ГЕНЕ́ТЫКА (ад грэч. genesis паходжанне),

навука пра спадчыннасць і зменлівасць жывых арганізмаў і метады кіравання імі. Цесна звязана з малекулярнай біялогіяй, цыталогіяй, эвалюцыйным вучэннем, селекцыяй. У залежнасці ад аб’екта вывучэння адрозніваюць генетыку мікраарганізмаў, раслін, жывёл, чалавека, ад узроўню даследаванняў — малекулярную генетыку, цытагенетыку, біяхім., папуляцыйную і інш. Ідэі і метады генетыкі выкарыстоўваюць для вырашэння праблем медыцыны, сельскай гаспадаркі, мікрабіял. прам-сці.

Асновы генетыкі закладзены аўстр. натуралістам Г.Мендэлем, які адкрыў законы спадчыннасці (1865), і амер. навук. школай У.Моргана, што абгрунтавала храмасомную тэорыю спадчыннасці (1910-я г.). Вял. значэнне для развіцця генетыкі мелі працы амер. вучоных Г.​Мёлера, А.​Стэртэванта, Дж.​Бідла, Дж.​Уотсана, англ. генетыкаў Дж.​Холдэйна, Ф.​Крыка, ням. даследчыкаў Э.​Баўра, С.​Штубе, шведа Г.​Нільсана-Эле. У СССР у 1920—30-я г. значны ўклад у генетыку зрабілі працы М.І.Вавілава, М.К.Кальцова, С.С.Чацверыкова, А.С.Сераброўскага, М.П.Дубініна і інш. З сярэдзіны 1930-х г., асабліва пасля 1948, сав. генетыцы былі навязаны погляды Т.​Дз.Лысенкі (ён беспадстаўна называў сваё вучэнне мічурынскім), што да 1965 фактычна прыпыніла развіццё генетыкі; яна была аб’яўлена лжэнавукай, шальмаваліся вучоныя гэтых поглядаў, закрыліся буйныя генетычныя школы. За гэты час хуткае развіццё генетыкі за мяжой, асабліва малекулярнай генетыкі ў 2-й пал. 20 ст., дазволіла раскрыць структуру генетычнага матэрыялу, пазнаць механізмы яго функцыянавання.

На Беларусі першыя селекцыйна-генетычныя даследаванні праводзіў у 2-й пал. 19 ст. Горы-Горацкім земляробчым ін-це М.​В.​Рытаў. Развіццё генетыкі звязана з імёнамі вучоных А.Р.Жэбрака, А.М.Іпацьева, М.В.Турбіна, П.Ф.Ракіцкага, Л.У.Хатылёвай, У.К.Саўчанкі, Г.М.Палілавай, А.У.Канстанцінава, У.Я.Борматава, Г.І.Лазюка, Г.В.Краскоўскага і інш. Даследаванні вядуцца ў Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі, БДУ, НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў Мін-ва аховы здароўя, н.-д. ін-тах земляробства і кармоў, жывёлагадоўлі, Горацкай с.-г. акадэміі, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, мед. ін-тах і інш. Вывучаюцца генет. прынцыпы селекцыі раслін на гетэрозіс, механізмы фарміравання цытаплазматычнай мужчынскай стэрыльнасці, тэарэт. асновы генетыкі паліплоідных папуляцый. Распрацоўваюцца генет. асновы селекцыі раслін, жывёл і мікраарганізмаў, метады павышэння прадукцыйнасці культурных раслін і с.-г. жывёл, пытанні малекулярнай генетыкі і біятэхналогіі, папуляцыйнай генетыкі, імунагенетыкі, генетыкі чалавека, пухліннага росту, лячэння спадчынных хвароб (гл. Генетыка медыцынская). Вывучаюцца генетычныя вынікі аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Літ.:

Жученко А.А. Экологическая генетика культурных растений: (Адаптация, рекомбиногенез, агробиоценоз). Кишинев, 1980;

Актуальные вопросы прикладной генетики в животноводстве. М., 1982;

Бочков Н.П., Захаров А.Ф., Иванов В.И. Медицинская генетика. М., 1984;

Айала Ф., Кайгер Дж. Современная генетика: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1987.

А.​Г.​Купцова.

т. 5, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮ́ШКА (Андрэй Тадэвуш Банавентура) (ахрышчаны 12.2.1746, фальварак Мерачоўшчына каля г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 15.10.1817),

палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік нац.-вызв. паўстання 1794. З роду Касцюшкаў. Скончыў Любяшоўскі піярскі калегіум (1760), Варшаўскі кадэцкі корпус (1769), Парыжскую акадэмію (1774). Вывучаў артылерыю, архітэктуру, фартыфікацыі, быў слухачом у Акадэміі жывапісу і скульптуры. У 1774 вярнуўся на радзіму. У 1775 выехаў у Парыж, у 1776—83 добраахвотна ўдзельнічаў у вайне за незалежнасць ЗША. Служыў у амер. арміі на пасадзе гал. вайсковага інжынера арміі Поўначы. У 1777 удзельнічаў у буд-ве фартыфікацый пад Саратогай, кіраваў буд-вам найвялікшай цытадэлі ЗША ва Уэст-Пойнце. У 1783 Кангрэс ЗША надаў К. званне брыгаднага генерала; узнагароджаны ордэнам Цынцыната, атрымаў амер. грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел. У 1784 К. вярнуўся на радзіму з намерам служыць у войску ВКЛ. Гаспадарыў у сваім радавым маёнтку Сяхновічы. У 1789 прызначаны ген.-маёрам у кароннае войска. Удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць Таргавіцкай канфедэрацыі 1792. Як камандзір дывізіі ў арміі Ю.​Панятоўскага вызначыўся ў бітве пад Дубенкай. Узнагароджаны ордэнам «Віртуці Мілітары» з наданнем чына ген.-лейтэнанта (1792). У 1792—93 выязджаў у Лейпцыг і Парыж за дапамогай для паўстання (канкрэтнай дапамогі не атрымаў). 24.3.1794 аб’яўлены галоўнакамандуючым узбр. сіламі і нач. паўстання. К. даў прысягу на вернасць паўстанню і абвясціў, што будзе змагацца за непарушнасць межаў дзяржавы, устанаўленне самаўладдзя народа і ўсеагульную свабоду. У маі 1794 прызначыў Найвышэйшую нацыянальную раду, выдаў Паланецкі універсал пра вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Імкнуўся надаць паўстанню агульнанар. дэмакр. характар, але яго намер зрабіць уступкі сялянству сустрэў супраціўленне шляхты, што звузіла сац. базу паўстання. У бітве каля Мацяёвіц 10.10.1794 К. цяжка паранены, трапіў у палон і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Пасля вызвалення (1796) выехаў у ЗША, у 1798 вярнуўся ў Еўропу. Памёр у Швейцарыі. Астанкі К. перапахаваны ў Кракаве. У гонар К. пад Кракавам насыпаны курган, яму пастаўлены помнікі ў Польшчы, ЗША, Швейцарыі, яго імем названа самая высокая гара ў Аўстраліі, адна з акруг штата Індыяна, горад у штаце Місісіпі, астравы на Алясцы (ЗША). Музей К. існуе ў Салюры (Швейцарыя). Імем К. названы вуліцы ў Гродне, Брэсце, Косаве, у Гродне і Косаве ўстаноўлены мемарыяльныя знакі. К. нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі.

Літ.:

Юхо Л., Емяльянчык У. «Нарадзіўся я ліцьвінам...». Мн., 1994;

Szyndler B. Tadeusz Kościuszko, 1746—1817. Warszawa, 1991.

У.​П.​Емяльянчык.

А.Т.Б.Касцюшка.

т. 8, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХЧЫСАРА́Й,

горад на Украіне, цэнтр Бахчысарайскага р-на ў Рэспубліцы Крым, у даліне р. Чуруксу. 25 тыс. ж. (1993). Чыг. станцыя. Прадпрыемствы харч. прам-сці, вытв-сць будматэрыялаў.

Вядомы з 1502. Да 1783 сталіца Крымскага ханства. У Бахчысараі заключана Бахчысарайскае перамір’е 1681. У рус.-тур. вайну 1735—39 захоплены рус. войскамі, разбураны. У 1783 далучаны да Расіі (разам з Крымам), уваходзіў у Новарасійскую, з 1802 у Таўрычаскую губ. У 1918—54 у складзе РСФСР, з 1954 — Украіны.

Помнікі архітэктуры: Ханскі палац (16 ст., перабудаваны ў 1787, цяпер Гіст.-археал. музей), які ўключае т.зв. «Пасольскія дзверы» (1503, арх. Алевіз Фразін), фантанны дворык з «залатым фантанам» (1737) і «фантанам слёз» (1764, іранскі майстар Амер), мячэць (1740), шматлікія залы і альтанкі. У наваколлі Бахчысарая — пячорны Успенскі манастыр з царквой (14 ст.), келлямі (15—16 ст.); пячорныя гарады Эскі-Кермен, Тэпэ-Кермен і Чуфут-Кале (Кырк-Ор; цяпер археал. запаведнік) з абарончымі сценамі і брамамі, маўзалеем Джаніке-ханым (15 ст.), вял. (14 ст.) і малой (18 ст.) караімскімі кенасамі (малельнымі дамамі), пячорным жыллём (5—14 ст.).

Літ.:

Хоменко В.Н. Бахчисарай: Ист.-архитектурный музей: Фотоальбом. Киев, 1983.

Ханскі палац у Бахчысараі.

т. 2, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ФОНД СО́РАСА,

рэспубліканская грамадская арг-цыя, адзін з дабрачынных фондаў, створаных амер. мільярдэрам Дж.​Сорасам у 27 краінах свету. Засн. ў 1993 як «Фонд Сораса — Беларусь», з вер. 1994 — Беларускі фонд Сораса. Асн. мэты і задачы: садзейнічаць фарміраванню і развіццю на Беларусі адкрытага грамадства (сац. сістэмы, асн. элементамі якой выступаюць паліт. дэмакратыя, культурны плюралізм, прыярытэт закону, забеспячэнне правоў і свабод асобы), павышэнню інтэлектуальнага патэнцыялу бел. грамадства (развіццё культуры, навукі, гуманіт. адукацыі), інтэграцыі бел. культуры ў сусв. супольніцтва, супрацоўніцтву паміж Беларуссю і інш. краінамі. Аказвае фінансавую і інфарм. дапамогу арганізацыям і прыватным асобам, якія спрыяюць дасягненню мэтаў і вырашэнню задач фонду. У 1994 на патрэбы нац. адукацыі, навукі і культуры ім было выдаткавана больш як 2 млн., у 1995 — каля 5 млн. долараў. Фінансавана каля 2 тыс. праектаў. Вылучаны сродкі на рэстаўрацыю помнікаў стараж. бел. мастацтва на базе калекцыі Музея старажытнабеларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі; стварэнне экспазіцыі па гісторыі і культуры Беларусі ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст.Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі) і інш. Стварыў Ін-т прыватызацыі і менеджменту, інфармац. цэнтр па праграмах адукацыі ў ЗША і інш. Выдае «Информационный бюллетень».

В.​І.​Бягун.

т. 2, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМЕАСТА́З (ад гамеа... + грэч. stasis стан, нерухомасць) у фізіялогіі, адноснае дынамічнае пастаянства саставу і ўласцівасцей унутр. асяроддзя і ўстойлівасць асн. фізіял. функцый арганізма чалавека, жывёл і раслін. Уяўленне сфармулявана франц. вучоным К.​Бернарам (1878). Тэрмін «гамеастаз» прапанаваў амер. фізіёлаг У.​Кенан (1929). Формы гамеастазу: структурны — падтрыманне дынамічнага пастаянства клетачнага саставу, структурнай арганізацыі і ўзаемнага размяшчэння элементаў у органах і арганізме; метабалічны — сукупнасць складаных прыстасавальных рэакцый арганізма, якія накіраваны на ліквідацыю ці макс. абмежаванне дзейнасці фактараў вонкавага і ўнутр. асяроддзя і захаванне ваганняў фізіял. і біяхім. канстантаў у вызначаных межах; генетычны — здольнасць папуляцый натуральным адборам ураўнаважваць свой генет. склад, парушаны ў выніку штучнага адбору ці змены ўмоў асяроддзя; антагенетычны (гамеастаз развіцця) — прыстасавальныя ўласцівасці арганізма дынамічна мяняць рэакцыю генатыпа на паўторныя змены ўмоў вонкавага і ўнутр. асяроддзя. Гамеастаз рэгулюецца нейрагумаральнымі, гарманальнымі, бар’ернымі, выдзяляльнымі, асматычнымі і інш. сістэмнымі рэгулятарнымі механізмамі. Паняцце гамеастаз ужываецца ў біяцэналогіі, генетыцы, кібернетыцы і інш.

Літ.:

Анохин П.К. Очерки по физиологии функциональных систем. М., 1975;

Гомеостаз. 2 изд. М., 1981;

Саркисов Д.С. Очерки по структурным основам гомеостаза. М., 1977;

Структурные основы адаптации и компенсации нарушенных функций. М., 1987.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́КІ ЦІСК,

ціск, значна большы за атмасферны ціск. Існуе ў паравых катлах, цыліндрах унутр. згарання, аўтаклавах, гідраўлічных прэсах (10​6—10​9 Па), у цэнтры Зямлі (да 10​9 Па), на многіх нябесных целах (у мільёны і нават мільярды разоў большы за ціск у цэнтры Зямлі). Заснавальнік фізікі высокіх ціскаў — амер. фізік П.У.Брыджмен.

Высокі ціск прыводзіць да дэфармацыі электронных абалонак атамаў, у выніку чаго зменьваюцца эл., магн., мех. і інш. ўласцівасці рэчываў. Пад высокім ціскам у некат. рэчывах адбываюцца паліморфныя ператварэнні з рэзкай зменай аб’ёму і эл. супраціўлення, значна зменьваецца пункт плаўлення, а паўправаднікі і дыэлектрыкі пераходзяць у металічны стан. Высокі ціск выкарыстоўваецца для атрымання матэрыялаў з асаблівымі фіз. ўласцівасцямі (звышцвёрдых, звыштрывалых, тэмператураўстойлівых і г.д.), напр. штучнага алмазу, кварцу высокай шчыльнасці; для гідраўлічнай экструзіі металаў (апрацоўка металаў метадам выціскання); для геафізікі і геахіміі зямных нетраў і г.д.

На Беларусі даследаванні па высокім ціску праводзяцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН і інш.

Літ.:

Верещагин Л.Ф. Твердое тело при высоких давлениях: Избр. тр. М., 1981;

Влияние высоких давлений на вещество. Т. 1—2. Киев, 1987.

В.​Б.​Шыпіла.

т. 4, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫТА́НСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ, «Брытаніка» (Encyclopaedia Britannica); універсальнае энцыклапедычнае выданне. Упершыню выйшла ў Эдынбургу (Вялікабрытанія; т. 1—3, 1768—71; скл. У.​Смелі), потым у Лондане. З 1929 выходзіць у Чыкага (ЗША); з пач. 1940-х г. выдаецца фірмай «Брытанская энцыклапедыя»), у Лондане захавалася рэдакцыя Брытанскай энцыклапедыі, якая папаўняе яе новымі звесткамі аб Вялікабрытаніі. Брытанская энцыклапедыя выходзіць у 32 т., складаецца з 4 частак: Індэкса, Мікрапедыі, Макрапедыі і Прапедыі. Індэкс (2 тамы) уключае 500 тыс. спасылак, па розных пытаннях. У 12 тамах Мікрапедыі — 86 тыс. кароткіх (каля 300 слоў кожны) артыкулаў, якія ілюструюцца фотаздымкамі, картамі, схемамі, малюнкамі. У 17 тамах Макрапедыі — мноства вялікіх (па некалькі дзесяткаў старонак) артыкулаў пра найб. агульныя паняцці з рэестра Мікрапедыі. У канцы кожнага артыкула — падрабязная анатаваная міжнар. бібліяграфія. Аднатомная Прапедыя мае тэматычны прынцып будовы і дае магчымасць з дапамогай падрабязных планаў і шматлікіх спасылак вывучыць па тамах Брытанскай энцыклапедыі любую тэму. Поўны камплект Брытанскай энцыклапедыі кожны год перавыдаецца. З 1938 у дадатак да Брытанскай энцыклапедыі выдаецца Штогоднік, які змяшчае навіны навукі, культуры, самую апошнюю статыстыку (у амер. і англ. варыянтах). Да кожнага камплекта Беларускай энцыклапедыі дадаецца камп’ютэрны варыянт на кампакт-дыску.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 3, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́ЖНЕЎ (Леанід Ільіч) (19.12.1906, г. Днепрадзяржынск, Украіна — 10.11.1982),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Герой Сац. Працы (1961), 4 разы Герой Сав. Саюза (1966, 1976, 1978, 1981). Маршал Сав. Саюза (1976). Скончыў Днепрадзяржынскі металургічны ін-т (1935). Працаваў інжынерам, сакратаром Днепрапятроўскага абкома КП(б)У. У Вял. Айч. вайну ў паліторганах Паўд. і 4-га Укр. франтоў. З 1946 на кіруючых пасадах у Запарожскім, Днепрапятроўскім абкомах КП(б)У, ЦК КП Малдавіі, Гал. палітупраўленні Сав. Арміі і ВМФ, ЦК КП Казахстана. З 1956 сакратар ЦК КПСС. У 1960—64 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР. З 1964 1-ы сакратар (з 1966 Ген. сакратар) ЦК КПСС, адначасова з чэрв. 1977 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР і Старшыня Савета абароны СССР. У гады знаходжання Брэжнева на вышэйшых кіруючых пасадах пачалася палітыка разрадкі, СССР удзельнічаў у т.зв. хельсінскім працэсе, былі заключаны сав.-амер. пагадненні па абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў. Разам з тым у краіне нарасталі негатыўныя працэсы ў эканоміцы, сац. і духоўнай сферах жыцця. Пры Брэжнева былі ўведзены сав. войскі ў Чэхаславакію (1968) і Афганістан (1979), узмацнілася паліт. цэнзура, праследаванне іншадумства і інш.

Л.І.Брэжнеў.

т. 3, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫМА́ЛЬНАЕ КІРАВА́ННЕ,

раздзел матэматыкі, які вывучае кіраванне сістэмамі, тэхн. аб’ектамі і інш., што забяспечвае найлепшае (аптымальнае) працяканне працэсаў у пэўным, папярэдне вызначаным кірунку. Дае магчымасць рэалізаваць мэту кіравання за найменшы магчымы час або з найбольшым эканам. эфектам.

Першыя задачы аптымальнага кіравання пастаўлены ў пач. 1950-х г. пры вывучэнні дынамікі лятальных апаратаў і працэсаў аўтам. рэгулявання. Пытанні аптымізацыі аб’ектаў кіравання разглядаюцца ў тэорыі аптымальнага кіравання, якая грунтуецца на некласічных варыяцыйных задачах (гл. Варыяцыйнае злічэнне) адшукання экстрэмумаў функцыяналаў па рашэннях ураўненняў, што апісваюць аб’екты кіравання, і кіраванняў, дзе рэалізуецца экстрэмум; пры гэтым абмежаванні параметраў кіравання выражаюцца нястрогімі няроўнасцямі (могуць прымаць і гранічныя значэнні). Задачы рашаюцца рознымі метадамі, найбольш агульныя — прынцып максімуму і метад дынамічнага праграмавання.

Асновы матэм. тэорыі аптымальнага кіравання закладзены работамі сав. матэматыка Л.​С.​Пантрагіна і амер. матэматыка Р.​Белмана. На Беларусі даследаванні па праблемах аптымальнага кіравання пачаліся ў 1966 пад кіраўніцтвам Я.​А.​Барбашына і вядуцца ў БДУ і Ін-це матэматыкі АН Беларусі.

Літ.:

Математическая теория оптимальных процессов. 4 изд. М., 1983;

Габасов Р., Кириллова Ф.М. Качественная теория оптимальных процессов. М., 1971.

Р.​Габасаў, Ф.​М.​Кірылава.

т. 1, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕНЕТЫ́ЧНЫ ЗАКО́Н,

1) у біялогіі — закон, паводле якога арганізм у індывід. развіцці (антагенезе) паўтарае ў скарочаным выглядзе некаторыя фазы гіст. (эвалюцыйнага) развіцця свайго віду (філагенез). Сфармуляваў ням. біёлаг Э.Гекель (1866) на аснове працы Ф.Мюлера (1864), таму біягенетычны закон часам называюць законам Мюлера—Гекеля. Закон пацвярджаецца наяўнасцю ў лічынак і зародкаў шматклетачных жывёл правізарных, а ў дарослых — рудыментарных органаў.

Паводле Гекеля эмбрыянальнае развіццё не заўсёды ўзнаўляе пачатковы шлях філагенетычнага развіцця, у ім могуць быць прагрэсіўныя адхіленні з’яў адаптацыі (цэнагенезы) у адрозненне ад кансерватыўных прыкмет і працэсаў — палінгенезаў. Больш познія даследаванні паказалі, што эвалюцыя арганізмаў адбываецца на аснове спадчынных змен любых стадый антагенезу (тэорыя філэмбрыягенезу А.М.Северцава), філагенез ёсць генетычны рад вядомых антагенезаў, а біягенетычны закон — прыватны выпадак спалучэнняў анта- і філагенезу.

2) У псіхалогіі і педагогіцымех. перанясенне біягенетычнага закону з прыроды на чалавечае грамадства, спроба растлумачыць псіхічнае развіццё дзіцяці як працэс, асобныя ступені якога з’яўляюцца паўтарэннем асн. ступеняў гіст. развіцця псіхікі чалавецтва. Пры гэтым сцвярджаецца, што ў антагенезе дзіцячай псіхікі ўзнаўляюцца асн. стадыі біял. эвалюцыі і этапы культ.-гіст. развіцця чалавецтва (амер. псіхолагі Дж.​Болдуін, С.​Хол, ням. К.​Бюлер і В.​Штэрн, рус. П.​П.​Блонскі і інш.). Гл. таксама Узроставая псіхалогія.

т. 3, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)