войны паміж Рэччу Паспалітай і Асманскай імперыяй (у саюзе з Крымскім ханствам) гал. чынам за валоданне ўкр. землямі (Валынню і Падоліяй). Пачатак вайне 1620—21 паклала знішчэнне туркамі каля г. Цэцора атрада гетмана С.Жалкеўскага, які ўварваўся ў Малдаўскае княства. 30-тысячнае войска Рэчы Паспалітай на чале з К.Хадкевічам і 40 тыс.укр. казакоў на чале з гетманам П.К.Сагайдачным у гал. бітве паблізу Хаціна (1621) адбілі атакі тур.-тат. войск. Паводле Польска-турэцкага міру 1623 граніца паміж гэтымі дзяржавамі прайшла па р. Днестр. Вайну 1672—76 пачала Асманская імперыя. Тур.-тат. войскі захапілі Камянец-Падольскі, працягвалі наступленне на Львоў і Бучач, што прымусіла Рэч Паспалітую да заключэння Бучацкага мірнага дагавора 1672, які не прызнаў польскі сейм. У 1673 тур. войска зноў было разбіта каля Хаціна. У 1676 польскае войска паспяхова вяло баі каля Жураўна. Аднак Рэч Паспалітая мусіла падпісаць Журавінскі мірны дагавор 1676, паводле якога Падолія адышла да Асманскай імперыі, а значная ч.Правабярэжнай Украіны — пад уладу гетмана П.Д.Дарашэнкі. Польскі сейм зноў адмовіўся зацвердзіць гэты дагавор. Вайну 1683—99 пачала Рэч Паспалітая, якая прыйшла на дапамогу Аўстрыі (гл.Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.) у крытычны момант, калі тур. войскі ўзялі ў аблогу Вену. У 1683 польскае войска сумесна з аўстр. арміяй і войскам герм. князёў пад кіраўніцтвам караля Польшчы і вял.кн.ВКЛЯна III Сабескага, пры ўдзеле атрадаў укр. казакоў разграміла тур. войскі пад Венай. У ходзе вайны ў 1684 была створана антытур. кааліцыя «Свяшчэнная Ліга» (Рэч Паспалітая, Аўстрыя, Брандэнбург, Венецыя, а з 1686 і Расія). Паводле заключнага на Карлавіцкім кангрэсе 1698—99 мірнага дагавора Падолія і ч. Правабярэжнай Украіны адышлі да Польшчы, панізоўе Дняпра і г. Керч засталіся (да 1774) у Турцыі, Азоў замацаваны за Расіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СТРАЛА́»,
«Ваджэнне і пахаванне стралы» («сулы»), даўні ахоўна-засцерагальны і магічна-агр. абрад усх. славян, якім завяршаўся веснавы каляндарна-земляробчы цыкл. Праводзіўся ў канцы вясны пры аглядах азімых (на Вялікдзень, Юр’я, Ушэсце). Рэгіён найб. пашырэння — Пасожжа, тэр. паміж Дняпром і Прыпяццю, часткова Гомельская, Чарнігаўская (Украіна) і Бранская (Расія) вобл. (супадае з вобласцю рассялення радзімічаў, часткова дрыгавічоў і вяцічаў). Асн. рытуальныя дзеянні: ваджэнне карагодаў, шэсці радамі («танок»), гульні, качанне па полі, закопванне «С» і інш. Шанаванне «громных стрэлак» (каменныя сякеры, молаты, коп’і, белямніты) — стараж. абрад. Паводле летапісаў 13—15 ст. і інш. пісьмовых і археал. матэрыялаў, лічылася, што яны скінуты з неба. Паводле сведчання бел. археолагаў, «громныя стрэлкі» пачалі зберагацца з неалітычных часоў.
Прымхлівае шанаванне камянёў былоне толькі ва ўсх.-слав. народаў, а і ў некат. народаў Еўропы і Азіі. У Японіі «громныя стрэлкі» (рай-фунасекі) прыпісваюцца нябеснаму вартавому — богу Тэнгу. У кіт. і інд. фальклоры ўпамінаюцца вераванні ў боскае паходжанне каменных прылад. «Стрэлкі» абагаўляліся, іх насілі на целе («наузы»), ім надавалася ахоўная, магічна-лекавая і апладняльная функцыі.
На Беларусі забіты Перуном лічыўся «святым», а той, хто знаходзіў «стрэлку», лічыўся шчаслівым чалавекам. Паводле вераванняў, пажар, выкліканы маланкай, трэба тушыць малаком. Песні, якія выконваліся ў час абраду «С.», бытуюць і цяпер у пазаабрадавай паэзіі на ўсёй Беларусі. Найб. архаічныя варыянты з абрадам захаваліся ў Веткаўскім, Чачэрскім і сумежных раёнах, якія лічацца ядром распаўсюджання «С.». Паступова песні страцілі прымеркаванасць да абрадавай паэзіі. Абрад пахавання «сулы» (таксама зброя Перуна; суліца — кап’ё, рагаціна) — неаддзельны ад «С.». Падобныя да «С.» абрады пахавання Ярылы, Каструбанькі, Лялькі і інш. У сучасным бытаванні «С.» ўспрымаецца як вясёлая нар. гульня. Культ «С.» выяўляецца ў бел. тапанімічных назвах (Страліца, Стрэлка, Стрэльская Горка, Пастралкі, Стрэльск, Стралічава, Вялікія і Малыя Стралкі і інш.), у нар. мастацтве (у вышыўцы, разьбе па дрэве).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХМЯЛЬНІ́ЦКІ Багдан (Зіновій) Міхайлавіч (каля 1595, верагодна, г. Чыгірын Чаркаскай вобл., Украіна — 6.8.1657),
гетман Украіны (з 1648), дзярж. дзеяч, палкаводзец. Паходзіў з дробнай правасл. шляхты. Адукацыю атрымаў у езуіцкім калегіуме ў Львове. Удзельнічаў у паходах супраць туркаў і крымскіх татар, у казацкіх паўстаннях. У рэестравым казацкім войску быў вайсковым пісарам, пасля паўстання 1637—38 чыгірынскі сотнік. У 1647 арыштаваны за падрыхтоўку новага паўстання супраць Польшчы. Пасля вызвалення ўцёк у Запарожскую Сеч, дзе выбраны гетманам запарожскага войска. У 1648 заключыў саюз з крымскім ханам супраць Польшчы і пачаў баявыя дзеянні. У маі 1648 у бітвах на Жоўтых Водах і каля Корсуня разбіў польскае войска, пасля чаго на Украіне пачалася вызв. вайна (гл.Вызваленчая вайна ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54). Напачатку быў прыхільнікам аўтаноміі Украіны ў складзе Каралеўства Польскага, што было замацавана Збораўскім дагаворам 1649. Па ініцыятыве Х. Пераяслаўская рада 1654 зацвердзіла пагадненне з рас. царом Аляксеем Міхайлавічам пра ўваходжанне Украіны ў склад Расійскага царства як аўтаномнай дзяржавы. Аднак у 1656 выявіліся супярэчнасці паміж Х. і царскім урадам, які не прытрымліваўся пагаднення аб аўтаноміі Украіны. Х. пачаў перагаворы са Швецыяй і Малдовай з мэтай замацаваць сваё становішча і забяспечыць сваім сынам пераемнасць улады на пасадзе гетмана. Падтрымліваў кантакты з кіраўніком кальвінісцкай групоўкі ў ВКЛ Б.Радзівілам, якому выдаў універсал на недатыкальнасць Слуцка і Слуцкага княства ад дзеянняў казацкіх атрадаў. У гісторыю Х. ўвайшоў як дзярж. дзеяч, які садзейнічаў адраджэнню ў сярэдзіне 17 ст. Украінскай дзяржавы. Ацэнка яго дзейнасці сярод укр. гісторыкаў неадназначная.
Літ.:
Документы Богдана Хмельницкого, 1648—1657. Киев, 1961;
Крип’якевич І.П. Богдан Хмельницький. 2 вид. Львів, 1990;
Смолій В.А., Степанков В.С. Богдан Хмельницький: Соціально-політич. портрет. Київ, 1993;
Іх жа. Богдан Хмельницький: Хроніка життя да діяльності. Київ, 1994;
Доба Богдана Хмельницького: (До 400-річчя від дня народження великого гетьмана). Київ, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯДВІ́ГА (15.2.1374, г. Буда, Венгрыя — 17.7.1399),
каралева Польшчы [1384—99), жонка караля Польшчы і вял. князя ВКЛЯгайлы. Малодшая дачка караля Венгрыі і Польшчы Людвіка I. У 1378 заручана з Вільгельмам Габсбургам, сынам аўстр.кн. Леапольда Ш, і выехала ў Вену. Пасля смерці старэйшай сястры Кацярыны (1379) адклікана назад для падрыхтоўкі заняцця венгерскага трона. Аднак пасля смерці Людвіка I у 1382 польскія паны дамагліся, каб Я. атрымала польскі трон (Людвік завяшчаў яго дачцэ Ганне), і 15 або 16.10.1384 яна каранавалася ў Кракаве. Польскія паны вырашылі скасаваць мяркуемы шлюб з Вільгельмам, каб забяспечыць незалежнасць Польшчы ад Габсбургаў, і арганізаваць яе шлюб з вял. князем ВКЛ Ягайлам, што, як меркавалася, прывядзе да ўключэння ВКЛ у склад Польскага каралеўства і хрышчэння язычніцкай Літвы. У выніку заключана Крэўская унія 1385. 18.2.1386 у Кракаве адбыўся шлюб Я. з Ягайлам. Я. атрымала ад яго ў якасці вена Магілёўскую і інш. воласці на Беларусі, Куяўскую і Рускую (Львоўскую) землі. Аказала значную дапамогу ў хрышчэнні Літвы. У 1397 заснавала пры Пражскім ун-це бурсу для літ. клірыкаў. Для падрыхтоўкі царкоўнай уніі паміж правасл. і каталіцкай цэрквамі заснавала разам з Ягайлам у Кракаве кляштар славян-бенедыкцінцаў з Прагі, садзейнічала ўмацаванню пазіцый Кіпрыяна як мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі і падтрымлівала яго захады па заключэнні уніі. Завяшчала значныя сродкі на аднаўленне Кракаўскага ун-та. Садзейнічала далучэнню ў 1387 да Польшчы Галіцкай зямлі, занятай венграмі. Выступала за мірнае ўрэгуляванне канфлікту з Тэўтонскім ордэнам, вяла перагаворы пра вяртанне Польшчы Добжынскай зямлі, што, аднак, небыло ажыццёўлена, бо Я. ў хуткім часе памерла. Адразу пасля смерці Я. пачала шанавацца як святая, афіцыйна кананізавана ў 1997.
Літ.:
Rydel L. Królowa Jadwiga. Warszawa, 1984: Kluz W. Jadwiga królowa Polski. Warszawa, 1987;
Wyrozumski J. Królowa Jadwiga: Między epoką piastowską i jagiellońską. Kraków. 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫГІМО́НТ IIIВаза
(20.6.1566, Грыпсхальм, Швецыя —30.4.1632),
вялікі князь ВКЛ і кароль польскі [1587—1632], у ВКЛ Жыгімонт IV; кароль Швецыі [1592—99]. Сын караля Швецыі Юхана (Яна) III Вазы і Кацярыны Ягелонкі, дачкі Жыгімонта I Старога. Абраны на трон Польшчы і ВКЛ пасля смерці Стафана Баторыя. Каб замацаваць свае пазіцыі сярод бел.-літ. магнатаў і шляхты, Ж. III выдаў 28.1.1588 у Кракаве прывілей, які зацвярджаў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Пасля смерці бацькі ў 1592 заняў шведскі трон. Палітыка Ж. III па аднаўленні пазіцый каталіцкай царквы ў Швецыі правалілася, у 1599 пратэстанты скінулі яго з трона. Да канца жыцця рабіў намаганні вярнуць швед. карону, пачаў вайну Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29. Падтрымаў Брэсцкую унію 1596, але быў вымушаны паспрыяць прыняццю пастаноў сеймаў Рэчы Паспалітай 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўным. Прапаноўваў планы далучэння Маскоўскай дзяржавы да Рэчы Паспалітай як члена федэрацыі разам з Польшчай і ВКЛ. Падтрымаў Ілжэдзмітрыя I, Ілжэдзмітрыя II. Пасля запрашэння царом Васілём Шуйскім швед. корпуса для барацьбы з войскамі Лжэдзмітрыя II Ж. III пачаў вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У выніку разгрому рас. арміі каля Клушына (1610) Васіль Шуйскі быў скінуты з трона, маскоўскія баяры і гараджане абвясцілі царом сына Ж. III — каралевіча Уладзіслава Жыгімонтавіча (гл.Уладзіслаў IV Ваза). Да Дэулінскага перамір’я 1618 Ж. III дапамагаў сыну як «маскоўскаму цару». Намаганні Ж. III увесці ў Рэчы Паспалітай абсалютную манархію, спадчыннасць трона (а не выбары караля), зменшыць ролю палаты дэпутатаў (пасольскай ізбы), выклікалі ў 1606 рокаш (легальны мяцеж шляхты), які ўзначаліў гетман надворны каронны М.Зебжыдоўскі. У ліп. 1607 каля Гузава ракашане пацярпелі паражэнне. Рокаш скончыўся кампрамісам. Сейм абвясціў амністыю, зацвердзіў шляхецкія вольнасці, непарушнасць права выбару караля, пастаянную прысутнасць сенатараў для кантролю за яго дзеяннямі. Ж. III праводзіў актыўную палітыку ў паўд. напрамку. З-за свайго ультракаталіцызму падтрымліваў імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» ў яго барацьбе супраць Чэхіі і Трансільваніі, што выклікала пастаянныя напады на Украіну і паўд. Польшчу крымскіх татар і туркаў, саюзнікаў Трансільваніі. У 1620 польск. войска было разбіта туркамі каля Цацоры. Рэванш, атрыманы ім у 1621 пад Хацінам, не быў выкарыстаны з-за нерашучасці Ж. III. Шмат у чым палітыка Ж. III прывяла да далейшага заняпаду дзяржавы і змяншэння яе ролі ў еўрап.паліт. жыцці 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 10—18.6.1938 у Мінску. Прысутнічалі 422 дэлегаты з рашаючым і 124 з дарадчым голасам ад 31 526 чл. і канд. у чл. партыі (без вайсковых арг-цый). Парадак дня: справаздачы ЦККП(б)Б (А.А.Волкаў), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (М.І.Малінін); выбары ЦККП(б)Б, Рэвіз. камісіі КП(б)Б. З’езд падвёў вынікі гасп. і культ. будаўніцтва ў БССР за год, што мінуў пасля шаснаццатага з’езда КП(б)Б. Прырост валавой прадукцыі прам-сці за гэты час склаў 15,8%, у калгасы аб’яднана 88% сял. гаспадарак (96,2% пасяўных плошчаў), іх абслугоўвалі 200 МТС. З’езд падкрэсліў неабходнасць большай актыўнасці акругкомаў і райкомаў партыі ў працы па выкананні пастановы студзеньскага (1938) пленума ЦКВКП(б) «Аб памылках партарганізацый пры выключэнні камуністаў з партыі, аб фармальна-бюракратычных адносінах да апеляцый выключаных з ВКП(б) і аб мерах па ліквідацыі гэтых недахопаў». На 15.5.1938 у КП(б)Ббыло разгледжана 5366 апеляцый, 3143 выключаныя адноўлены ў партыі. Волкаў, які выступаў са справаздачным дакладам, зачытваў запіскі НКУСБССР, КПК пры ЦКВКП(б) па БССР, аддзелаў ЦК, даносныя лісты, з якіх вынікала, што антысав. падполле «віло сабе гнёзды» ў парт. апараце, органах дзярж. улады, наркаматах і грамадскіх арг-цыях. У заключэнне ён сказаў, «што ворагі рассыпаліся па ўсёй Беларусі, па ўсіх яе ўчастках — у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, у савецкіх органах, у школах, ВНУ, камсамольскіх органах, у ваенных арганізацыях, аж да магазінаў», а таму 1938 павінен стаць годам «новага выкарчоўвання ворагаў». Апублікаваны 18.6.1938 у газ. «Советская Белоруссия» даклад Волкава меў ужо не той тэкст, які захоўваецца ў стэнаграме Нац. архіва Рэспублікі Беларусь. На з’ездзе прысутнічалі прадстаўнікі ЦКВКП(б), якія аб усім, што адбывалася, паведамлялі ў Маскву. 18 чэрв. ў прэзідыуме з’явіўся сакратар ЦКВКП(б) А.А.Андрэеў разам з нам.заг. Аддзела кіруючых парт. органаў ЦКВКП(б) П.К.Панамарэнкам. Андрэеў паведаміў, што Волкаў не спраўляецца са сваімі абавязкамі і таму адклікаецца на інш. работу, а ў склад ЦК КП(б) рэкамендуецца ўвесці Панамарэнку. З’езд выбраў ЦККП(б)Б з 66 чл. і 23 канд., Рэвіз. камісію КП(б)Б з 9 чл.
Літ.:
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 3. 1933—1945. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ССЫ́ЛКА,
від крымінальнага пакарання, які заключаецца ў выдаленні асуджанага з месца яго жыхарства з абавязковым пасяленнем у пэўнай мясцовасці.
У еўрап. дзяржавах С. ўведзена яшчэ ў 15—16 ст. З Вялікабрытаніі злачынцаў ссылалі ў Амерыку (да 1776) і Аўстралію (да 1852), з Францыі ў Франц. Гвіяну і Новую Каледонію, з Партугаліі ў афр. калоніі, з Грэцыі — на астравы Эгейскага мора (у перыяд ваен. дыктатуры 1967—74), што служыла таксама мэтам засялення новых тэрыторый.
У Расіі С. (пераважна С. палітычная) склалася ў 16—17 ст., найб. пашырэнне набыла ў 19 — пач. 20 ст. Ссылалі паводле прыгавору суда або ў адм. парадку. Месцам С. служылі аддаленыя ад сталіц і прамысл. цэнтраў мясцовасці еўрап.ч. Расіі, Поўначы, Сібіры, Д. Усходу або Сярэдняй Азіі. Сярод паліт. ссыльных былі дзеячы расколу, праціўнікі рэформ Пятра I, ахвяры дварцовых пераваротаў 18 ст., удзельнікі Барскай канфедэрацыі, паўстанняў 1794, 1830—31, 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве, дзекабрысты, народнікі, сацыял-дэмакраты і інш. С. скасавана ў Расіі пасля Лют. рэвалюцыі 1917, адноўлена бальшавікамі ў першыя гады сав. улады. Крымін. кодэкс (КК) РСФСР (1926) прадугледжваў С., на тэрмін ад 2 да 10 гадоў у якасці самаст. і да 5 гадоў дадатковай меры пакарання. У 1931 уведзена дадатковая С. пасля адбыцця тэрміну зняволення для асуджаных за шэраг «контррэвалюцыйных» злачынстваў, бандытызм і інш. З сярэдзіны 1930-х г. Асобая нарада НКУССССР сістэматычна накіроўвала ў С. (спачатку на 5, потым на 10, 25 гадоў) пасля адбыцця зняволення тых з вышэйназваных, у каго ў судовым прыгаворы небыло С. З 1948 гэтая дадатковая С. стала пажыццёвай. ККСССР (1960) замест гэтых дадатковых рашэнняў прадпісваў судам назначаць у прыгаворах за адпаведныя злачынствы як тэрмін пазбаўлення волі, так і наступную С. З 1920-х г. акрамя пакарання за канкрэтныя злачынствы практыкавалася масавая С. былых паліт. праціўнікаў бальшавікоў (меншавікі, эсэры, кадэты, анархісты і інш.), да якіх у 1927 далучаны і трацкісты. Формай С. былі дэпартацыі 1930—40-х г., у т. л. звязаныя з калектывізацыяй. С. як асобны від пакарання захоўвалася ў сав. праве да 1992. На Беларусі выкарыстоўвалася паводле рашэння суда або ў адм. парадку, гал. чынам у адносінах асоб, якія абвінавачваліся ў паліт. злачынствах. Існавала ў 1928—94. Не ўжывалася да непаўналетніх, цяжарных жанчын і жанчын, якія мелі на ўтрыманні дзяцей да 8-гадовага ўзросту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖО́ВЫЯ ПАХО́ДЫ,
рэлігійныя войны заходнееўрап. феадалаў супраць мусульм. дзяржаў, язычнікаў, ерэтычных рухаў, прыбалт. і слав. народаў у 11—15 ст. Вяліся пад патранажам каталіцкай царквы. Былі выкліканы ростам матэрыяльных патрэб знаці ў сувязі з развіццём гарадоў і таварна-грашовых адносін у Зах. Еўропе, спрыяльнымі міжнар. абставінамі (паліт. раздробленасць мусульм. свету ў канцы 11 ст.; Візантыя перажывала вял. цяжкасці ў сувязі з нападамі сельджукаў, печанегаў, нарманаў). Іх удзельнікі, падкрэсліваючы свае рэліг. памкненні, нашывалі на адзенне крыжы (адсюль — крыжакі, крыжаносцы). У 1096—1270 адбылося 8 вял. паходаў на Усход. У 1-м К.п. (1096—99), абвешчаным рым. папам Урбанам II у 1095 на Клермонскім саборы дзеля вызвалення труны Гасподняй у Іерусаліме, удзельнічала каля 100 тыс.чал. Выступленню крыжацкага войска папярэднічаў паход незаможных сялян на чале з прапаведнікам Пятром Ам’енскім, якія былі разбіты туркамі-сельджукамі пад Нікеяй. Крыжацкія атрады пераправіліся ў М. Азію, захапілі Нікею (1097), Эдэсу (1098), Антыёхію (1098) і Іерусалім (1099), стварылі на заваяваных землях Іерусалімскае каралеўства (кароль Готфрыд Бульёнскі). Узніклі таксама духоўна-рыцарскія ордэны. Пасля захопу сельджукамі Эдэсы (1144) адбыўся 2-і К.п. (1147—49), ініцыіраваны і арганізаваны абатам Бернарам Клервоскім. Узначалілі яго франц. кароль Людовік VII і герм. імператар Конрад III. Удзельнічала каля 140 тыс. воінаў. Ням. рыцары былі разбіты мусульманамі каля Дарылея (1147). Няўдалая аблога Дамаска, дрэнная арг-цыя прывялі да правалу паходу. 3-і К.п. (1189—92) ажыццёўлены, каб адваяваць Іерусалім, захоплены ў 1187 егіп. султанам Салах-ад-дзінам. Яго ўзначалілі герм. імператар Фрыдрых I Барбароса, франц. кароль Філіп II і англ. кароль Рычард I Львінае Сэрца. Ням. войска, якое першым рушыла (1189) пасля нечаканай гібелі імператара пры пераправе цераз р. Салефа (М. Азія), было фактычна дэзарганізавана. У 1190 выступілі англічане і французы. У 1191 крыжакі авалодалі Акрай, Рычард I захапіў в-аў Кіпр, дзе было заснавана каралеўства. У 1192 Рычард I заключыў з Салах-ад-дзінам мір, паводле якога за крыжакамі засталося ўзбярэжжа ад Тыра да Яфы. 4-ы К.п. (1199—1204), арганізаваны рым. папам Інакенціем III, меў на мэце заваёву Егіпта. Аднак Венецыя, якой крыжакі завінавацілі частку сумы за прадастаўлены ім флот, дамаглася захопу хрысц. гарадоў (Задара ў Далмацыі ў 1202, Канстанцінопаля ў 1204). На захопленых землях Візант. імперыі ўзнік шэраг дзяржаў, у т. л.Лацінская імперыя. У 1212 адбыліся т.зв. дзіцячыя К.п. (сярод удзельнікаў было шмат дзяцей і падлеткаў). Большасць з іх загінула ад голаду і хвароб. У 5-м К.п. (1217—21), арганізаваным Інакенціем III супраць Егіпта, удзельнічалі франц., англ., ням. і італьян. рыцары. Яго кульмінацыяй была паўтарагадовая аблога і захоп у 1219 г. Дам’ета (Егіпет). 6-ы К.п. (1228—29) узначаліў герм. імператар Фрыдрых II Гогенштаўфен. У 1229 у Яфе падпісаны мір тэрмінам на 10 гадоў, паводле якога Іерусалім (акрамя 2 кварталаў) і некат. інш. землі (у т. л. Віфлеем і Назарэт) адыходзілі пад уладу Фрыдрыха II. У 1244 Іерусалім канчаткова заваяваны мусульманамі. У 7-м К.п. (1248—54), арганізаваным франц. каралём Людовікам IX, удзельнічала 12—25 тыс.чал. У 1249 захоплены г. Дам’ета, у лют. 1250 — крэпасць Мансура, дзе крыжакі былі абложаны і прымушаны да здачы. У палон трапіў і Людовік IX (выпушчаны ў 1250 за 200 тыс. ліўраў). 8-ы К.п. (1270), арганізаваны Людовікам IX у Туніс, спыніўся пасля яго смерці, не дасягнуўшы мэты. Неўзабаве былі страчаны апошнія ўладанні крыжаносцаў у Сірыі і Палесціне (у 1289 Трыпалі, у 1291 Акра). Пад іх уладай застаўся толькі Кіпр (да 1489). К.п. прывялі да значных чалавечых і эканам. страт як на З, так і на У, аднак яны пашырылі кантакты паміж дзвюма цывілізацыямі, далучылі зах. свет да дасягненняў араб. і інш.усх. культур. У 12—15 ст. К.п. былі накіраваны супраць славян, ліваў, эстаў, прусаў і інш. (гл.Крыжовы паход супраць славян 1147, Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.), альбігойцаў (гл.Альбігойскія войны 1209—29), у 15 ст. — супраць гусітаў (гл.Гусіцкія войны). Экспансія крыжакоў ва Усх. Еўропу (у т. л. на бел. землі) спынена ў выніку барацьбы слав. і прыбалтыйскіх народаў (гл.Лядовае пабоішча 1242, Грунвальдская бітва 1410, Трынаццацігадовая вайна 1454—66).
Літ.:
Заборов М.А. История крестовых походов в документах и материалах. М., 1977;
Яго ж. Крестоносцы на Востоке: Пер. с нем. М., 1980;
Куглер Б. История крестовых походов. Ростов н/Д, 1995.
Дз.М.Чаркасаў.
Да арт.Крыжовыя паходы. Адбыццё войска Людовіка IX у восьмы крыжовы паход у 1270. Мініяцюра невядомага майстра 15 ст. з «Вялікіх французскіх хронік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКАЕ ГЕАГРАФІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (РГТ). Засн. 6(18).8.1845 у С.-Пецярбургу па ініцыятыве Ф.П.Літке, К.М.Бэра, Ф.П.Урангеля і інш. для збору і пашырэння геагр., стат. і этнагр. звестак пра ўнутр. рэгіёны і суседнія з Расіяй краіны. У 1849—1917 наз. Імператарскае РГТ (уваходзіла ў ведамства Мін-ваўнутр. спраў), з 1926 Дзярж. РГТ, з 1932 Дзярж.Геагр.т-ва РСФСР, з 1938 Усесаюзнае Геагр.т-ва (увайшло ў сістэму АНСССР), у 1945—91 Геаграфічнае т-ваСССР, з 1992 сучасная назва. Да 1917 знаходзілася пад кантролем афіц. улад, было інструментам правядзення экспансіянісцкай палітыкі Рас. імперыі. У рабоце РГТ удзельнічалі многія навукоўцы, географы, этнографы. Да 1917 старшынямі т-ва былі вял. князі, фактычна ім кіравалі віцэ-старшыні Літке (1845—50, 1857—72), М.М.Мураўёў (1850—57), П.П.Сямёнаў-Цян-Шанскі (1873—1914), Ю.М.Шакальскі (1914—17). Мела 11 аддзелаў і каля 1 тыс. членаў (1917). З першых гадоў існавання РГТ разгарнула шырокую экспедыцыйную і выдавецкую дзейнасць, зрабіла значны навук. ўклад у вывучэнне Урала, Сібіры, Д. Усходу, Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, Каўказа, палярных раёнаў, Ірана, Новай Гвінеі, Індыі і інш. Даследаванні звязаны з імёнамі А.К.Булатовіча, П.А.Крапоткіна, М.М.Міклуха-Маклая, М.М.Пржавальскага, П.П.Сямёнава-Цян-Шанскага, І.Дз.Чэрскага і інш. З утварэннем РГТ пачаўся новы этап у гісторыі фалькларыстыкі, якая стала на трывалы навук. грунт і пачала развівацца планамерна. У 1848 па афіц. каналах ва ўсе губерні Рас. імперыі разаслана інструкцыя па збіранні этнагр. і фалькл. звестак, у выніку т-ва атрымала вял. колькасць твораў вуснай нар. творчасці, апісанняў побыту і абрадаў. Сярод іх былі рукапісы даследчыкаў Беларусі: К.Радзівіла «Статыстычны нарыс Навагрудскага павета», «Этнаграфічныя звесткі пра жыхароў Навагрудскага павета», Афанасьева «Апісанне Полацкага намесніцтва», І.Катлубоўскага «Этнаграфічныя звесткі пра Бездзежскі прыход Кобрынскага павета», М.А.Дзмітрыева «Вопіс старажытных актаў, што захоўваюцца ў архівах Навагрудскага магістрата», «Этнаграфічныя звесткі пра Навагрудскі павет», А.Любінскага «Назіранні над мовай і забабонамі простага люду Дзісенскага павета», А.Радзевіча «Заметкі пра жыхароў Віцебскай губерні», П.Ф.Альхімовіча «Зборнік беларускіх народных легенд, былін і песень», А.Станкевіча «Беларускія казкі», стат. апісанняў бел. паветаў афіц. зместу і інш. Большасць гэтых матэрыялаў не апублікавана і зберагаецца ў Навук.-галіновым архіве РГТ. У дачыненні да Беларусі мэтай РГТ было даказаць правы Расіі на Беларусь, падрыхтаваць глебу для найхутчэйшага абрусення гэтага краю. Важнай задачай т-вабыло вызначэнне этнагр. межаў Беларусі на З і этнічнага складу насельніцтва зах. губерняў. У 1860-я г. складзены і апублікаваны картаграфічныя працы Ф.Р.Эркерта, М.Ф.Марковіча, М.Галкіна, П. і Ф. Кепенаў. З 1862 РГТ выпрацоўвала планы правядзення этнаграфічна-стат. экспедыцый у зах. губерні, аднак іх ажыццяўленне стала магчымым толькі пасля падаўлення паўстання 1863—64. Этнагр. экспедыцыі па Беларусі ў 1867—68 правёў С.В.Максімаў, які па выніках даследаванняў апублікаваў некалькі нарысаў. Стат. экспедыцыю па Беларусі ў 1867 ажыццявіў М.Я.Дубенскі, які перадаў РГТ запіскі «Размеркаванне насельніцтва ў Заходнім краі па гушчыні», «Рух насельніцтва ў Заходнім краі» і інш. У 1869—70 РГТ арганізавала экспедыцыю П.П.Чубінскага, якая ахапіла Украіну і паўд. раёны Беларусі. Па выніках даследавання былі выдадзены «Працы этнаграфічна-статыстычнай экспедыцыі ў Заходне-Рускі край...» (т. 1—7, 1872—79). Даследаванне Беларусі прадоўжыў створаны ў 1867 Паўночна-Заходні аддзел Рускага Геаграфічнага таварыства. У 1954 створана Беларускае геаграфічнае таварыства (напачатку як філіял Геаграфічнага т-ваСССР). Матэрыялы па статыстыцы, геаграфіі, гісторыі, этнаграфіі, фалькларыстыцы Беларусі друкаваліся ў выданнях РГТ — «Вестнике», «Известиях», «Записках» і інш.
Літ.:
Семенов П.П. История полувековой деятельности императорского Русского географического общвства, 1845—1895. Ч. 1—3. СПб., 1896;
Зеленин Д.К. Описание рукописей Ученого Архива Императорского Русского Географического Общества. Вып. 1—3. Пг., 1914—16;
Берг Л.С. Всесоюзное географическое общество за сто лет. М.; Л., 1946;
Географическое общество Союза ССР, 1917—1967 М., 1968;
Географическое общество за 125 лет. Л., 1970;
Русские географы и путешественники: Фонды архива Геогр. об-ва. Л., 1971;
Описание коллекций рукописей Научного архива Географического общества СССР. Вып. 1. Л., 1973;
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997;
Цішчанка І.К. Да народных вытокаў: Збіранне і вывучэнне бел. фальклору ў 50—60-я гады XIX ст.Мн., 1986;
Беларусы. Т. 3. Гісторыя этналагічнага вывучэння. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З САВЕ́ЦКІХ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНЫХ РЭСПУ́БЛІК (СССР), Савецкі Саюз,
шматнацыянальная федэратыўная дзяржава, якая існавала з снеж. 1922 да снеж. 1991 на б.ч.тэр. былой Расійскай імперыі і некат. прылеглых да яе землях. У 1989 пл.СССР складала 22,4 млн.км², нас. 286,7 млн.чал.; больш за 100 нацыянальнасцей. Сталіца — г.Масква. Утварэнне СССРбыло заканамерным працэсам і з’явілася вынікам паліт., ваен., эканам. і культ. інтэграцыі сав. рэспублік, якія ўзніклі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917. З моманту ўзнікнення сав. рэспублікі апынуліся ў рамках агульнага паліт. саюза з прычыны аднатыпнасці іх дзярж. сістэмы і канцэнтрацыі рэальнай улады ў руках адной Камуніст. партыі [рэспубліканскія кампартыі ўваходзілі ў РКП(б) на правах абл. арг-цый, гл.Камуністычная партыя Савецкага Саюза]. Пасля грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22сав. рэспублікі былі аб’ектыўна зацікаўлены ў аднаўленні дзярж. адзінства: лягчэй было выстаяць у «капіталіст. атачэнні» і потым працягваць змаганне за «сусв. пралетарскую рэвалюцыю», аднавіць гаспадарку, развіваць эканоміку і культуру, забяспечыць сваю абараназдольнасць. Ужо 1.6.1919 утвораны ваен. саюз сав. рэспублік Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы і Беларусі. Ініцыятарамі стварэння СССР выступілі камуністы (бальшавікі). У 1920—21 умацаваліся гасп. сувязі сав. рэспублік, напярэдадні Генуэзскай канферэнцыі 1922 склаўся іх дыпламат. саюз. У вер. 1922 спец. камісія ЦК РКП(б) прыняла падрыхтаваны І.В.Сталіным т. зв. «план аўтанамізацыі», згодна з якім інш.сав. рэспублікі ўваходзілі ў склад РСФСР на правах аўтаномій. Гэты план не атрымаў поўнай падтрымкі з боку рэспублік, зусім не прыняў яго ЦК кампартыі Грузіі. У.І.Ленін прапанаваў план афармлення адзінай дзяржавы з захаваннем за рэспублікамі атрыбутаў паліт. незалежнасці — у форме добраахвотнага саюза суверэнных і раўнапраўных сав. дзяржаў. Паколькі аўтарытэт Леніна быў бясспрэчным, ЦК РКП(б) і пераважная большасць сав. дзеячаў выказаліся за ленінскі план. На Беларусі Цэнтр. Бюро (ЦБ) КП(б)Б пастанавіла (16.9.1922) «лічыць мэтазгодным устанаўленне адносін паміж камісарыятамі Беларусі і камісарыятамі РСФСР аналагічныя з адносінамі, устаноўленымі паміж РСФСР і Украінай». Зыходзячы з таго, што адносіны РСФСР з Укр. ССР (УССР) будаваліся як адносіны дзвюх роўных незалежных рэспублік, гэта фактычна азначала, што ЦБКП(б)Ббыло супраць сталінскага плана «аўтанамізацыі». Ідэю стварэння СССР аднадушна падтрымалі павятовыя парт. канферэнцыі, 6 павятовых і 116 валасных з’ездаў Саветаў Беларусі. У снеж. 1922 з’езды Саветаў УССР, БССР, Закаўказскай Сацыяліст. Федэратыўнай Сав. Рэспублікі (ЗСФСР; уваходзілі Армянская, Азербайджанская і Грузінская ССР) і X Усерас. з’езд Саветаў прызналі аб’яднанне сав. рэспублік у адзінай дзяржаве своечасовым. Актам утварэння СССР стаў Дагавор, які заключылі паміж сабой 4 рэспублікі — РСФСР, УССР, БССР і ЗСФСР (падпісаны разам з асобнай Дэкларацыяй 27.12.1922). Дагавор размежаваў кампетэнцыю паміж урадам СССР і рэсп. органамі выканаўчай улады. 30.12.1922 Першы з’езд Саветаў СССР зацвердзіў Дагавор і Дэкларацыю, дзе былі сфармуляваны асн. прынцыпы аб’яднання рэспублік: раўнапраўе і добраахвотнасць уваходжання іх у Саюз ССР, права свабоднага выхаду з Саюза і доступ у яго новым сав.сацыяліст. рэспублікам. З’езд зацвердзіў Дагавор аб утварэнні СССР, які прадугледжваў арганізацыю 10 саюзных наркаматаў, Вярх. суда і Аб’яднанага дзярж.паліт. ўпраўлення, вызначыў асновы ўзаемаадносін паміж вышэйшымі органамі ўлады СССР і саюзных рэспублік. Быў абраны вярх. орган улады Саюза ССР — Цэнтр. Выканаўчы К-т (ЦВК; старшыні М.А.Калінін, Р.А.Пятроўскі, А.Р.Чарвякоў, Н.Н.Нарыманаў). На 2-й сесіі ЦВК сфарміраваны ўрад СССР — Савет Нар. Камісараў (СНК) на чале з Леніным. Першая Канстытуцыя СССР (зацверджана 31.1.1924 на II з’ездзе Саветаў СССР) дэкларавала працоўным краіны шырокія дэмакр. правы і свабоды, актыўны ўдзел у кіраўніцтве дзяржавай. У сак. 1924 паводле прапаноў і хадайніцтваў ЦВКБССР Прэзідыум ЦВКСССР са згоды Усерас.Цэнтр. Выканаўчага К-та (ВЦВК) прыняў рашэнне аб вяртанні Беларускай ССР 16 паветаў Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губ.; у снеж. 1926 вернуты яшчэ 2 паветы (Гомельскі і Рэчыцкі), што значна ўзмацніла эканам. і культ. патэнцыял БССР. У ходзе далейшага працэсу нац.-дзярж. будаўніцтва ў склад СССР 13.5.1925 увайшлі Туркм. ССР і Узб. ССР (утвораны 27.10.1924), 5.12.1929 — Тадж. ССР (утворана 16.10.1929), 5.12.1936 — Казахская ССР і Кірг. ССР, 31.3.1940 — Карэла-Фінская ССР (з 1956 Карэльская АССР у складзе РСФСР), 2.8.1940 — Малд. ССР, 3—6.8.1940 — Літ. ССР, Латв. ССР і Эст. ССР (утвораны 21.7.1940). Канстытуцыя СССР 1936 абмежавала паўнамоцтвы саюзных рэспублік. У ёй нічога не гаварылася пра тое, што суб’екты СССР перадаюць значную ч. паўнамоцтваў Саюзу, г. зн. дзейнічала не дагаворная, а канстытуцыйная норма. Павялічылася колькасць агульнасаюзных камісарыятаў. Утварэнне СССР дало магчымасць сканцэнтраваць сродкі для хуткага ажыццяўлення індустрыялізацыі, калектывізацыі сельскай гаспадаркі і культ. будаўніцтва, садзейнічала стварэнню буйнога эканам. патэнцыялу, які забяспечыў тэхніка-эканам. незалежнасць шматнац. дзяржавы, сав. рэспублік. У канцы 1930-х г.СССР па аб’ёмах прамысл. вытв-сці выйшаў на 2-е месца ў свеце пасля ЗША. Значныя асігнаванні з агульнасаюзнага бюджэту выдзяляліся гаспадарцы Беларусі. Напр., на буд-ва ф-кі штучнага валакна ў Магілёве, Крычаўскага цэментнага з-да, Бабруйскага і Гомельскага дрэваапрацоўчых камбінатаў, Гомельскага шклозавода і інш. аб’ектаў былі адпушчаны вялізныя на той час сумы. Хуткая суцэльная калектывізацыя вёскі дазволіла ўзяць у яе сродкі на патрэбы індустрыялізацыі і абароны краіны. Беларусь першай з рэспублік Саюза ССР на мяжы 1920—30-х г. ажыццявіла ўсеаг. абавязковае пач. навучанне і працягвала паступова ўводзіць усенавуч на базе сямігадовай школы. Разам з тым Камуніст. партыя кіравалася ідэямі «дзярж. сацыялізму», што абумовіла далейшую цэнтралізацыю ўлады, абмежаванне паўнамоцтваў саюзных рэспублік, адзяржаўленне нар. гаспадаркі, згортванне эканам.-матэрыяльных стымулаў. Стварэнне адміністрацыйна-каманднай сістэмы выклікала сур’ёзныя скажэнні ў грамадска-паліт. жыцці краіны, масавыя рэпрэсіі палітычныя супраць грамадзян. Аднак нягледзячы на розныя хібы і дэфармацыі грамадства, за гады першых пяцігодак быў створаны магутны паліт. і сац.-эканам. патэнцыял, які дазволіў краіне, нягледзячы на вял. страты (27 млн.чал., 30% нац. багацця), выстаяць у барацьбе супраць фаш. Германіі, вытрымаць цяжкія выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941—45, адстаяць сваю свабоду і незалежнасць. Савецкі народ і Узброеныя сілы СССР зрабілі вырашальны ўклад у выратаванне сусв. цывілізацыі ад фашызму. Важкім фактарам у дасягненні перамогі над Германіяй стаў партызанскі рух на Беларусі і ў інш. рэспубліках СССР. Пасля 2-й сусв. вайны міжнар. аўтарытэт СССР значна вырас. Сав. Саюз з’яўляўся чл. — заснавальнікам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (з крас. 1945) і адным з пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН. Паводле рашэння Сан-Францыскай канферэнцыі 1945, скліканай з мэтай утварэння ААН, БССР разам з УССР былі ўключаны ў лік краін-заснавальніц гэтай новай і самай аўтарытэтнай міжнар. арг-цыі. Самаадданая праца і ўзаемадапамога народаў СССР далі магчымасць краіне хутка залячыць цяжкія раны вайны, аднавіць разбураную нар. гаспадарку, працягваць культ. будаўніцтва. У пасляваен. адраджэнні Беларусі ўдзельнічалі практычна ўсе сав. рэспублікі. У 1944—45 сродкі, атрыманыя БССР у даход яе дзярж. бюджэту з саюзных крыніц, склалі 55% іх агульнай сумы. Пасляваен. развіццё вызначыла ў значнай ступені далейшую спецыялізацыю Беларусі ў грамадскім падзеле працы, яе ролю ў стварэнні адзінага нар.-гасп. комплексу СССР. Гал. кірункам прамысл. развіцця Беларусі стаў паскораны рост машынабудавання, металаапрацоўкі, электраэнергетыкі, паліўнай прам-сці, радыёэлектронікі, буд. матэрыялаў. У будаўніцтве многіх буйных прадпрыемстваў рэспублікі прымала ўдзел уся краіна. Важнай рысай у нац.-дзярж. палітыцы ў 1950-я г. стала пашырэнне правоў і ініцыятыў саюзных рэспублік. У маі 1955 зменены парадак планавання і фінансавання нар. гаспадаркі рэспублік СССР. Замест ранейшага парадку зацвярджэння ўрадам СССР дэталёвых паказчыкаў па развіцці рэсп. прам-сці, сельскай гаспадаркі, культуры, аховы здароўя цяпер вызначаўся толькі агульны аб’ём валавой і таварнай прадукцыі, а таксама капіталаўкладанняў па саюзных рэспубліках. Канкрэтнае планаванне аб’ёму вытв-сці і капіталаўкладанняў па прадпрыемствах і ведамствах было перададзена ў распараджэнне рэсп. саветаў міністраў. Яны атрымалі права выкарыстоўваць дадаткова выяўленыя і атрыманыя пры выкананні рэсп. бюджэту даходы на фінансаванне жыллёвай і камунальнай гаспадаркі, сац.-культ. мерапрыемстваў. Пашырыліся і паўнамоцтвы саветаў міністраў саюзных рэспублік у кіраўніцтве прам-сцю 1 буд-вам. У распараджэнне рэспублік у 1956 перададзены функцыі па кіраўніцтве работай судовых устаноў і органаў юстыцыі. Канцэнтрацыя навук. і вытв. сіл, матэрыяльных сродкаў на важнейшых кірунках навукі і тэхнікі прывяла да значных дасягненняў: створана ўласная ядзерная зброя (канец 1940 — пач. 1950-х г.), пабудавана першая ў свеце АЭС (1954), запушчаны першы штучны спадарожнік Зямлі (1957), першы касм. карабель з чалавекам — Ю.А.Гагарыным (1961); дасягнуты ваенна-стратэгічны парытэт з ЗША. У 2-й пал. 1980-х г.СССР займаў 1-е месца ў свеце па здабычы нафты, газу і жалезнай руды, выплаўцы чыгуну і сталі, вытв-сці коксу, трактароў, мінер. угнаенняў і некат. інш. відаў прадукцыі. Але выкарыстанне паліўна-энергет., сыравінных і інш. матэрыяльных рэсурсаў на адзінку нац. даходу ў 2—3 разы перавышала аналагічныя паказчыкі вядучых зах. краін. З пач. 1970-х г. усё больш пачалі выяўляцца адмоўныя рысы «дзярж. сацыялізму» (абмежаванне дэмакратыі, адхіленне працоўных ад уласнасці і ўлады, парушэнні прынцыпаў сац. справядлівасці, бюракратызацыя дзярж. апарату і інш.), што прывяло да паглыблення крызісных з’яў. У якасці прававой нормы ў арт. 6 Канстытуцыі СССР 1977 было замацавана, што «кіруючай і накіроўваючай сілай савецкага грамадства, ядром яго палітычнай сістэмы, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый з’яўляецца Камуністычная партыя Савецкага Саюза». Спробы паскорыць сац.-эканам. развіццё на аснове канцэпцыі перабудовы (з сярэдзіны 1980-х г.) станоўчых вынікаў не прынеслі. Узмацніліся цэнтрабежныя тэндэнцыі ў саюзных рэспубліках, іх імкненне да суверэнітэту. Прычыны будучага распаду СССР, якія намеціліся ў канцы 1980-х г., заключаліся таксама ў абмежаванні паўнамоцтваў саюзных рэспублік, кансервацыі многіх адсталых форм арганізацыі грамадства (кланавасць, пратэкцыянізм, бюракратыя), дыктаце цэнтра ў эканам. монаразвіцці без уліку асаблівасцей кожнай рэспублікі, перараджэнні парт., дзярж. і інтэлектуальнай эліты ў асобны клан алігархаў, скажэннях у духоўным жыцці народаў (уніфікацыя адукацыі і асветы, моўная асіміляцыя), наяўнасці нац. нігілізму пад сцягам барацьбы з нацыяналізмам, намаганнях Захаду да скасавання СССР як гал. перашкоды на шляху да сусв. панавання т. зв. «заходніх каштоўнасцей» у выглядзе «новага парадку», дапамозе зах. колаў групоўкам і плыням некамуніст. скіраванасці, што тады дзейнічалі ў саюзных рэспубліках. Абвастрэнне супрацьстаяння дзвюх грамадска-паліт. сістэм, гонка ўзбраенняў, уцягванне СССР у ходзе змагання з Захадам у лакальныя канфлікты 1970—80-х г. (Афганістан, Ангола і інш.) аслаблялі эканоміку шматнац.сав. дзяржавы. Усё гэта паступова прыводзіла да радыкалізацыі палітыкі саюзных рэспублік, якія былі незадаволены няўдалымі рэформамі, няздольнасцю федэральнага цэнтра вырашаць складаныя праблемы. Скасаванне ў сак. 1990 арт. 6 Канстытуцыі СССР 1977 паскорыла распад шматнац. дзяржавы. У сак. 1990 Вярх. Савет Літвы абвясціў аб «аднаўленні незалежнасці Літоўскай дзяржавы», скасаванні дзеяння Канстытуцыі Літ. ССР і Канстытуцыі СССР на тэр. рэспублікі. У крас. 1990 аб незалежнасці сваіх рэспублік заявілі Вярх. Саветы Латвіі і Эстоніі. Працэс суверэнізацыі закрануў і інш. рэспублікі, хаця напачатку яны не заяўлялі аб выхадзе з СССР.
Спроба захаваць Саюз з усімі атрыбутамі ўлады была зроблена ў Законе СССР «Аб размеркаванні паўнамоцтваў паміж Саюзам ССР і суб’ектамі федэрацыі» (крас. 1990). Рэспублікі атрымлівалі магчымасць уступаць паміж сабой у эканам. супрацоўніцтва, наладжваць адносіны з замежнымі дзяржавамі, прымаць удзел у міжнар. арг-цыях. Аднак гэта не спыніла імкнення саюзных рэспублік да незалежнасці. 12.6.1990 прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце з’езд нар. дэпутатаў РСФСР. 16.7.1990 дакумент адпаведнай накіраванасці прыняў Вярх. Савет Украіны. 27.7.1990 Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі зацвердзіў Вярх. СаветБССР. Яна абвясціла вяршэнства на тэр. рэспублікі Канстытуцыі Бел. ССР і яе законаў. У гэтых умовах кіраўніцтва СССР паспрабавала распрацаваць праект новага саюзнага дагавора (ліст. 1990). Аднак нават такая ініцыятыва цэнтра з боку кіраўнікоў суверэнных рэспублік шырокай падтрымкі не знайшла. IV з’езд нар. дэпутатаў СССР (снеж. 1990) прыняў рашэнне аб правядзенні 17.3.1991 рэферэндуму па пытанні аб СССР. У галасаванні ўдзельнічала 80% выбаршчыкаў. За захаванне СССР выказалася 76,4% галасаваўшых, супраць — 21,7%. Улады Грузіі, Літвы, Малдовы, Латвіі, Арменіі і Эстоніі не выканалі рашэнні IV з’езда нар. дэпутатаў СССР аб правядзенні рэферэндуму. У той жа час на Беларусі больш за 80% галасаваўшых выказаліся за захаванне СССР. Вясной і летам 1991 прэзідэнту СССР М.С.Гарбачову (з сак. 1990) на кансультацыях і перагаворах з кіраўніцтвам саюзных рэспублік у падмаскоўнай рэзідэнцыі Новае Агарова («Новаагароўскі працэс») удалося падрыхтаваць і 23 ліп. ўзгадніць праект новага саюзнага дагавора, які пры значным звужэнні ролі цэнтра прадугледжваў захаванне адзінай дзяржавы. Спроба групы парт. і дзярж. кіраўнікоў (Дзярж.к-т па надзвычайным становішчы, 19—21 жн.) увесці надзвычайнае становішча ў шэрагу рэгіёнаў СССР, выклікала адмоўную рэакцыю ў кіраўніцтве РСФСР і інш. рэспублік. Урадамі і Вярх. Саветамі суверэнных рэспублік быў канчаткова ўзяты курс на незалежнасць. 25—26.8.1991 нечарговая сесія Вярх. Савета БССР прыняла Закон «Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», пастанову аб забеспячэнні паліт. і эканам. самастойнасці Беларусі. 19.9.1991 Вярх. Савет прыняў Закон аб назве Бел. ССР, у адпаведнасці з якім яна пачала называцца Рэспублікай Беларусь. У ліст. 1991 кіраўнікі саюзных рэспублік адмовіліся падпісаць падрыхтаваны Гарбачовым новы тэкст саюзнага дагавора. 8.12.1991 у Белавежскай пушчы (у бел. урадавай рэзідэнцыі Віскулі, Камянецкі р-н) кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны падпісалі Белавежскія пагадненні 1991 аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД), у якім канстатавалі, што «Саюз ССР як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне». 10.12.1991 Вярх. Саветы Беларусі і Украіны, 12.12.1991 Вярх. Савет Расіі ратыфікавалі Пагадненне аб стварэнні СНД і дэнансавалі Дагавор 1922 аб утварэнні СССР. 21.12.1991 была прынята Алма-Ацінская дэкларацыя кіраўнікоў 11 незалежных дзяржаў (Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана і Украіны), у якой зноў было пацверджана: «З утварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік спыняе сваё існаванне».
Кр.:
Образование СССР: Сб. док. М., 1972;
Несостоявшийся юбилей: Почему СССРне отпраздновал своего 70-летия? М., 1992.
Літ.:
Бараноўскі Я.І. За дружбу народаў. Мн., 1972;
Ленін У.І. Да пытання аб нацыянальнасцях, або аб аўтанамізацыі // Тв. Т. 36 (Полн. собр. соч. Т. 45);
История национально-государственного строительства в СССР, 1917—1978. Т. 1—2, М., 1979;
Ракашевич В.К. Конституция СССР — интернационализм в действии. Мн., 1980;
Бармичев В.Д. Союзу республик — шестьдесят. Мн., 1982;
Куличенко М.И. Национальные отношения в СССР и тенденции их развития. М., 1972;
Национальные отношения и национальные процессы в СССР: вопр. истории. М., 1990;
Ненароков А.П. К единству равных: Культ. факторы объединительного движения сов. народов, 1917—1924. М., 1991;
Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;
Абдулатипов Р.Г., Болтенкова Л.Ф., Яров Ю.Ф. Федерализм в истории России. Кн. 1—3. М., 1992—93;
Доронченков А.И. Межнациональные отношения и национальная политика в России: актуал. пробл. теории, истории и современ. практики: Этнополитол. очерк. СПб., 1995;
Круталевич В.А. На путях национального самоопределения: БНР—БССР—РБ. Мн., 1995;
Боффа Дж. От СССР к России: История неоконченного кризиса, 1964—1994: Пер. с итал. М., 1996;
Чешко С.В. Распад Советского Союза: Этнополитич. анализ. М., 1996;
Хоскинг Д. История Советского Союза, 1917—1991: Пер. с англ. 2 изд. М., 1995;
Национальная политика России: история и современность. М., 1997;
Бабурин С.Н. Территория государства: Правовые и геополитич. пробл. М., 1997.
У.Я.Казлякоў, І.А.Літвіноўскі.
Герб і сцяг Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Выступленне старшыні ЦВКСССР М.І.Калініна (10.10.1932) на адкрыцці Дняпроўскай гідраэлектрастанцыі каля г. Запарожжа на Украіне.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Дэкларацыя аб утварэнні СССР, прынятая I з’ездам Саветаў СССР 30.12.1922.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Парад Перамогі. Масква 24.6.1945.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Сумеснае пасяджэнне Вярхоўнага Савета СССР, Вярхоўнага Савета РСФСР і ЦККПСС, прымеркаванае да 50-годдзя СССР. Масква, снеж. 1972.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Выстаўка дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Масква. 1980-я г.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Галоўны канструктар касмічных караблёў С.П.Каралёў (справа) і першы касманаўт Зямлі Ю.А.Гагарын. 1960-я г.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Беларуская ўрадавая рэзідэнцыя Віскулі (Белавежская пушча), дзе 8.12.1991 падпісаны Белавежскія пагадненні аб спыненні існавання СССР і ўтварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў.