О́КСФАРД (Oxford),
горад у Вялікабрытаніі, на ПнЗ ад Лондана, на р. Тэмза. Адм. ц. графства Оксфардшыр. Каля 130 тыс. ж. (1999). Паліграф. і эл.-тэхн. прам-сць. Старажытны універсітэцкі горад (гл. Оксфардскі універсітэт). Арх. помнікі: рамана-гатычны сабор (12—16 ст.), арх. ансамблі універсітэцкіх каледжаў пераважна ў стылі англ. готыкі. Музей Ашмала (археал. і маст. калекцыі). У прыгарадзе Каўлі — аўтамабілебудаванне.
Упершыню згадваецца як крэпасць у 912. Да канца 12 ст. горад абкружаны валамі і драўлянымі ўмацаваннямі. Стварэнне ў 2-й пал. 12 ст. ун-та вызначыла яго развіццё як універсітэцкага горада. Як крэпасць і цэнтр навукі ў сярэднявеччы О. адыгрываў ролю 2-й сталіцы Англіі. У 1258 у О. збіраўся т.зв. «шалёны парламент», які абмежаваў уладу караля. З 1541 рэзідэнцыя англіканскага епіскапа. У час англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя рэзідэнцыя і штаб-кватэра караля Карла I. У 1646 горад заняты войскамі О.Кромвеля. У 1681 у час рэстаўрацыі Сцюартаў Карл II правёў тут апошняе пасяджэнне парламента.
т. 11, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАШКО́ВАЙ МЕТАЛУРГІ́І З ДО́СЛЕДНАЙ ВЫТВО́РЧАСЦЮ НДІ Беларускага дзяржаўнага навукова-вытворчага канцэрна парашковай металургіі.
Засн. ў 1972 у Мінску на базе праблемнай лабараторыі Бел. політэхн. ін-та. У 1980 на базе НДІ створана навукова-вытв. аб’яднанне, у 1996 — Бел. дзярж. навукова-вытворчы канцэрн парашковай металургіі. Асн. кірункі навукова-тэхн. дзейнасці: распрацоўка навук. прынцыпаў кіравання структурай і ўласцівасцямі матэрыялаў, стварэнне новых матэрыялаў (канструкцыйных, порыстых, трыбатэхн., алмазазмяшчальных, магнітных, керамічных і інш.) для работы ў экстрэмальных умовах; распрацоўка высокаэфектыўных тэхналогій атрымання гэтых матэрыялаў метадамі парашковай металургіі, сінтэзу, уздзеяннем імпульснымі нагрузкамі, нанясеннем ахоўных пакрыццяў і інш. і выраб з іх дэталяў, вузлоў і камплектуючых для прадпрыемстваў аўтатрактарнага і с.-г. машынабудавання, энергетыкі, прыборабудавання, чыг. транспарту, вытв-сці хім. і харч. прадуктаў, будматэрыялаў, вырабаў мед. тэхнікі і інш. З 1977 выдае штогоднік «Парашковая металургія». У ін-це працаваў чл.-кар. Нац. АН Беларусі Г.Дз.Карпенка, працуюць акад. Нац. АН Беларусі П.А.Віцязь і А.У.Роман.
В.В.Савіч.
т. 12, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЕ́КТНА-ТЭХНАЛАГІ́ЧНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА «БЕЛГАНДАЛЬСІСТЭ́МА» Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1973 у Мінску на базе Бел. філіяла Усесаюзнага аб’яднання «Саюзгандальсістэма» як Бел. праектна-тэхнал. ін-т Усесаюзнага праектна-тэхнал. і вытв. аб’яднання па ўкараненні аўтаматызаваных сістэм кіравання (АСК) гандлем Мін-ва гандлю СССР. З 1978 БелгандальАСКпраект Мін-ва гандлю БССР. З 1981 Праектна-тэхнал. ін-т па распрацоўцы, укараненні і эксплуатацыі аўтаматызаваных сістэм кіравання гандлем (ПТІ «Белгандальсістэма»). З 1997 Праектна-тэхнал. дзярж. прадпрыемства, з 2000 — рэсп. унітарнае. Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка праектнай дакументацыі і ўкараненне аўтаматызаваных сістэм кіравання (комплексаў задач) на прадпрыемствах і ў арг-цыях гандлю, грамадскага харчавання і інш.; аказанне ўлікова-вылічальных, інфарм. і паліграфічных паслуг; стварэнне і падтрымка ў рабочым стане галіновай інфарм. камп’ютэрнай сеткі «Гандальсетка», суправаджэнне (адаптацыя, дастасаванне да мясц. умоў і інш.) праграмнага забеспячэння, абслугоўванне тэхн. сродкаў; абагульненне навукова-тэхн. дасягненняў у галіне вылічальнай тэхнікі і ўкараненне іх у арг-цыях і прадпрыемствах гандлю і грамадскага харчавання Беларусі.
В.А.Шкандзяюк.
т. 12, с. 540
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКАЯ СЕ́КЦЫЯ 1-га ІНТЭРНАЦЫЯНА́ЛА,
арганізацыя расійскіх эмігрантаў у Жэневе (Швейцарыя) у 1870—72. Засн. ў канцы 1869 — пач. 1870, уваходзілі М.І.Уцін, В.І. і К.Р.Барценевы, бел. рэвалюцыянер А.Д.Трусаў, Г.В.Корвін-Крукоўская і інш. У Ген. Савеце Інтэрнацыянала 1-га Рус. секцыю прадстаўляў К.Маркс. Статут і праграма секцыі былі блізкія да праграмных дакументаў Інтэрнацыянала. Яе члены прытрымліваліся рэв.-дэмакр. поглядаў, першымі сярод рас. рэвалюцыянераў паставілі пытанне пра стварэнне ў Расіі рабочых саюзаў і партыі. Яны падтрымлівалі сувязі з рэв. падполлем Расіі, удзельнічалі ў рабочым руху Швейцарыі, дапамагалі Марксу і Ф.Энгельсу змагацца з анархізмам у Інтэрнацыянале, друкавалі на рус. мове працы Маркса, М.Г.Чарнышэўскага, І.Ф.Бекера і інш. У 1872 секцыя спыніла існаванне; яе б. члены, у т. л. Трусаў, падтрымлівалі сувязі з Марксам, выдавалі рэв. л-ру.
Літ.:
Козьмин Б.П. Русская секция Первого Интернационала. М., 1957;
Шпадарук И.П. Русская секция I Интернационала и ее социологические воззрения. Мн., 1970.
т. 13, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЧЫЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1952, адкрыты ў 1954 (у 1962—64 не працаваў) у г. Рэчыца Гомельскай вобл. Пл. экспазіцыі 377 м², больш за 21 тыс. экспанатаў асн. фонду, 3 аддзелы, выставачная зала (2002). Сярод экспанатаў каменныя і крамянёвыя прылады працы, жаночыя ўпрыгожанні 7—3 ст. да н.э. з археал. помнікаў раёна, скарбы манет ВКЛ і Рэчы Паспалітай, інтэр’ер сял. хаты і нац. адзенне пач. 20 ст., матэрыялы пра падзеі ваеннай інтэрвенцыі 1918—20. калектывізацыю, рэпрэсіі 1930—50-х г., пра стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў Вял. Айч. вайну, злачынствы ням. фашыстаў, агучаная дыярама пра фарсіраванне сав. войскамі Дняпра на Пд ад Рэчыцы. У экспазіцыі матэрыялы пра землякоў — Герояў Сав. Саюза, удзельнікаў вайны ў Афганістане 1979—89, удзельнікаў ліквідацыі вынікаў аварыі на ЧАЭС у 1986 і інш. Музей праводзіць выстаўкі твораў прафес. і самадз. мастакоў, вырабаў нар. ткацтва, дзіцячай творчасці, дэкар.-прыкладнога мастацтва і інш., выпускае буклеты пра гіст. мінулае горада і раёна.
І.А.Шафір.
т. 14, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З ЛЕСАПРАМЫСЛО́ЎЦАЎ ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНЯГА КРА́Ю,
рэгіянальнае манапалістычнае аб’яднанне лесапрамыслоўцаў у Рас. імперыі ў пач. 20 ст. Створаны з мэтай процідзеяння спробам Саюза ўсх.-прускіх лесагандляроў і лесапрамыслоўцаў навязаць рас. лесаэкспарцёрам свае ўмовы экспарту лесу ў Германію. Саюз прадстаўляў інтарэсы лесапрамыслоўцаў Арлоўскай, Валынскай, Віленскай, Гродзенскай, Кіеўскай, Ковенскай, Мінскай, Магілёўскай і інш. губ., якія гандлявалі лесам і ляснымі матэрыяламі і транспартавалі іх па Вісле і Нёмане ў Кёнігсберг, Данцыг, Мемель, Бромберг і Торн (Германія). У 1909 аб’ём экспартных паставак саюза быў больш як на 30 млн. руб. Для абароны сваіх інтарэсаў перад герм. лесаімпартнымі арг-цыямі саюз выступаў за ўсталяванне спец. гавані ў Юрбургу, заснаванне ін-та прысяжных мершчыкаў, нарміраванне экспарту для Паўн.-Зах. краю. Саюз вёў перагаворы пра аб’яднанне з інш. рэгіянальнымі арг-цыямі (напр., Саюзам лесапрамыслоўцаў Віцебскай губ.) і стварэнне ўсерас. манапаліст. аб’яднання.
Літ.:
Довнар-Запольский М.В. Народное хозяйство Белоруссии, 1861—1914 гг. Мн., 1926.
В.В.Сяховіч.
т. 14, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДЗЕ́БНІК 1497,
зборнік законаў Рус. дзяржавы, накіраваны на ліквідацыю яе феад. раздробленасці і стварэнне агульнарус. права. Яго крыніцамі былі Руская праўда, Пскоўская судная грамата, звычаёвае права, граматы і велікакняжацкія ўказы, перапрацаваныя дастасоўна да сац.-эканам. змен. Зборнік устанавіў адзіную сістэму дзярж. суд. органаў, вызначыў іх кампетэнцыю і супадпарадкаванне, рэгламентаваў суд. пошліны. Ён пашырыў кола ўчынкаў, якія прызнаваліся крымінальнымі [напр., крамола, «царкоўная тацба» (святатацтва), паклёп], увёў новыя паняцці злачынстваў і асабліва небяспечных злачынстваў, вышуковую форму працэсу. У якасці меры пакарання прадугледжвалася смяротная кара, лупцаванне (біццё бізуном у людных месцах, на таргах). Абмяжоўвалася права сервітутаў, павялічваліся тэрміны іскавай даўнасці ў адносінах да велікакняжацкіх зямель. Парушэнне межавых знакаў на велікакняжацкіх, баярскіх і манастырскіх землях каралася лупцаваннем, за тыя ж учынкі на сялянскіх землях — грашовым штрафам. Судзебнік увёў плату пажылога (карыстанне сядзібай) пры адыходзе селяніна ад феадала, устанавіў адзіны для ўсёй дзяржавы тэрмін пераходу сялян ад аднаго ўладальніка да другога — Юр’еў дзень.
т. 15, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́ЗІКА-ХІМІ́ЧНЫХ ПРАБЛЕ́М НДІ БЕЛАРУ́СКАГА ДЗЯРЖА́ЎНАГА УНІВЕРСІТЭ́ТА (НДІФХП БДУ). Засн. ў 1978 у Мінску на базе хім. ф-та БДУ. З 1999 установа Бел. дзярж. ун-та і НДІ фізіка-хім. праблем. Асн. кірункі дзейнасці: фізіка-хімія і навук. асновы практычнага выкарыстання ультрадысперсных і нанаструктураваных сістэм, атрыманых хім. і электрахім. метадамі; даследаванне працэсаў хім. мадыфікавання прыродных і сінт. палімераў, у т. л. цэлюлозы, і стварэнне на іх аснове новых матэрыялаў мед. і тэхн. прызначэння; распрацоўка навук. асноў прагназавання тэрмадынамічных уласцівасцей арган. рэчываў і тэрмадынамічнага абгрунтавання энерга- і рэсурсазберагальных тэхналогій арган. сінтэзу, распрацоўка навук. асноў працэсаў утылізацыі тэхнагенных адходаў і хім. метадаў вылучэння з іх карысных элементаў і злучэнняў, у т. л. высакародных металаў; распрацоўка новых метадаў сінтэзу і даследаванне ўласцівасцей біялагічна актыўных злучэнняў бялкова-пептыднай групы і злучэнняў рада азолаў; распрацоўваюцца навук. асновы стварэння сенсараў (электрахім., паўправадніковых, тэрмакаталітычных і інш.). У ін-це працавалі акад. Нац. АН. Беларусі В.В.Свірыдаў, чл.-кар. Нац. АН Беларусі Р.Л.Старобінец, працуюць акадэмікі Нац. АН Беларусі Ф.М.Капуцкі, А.Л.Лесніковіч.
т. 16, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОТАТРЫЯНГУЛЯ́ЦЫЯ (ад фота... + трыянгуляцыя),
метад вызначэння каардынат пунктаў мясцовасці па фотаздымках. Выкарыстоўваецца для згушчэння апорнай геадэзічнай сеткі з мэтай забеспячэння здымкаў апорнымі пунктамі для складання тапаграфічных карт і вырашэння інж. задач. Бывае прасторавая (вызначаюцца 3 каардынаты пунктаў) і планавая (2 каардынаты).
Прасторавая Ф. — стварэнне мадэлей мясцовасці па стэрэапары фотаздымкаў паводле маршрутаў (маршрутная і блочная Ф.), якія злучаюцца ў агульную сістэму праз выбраныя пункты ў зонах перакрыцця здымкаў. Па гэтых жа пунктах арыентуецца агульная мадэль мясцовасці адносна геад. сістэмы каардынат. Прасторавую Ф. развіваюць аналагавым спосабам на стэрэафотаграмметрычных прыладах, аналітычным — на стэрэакампаратарах з выкарыстаннем ЭВМ, у выніку чаго атрымліваюць каардынаты пунктаў сеткі згушчэння. Найб. дакладны для прасторавай Ф. спосаб звязак, засн. на сумесным ураўненні фотаграмметрычных і геад. вымярэнняў і паказанняў прылад на борце здымачнага самалёта. У планавай Ф. выкарыстоўваецца ўласцівасць аэраздымка як цэнтральнай праекцыі, паводле якой можна пазбегнуць скажэнняў за рэльеф і нахіл здымка. Каардынаты вылічваюць аналітычным і графічным спосабам.
П.П.Явід.
т. 16, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАСО́ВЫЯ ЎПРАЎЛЕ́ННІ ў Заходняй Беларусі,
паўнамоцныя органы ўлады, створаныя ў вер. 1939 на вызваленых Чырв. Арміяй землях Зах. Беларусі, таксама ў зах. пав. Беластоцкага ваяв., Астралэнцкім і Востраў-Мазавецкім пав. Варшаўскага ваяв. Выконвалі функцыі часовай адміністрацыі на працягу вер. 1939—1-й пал. 1940. Ствараліся паводле пастановы ваен. савета Бел. фронту ад 16.9.1939 і загаду камандуючага фронтам М.П.Кавалёва ад 19.9.1939. Як правіла, у іх уваходзілі па аднаму прадстаўніку ад Чырв. Арміі (палітработнік), Наркамата ўнутр. спраў, а таксама прадстаўнікі рабочых, інтэлігенцыі, сял. к-таў, партыз. атрадаў; зрэдку ўключаліся і б. члены КПЗБ. З 2.10.1939 важнай паліт. задачай Ч.у. стала арганізацыя мерапрыемстваў у сувязі з выбарамі ў Народны сход Заходняй Беларусі. Многія з прадстаўнікоў Ч.у. былі выбраны яго дэпутатамі і галасавалі за ўстанаўленне сав. улады і ўваходжанне Зах. Беларусі ў склад БССР. Ч.ў. сваімі практычнымі дзеяннямі (нацыяналізацыя прам-сці, банкаў і гандл. прадпрыемстваў, стварэнне калгасна-саўгаснай сістэмы) стварылі падмурак для пераводу эканомікі краю на сацыяліст. лад.
У.Ф.Ладысеў.
т. 17, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)