ПАНАФРЫКАНІ́ЗМ,
міжнародны ідэйна-паліт. рух, які ўзнік на мяжы 19 і 20 ст. сярод негрыцянскага насельніцтва ЗША і Вест-Індыі. Напачатку знаходзіўся пад моцным уплывам М.Гарві, які лічыў, што негрыцянскае пытанне можна вырашыць толькі шляхам перасялення ўсіх неграў на «гіст. радзіму» — у Афрыку. Пасля 1-й сусв. вайны рух П. ўзначаліў У.Э.Б.Дзюбуа, пад кіраўніцтвам якога пачалася арганізаваная барацьба супраць расавай дыскрымінацыі, за роўныя правы для чорных і белых. У 1919, 1921, 1923 і 1927 адбыліся панафр. кангрэсы. З 1930-х г. усё большы ўдзел у панафр. руху прымаюць выхадцы з самой Афрыкі. Сенегалец Л.Сенгор прапанаваў канцэпцыю негрыцюду — самабытнасці афр. культуры. Адначасова ў П. ўзмацнілася сацыяліст. плынь на чале з Дж.Пэдмарам. У кастр. 1945 у Манчэстэры (Вялікабрытанія) адбыўся 5-ы Панафр. кангрэс, на якім прадстаўнікі Афрыкі, у т. л. будучыя дзярж. дзеячы К.Нкрума, Дж.Кеніята, Х.К.Банда, А.Авалова, мелі ўжо больш за палавіну месцаў. Кангрэс выпрацаваў паліт. праграму ліквідацыі еўрап. калан. сістэмы ў Афрьщы і стварэння незалежных афр. дзяржаў. Гэтым быў дадзены моцны штуршок стварэнню ў афр. калоніях мясц. паліт. партый і рухаў і працэсу дэкаланізацыі Афрыкі ў 1950—60-я г. Некаторыя радыкальныя прыхільнікі П. (Нкрума) заклікалі да стварэння адзінай афр. дзяржавы, але іх ідэі знайшлі ўвасабленне толькі ў стварэнні Арг-цыі афр. адзінства (1963) і шэрагу рэгіянальных афр. міждзярж. саюзаў. 6-ы Панафр. кангрэс (Дар-эс-Салам, 1969) канстатаваў моцныя рознагалоссі ў руху П. і знікненне яго як адзінага руху.
т. 12, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНІСЛАМІ́ЗМ,
ідэалогія і паліт. рух, накіраваны на аб’яднанне ўсіх мусульман свету. Як рэліг. канцэпцыя П. існуе з часу ўзнікнення ісламу (7 ст.), новы сэнс набыў у перыяд еўрап. экспансіі на Б. Усходзе ў канцы 19 ст. і стаў рэакцыяй мусульм. грамадства на ўварванне еўрап. цывілізацыі. У аснову ідэалогіі П. ляглі ідэі мусульм. салідарнасці рэфарматара ісламу Джэмаль-ад-дзіна аль-Афгані (1-я пал. 19 ст.). У канцы 19 — пач. 20 ст. П. пашырыўся ў мусульм. краінах Азіі і Паўн. Афрыкі. Пры султане Абдул-Хамідзе II [1876—1909] П. фактычна стаў дзярж. ідэалогіяй Асманскай імперыі. П. прытрымліваліся младатуркі. Паражэнне і распад Асманскай імперыі знясілілі пазіцыі П. Халіфацкі рух 1920-х г. у Індыі не атрымаў далейшага развіцця. Панісламісцкія канферэнцыі (Мекка, 1924; Каір, 1926; Іерусалім, 1931; Жэнева, 1935) паказалі арганізацыйную слабасць П. У гэты час П. сутыкнуўся з канкурэнцыяй інш. ідэалогій і паліт. рухаў (камунізм, панарабізм, мясц. нацыяналізм і г.д.). Пасля 2-й сусв. вайны пачалося ажыўленне П., які стаў неад’емнай ч. руху ісламскага фундаменталізму. Шэраг мусульм. краін (Саудаўская Аравія і інш.) садзейнічалі стварэнню міжнар. панісламісцкіх арг-цый. Ліга мусульм. свету (1962) аб’яднала няўрадавыя ісламскія арг-цыі. У 1969 створана Арганізацыя Ісламскай канферэнцыі, якая ажыццяўляе каардынацыю палітыкі і праграм эканам. супрацоўніцтва мусульм. дзяржаў.
Літ.:
Шарипова Р.М. Панисламизм сегодня: Идеология и практика Лиги исламского мира. М., 1986;
Левин З.И. Ислам и национализм в странах зарубежного Востока. М., 1988;
Landau J.M. The politics of panislam: Ideology and organization. Oxford, 1990.
У.С.Кошалеў.
т. 12, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ДЭНСКА-ПФА́ЛЬЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1849,
выступленне на апошнім этапе Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў абарону імперскай канстытуцыі 27.3.1849. Адбылося ў маі—ліп. 1849 у Бадэне і баварскім Пфальцы. Ваен. кіраўнік паўстання польскі афіцэр-эмігрант Л.Мераслаўскі, сац. рух узначальвалі дэмакраты, звязаныя з левай фракцыяй Франкфурцкага парламента. 13—14 мая паўстанцы (рабочыя і каля 20 тыс. салдатаў рэгулярнай арміі) скінулі рэакц. ўрады ў Бадэне і Пфальцы і ўтварылі замест іх выканаўчыя к-ты. Задушана 60-тысячным прускім войскам на чале з кронпрынцам Вільгельмам. Частка паўстанцаў, у т. л. Ф.Энгельс, уцякла ў Швейцарыю. Разгром паўстання наблізіў канец Франкфурцкага парламента і герм. рэвалюцыі.
т. 2, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РАН ((Baran) Пол) (1910, Украіна — 1964),
амерыканскі вучоны-эканаміст. Вучыўся ў Берліне і Парыжы. З 1939 у ЗША, працягваў адукацыю ў Гарвардскім ун-це. З 1949 праф. эканомікі Станфардскага ун-та. У кн. «Палітычная эканомія росту» (1957) імкнуўся з марксісцкіх пазіцый прааналізаваць некаторыя эканам. праблемы краін, што сталі на шлях незалежнага развіцця. У працы «Манапалістычны капітал» (1966, разам з П.Суізі) аналізаваў праблемы манапаліст. эканомікі ЗША. У шэрагу пытанняў, найперш у вызначэнні эканам. прыкмет імперыялізму, сур’ёзна адыходзіў ад марксісцкай тэорыі («Заметкі па тэорыі імперыялізму», 1964, разам з Суізі). Гал. шляхам пераходу да сацыялізму лічыў нац.-вызв. рух, а не рэв. барацьбу ў развітых капіталіст. краінах.
т. 2, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́БРЫКСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942.
Праведзена партызанамі 6 атрадаў партыз. злучэння Мінскай і Палескай абл. па падрыве чыг. моста цераз р. Бобрык на лініі Калінкавічы—Жыткавічы ў Петрыкаўскім р-не 9 снеж. ў Вял. Айч. вайну. 40-метровы мост моцна ахоўваўся, за 10 км ад яго на ст. Капцэвічы знаходзіўся буйны гарнізон праціўніка. У ходзе аперацыі партызаны разбурылі чыг. палатно і лініі сувязі на З і У ад моста, арганізавалі засады на дарогах, знішчылі ахову на раз’ездзе, пусцілі пад адхон вайск. эшалон, атакавалі і знішчылі ахову моста, замініравалі яго і ўзарвалі. У выніку аперацыі рух на чыгунцы быў спынены на 7 сутак.
т. 3, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАМО́ВІЧ (Людвік Кароль) (5.7.1879, Масква — 9.3.1939),
польскі гісторык, грамадскі дзеяч, журналіст, выдавец. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве. З 1905 у Вільні. З 1906 супрацоўнік газ. «Gazeta Wileńska» («Віленская газета»), «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»). У 1911—38 рэдагаваў і выдаваў газ. «Przegląd Wileński» («Віленскі агляд»), дзе часта публікаваліся бел. аўтары, пісалася пра нац.-вызв. рух на Беларусі. У 1925—39 старшыня Навук. к-та садзейнічання б-цы Урублеўскіх (цяпер Цэнтр. б-ка АН Літвы). Быў звязаны з бел. грамадска-культ. жыццём у Вільні. У кн. «Чатыры стагоддзі кнігадрукавання ў Вільні, 1525—1925» (Вільня, 1925) пісаў пра дзейнасць Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў.
А.В.Мальдзіс.
т. 1, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛА́ЦКІ (Рыгор Васілевіч) (н. 5.5.1921, в. Мачулкі Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. гісторык, журналіст. Д-р гіст. н. (1971), праф. (1972). Пасля заканчэння БДУ (1951) працаваў у ім (з 1961 заг. кафедры, адначасова з 1963 дэкан філал. ф-та, у 1967—81 дэкан ф-та журналістыкі). Даследаваў гісторыю бел. журналістыкі, публіцыст. дзейнасць некаторых бел. пісьменнікаў, рабселькораўскі рух на Беларусі і інш.
Тв.:
Первые рабселькоры Белоруссии. Мн., 1969;
Кузьма Чорны — публіцыст. Мн., 1972 (разам з І.І.Сачанкам);
Платон Галавач — публіцыст. Мн., 1973 (разам з Э.А.Карніловічам);
Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979 (разам з І.І.Сачанкам, С.В.Говіным).
т. 3, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-ГРУЗІ́НСКАЯ ДАРО́ГА,
гістарычная назва дарогі цераз гал. Каўказскі хр. (Крыжовы перавал, 2384 м), якая злучае г. Уладзікаўказ і Тбілісі. Даўж. 208 км. Пракладзена рус. войскамі (рух адкрыты ў 1799). Пасля далучэння Грузіі да Расіі (1801) пачата буд-ва палепшанай дарогі (у 1863 яе палатно забрукавана). Дарога праходзіць па даліне р. Церак, Дар’яльскай цясніне, затым па цясніне р. Байдаркай да перавалу, адкуль спускаецца ў даліну р. Белая Арагві і па правабярэжжы р. Кура падыходзіць да Тбілісі. На Ваенна-Грузінскай дарозе — г. Мцхета (у старажытнасці сталіца Грузіі), Зема-Аўчальская ГЭС, помнікі даўніны (саборы, крэпасці, вартавыя вежы і інш.), што ў сукупнасці з жывапіснымі краявідамі спрыяе развіццю турызму.
т. 3, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАПЦА́РАЎ (Нікола Іонкаў) (7.12.1909, г. Банска, Балгарыя — 23.7.1942),
балгарскі паэт. Скончыў марское тэхн. вучылішча (1932). У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік антыфаш. руху ў Балгарыі, расстраляны гітлераўцамі. Друкаваўся з 1926. Працягваў традыцыі балг. рэв. паэзіі (Х.Боцеў, Х.Смірненскі), выступіў як паэт-наватар. У зб. «Песні матора» (1940) адлюстраваў сац. зрухі часу, атмасферу завода, рух машын, працоўныя будні, веру ў светлую будучыню. Цыкл «Песні пра адну краіну» прысвечаны антыфаш. барацьбе ў Іспаніі. На бел. мову яго вершы перакладалі А.Астрэйка, Н.Гілевіч і інш.
Тв.:
Бел. пер. — Песня пра чалавека. Мн., 1982;
Рус. пер. — Избранное. М., 1984
Г.Я.Адамовіч.
т. 3, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВА́РДЫЯ ЛЮДО́ВА (Gwardia Ludowa),
узброеныя падп. і партыз. фарміраванні Польскай рабочай партыі ў 1942—43 у 2-ю сусв. вайну. Створана 6.1.1942 (першы партыз. атрад на чале з Ф.Зубжыцкім пачаў дзейнічаць у маі 1942). Камендант (камандзір) Б.Малоец, нач. Гал. штаба М.Спыхальскі (1942) і Ф.Юзвяк (1942—43). Асн. формы дзейнасці: дыверсіі, сабатаж, разведка, партыз. рух. У 2-й пал. 1942 налічвала больш за 11 тыс. чал., у т. л. 1400 у партыз. атрадах. Атрады Гвардыі Людовай дзейнічалі супраць ням.-фаш. акупац. улад у Люблінскім, Жэшаўскім, Кракаўскім, Келецкім ваяводствах, у Сілезіі, Лодзі і інш. месцах. 1.1.1944 на базе Гвардыі Людовай створана Армія Людова.
т. 5, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)