазнання, а таксама ў практычнай дзейнасці, і навук. М., уласцівыя толькі навук. пазнанню. Навук. М., у сваю чаргу, падзяляюцца на агульнанавуковыя, якія выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі, і канкрэтна-навук., або спецыяльныя, якія ўжываюцца ў рамках асобных навук. дысцыплін. Тэндэнцыя інтэграцыі навук. ведаў вядзе да пашыранага выкарыстання М. адных навук у інш. навуках, што актуалізуе пытанне пра М. міждысцыпліннага даследавання. У залежнасці ад суаднясення з вопытам вылучаюць М. эмпірычныя і тэарэтычныя; адрозніваюць таксама лагічныя М., звязаныя з абстрактным, разумовым узроўнем пазнання (аналіз, сінтэз, індукцыя, дэдукцыя, аналогія і інш.), і практычныя М., непасрэдна звязаныя з матэрыяльнай, практычна-прадметнай дзейнасцю (назіранне, рэальны эксперымент і інш.). Павялічваецца роля М. навук.-тэхн. творчасці, дзе навук. пошук спалучаецца з вынаходствам і дзе творца спалучае ў сабе якасці даследчыка і інжынера. У залежнасці ад мэты М. падзяляюць на эўрыстычныя (скіраваныя на адкрыццё новага) і алгарытмічныя. Паводле характару дэтэрмінацыі адрозніваюць адназначна дэтэрмінаваныя і імавернасныя М. Ужываецца таксама класіфікацыя М. на колькасныя і якасныя. У залежнасці ад сферы выкарыстання бываюць М. хім., фіз., біял., лінгвістычныя, сацыялагічныя і інш. Развіццё М., іх ускладненне і дыферэнцыяцыя абумовілі стварэнне вучэння аб М. — метадалогіі.

Літ.:

Бэкон Ф. Новый Органон // Соч. 2 изд. М., 1978. Т. 2;

Степин В.С., Елсуков А.Н. Методы научного познания. Мн., 1974;

Кочергин А.Н. Научное познание: формы, методы, подходы. М., 1991.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 10, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ (НТР),

карэннае, якаснае пераўтварэнне навукі, тэхнікі, сістэмы прадукц. сіл на аснове ператварэння навукі ў вядучы фактар развіцця вытв-сці. НТР пачалася з сярэдзіны 1940-х г., яе перадумовы створаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў сувязі з шэрагам адкрыццяў у прыродазнаўчых навуках. Уплывае на ўсе бакі жыцця грамадства, у т. л. на яго сац. і галіновую структуру, культуру, побыт і псіхалогію людзей, змяняе ўмовы, характар і змест іх працы, уздзейнічае на экалагічную сітуацыю, дэмаграфічныя працэсы і інш. Ператварэнне навукі ў непасрэдную прадукц. сілу суправаджаецца ўскладненнем яе структуры, узрастаннем ролі міждысцыплінарных і прыкладных даследаванняў, доследна-канструктарскіх распрацовак як звёнаў, што звязваюць навуку з вытв-сцю. На падставе ўкаранення вынікаў фундаментальных навук. даследаванняў на стыку шэрагу навук узніклі прынцыпова новыя галіны вытв-сці (атамная энергетыка, кібернетыка, радыёэлектроніка, валаконная оптыка, матэрыялазнаўства і інш.), ствараюцца новыя сістэмы тэхналогій — біятэхналогіі, лазернай тэхналогіі і інш. Пры НТР адбываюцца кардынальныя змены ў дачыненні да суб’ектаў вытв-сці — працаўнікоў, растуць патрабаванні да іх ведаў і прафес. падрыхтоўкі, інтэлектуальнага, кваліфікацыйнага і агульнакульт. ўзроўняў, арганізац. здольнасцей (гл. Навукова-тэхнічны патэнцыял). Інтэнсіфікацыя вытв-сці ў эпоху НТР суправаджаецца ўцягненнем у гасп. абарот асн. прыродных рэсурсаў планеты (карысных выкапняў здабываецца штогод да 150 млрд. т), што разам з індустр. забруджваннем, разбурэннем азонавага слоя, парушэннем натуральнага энергет. балансу Зямлі стварае пагрозу экалагічнай катастрофы. Не пазбаўлена супярэчнасцей і асваенне касм. прасторы (дасягненні ў гэтай сферы выкарыстоўваюцца пераважна ў ваен. мэтах). Практычнае выкарыстанне ядзернай энергіі вырашае энергет. праблемы ў шэрагу краін свету (атамныя электрастанцыі, атамныя ледаколы і інш.), разам з тым назапашванне ядз. зброі ставіць пад пагрозу жыццё на Зямлі; выкарыстанне атамнай энергіі ў мірных мэтах таксама ўяўляе сабой небяспеку для жыцця чалавека (аварыя на Чарнобыльскай АЭС). Развіццё і выкарыстанне электронна-выліч. тэхнікі зрабіла рэвалюцыянізуючы ўплыў на ўсе кірункі навукова-тэхнічнага прагрэсу, садзейнічала камп’ютэрызацыі вытв-сці і кіраўніцкай працы, укараненню новых інфарм. тэхналогій (сучасны этап НТР наз. інфармацыйнай рэвалюцыяй, а грамадства — інфармацыйным грамадствам. Наяўнасць практычна па кожным з кірункаў НТР магчымасці атрымання станоўчых і адмоўных вынікаў патрабуе ў кожным канкрэтным выпадку ўлічваць навук.-тэхн. і вытв.-тэхнал. фактары і сац. складальныя НТР.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 11, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)