легка- і тугаплаўкія гліны, якія пры абпальванні даюць шчыльны чарапок. Легкаплаўкія — полімінеральныя, звычайна жалезістамантмарыланітавыя і гідраслюдзістыя з паказчыкам вогнетрываласці менш за 1350 °C; тугаплаўкія ганчарныя гліны часцей не вытрыманыя паводле мінеральнага саставу, з высокай колькасцю гліназёму (20—42%), высокай звязвальнай здольнасцю і пластычнасцю, паказчыкам вогнетрываласці 1350—1580 °C. Легкаплаўкія ганчарныя гліны выкарыстоўваюць для вытв-сці грубакерамічных вырабаў, цэглы, чарапіцы, дрэнажных труб, радзей — ганчарнага посуду, скульптуры. Тугаплаўкія з’яўляюцца сыравінай для розных керамічных вытв-сцей — сан.-тэхн. фаянсу, глазураваных вырабаў, сценавых і вонкавых камянёў, каналізацыйных труб і інш. На Беларусі сыравінная база для вытв-сці грубай керамікі ўключае 212 радовішчаў легкаплаўкіх глін для вытв-сці цэглы з агульнымі запасамі 208,1 млн.т (распрацоўваецца 113), а таксама 6 радовішчаў тугаплаўкіх глін з агульнымі запасамі 53,6 млн.т (распрацоўваюцца 3).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕРАЗА́, лікаподый (Lycopodium),
род споравых раслін сям. дзеразовых. 10 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды: Дз. булавападобная (L. clavatum) і гадавая (L. annotinum). Растуць у яловых. хваёвых, радзей у мяшаных і лісцевых лясах.
Шматгадовыя вечназялёныя расліны з доўгімі вілавата-галінастымі (дыхатамічнымі) паўзучымі сцёбламі даўж. да 2 м. Ад сцёблаў адыходзяць верт. густааблісцелыя парасткі выш. да 30 см, са стробіламі на канцах. Лісце дробнае, сядзячае, лінейна-ланцэтнае, размешчана спіралямі. Стробілы адзіночныя або іх па некалькі на канцах галінак, сядзячыя ці на доўгіх ножках. Лек., фарбавальныя (даюць жоўтую фарбу) і дэкар. расліны; некат. віды ядавітыя. Сухія споры маюць да 50% тлустага алею, выкарыстоўваюцца ў медыцыне (як дзіцячая прысыпка), у ліцейнай вытв-сці. Да роду Дз. часам далучаюць таксама расліны з родаў баранец, дзярэзка, дыфазіястр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІВАСІ́Л (Inula),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 150 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Афрыцы. На Беларусі 3 дзікарослыя віды: Дз. брытанскі (I. britannica), вербалісты (I. salicina), цвёрдаваласісты (I. hirta). Растуць па берагах рэк і вадаёмаў, у хмызняках, на лугах, палянах і высечках. Як лек. і дэкар. расліну вырошчваюць Дз. высокі, або дзікі сланечнік (I. helenium), які трапляецца, і здзічэлы. З інтрадукаваных найб. вядомыя: Дз. германскі (I. germanica), мечалісты (I. ensifolia), цудоўны (I. magnifica) і шурпаты (I. aspera).
Шмат-, радзей двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з галінастым. у верхняй ч. раўнамерна аблісцелым голым або апушаным сцяблом. Лісце чаргаванае, суцэльнае, цэльнакрайняе ці зубчастае. Кветкі жоўтыя, сабраныя ў адзіночныя або шматлікія, у шчыткападобных суквеццях кошыкі. Плод — сямянка. Лек., кармавыя, меданосныя, дэкар. і фарбавальныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯКРЫТЫ́ЧНЫЯ ЗНА́КІ, дыякрытыкі,
дадатковыя знакі ў алфавіце, для больш дакладнай перадачы гукавой сістэмы мовы. Ужываюцца над і пад літарамі, радзей — побач. Надаюць літарам новае значэнне (польск. ż, ć, ś; чэш. ž, č, š), абазначаюць варыянты гукаў (франц. è, é, ê польск. ą, ę, ó), паказваюць, што літару трэба чытаць ізалявана (франц. ï) і інш. Прасадычныя Д.з. паказваюць на працягласць ці кароткасць гука, націск і яго тыпы, тоны (напр., у в’етнамскай мове). Д.з. выкарыстоўваюцца ў большасці алфавітаў на лац., кірыліцкай, араб. і інд. графічных асновах, у некаторых сістэмах транскрыпцыі і праектах міжнар. алфавіта. У слав. графіцы з’явіліся пад уплывам стараж.-грэч. пісьма. Самыя характэрныя Д.з. старабел. пісьменства — камора ( ҄ ), паерык (ⸯ), цітла ( ҃ ). У сучасным бел. алфавіце з Д.з. ўжываюцца літары «ё», «й», «ў», адмысловае графічнае значэнне мае апостраф (’).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУСАЧЫ́, дрывасекі (Cerambycidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. У сусв. фауне каля 25 тыс. відаў, найб. шматлікія ў тропіках. Жывуць на хвойных і лісцевых дрэвах, травяністых раслінах, у глебе, у драўляных будынках. На Беларусі да 100 відаў. Найб. вядомыя: вусач дамавы (Hylotrupes bajulus), вусач караткавусы (Spondylis buprestoides), вусач мускусны (Aromia moschata). Вусач вял. дубовы (Cerambyx cerdo) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Цела прадаўгаватае, даўж. 3—180 мм, у многіх відаў укрытае валаскамі, афарбоўка часта яркая. Вусы пераважна даўжэйшыя за цела, могуць загінацца назад. Сківіцы развітыя. Лічынкі вял., белыя, развіваюцца пад карой або ў драўніне, дзе прагрызаюць хады, радзей у глебе або ў сцёблах траў. Большасць вусачоў — шкоднікі лесу, тэхн. драўніны, лесаматэрыялаў, драўляных частак будынкаў, мэблі, культ. раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУ́БНІК (Crepis),
род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 9 відаў. Найб. распаўсюджаны З. балотны (C. paludosa), дахавы (C. tectorum), двухгадовы (C. biennis); зрэдку трапляюцца З. альпійскі (C. alpina), воласападобны (C. capillaris), макалісты (C. rhoeadifolia), мяккі (C. mollis), сібірскі (C. sibirica), тупакарэнішчавы, або абгрызены (C. praemorsa). Растуць у лясах, на лугах, балотах, на палях і інш.
Шматгадовыя, радзей двух- і аднагадовыя апушаныя або голыя травяністыя расліны з кароткім, тонкім, тупым карэнішчам і прамым, рабрыстым, пустым у сярэдзіне сцяблом, выш. да 1,5 м. Лісце чаргаванае, суцэльнае, надрэзанае або перыста-раздзельнае; іншы раз ёсць прыкаранёвая разетка. Кветкі жоўтыя, двухполыя, язычковыя, у шматкветкавых кошыках, сабраных у агульнае суквецце. Плод — сямянка з чубком. Лек. і кармавыя расліны; некат. віды — пустазелле.
род брыевых імхоў сям. палітрыхавых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў халодных і ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі 6 відаў З.л.: звычайны (P. commune), ядлоўцавы (P. juniperinum), валасканосны (P. piliferum), прыальпійскі, або сціснуты (P. alpestre), прыгожы (P. formosum), зграбны (P. gracile). Расце ў лясах, на балотах, сырых лугах і інш. Торфаўтваральнік.
Двухдомныя, радзей аднадомныя, шматгадовыя часцей буйныя і цвёрдыя лістасцябловыя расліны, утвараюць рыхлыя дзярнінкі зялёнага, цёмна-, шыза-, жоўта-зялёнага, бураватага колеру. Сцябло выш. да 50 см, прамастойнае. Лісце цвёрдае, з доўгай плеўкавай похвай, ланцэтнае або лінейна-ланцэтнае, з суцэльным ці зубчастым краем, з завостранай верхавінкай. Каробачка са спорамі прызматычная да кубічнай на ножцы. Вечка з дзюбкай. Каўпачок з густымі і тонкімі валаскамі, якія нагадваюць ільняную пражу (адсюль назва), лёгка ападае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́БІСЫ,
птушкі сям. ібісавых (Ibididae, або Threskiornithidae) атрада буслападобных. 20 родаў, 32 віды. Пашыраны ў трапічных, часткова ва ўмераных паясах у балоцістых мясцовасцях. Найб. вядомыя І.: каравайка, коўпіца, пунсовы (Eudocimus ruber), чырвананогі, або японскі (Nipponia nippon), і інш. На Беларусі рэдкія залётныя птушкі каравайка і коўпіца.
Даўж. цела 48—106 см, маса 0,5—2 кг. Дзюба доўгая, загнутая ўніз (уласна І.) або прамая, пляскатая з расшырэннем на канцы (коўпіцы). У некат. частка галавы і шыя голыя, скура яркаафарбаваная. Ногі доўгія, пальцы злучаны плавальнай перапонкай. Гняздуюць калоніямі на дрэвах, у трыснягу па берагах вадаёмаў, радзей на скалах. Нясуць 2—3 яйцы. Кормяцца дробнай рыбай, жабамі, малюскамі, чарвямі, насякомымі. 6 відаў і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЦЦЯ́,
1) у беларусаў і інш.слав. народаў абрадавая страва; каша з ячных круп, радзей з пшанічных зярнят. Гатуюць для жалобнага стала па нябожчыку (памінкі), а таксама на Дзяды, Радаўніцу і інш. памінальныя дні. Спажывалі астуджанай з сытой або алеем.
2) Традыц. абрадавая страва на Каляды ў славян і інш. народаў; каша з тоўчаных ячных круп (у некат. народаў з зярнят пшаніцы); вячэра напярэдадні Каляд (посная К.), Новага года (стары стыль, багатая або скаромная К.) і перад Вадохрышчам (посная К.). На ўсе тры К. кашу варылі ў адным і тым жа гаршку і з аднолькавай колькасці круп. Звараную К. перад заходам сонца ставілі на покуці. К., якую варылі з цэлых зярнят, была сімвалам вечнасці жыцця. Вял. значэнне надавалася прыкметам, варажбе. Трапляецца і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕБЯДО́ВЫЯ (Chenopodiaceae),
сямейства двухдольных кветкавых раслін парадку гваздзіковых. Больш за 100 родаў, каля 1500 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна па засоленых месцах ва ўмераным і субтрапічным паясах. Найб. вядомыя роды бурак, вярблюдка, лебяда, лябеднік, салянка, шпінат, хрупляўнік і інш. Трапляюцца на палях, агародах, каля пабудоў, уздоўж дарог.
Пераважна шматгадовыя травы і кусцікі, часта з членістымі сукулентнымі сцёбламі і галінкамі, радзей невял. дрэўцы, кусты і ліяны. Лісце чаргаванае і суцэльнае, бывае рэдукаванае (фотасінтэз ажыццяўляюць сцёблы). Кветкі дробныя, двухполыя ці аднаполыя, беспялёсткавыя ў шчыльных густых клубочках, сабраных у суквецці. Ветра- і насякомаапыляльныя, часта самаапыляльныя. Сярод Л. — харч. (бурак, шпінат), кармавыя (лябеднікі і інш.), пашавыя (вярблюдкі, кохіі, кумарчыкі, салянкі і інш.), лек. (лебяда), фарбавальныя (лебяда, лябеднік), інсектыцыдныя (ітсегек, лебяда) расліны, замацавальнікі пяскоў (саксаул, салянкі і інш.).