штотыднёвая грамадска-паліт. і інфарм. газета. Выдаецца з 1990 у Мінску на бел. і рус. мовах. З вер. 1991 незалежная левая газета, з ліст. 1996 орган КПБ. Паліт. пазіцыя газеты — адраджэнне СССР, пераарыентацыя грамадства на сацыяліст. шлях развіцця. Друкуе афіц. матэрыялы КПБ, руху «За дэмакратыю, сацыяльны прагрэс і справядлівасць», інш. левых арг-цый, тэарэт. і публіцыст. артыкулы на актуальныя паліт. тэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ЎПЛІУСЫ (ад грэч. nauplios жывёла з панцырам),
планктонныя лічынкі розных ракападобных. Цела не сегментаванае; прыдаткаў 3 пары: спераду рота аднагалінастыя адчувальныя антэнулы, ззаду — двухгалінастыя антэны і жвалы жавалы* (мандзібулы), якія выкарыстоўваюцца пры плаванні. Маюць няпарнае (наўпліяльнае) вока. Паміж жваламі жаваламі* і анальнай адтулінай знаходзіцца зона росту, у якой па меры развіцця ўзнікаюць т.зв. постнаўпліяльныя сегменты з канечнасцямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МЫ СВЕ́ТУ,
сукупнасць уяўленняў пра будову сістэм нябесных (касмічных) цел (Зямлі, Месяца, Сонца і планет), што існавалі на розных этапах развіцця цывілізацыі. Спробы стварыць мадэлі С.с. рабілі стараж. індусы, вавіланяне, грэкі і інш., аднак гістарычна найб. важнымі з’яўляюцца геацэнтрычная сістэма свету і геліяцэнтрычная сістэма свету. Уяўленні пра будову планетных сістэм з’яўляюцца асн. часткай астранамічнай карціны свету.
Літ.:
Еремеева А.И. Астрономическая картина мира и ее творцы. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКВА́ТЭРЫ (англ., адз. л. squatter ад squat самавольна пасяляцца на чужой зямлі),
фермеры, якія ў 17—19 ст. самавольна, явачным парадкам захоплівалі незаселеныя землі ў брыт. калоніях Паўн. Амерыкі, а потым у ЗША (да 1862), Аўстраліі і некат. інш. краінах. Скватэрства было магчымае дзякуючы вял. фонду свабодных зямель і адноснай слабасці мясц. адміністрацыі; адыграла важную ролю ў складванні там фермерскага, або прадпрымальніцкага, шляху развіцця сельскай гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭРЫ́ЛЬНЫЯ МІЦЭ́ЛІІ (Mycelia sterilia),
група грыбоў, аб’яднаных па характэрнай прыкмеце — адсутнасці споранашэння. Найб. вядомыя роды рызактонія і склеротый. Паразітуюць на с.-г. і дзікарослых раслінах.
У цыкле развіцця адзначаны міцэлій, склероцыі і клеткі накшталт хламідыяспораў. Міцэлій паверхневы, галінасты, павуціністы або лямцавы. Цёмнаафарбаваныя склероцыі рознай формы і памераў. Большасць відаў звычайна зімуе на стадыі склероцыяў, якія вясной прарастаюць у міцэлій і заражаюць новыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСФУЗІЯЛО́ГІЯ (ад лац. transfusio пераліванне, змешванне + ...логія),
раздзел клінічнай медыцыны, які вывучае пытанні пералівання крыві і яе прэпаратаў, таксама плазменных і кровазаменных вадкасцей. Вывучае новыя трансфузійныя сродкі; распрацоўвае тэарэт. праблемы загатоўкі, кансервавання і захавання крыві; прагназуе кірункі Т. ў залежнасці ад развіцця біялогіі, медыцыны, тэхнікі і інш.; арганізуе донарства; распрацоўвае формы арганізацыі трансфузіялагічнай службы ў сістэме аховы здароўя. Метады Т. выкарыстоўваюцца ў розных галінах медыцыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭКТАНАФІ́ЗІКА,
раздзел тэктонікі, які вывучае фізічныя ўмовы ўзнікнення тэктанічных дэфармацый (складак, разрываў і інш.) у слаях горных парод. Даследуе тэктанічныя структуры, іх кінематыку, дынаміку развіцця і гісторыю фарміравання праз фіз. і матэм. мадэліраванне тэктанічных працэсаў. Вынікі даследаванняў выкарыстоўваюцца пры вывучэнні прычын глыбінных працэсаў, прагнозе землетрасенняў, пошуках і разведцы карысных выкапняў. Тэрмін «Т.» прапанавалі сав. геолагі У.У.Белавусаў і М.У.Гзоўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́НКА, фіна (ад ням. Finne прышч, вугор),
лічынка стужачных чарвей (цэстод). Паразітуе ў прамежкавым гаспадары (беспазваночныя і пазваночныя).
Мае выгляд пузыра, у поласць якога ўкручана адна або некалькі сфарміраваных галовак чарвей, што развіваюцца ў канчатковым гаспадары (пазваночныя жывёлы і чалавек) у дарослыя формы. Розным групам стужачных чарвей адпавядаюць свае разнавіднасці Ф.: цыстыцэркоід, цыстыцэрк, эхінакок, плерацэркоід, цэнур. Для далейшага развіцця неабходна, каб Ф. праглынуў канчатковы гаспадар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НЕЗІС (грэч. genesis),
філасофская катэгорыя, якая абазначае ўзнікненне, паходжанне, станаўленне аб’ектаў і з’яў, што развіваюцца. Першапачаткова стасаваўся да ўяўленняў аб паходжанні прыроды, быцця. Гэты аспект назіраўся яшчэ ў міфалогіі (багі як стваральнікі космасу), а потым у філасофіі (Геракліт, І.Кант, Г.Гегель) і канкрэтна-навук. галінах ведаў (касмаганічная гіпотэза Канта—Лапласа, атамістыка Дж.Дальтона і інш.). З 19 ст. катэгорыя генезісу пачынае адыгрываць важную метадалагічную ролю ў навук. пазнанні, асабліва ў навуках аб працэсах развіцця (тэорыя паходжання відаў праз натуральны адбор у біялогіі). Гэта прывяло да ўсталявання генетычнага метаду як асобнага метаду пазнання і ўзнікнення навук. дысцыплін, што вывучаюць пераважна генетычныя аспекты з’яў і працэсаў (генетычная псіхалогія, генетычная сацыялогія і інш.). У сучаснай навуцы асэнсавана неабходнасць злучэння генетычнага (дыяхроннага) і структурна-функцыянальнага (сінхроннага) даследавання аб’ектаў. У рамках апошняга, у прыватнасці, у розных варунках агульнай тэорыі сістэм (Ю.А.Абрамаў, Л.Берталанфі, Дж.Клір, Э.М.Сарока, А.І.Уёмаў, Ю.А.Урманцаў) робяцца спробы па мадыфікацыі структурна-функцыянальнага падыходу з тым, каб было магчымым вывучэнне генезісу і развіцця структур. Выключна важную ролю набываюць праблема глабальнай эвалюцыі і праблема генеалогіі формаў свядомасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНЫ ПЛАН,
адзін з асноўных чарцяжоў архітэктурнага праекта, які паказвае размяшчэнне ў плане аб’екта праектавання і добраўпарадкавання прылеглай да яго тэрыторыі ў пэўных межах. У сучасным горадабудаўніцтве генеральны план — комплексны праект, які вызначае структуру праектуемага горадабуд. аб’екта — горада, гар. пасёлка ці інш. населенага пункта, прыгараднай зоны, тэрыторыі адм. раёна і інш. У ім намячаюць перспектывы развіцця і рэканструкцыі горадабуд. аб’екта, яго паэтапнае фарміраванне з мэтай вырашэння сац., эканам., інж.-тэхнічных, экалагічных і эстэт. задач, вызначаюць стратэгію іх вырашэння, прынцыпы аховы навакольнага асяроддзя, развіццё сістэмы грамадскага абслугоўвання, трансп. і інж. інфраструктуры, доўгатэрміновае планаванне інвестыцыйных працэсаў. Генеральны план распрацоўваюць на перспектыўны перыяд (15—20 гадоў) з вылучэннем 1-га этапа рэалізацыі (7—10 гадоў). Асн. палажэнні генеральнага плана зацвярджае ўрад краіны ці абл. органы ўлады. На Беларусі генеральны план распрацоўваюць ін-т «Мінскпраект», БелНДІПгорадабудаўніцтва, БелНДІдзіпрасельбуд, абл. праектныя арг-цыі. Распрацаваны і зацверджаны генеральны план развіцця ўсіх гарадоў і большасці сельскіх населеных пунктаў, у т. л. Мінска (1982, 1995), Брэста (1975, 1995), Віцебска (1973, 1983), Гомеля (1977), Гродна (1971, 1988), Магілёва (1970, 1981). Іх перыядычна карэкціруюць і абнаўляюць з улікам новых фактараў і задач.