МЕДУНІ́ЦА, шчамяліца (Pulmonaria),

род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 3 віды М.: вузкалістая (P. angustifolia), мяканькая (P. mollissima), няясная, або цёмная (P. obscura). Трапляюцца пераважна ў лісцевых і мяшаных лясах, хмызняках.

Шматгадовыя травы з паўзучым карэнішчам. Сцёблы апушаныя простымі і залозістымі валаскамі. Кветкі 5-членныя, бэзавыя, ружовыя, сінія, фіялетавыя, у верхавінкавым суквецці завіток. Плод — арэшак. Трава М. мае дубільныя рэчывы. Лек., меданосныя, дэкар. расліны.

Медуніца.

т. 10, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЖАЕ́ЎСКАЯ (Вольга Іванаўна) (12.11.1904, в. Бязуеў Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 13.5.1981),

бел. вучоны ў галіне энтамалогіі. Д-р біял. н. (1974). Скончыла БДУ (1931). З 1949 у Ін-це біялогіі, Аддзеле заалогіі і паразіталогіі АН Беларусі. Навук. працы па фауне, экалогіі, марфалогіі лускакрылых насякомых (совак) і нематод — шкоднікаў с.-г. культур.

Тв.:

Нематоды главнейшых полевых культур БССР. Мн., 1953;

Чешуекрылые (Lepidoptera) Белоруссии: Кат. Мн., 1976 (разам з А.​М.​Літвінавай, Р.​У.​Малчанавай).

т. 10, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЕ́ВІЧ (Ільдафонс Юр’евіч) (каля 1835, Віленскі пав. — ?),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. З 1860 каморнік у Гродзенскай губ. З 1861 у Гродзенскай рэв.-дэмакр. арг-цыі, створанай К.​Каліноўскім. У 1863 сакратар паўстанцкага цывільнага начальніка Гродзенскай губ. З лета 1863 у Вільні, адзін з бліжэйшых памочнікаў Каліноўскага па кіраўніцтве паўстаннем, член Выканаўчага аддзела Літвы. У студз. 1864 арыштаваны, прыгавораны да 6 гадоў катаргі. Далейшы лёс невядомы. Г.​В.​Кісялёў.

т. 10, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НІН (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 28.8.1924, в. Арлея Полацкага р-на Віцебскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС (1963). У Вял. Айч. вайну ў 1942—43 разведчык 3-й Бел. партыз. брыгады, з ліст. 1943 на 3-м Бел. фронце. Камандзір аддзялення разведкі палка М. вызначыўся ў Бел. аперацыі 1944 26 чэрв.—14 ліп. на тэр. Беларусі і Літвы. З 1948 на парт. і прафс. рабоце.

А.А.Мінін.

т. 10, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ФА́БРЫКА КАЛЯРО́ВАГА ДРУ́КУ.

Засн. ў 1984 у Мінску. Адно з буйнейшых прадпрыемстваў паліграф. прам-сці Беларусі. Спецыялізуецца на друкаванні шматколернай прадукцыі на розных мовах. Асн. прадукцыя (1999): кнігі (у т. л. шматтомныя выданні, напр. Беларуская Энцыклапедыя), буклеты, каталогі, праспекты, плакаты, альбомы, запісныя кніжкі, папкі, бланкі, ярлыкі, календары, фоташпалеры. Вытв-сць фотаформ, упакоўкі з кардону, набор і вёрстка тэксту, друкаванне каштоўных папер, электронны мантаж і рэтуш, колерадзяленне.

Мінская фабрыка каляровага друку. Формны цэх.

т. 10, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РТ (Mirtus),

род кветкавых раслін сям. міртавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках, пераважна Амерыкі. На Беларусі культывуецца ў пакоях і аранжарэях М. звычайны (M. communis).

Вечназялёныя кусты і дрэвы. Лісце супраціўнае, суцэльнае, скурыстае, на кароткіх чаранках або сядзячае. Кветкі пераважна адзіночныя. Плод ягадападобны. Са стараж. часу культывуецца М. звычайны. Эфірны алей з кветак, лісця і інш. ч. раслін выкарыстоўваецца ў кулінарыі, парфумерыі, медыцыне, плады і лісце — прыправа. Дэкар. расліны.

Мірт звычайны.

т. 10, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІСЕ́ВІЧ (Уладзіслаў Людвігавіч) (н. 8.5.1945, г. Арэнбург, Расія),

бел. эстрадны музыкант. Засл. арт. Беларусі (1979). Вучыўся ў Мінскім муз. вучылішчы імя М.​Глінкі (1963—66), скончыў Мінскі ін-т культуры (1988). З 1967 артыст-інструменталіст эстрады Белдзяржфілармоніі, у 1969—93 артыст вак.-інстр. ансамбля «Песняры», з 1998 артыст і дырэктар вак.-інстр. ансамбля «Беларускія песняры» пры Дзярж. аб’яднанні «Белканцэрт». Валодае некалькімі духавымі муз. інструментамі (флейта, саксафон, дудачкі), добрымі вак. данымі.

Г.​М.​Загародні.

т. 10, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОТАБЛО́К,

цягавая прылада для розных малагабарытных трансп. і с.-г. машын і механізмаў. Прызначана для механізацыі работ на прысядзібных участках, напр., ворыва, баранавання, апрацоўкі міжрадкоўяў бульбы і буракоў, кашэння травы, транспартавання грузаў, выканання работ з навяснымі механізмамі, у т. л. з прыводам ад вала адбору магутнасці. Зманціравана на 1-восевым шасі, мае аўтаномны рухавік. На Беларусі выпускаецца М. МТЗ-0,5 «Беларусь» з камплектам адпаведных механізмаў.

Мотаблок МТЗ-0,5 «Беларусь» з камплектам абсталявання.

т. 10, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ХА-МІХА́ЛЬСКІ,

крыптанім, якім карысталіся многія кіраўнікі партыз. руху ў Зах. Беларусі. Узяты ад прозвішча байца, які ў 1922 перайшоў з польскай арміі на бок партызан у атрад К.П.Арлоўскага (Аршынава). Ад імя М.-М. выступалі і дзейнічалі Арлоўскі, С.​А.​Ваўпшасаў, А.​М.​Рабцэвіч, В.​З.​Корж і інш.

Літ.:

Ваупшасов С.А. На разгневанной земле. 2 изд. Мн., 1965;

Сорокин А.А. Освободительное и революционное крестьянское движение в Западной Белоруссии (1920—1939 гг.). Мн., 1970.

т. 11, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАХІЛЕ́ННЕ МАГНІ́ТНАЕ,

вугал паміж вектарам напружанасці магнітнага поля Зямлі і плоскасцю гарызонту ў пункце назірання зямной паверхні; адзін з элементаў зямнога магнетызму. Адпавядае вуглу нахілу магн. стрэлкі, якая мае гарызантальную вось вярчэння і знаходзіцца ў плоскасці мерыдыяна магнітнага. Н.м. лічыцца паўночным (дадатным), калі паўн. канец магн. стрэлкі накіраваны ўніз, і паўднёвым (адмоўным), калі накіраваны ўверх. На магн. экватары Н.м. роўнае 0°, на магнітных полюсах ± 90°. На тэр. Беларусі Н.м. дадатнае на Пн каля 70°.

т. 11, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)