вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на правым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета. За 8 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 86 км ад Мінска. 737 ж., 340 двароў (1999).
Вядома з сярэдзіны 16 ст., уласнасць Осцікавічаў, Л.Свірскага, М.К.Радзівіла Сіроткі. У 1596 мела 17 двароў, карчму, бровар, прыстань. На мяжы 16—17 ст. ператварылася ў мястэчка. У 1628 было 114 двароў, касцёл, ратуша, гасціны двор, рынак, млын, верф (сточня), 13 складоў для тавараў. У 1664 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай М. спалена. З 1793 у Рас. імперыі ў Мінскім пав., у 19 ст. сяло Свержанскай вол. У 1882 каля М. ў засценку Акінчыцы нарадзіўся Я.Колас. У 1897 у М. 935 ж., 141 двор, царква, карчма, магазін. У ліп. 1906 тут адбыўся з’езд настаўнікаў Мінскай губерні 1906. З 1921 у складзе Польшчы ў Стаўбцоўскім пав. Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Стаўбцоўскага р-на.
Сярэдняя школа, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Коласаўскі заказнік, Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял. Каля вёскі турбаза «Высокі бераг». Радзіма вучонага-мовазнаўца Я.Лёсіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКОЕ СЛО́ВО»,
штодзённая грамадска-паліт. газета вялікадзяржаўна-шавіністычнага кірунку. Выдавалася з 4(17).11.1906 да 15(28).6.1912 у Мінску на рус. мове. Працягвала праграму газет «Белорусский вестник» і «Минская речь». Мела падтрымку Мін-ваўнутр. спраў і асабіста П.А.Сталыпіна. Выступала супраць раўнапраўя народаў Рас. імперыі, імкнулася дыскрэдытаваць бел.нац. адраджэнне, бел. друк, адмаўляла нац. і этнакульт. самастойнасць беларусаў, раіла выкрасліць назвы Беларусь і беларусы. Абражала бел. пісьменнікаў (Я.Купалу, Я.Коласа, Ф.Багушэвіча, Цётку і інш.), бел. народ і яго мову. Заклікала губ. адміністрацыю не абмяжоўвацца рэпрэсіямі бел. дзеячаў і «Нашай нівы», а «вырваць зло ў самым корані». У шматлікіх аўтарскіх і рэд. артыкулах («Беларускі сепаратызм», «Пра кніжную беларускую мову» і інш.) патрабавала ад урада забароны бел.нац. культуры. Абвінавачвала рус.дэмакр. прэсу, творчасць М.Горкага, Л.Андрэева, Ф.Салагуба, А.Купрына і інш. у безыдэйнасці і гандлярстве. За распальванне варожасці паміж народамі Рас. імперыі губ. ўлады канфіскоўвалі асобныя нумары газеты. Праграму «М.с.» працягвалі газ. «Минское русское слово» і «Северо-Западная жизнь».
Літ.:
Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУМО́ВІЧ, Наўмовіч Міхась (н. 3.10.1922, в. Рамашкавічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.), грамадскі дзеяч бел. эміграцыі, мастак, фізіятэрапеўт. Пасля сканчэння Навагрудскай бел. гімназіі (1944) мабілізаваны ў Бел. краёвую абарону, потым у дывізію СС «Беларусь». Восенню 1944 перайшоў да франц. партызан. З канца 1944 у Андэрса арміі. З чэрв. 1945 жыў у Італіі. З 1947 у Францыі, дзе скончыў Нац. вышэйшую школу мастацтва (ф-т скульптуры, 1953) і школу фізіятэрапіі (1955) у Парыжы. Выкладаў анатомію і марфалогію ў дзярж. і прыватных школах фізіятэрапіі і мастацтва. Узначальваў Аб’яднанне бел. работнікаў у Францыі (з 1946), Бел. незалежніцкую арг-цыю моладзі ў Францыі (1949—52), Аб’яднанне бел. студэнтаў, Бел. аб’яднанне камбатантаў. Рэдагаваў час. «Моладзь» (1948—54). З 1991 старшыня Беларускага хаўрусу. Аўтар больш як 10 скульпт. твораў з каменю, у т. л. помніка на магіле М.Равенскага, скульптур для касцёлаў, моста Аляксандра III і Новага моста (Парыж). Пераможца конкурсу на стварэнне статуі Жанны д’Арк. У 1950—60-я г. аформіў выдадзеныя ў замежжы кнігі «Спадчына» Я.Купалы, «Сымон-музыка» Я.Коласа, «Матчын дар» А.Гаруна, альманах «Ля чужых берагоў». Малюе і акварэллю. Узнагарода па анатоміі Prix Hugier (1949).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУРЫ́ (сапр.Нурутдзінаў) Закі Шарафутдзінавіч
(н. 24.12.1921, в. Татарскія Цюкі Буінскага р-на, Татарстан — 18.2.1994),
татарскі пісьменнік. Засл. работнік культуры Расіі (1982). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1957). Удзельнік партыз. барацьбы на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. У 1944—46 на сав. рабоце ў Оршы. Друкуецца з 1936. У зб-ках паэзіі «Вершы» (1946), «Шлях славы» (1949), «Узыходжанне» (1956), «Святло душы» (1957), «Спяваюць закаханыя» (1960), «Гэта наша кніга» (1967), «Гады і дарогі» (1971), «Новыя сцежкі» (1975), «Прыходзіць і адыходзіць вясна» (1978), і інш. паэтызацыя гераізму і мужнасці народа ў Вял.Айч. вайну, мірнай стваральнай працы. Зб. апавяданняў «І мёртвыя помсцілі» (1962) пра партыз. барацьбу на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Пераклаў на тат. мову кн. вершаў Я.Коласа «Шляхі» (1962), зб. «Беларускія паэты» (1968), асобныя вершы Я.Купалы, творчасці якога прысвяціў шэраг артыкулаў. На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі М.Аўрамчык, Э.Валасевіч, В.Жук, Х.Жычка, В.Зуёнак, І.Калеснік, К.Камейша, М.Маляўка, У.Паўлаў, Ю.Свірка, М.Танк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́ДЗІН (Аляксандр Львовіч) (15.6.1872, г. Віцебск — 16.5.1947),
расійскі гісторык, філолаг-славіст. Д-рслав. філалогіі (1904). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1894). Праф. Варшаўскага (1902—08), Харкаўскага (1910—19) ун-таў. З 1919 у эміграцыі, да 1941 працаваў у Бялградскім ун-це. Аўтар прац па гісторыі і л-ры слав. народаў, «Руска-сербскай бібліяграфіі (1800—1925)» (т. 1—2, 1932—36). Цікавіўся нац.-вызв. рухам бел. народа, перапісваўся з рэдакцыяй газ. «Наша ніва». У час. «Вестник Европы» змясціў рэцэнзію на кнігу П.Бародкіна «Беларусы» (1902), арт. «Беларускія паэты» (1911) пра некаторыя заканамернасці развіцця бел. л-ры 19 — пач. 20 ст., яе цесную сувязь з жыццём народа, развіццём бел.нац.-вызв. руху, даў агульную характарыстыку творчасці Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча. Вітаў дзейнасць бел.навук.-літ. гуртка студэнтаў Пецярбургскага ун-та. Багдановіч прысвяціў П. «Санет» («Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...»).
Тв.:
Из истории славянских передвижений. СПб., 1901;
Адам Мицкевич. Т. 1—2. М., 1912—13;
Язык как творчество. Харьков, 1913;
Славянский мир. М., 1915;
Белорусские поэты // Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛЫ́ЧКА (Дзмітрый Васілевіч) (н. 28.9.1929, с. Стапчатаў Косаўскага р-на Івана-Франкоўскай вобл., Украіна),
украінскі пісьменнік, перакладчык, крытык. Скончыў Львоўскі ун-т (1953). Друкуецца з 1951. У паэт. зб-ках «Любоў і нянавісць» (1953), «Мая зямля» (1955), «Быстрыня» (1959), «Дзень» (1960), «На варце» (1961), «Хлеб і сцяг», «Гранаслоў» (абодва 1968), «Тайна твайго аблічча» (1974, «Спіраль» (1984) лірычныя вершы пра людзей Зах. Украіны, пра барацьбу за мір; у зб. «Накіраваны ў будучыню» (1986) вершы пра І.Франко. Аўтар кн. крытыкі «Магістралямі слова» (1977), «Над глыбінямі» (1983), сцэнарыяў кінафільмаў, твораў для дзяцей. Многія яго паэт. творы пакладзены на музыку. Беларусі прысвяціў вершы «Што звязана вякамі», «Вітанне Беларусі» і інш. На ўкр. мову перакладаў творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Куляшова, П.Панчанкі, М.Танка і інш. На бел. мову асобныя вершы П. пераклалі Р.Барадулін, Я.Сіпакоў. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАШЧЫ́НСКІ (Аляксандр Уладзіміравіч) (н. 2.4.1949, г. Лагойск Мінскай вобл.),
бел. кампазітар, збіральнік бел. песенна-танц. фальклору. Скончыў Дзярж.муз.-пед.ін-т імя Гнесіных у Маскве (1975, кл.хар. дырыжыравання), Бел. кансерваторыю (1984, кл. кампазіцыі Я.Глебава). З 1973 выкладае (з перапынкамі) у Мінскім муз. каледжы імя Глінкі. У 1976—79 муз. кіраўнік і артыст аркестра ансамбля «Харошкі», у 1989—94 маст. кіраўнік і артыст гурта «Купалінка» пры Белдзяржфілармоніі. Найб. плённа працуе ў жанры нар.-харавой кампазіцыі. Творам уласцівы нац. характарнасць, дэмакратызм, адраджэнне традыцый нар. выканальніцтва. Сярод твораў: сімфонія (1983), араторыя «Смутак памяці» на вершы бел. паэтаў (1984), кантата «Дзіцячыя песні» на нар. словы (1982), канцэрт для цымбалаў і арк.бел.нар. інструментаў (1986), сюіты для сімф.арк. (1985), нар. інструментаў у 3 ч. (1986) і «Калядныя ігрышчы» (1989), канцэртная фантазія «З рога ўсяго многа» (1987), музыка для хору і інш. Збірае і апрацоўвае бел. песенна-танц. фальклор. Укладальнік зб-каў песенна-муз.нар. творчасці розных рэгіёнаў Беларусі: «Беларускія народныя танцавальныя песні» (1988), «Танцавальная музыка Беларусі: Народныя танцы радзімы Якуба Коласа» (1992), «Мелодыі Гарыні і Убарці» (ч. 1—2, 1993) і інш. Лаўрэат Усесаюзных (1977. 1983) і Рэсп. (1980) конкурсаў артыстаў эстрады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВІ́ЦКІ (Алесь) (Аляксандр Ануфрыевіч; н. 8.1.1924, г. Полацк Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1958). Працаваў у полацкай газ. «Бальшавіцкі сцяг» («Сцяг камунізму»), Літ. музеі Я.Коласа, ЦККПБ. Друкуецца з 1943. Аповесць «Кедры глядзяць на мора» (1960) пра будаўнікоў Брацкай ГЭС, раман «Жанчына» (1963) пра побыт і работу працаўнікоў полацкага з-да шкловалакна. У рамане «Палын — зелле горкае» (1967) малюнкі пасляваен. калгаснай вёскі. Гал. героі аповесці «Самы высокі паверх» (1965—67, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972) — маладыя рабочыя. Вобразы сучаснікаў у аповесці «І нічога ўзамен» (1971) і рамане «Толькі аднойчы» (1979). Трылогія «Верай і праўдай» («Верай і праўдай», 1976; «Літасці не чакай», 1982; «Памерці заўсёды паспееш», 1983) пра партызанскі рух на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Для дзяцей і юнацтва кн. «Шкляная нітка» (1970), «Радасці і нягоды залацістага карасіка Бубліка» (1993), «Прыгоды Муркі» (1997), «Дзівосы Лысай гары...» (1999), аповесці «Скажы мне праўду» (1978), «Белая знічка» (1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІБНЕ́ЎСКІ (Аляксандр Браніслававіч) (8.4.1903, Масква — 21.4.1978),
рэжысёр і педагог. Засл. дз. маст. Удмурціі (1945). Засл. дз. маст. Беларусі (1952). Скончыў Дзярж. эксперыментальныя тэатр. майстэрні ў Маскве (1926, клас А.Таірава). З 1927 працаваў у розных тэатрах. У 1958—70 выкладаў у Харкаўскім ін-це мастацтваў. У 1949—58 гал.рэж.Бел.т-ра імя Я.Коласа. Пастаноўкі С. вызначаліся яснасцю рэжысёрскай задумы, дакладным адборам выяўл. сродкаў, глыбокай псіхал. характарыстыкай персанажаў, маштабнасцю сац. абагульненняў. З лепшых спектакляў бел. драматургіі: «Раскіданае гняздо» Я Купалы (1951), «Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка (1953), «Машэка» В.Вольскага (1954), «На крутым павароце» К.Губарэвіча (1956), «Людзі і д’яблы» К.Крапівы (1958). Сярод інш. пастановак: «Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна (1949), «Жывы труп» Л.Талстога, «Тры сястры» А.Чэхава, «На дне» М.Горкага (усе 1951), «Настаўнік танцаў» Лопэ дэ Вэгі (1952), «Шторм» У.Біль-Белацаркоўскага (1953), «Ноч памылак» О.Голдсміта (1954), «Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай (1956), «Чужы цень» (1949) і «Гісторыя аднаго кахання» (1954) К.Сіманава. Аўтар тэатразнаўчых прац.
Тв.:
Народны артыст СССР А.К.Ільінскі. Мн., 1954.
Літ.:
Няфёд У. Аляксандр Скібнеўскі // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1978. Кн. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ»,
штодзённая палітычна-эканам. і літ. газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 21.10.1919 да 9.7.1920 у Мінску на бел. мове. Пераемніца газеты «Звон» (27 нумароў яе уключаны ў суцэльную нумарацыю «Беларусі»). Развівала традыцыі газеты «Наша ніва», аб’ядноўвала нац.паліт. партыі і групоўкі, якія адстойвалі ідэю суверэннай, непадзельнай і незалежнай Бел. Рэспублікі ў этнагр. межах бел. народа. Разнастайныя матэрыялы газеты — ад рэдакцыйных артыкулаў і літ. твораў да карэспандэнцый з гарадоў, мястэчак і вёсак — знітоўвала ідэя адраджэння Беларусі, яе дзяржаўнасці і культуры, нар. гаспадаркі, самабытнага духоўнага аблічча нацыі. Гіст. ролю Беларусі газета бачыла ў сінтэзе лепшых бакоў «усходняга» і «заходняга» тыпаў культуры, прымірэнні аднабокіх сац.-паліт. тэндэнцый. Выкрывала грабежніцкую палітыку польск. улад на Беларусі. Разнастайныя матэрыялы былі прысвечаны арганізацыі бел. арміі. Шмат месца газета адводзіла барацьбе за стварэнне бел. школ. У артыкулах на эканам. тэмы шукала шляхі да аднаўлення сельскай гаспадаркі, прам-сці і рамяства ў краіне. Асаблівае значэнне надавалася працоўнай кааперацыі, якая, на думку сацыяліст. крыла аўтарскага калектыву газеты, прывядзе Беларусь да дэмакр. сацыялізму. Газета апублікавала шэраг даследаванняў Я.Карскага па гісторыі бел. л-ры і культуры. Значнае месца ў «Беларусі» займаў літ. аддзел. Друкаваліся творы Я.Купалы, З.Бядулі, М.Гарэцкага, К.Каганца, Я.Коласа, М.Чарота, У.Галубка і інш. Рэгулярна асвятляла тэатр. жыццё ў Мінску.