РЭФЕРЭ́НДАР (ад лац. referendarius службовая асоба),
пасада (урад) у Рэчы Паспалітай. У Польшчы пасады свецкага і духоўнага Р. уведзены ў 1507, у ВКЛ вядомы адпаведна з 1539 і 1575. Выслухоўвалі скаргі прыватных асоб і паведамлялі іх змест канцлеру (а той даводзіў іх да караля), паведамлялі рашэнні манарха на пададзеныя просьбы і скаргі. Знаходзіліся стала пры каралю, давалі яму парады. У 1633 духоўны Р. ВКЛ атрымаў права ўдзельнічаць у пасяджэннях Сената з правам дарадчага голасу. У 1635 ураўнаваны ў правах з каронным духоўным Р., засядаў у каралеўскім рэляцыйным судзе, дзе разглядаліся інфлянцкія і курляндскія справы. У гэты час у ВКЛ заснаваны рэферэндарскі суд (ажыццяўляўся аднаасобна духоўным Р.) як вышэйшы даменіяльны суд караля. Разглядаў скаргі сялян каралеўскіх уладанняў (каралеўшчын) ВКЛ на старостаў і дзяржаўцаў. Вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй для рэферэндарскага суда быў задворны асэсарскі (каралеўскі) суд. У 1540—70-я г. пасада Р. існавала і ў Падляшскім ваяв.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З ПО́ЛЬСКАГА НАРО́ДА, Садружнасць польскага народа (Stowarzyszenie Ludu Polskiego),
польская тайная вызв.арг-цыя ў 1835—37. Створаны ў Кракаве на аснове арг-цый карбанарыяў эмісарамі эмігранцкай арг-цыі «Маладая Польшча» (Ш.Канарскі, А. і Л. Залескія, С.Гашчынскі). Рыхтаваў паўстанне з мэтай аднаўлення Рэчы Паспалітай і правядзення прагрэс.сац.-эканам. рэформ (найперш скасаванне прыгону). Ідэалагічна быў блізкі да «Дэмакратычнага таварыства». Складаўся пераважна са шляхты і інтэлігенцыі. Тэрытарыяльна падзяляўся на 5 правінцый: Кракаўская рэспубліка (там знаходзіўся цэнтр. орган — Гал. абшчына), Галіцыя, Пазнаншчына, Царства Польскае, Літва (б.ВКЛ, уключала Беларусь). Унутры саюза былі 2 плыні: радыкальна-дэмакр. і ліберальная, якія адрозніваліся адносінамі да сял. пытання, часу паўстання і інш. На тэр. Беларусі ў С.п.н. дзейнічалі Канарскі, А.Ажэшка (гл.Ажэшкі) і інш. У 1837 частка дзеячаў Саюза заснавала Усеаг. канфедэрацыю польскага народа з радыкальнай паліт. праграмай. У выніку расколу ліберальнае кіраўніцтва прыняло рашэнне пра самароспуск арг-цыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШМЯ́НСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 16—20 ст. Цэнтр — г. Ашмяны. У часы ВКЛ у складзе Віленскага ваяводства. У 16—17 ст. неаднаразова быў тэатрам ваен. дзеянняў. Земскія і гродскія суды Ашмянскага павета знаходзіліся ў Ашмянах і Мядзеле, з 1775 — у Ашмянах і Паставах. У 1791 падзелены на Ашмянски павет (з цэнтрам у Ашмянах) і Завілейскі пав. (з цэнтрам у Паставах). У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 усх. частка павета адышла да Рас. імперыі. З 1795 Ашмянскі павет у Віленскай губ. Складаўся з 7 валасцей (праўленні ў Ашмянах, Бакштах, Дзевянішках, Крэве, Лошы, Смаргоні, Трабах), у канцы 19 — пач. 20 ст. з 23 валасцей, тэр. 6196,5 кв. вёрст, нас. 233 559 чал. З кастр. 1920 Ашмянскі павет у складзе Сярэдняй Літвы, з сак. 1922 да вер. 1939 у Віленскім ваяв. Польшчы. У 1931 тэр. 2352 км², нас. 101 542 чал. У 1940 на яго тэр. ўтвораны Ашмянскі, Астравецкі і Смаргонскі р-ны БССР.
палітычны і ваенны дзеяч, бел. мысліцель. Венгр па паходжанні. Быў сапернікам Стафана Баторыя ў барацьбе за трансільванскае княжанне, пазней — яго сябар і саюзнік. Пасля абрання Стафана Баторыя каралём Рэчы Паспалітай Бекеш камандаваў венгерскай пяхотай у каралеўскім войску. Свае ваенныя здольнасці паказаў у час Лівонскай вайны 1558—83, асабліва ў бітвах пад Гданьскам (1578) і Полацкам (1579). У апошнія гады жыцця атрымаў шляхецтва ВКЛ, некаторы час быў гарадзенскім ваяводам. Вакол яго групаваліся прыхільнікі антытрынітарызму. Паводле сведчання сучаснікаў, Бекеш не вызнаваў ніякай рэлігіі. Калі ён памёр у Гродне, каталіцкая і праваслаўная цэрквы забаранілі хаваць яго на сваіх могілках; пахаваны ў Вільні на высокім беразе ракі Вільня. Паводле наказу Бекеша, на яго надмагіллі высечаны надпіс: «...Не веру ў Бога, не прагну яго неба, не баюся пекла, не турбуюся пра Божы суд, не трывожуся пра цела і тым больш пра душу, якая памерла разам са мною...».
Тв.:
У кн.: Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Мн., 1962. С. 92—99.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛІ́ШКІ,
вёска ў Беларусі, у Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Лебяда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПнУ ад г. Шчучын, 85 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы. 1395 ж., 532 двары (1995).
Вядомы з 1-й пал. 15 ст. У 15—16 ст. староства ў складзе каралеўскіх сталовых уладанняў. З 1486 мястэчка, у канцы 15 — пач. 16 ст. цэнтр павета. У 1658—1832 існаваў кляштар дамініканцаў (паводле інш. звестак — базыльян). У 1706 у Васілішках некаторы час знаходзілася рэзідэнцыя караля Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Лідскага пав. У 1905 у Васілішках 1983 жыхары. У 1921—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У 1940—60 у Васілішкаўскім раёне, да 1954 гар. пасёлак. У 1960—62 у Радунскім р-не. У 1970 — 909 жыхароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Васілішкаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля. Магіла ахвяр фашызму. Каля вёскі Васілішкаўскі валун.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РЦАЛЬ ((Worcell) Станіслаў Габрыэль) (26.3.1799, с. Сцяпань Ровенскай вобл., Украіна — 3.2.1857),
польскі рэвалюцыянер-дэмакрат, сацыяліст-утапіст. Скончыў Крамянецкі ліцэй (1819). Удзельнічаў у паўстанні 1830—31, пасля яго задушэння эмігрыраваў у Вялікабрытанію. У 1835 адзін з арганізатараў (пазней гал. ідэолаг) грамады «Грудзёндз», што ўваходзіла ў склад арг-цыі «Люд польскі». У 1840 разам з І.Лялевелем удзельнічаў у стварэнні арг-цыі «Аб’яднанне польскай эміграцыі», якая выступала за аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай. Пасля Кракаўскага паўстання 1846 большасць чл. «Аб’яднання», у т. л. і Ворцаль, уступіла ў Польскае дэмакратычнае таварыства (ПДТ). У 1847 выбраны ў кіруючы орган ПДТ «Цэнтралізацыя». Філас. і грамадскія погляды Ворцаля сфарміраваліся пад уплывам франц.сацыяліст. думкі, гал. чынам сен-сіманізму. У працы «Аб уласнасці» (1854) выклаў сваё ўяўленне пра ідэальнае грамадства, у якім прыватную ўласнасць замяняла калектыўная, знікала разыходжанне паміж інтарэсамі асобы і грамадства. Ідэі Ворцаля паўплывалі на светапогляд рэвалюцыянераў-дэмакратаў, у т. л. В. і К.Каліноўскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЎЧЫН,
вёска ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Пульва. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 52 км ад г. Камянец, 45 км ад Брэста, 14 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 547 ж., 202 двары (1996).
Вядомы з пач. 16 ст. як двор у Брэсцкім пав. Належаў Солтанам, Гасеўскім, Сапегам і інш., у 1721—38 — Панятоўскім. У 1732 у Воўчыне нарадзіўся апошні кароль Рэчы ПаспалітайСтаніслаў Аўгуст Панятоўскі. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Брэсцкага пав. Гродзенскай губ. У 1880-я г. 804 ж. У 1921—39 у Польшчы, у Брэсцкім пав. Палескага ваяв. У 1938—87 у Троіцкім касцёле Воўчына захоўваліся астанкі Станіслава Аўгуста Панятоўскага. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Высокаўскім р-не. З 1962 у Камянецкім р-не. У 1970 — 460 жыхароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Троіцкі касцёл (1733).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫБРА́НЦЫ,
ваенна-служылая група сельскага насельніцтва ў Польшчы і ВКЛ у 16—18 ст. У Польшчы пяхота з выбранцаў створана ў 1578 па ініцыятыве караля Стафана Баторыя на ўзор венгерскай пяхоты, у ВКЛ — у 1595. Набіралі выбранцаў пераважна ў каралеўскіх маёнтках (1 чал. ад 20 двароў). За службу яны і іх сем’і вызваляліся ад усіх падаткаў і павіннасцей, прывілеі выбранцаў («выбранецкае права») пашыраліся і на іх нашчадкаў. У 1-й пал. 17 ст. магнаты ВКЛ стваралі атрады выбранцаў і ў прыватных войсках, набіраючы іх з дробнай шляхты, «вольных людзей» і сялян. У пач. 17 ст. ў войску ВКЛ было 12 рот выбранцаў (больш за 1 тыс.чал.). У 2-й пал. 17 ст. выбранцы засталіся толькі на Случчыне, яны неслі службу ў слуцкім гарнізоне і ў залежнасці ад вайск. звання мелі зямельныя надзелы ад 0,5 да 1,5 валокі. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай 1793 і скасавання слуцкага гарнізона частка выбранцаў даказала свае правы на дваранства, астатнія — на вольнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЯ́НЕ (польск. ziemianie ад ziemia зямля),
зямляне, 1) катэгорыя ваеннаслужылага насельніцтва ВКЛ, частка феад. саслоўя. У 15—16 ст. назва З. пашырылася сярод шляхты ў зах. землях ВКЛ, што тлумачацца ўжываннем польскай тэрміналогіі і перасяленнем пэўнай часткі польскай шляхты ў ВКЛ. Попіс войска ВКЛ 1528 дакладна адрознівае почты (ваен. атрады) баярскія ад зямянскіх. Пазней гэтыя дзве катэгорыі насельніцтва атаясамліваюцца — «зямяне або баяры». Заможная частка З. злівалася са шляхтай, бяднейшая захавала сваю назву і знаходзілася ў васальных адносінах з вял. князем ВКЛ ці феадаламі. З. павінны былі плаціць чынш і каняўшчыну. У адрозненне ад шляхты не ўдзельнічалі ў сейміках. Да пач. 18 ст. былі ўсвяцкія З. (20 радоў) і аднолькавыя з імі паводле стану себежскія і невельскія ардынаты (20 і 48 радоў). Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) З. былі абкладзены падушным падаткам, але ў меншым памеры, чым сяляне, і не змешаны з імі.
2) Назва буйных землеўладальнікаў у ВКЛ пераважна ў 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ШКАЛДСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры готыкі. Пабудаваны да 1472 у в. Ішкалдзь Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Мікалаем Неміровічам. Мураваны храм зальнага тыпу. Кампактны асн. прамавугольны ў плане аб’ём накрыты высокім двухсхільным дахам са стромкімі шчытамі на тарцах. З паўн. боку да апсіды прылягаюць невысокія сакрысція і паўкруглы аб’ём з вітымі ўсходамі. Масіўныя сцены ў ніжняй ч. арнаментаваны сеткавай муроўкай (пазней атынкаваны) і ўмацаваны на бакавых фасадах вертыкальнымі, на вуглах ступеньчатымі контрфорсамі. Пластычныя ступеньчатыя шчыт і контрфорсы на гал.зах. фасадзе аздоблены сіметрычна размешчанымі плоскімі нішамі. Унутры асн. аб’ём падзелены 4 слупамі на 3 нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. У апсідзе зорчатае нервюрнае скляпенне (у канцы 15—1-й пал. 16 ст. скляпенні касцёла і слупы былі размаляваны). У 2-й пал. 16 ст. касцёл перайшоў да кальвіністаў, у 1641 Радзівілы вярнулі яго католікам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пашкоджаны, у 1866—1919 — царква.