Пабудаваны ў 1967—71 у г. Барысаў як з-д гідрапомпаў і гідраўзмацняльнікаў рулёў. З 1971 з-д «Аўтагідраўзмацняльнік». Выпускае 37 найменняў гідравузлоў. Асн. прадукцыя (1995): механізмы рулявога кіравання грузавых аўтамабіляў КамАЗ, МАЗ, КрАЗ, Урал АЗ, ПАЗ, ЛАЗ, ЛІАЗ, ГАЗ, гідрацыліндры і помпы механізмаў перакульвання кабін аўтамабіляў МАЗ, гідраразмеркавальнікі для дарожных машын і інш. Выпускае таксама адбойныя малаткі, запасныя часткі для аўтамабіляў, аўтапрылады, прыстасаванні і інструмент, у т. л. бытавы. Пры з-дзе палітэхнікум, ПТУ металістаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫСЕ́НКА (Віктар Яўгенавіч) (н. 14.1.1951, г. Запарожжа, Украіна),
бел. фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1988), праф. (1990). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1973; цяпер Бел.дзярж.ун-т інфарматыкі і радыёэлектронікі), дзе і працуе. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела і паўправаднікоў. Устанавіў шэраг заканамернасцяў цвердафазных працэсаў у матэрыялах мікраэлектронікі пры ўздзеянні інтэнсіўных патокаў іонаў, электронаў, фатонаў; прапанаваў прынцыпы мадэліравання электронных уласцівасцяў цвердацельных нанаразмерных структур.
Тв.:
Твердофазные процессы в полупроводниках при импульсном нагреве. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ САБРА́ННЕ,
грамадская арг-цыя, якая існавала ў г. Коўна (сучасны г. Каўнас, Літва) у крас. 1921 — лют. 1922. Мела на мэце культ. дзейнасць сярод бел. насельніцтва ў Літве, паліт., навук., маст. і фіз. ўдасканаленне сваіх членаў. У Беларускае сабранне ўваходзілі Я.Варонка (старшыня ўправы), В.Ластоўскі, А.Вальковіч, А.Галавінскі, К.Дуж-Душэўскі, В.Захарка, А.Ружанцоў, А.Рэшка, А.Цвікевіч, Я.Шальмук і інш. У чэрв. 1921 пры Беларускім сабранні створаны «Беларускі клуб».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЗАВО́З,
аўтамабіль, паўпрычэп ці прычэп, абсталяваны цыстэрнай для вадкага паліва (бензіну, газы, дызельнага паліва). Цыстэрна мае паказальнік узроўню паліва, клапан для сувязі ўнутр. поласці цыстэрны з навакольнай атмасферай пры ўзнікненні празмернага ціску, зліўныя патрубкі з хуткадзейнымі засаўкамі, адстойнікі з водааддзельнікамі, проціпажарныя сродкі, зазямленне.
Ёмістасць цыстэрнаў на аўтамабілі і прычэпе 1,2—8 тыс.л, на паўпрычэпах 7—30 тыс. л. Цыстэрны вял. ёмістасці (больш за 5 тыс.л) абсталяваны ўнутры падоўжнымі і папярочнымі перагародкамі (хвалярэзамі) для памяншэння гідраўлічных удараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЖНО́Ў (Іван Панцялеевіч) (н. 12.1.1928, в. Георгіеўка Курдайскага р-на Джамбульскай вобл., Казахстан),
бел. вучоны ў галіне рэнтгеналогіі і радыялогіі. Д-рмед.н. (1972), праф. (1974). Скончыў Кіргізскі мед.ін-т (1949). З 1966 у НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі Мін-ва аховы здароўя Беларусі, з 1972 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па дыягностыцы злаякасных пухлін. Распрацаваў спосаб аўтарадыяграфіі пры раку страўніка і стрававода.
Тв.:
Радиоизотопная диагностика рака желудочно-кишечного тракта. Мн., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЛІРУБІ́Н,
прадукт распаду гемаглабіну; адзін з пігментаў жоўці; C33H36O6N4. Дрэнна раствараецца ў вадзе. Мае чырвона-буры колер у растворы, карычневы — у крышталях. Утвараецца найб. у печані, адтуль з жоўцю выводзіцца ў кішэчнік, дзе асн. маса білірубіну ператвараецца ў мезабілірубін, а потым ва урабілінаген. У тонкім кішэчніку невял. колькасць білірубіну ўсмоктваецца ў кроў і зноў трапляе ў печань. Пры атручэнні, парушэнні функцыі печані (закупорцы жоўцевых пратокаў) колькасць білірубіну ў крыві павялічваецца, што выклікае жаўтуху. Змяненне білірубіну ў крыві — дыягнастычны паказчык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫ МАНІТО́РЫНГ,
комплексная сістэма доўгатэрміновага назірання, ацэнкі і прагнозу змяненняў стану навакольнага асяроддзя пад уплывам антрапагенных уздзеянняў. Адначасова ажыццяўляецца назіранне за натуральнай, малазмененай прыродай для параўнання пры ацэнцы антрапагенных змен. З’яўляецца інфармацыйным і не ўключае кіраванне якасцю навакольнага асяроддзя. Ажыццяўляецца на спец. станцыях і ў біясферных запаведніках. Беларусь прымае ўдзел у глабальным і рэгіянальным біялагічным маніторынгу: у сетку міжнар. маніторынгу ўключаны Бярэзінскі біясферны запаведнік і пункт кантролю трансгранічнага пераносу паветра каля г. Высокае (Камянецкі р-н Брэсцкай вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ТА ((Botha) Луіс) (27.9.1862, г. Грэйтаўн, ПАР — 28.8.1919),
дзяржаўны дзеяч бурскай рэспублікі Трансвааль, потым Паўд.Афр. Саюза (ПАС). Генерал. У час англа-бурскай вайны 1899—1902 галоўнакамандуючы войскамі Трансвааля (з 1900). З 1907 прэм’ер-міністр Трансвааля, у 1910—19 — ПАС. Праводзіў палітыку нац. кампрамісу паміж брыт. і бурскім насельніцтвам. Садзейнічаў уступленню ПАС у 1-ю сусв. вайну на баку Антанты. Пры Боту было задушана паўстанне бурскіх нацыяналістаў пад кіраўніцтвам К.Дэвета (1914), захоплена Паўд.-Зах. Афрыка (1914—15).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЧВАР (Андрэй Анатолевіч) (8.8.1902, Масква — 18.9.1984),
савецкі вучоны ў галіне металазнаўства. Акад.АНСССР (1946, чл.-кар. 1939). Двойчы Герой Сац. Працы (1949, 1953). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1923). З 1952 дырэктар Усесаюзнага НДІ неарган. матэрыялаў, у 1961—65 у Маскоўскім ін-це металаў і сплаваў. Працы па крышталізацыі, рэкрышталізацыі металаў і сплаваў, іх дэфармацыі пры высокіх т-рах і цісках, структурнай тэорыі гарачатрываласці сплаваў, звышпластычнасці. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949, 1951, 1953. Ленінская прэмія 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАМАДА́ЦЫЯ (ад лац. accomodatio прыстасаванне),
розная ступень прыпадабнення суседніх зычных ці галосных; адзін з відаў камбінаторных змяненняў гукаў. Пры максімуме акамадацыі паміж імі ўзнікаюць т.зв. глайды (прамежкавыя напаўгалосныя гукі), якія з’яўляюцца рэалізацыяй агульных для зычных і галосных дыферэнцыяльных адзнак. Для стараж. моў ступень акамадацыі вызначаецца на аснове ўскосных паказчыкаў, для сучасных — інструментальна або з дапамогай аўдытара. Прыкладам акамадацыі можа служыць бел.цеканне і дзеканне.
Літ.:
Мартынов В.В. Славянская и индоевропейская аккомодация. Мн., 1968.