КО́ПАНЕЎ (Павел Ільіч) (н. 19.1.1922, в. Малыя Копані Шастакоўскага р-на Кіраўскай вобл., Расія),

бел. мовазнавец. Д-р. філал. н. (1973), праф. (1975). Скончыў Кіраўскі пед. ін-т (1942), Ленінградскі ун-т (1949). Працаваў з 1949 у Гродзенскім, з 1955 у Варонежскім пед. ін-тах. З 1961 у Мінскім лінгвістычным ун-це. Навук. працы па агульным мовазнаўстве, германскіх мовах, праблемах перакладу і ўзаемадзеяння моў: «Пытанні гісторыі і тэорыі мастацкага перакладу» (1972), «Тэорыя і практыка пісьмовага перакладу. Ч. 1. Пераклад з нямецкай мовы на рускую» (1986), «Падручнік нямецкай мовы: Дзелавыя зносіны» (ч. 1—2, 1995, з М.​Г.​Хільтавым).

Тв.:

Комплементарная функция художественного перевода. Мн., 1994.

І.​К.​Германовіч.

т. 8, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЫЗЫ́Л,

горад, сталіца Рэспублікі Тыва ў Рас. Федэрацыі, каля сутокаў рэк Вял. Енісей і М. Енісей, якія даюць пачатак Верхняму Енісею (р. Улуг-Хем). Канцавы пункт Усінскага тракту. Засн. ў 1914, да 1918 наз. Белацарск, да 1926 — Хем-Белдыр. 95,4 тыс. ж. (1996). Прыстань. Аэрапорт. З-д аўтаспецабсталявання, прадпрыемствы харч., лёгкай, дрэваапр., буд. матэрыялаў прам-сці. У раёне К. здабыча вугалю. Тывінскі НДІ мовы, гісторыі мовы і л-ры. Філіял Сіб. аддзялення Рас. АН. Пед. ін-т, філіялы краснаярскіх агр. ун-та і політэхн. ін-та. Муз.-драм. т-р. Філармонія. Краязнаўчы музей. У К. — геагр. цэнтр Азіі, на беразе р. Улуг-Хем — манумент «Цэнтр Азіі» (1964).

Кызыл Манумент — «Цэнтр Азіі».

т. 9, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́КА (Mucke, Muka) Арнашт (10.3.1854, г. Угіст, Германія — 10.10.1932), лужыцкі мовазнавец-славіст, культ. і грамадскі дзеяч. Чл. Пецярбургскай АН, АН у Празе, Заграбе і інш. З 1870-х г. адзін з лідэраў серба-лужыцкага нац.-культ. руху, належаў да групы «младасербаў». З 1882 заснавальнік і рэдактар літ.-грамадскага час. «Lužica» («Лужыца»), з 1894 — рэдактар навук. «Časopis Mačicy Serbskeje» («Часопіса Маціцы Сербскай»), Асн. працы ў галіне мовазнаўства, краязнаўства, дэмаграфіі, літзнаўства, гісторыі, фалькларыстыкі лужыцкіх сербаў, у т. л. «Статыстыка лужыцкіх сербаў» (1884—86), «Параўнальная і гістарычная фанетыка і марфалогія ніжнелужыцкай мовы» (1891), «Слоўнік ніжнелужыцкай мовы і яе дыялектаў» (т. 1—3, 1911—28). Выдавец «Тэатральнай лужыцкай бібліяТЭЧКІ» (1876).

Дз.​І.​Лазарава.

т. 11, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛЬМБАХ (Аляксандр Адольфавіч) (10.9.1897, г. Верхнядзвінск Віцебскай вобл. — 22.10.1963),

вучоны-цюрколаг. Праф. (1960). Засл. дз. л-ры і мастацтва Рэспублікі Тыва (1963). Скончыў Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археал. ін-та (1918). У 1918—22 настаўнічаў у Лёзне. Выкладаў у Камуніст. ун-це працоўных Усходу, Чэлябінскім пед. ін-це і інш. З 1930 працаваў у Тувінскім НДІ мовы, л-ры і гісторыі. Адзін са стваральнікаў тув. пісьменнасці (1930); сааўтар першай «Граматыкі тувінскай мовы» (1961), «Асноў тувінскай арфаграфіі» (1963). Перакладаў на рус. мову творы С.​Тока, С.​Сарыг-Оала і інш. Як пісьменнік і перакладчык адыграў значную ролю ў станаўленні тув. маст. л-ры.

Літ.:

Александр Пальмбах — писатель и человек. Кызыл, 1967.

т. 12, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФЕСІЯНАЛІ́ЗМ,

вузка спецыяльнае слова або выраз, якім карыстаюцца ў мове прадстаўнікі асобных прафесій і спецыяльнасцей. Напр., у мове друкароў: «паласа» — набраная ці аддрукаваная старонка; «падвал» — ніжняя частка газетнай старонкі і артыкул, змешчаны на гэтым месцы.

З’яўленне П. у мове выклікана неабходнасцю вычленіць і дыферэнцыраваць прадметы, прылады і прадукты працы, вытв. працэсы і дзеянні і для іх абазначэння стварыць адпаведныя словы. Па сваёй функцыі П. блізкія да тэрмінаў, але адрозніваюцца ад іх тым, што астаюцца на ўзроўні паўафіц. назваў спец. паняццяў і бытуюць звычайна ў сферы вусных моўных зносін. Адносна лёгка пераходзяць у гутарковую мову.

Літ.:

Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1976;

Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994.

В.​П.​Красней.

т. 13, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЭ́НКА (Алена Мікалаеўна) (н. 6.10.1961, г. Чыгірын Чаркаскай вобл., Украіна),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (2000). Скончыла БДУ (1985). З 1985 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1989 у Мінскім лінгвістычным ун-це, з 1995 — у БДУ. Даследуе пытанні сучаснай бел. літ. мовы, яе гісторыю, этымалогію лексікі, слав. мовы, агульнае мовазнаўства. Аўтар кн. «Інтэлектуальныя абазначэнні: функцыянаванне і матывацыя» (1994, з А.​А.​Кожынавай), «Сістэмны рух і гуманітарныя навукі» (1996, з М.​А.​Сакаловай), «Дзеясловы з семантыкай разумовых працэсаў у беларускай мове» (2000), падручнікаў і навуч. дапаможнікаў па бел. мове для школы і інш.

Тв.:

Белорусский язык для русскоязычных. Мн., 1994 (разам з А.​А.​Кожынавай, А.​Г.​Тарасевіч).

М.​Н.​Крыўко.

т. 13, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКА́Н,

група народаў (ашанты, фанты, акім, аквапім, аньі, бауле, гонджа, крачы, абронг і інш.) у Гане (больш за 7,7 млн. чал.), Кот-д’Івуар (2,3 млн. чал.) і Тога (50 тыс. чал., 1987). Мовы групы акан.

т. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУ́Т (ад лац. acutus востры, высокі),

1) адзін з відаў муз. націску ў стараж.-грэч., сербскай і інш. мовах.

2) Знак гэтага націску на пісьме (ˊ).

3) Інтанацыя сучаснай літоўскай мовы, якая мае сыходны характар.

т. 1, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРДВА́ (мардоўцы),

народ, карэннае насельніцтва Мардовіі (313 тыс. чал.). Колькасць у Рас. Федэрацыі 1073 тыс. чал. (1992). Агульная колькасць — 1150 тыс. чал. Падзяляюцца на этнагр. групы эрзя, мокша, каратаеў і церухан. Мовы мардоўскія. Вернікі — праваслаўныя.

т. 10, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУ́ЛЬНАЕ МОВАЗНА́ЎСТВА,

агульная лінгвістыка, галіна мовазнаўства, якая вывучае універсальныя ўласцівасці і заканамернасці мовы як найважнейшага сродку зносін паміж людзьмі, а таксама агульныя рысы ўсіх моў або іх груп у плане будовы (структуры), функцыянавання і развіцця. Сярод гал. праблем агульнага мовазнаўства — сац. сутнасць, знакавасць, развіццё мовы, мова і мысленне, мова і грамадства, мова і паэт. творчасць; тыпалогія моў паводле іх будовы і асаблівасцяў функцыянавання, метады даследавання мовы. Паводле асаблівасцяў прадмета і метадаў даследавання вылучаюць: агульную фанетыку, лексікалогію, граматыку, стылістыку; лінгвістычную паэтыку; сацыялінгвістыку; псіхалінгвістыку, матэматычную лінгвістыку; тэорыю перакладу; этналінгвістыку і інш. З агульным мовазнаўствам цесна звязана прыкладное мовазнаўства, а таксама вывучэнне канкрэтных моў або груп моў. Фарміраванне агульнага мовазнаўства адбывалася з пач. 19 ст., найперш у працах В.​Гумбальта. Уклад у яго развіццё зрабілі А.​А.​Патабня, І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ, Ф. дэ Сасюр. На Беларусі першыя публікацыі агульналінгвістычнага характару з’явіліся ў 1920-я г. («Асноўныя пытанні мовазнаўства» П.​А.​Бузука, 1926). Бел. мовазнаўцы вывучаюць агульналінгвістычныя праблемы знакавага семіялагічнага) характару мовы (В.​У.​Мартынаў), прыкладнога мовазнаўства (У.​А.​Карпаў, У.​А.​Зубаў), эксперым. фанетыкі (К.​К.​Барышнікава, Г.​А.​Мятлюк, А.​І.​Падлужны), агульнай лексікалогіі (А.​І.​Кісялеўскі, Б.​А.​Плотнікаў), стылістыкі (М.​Я.​Цікоцкі), псіхалінгвістыкі (Г.​П.​Кліменка, Б.​Ю.​Норман), тэорыі перакладу (П.​І.​Копанеў, В.​П.​Рагойша), сацыялінгвістыкі (Н.​Б.​Мячкоўская), двухмоўя (М.​В.​Бірыла, М.​Г.​Булахаў, А.​Я.​Міхневіч, П.​П.​Шуба). У Ін-це мовазнаўства АН Беларусі створаны аддзел, у БДУ і Гродзенскім ун-це — кафедры тэарэтычнага і слав. мовазнаўства.

Літ.:

Мечковская Н.Б., Плотников Б.Н., Супрун А.Е. Общее языкознание: Сущность и история языка. Мн., 1993.

А.​Я.​Супрун.

т. 1, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)