РУДЗЬКО́ (Іван Харытонавіч) (18.5.1901, г. Петрыкаў Гомельскай вобл. — 11.3.1969),
генерал-маёр інжынерна-тэхн. службы (1944). Скончыў Ваен. акадэмію механізацыі і матарызацыі Чырв. Арміі (1938). Удзельнік баёў супраць Булак-Балаховіча паходу 1920 у раёне Мазыр—Рэчыца. З 1922 на парт. рабоце ў Чырв. Арміі, з 1938 на адказных пасадах у К-це абароны пры СНК і Дзяржплане СССР. У Вял. Айч. вайну кантраляваў забеспячэнне Чырв. Арміі спец. тэхнікай і ўзбраеннем. Да 1960 у Сав. Арміі.
т. 13, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУКАПАЛАЖЭ́ННЕ, хіратонія,
абрад узвядзення ў свяшчэнніцкі сан (дыякана, свяшчэнніка, епіскапа і інш.) у хрысціянстве. У праваслаўі і каталіцызме разглядаецца як таінства, калі пры ўскладанні рук вышэйстаячага служыцеля культу на галаву таго, каго пасвячаюць, яму як бы перадаецца «боская ласка». У пратэстанцкіх цэрквах праз Р. пасвячаюцца на служэнне прэсвітэры, дыяканы і інш. служыцелі, выбраныя царквой. У шэрагу пратэстанцкіх цэркваў, прынята рашэнне аб Р. таксама і жанчын не толькі ў сан дыякана, але і прэсвітэра.
т. 13, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-АФГА́НСКІ КАНФЛІ́КТ 1884—85.
Узнік у выніку далучэння да Рас. імперыі туркм. зямель і яе набліжэння да тэр. Афганістана, які прэтэндаваў на важны ў стратэгічных адносінах аазіс Пендэ. Летам 1884 афганскі ўзбр. атрад заняў спрэчны раён. 18.3.1885 рус. войскі на чале з ген. А.В.Камаровым перамаглі афганцаў у бітве пры Ташкепры і прымусілі іх пакінуць тэр. Пендэ, дзе неўзабаве была пабудавана крэпасць Кушка. Рус.-афганскае пагадненне 1885 зафіксавала далучэнне гэтай тэр. да Расіі.
т. 13, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУ́ССКАЯ СТАРИНА́»,
гістарычны часопіс, які выходзіў у 1870—1918 у Пецярбургу штомесячна. Яго рэдактарамі былі М.І.Сямеўскі (з 1870) пры ўдзеле В.І.Сямеўскага, М.К.Шыльдэр (з 1892), М.Ф.Дубровін (1896—1904), С.П.Зыкаў і інш. Публікаваў афіц. дакументы, аўтабіяграфіі, мемуары, лісты паліт. і грамадскіх дзеячаў, раней не выдадзеныя творы рус. пісьменнікаў. У ім упершыню пачалі друкавацца матэрыялы па гісторыі рэв. руху ў Расіі, у т. л. пра дзекабрыстаў. Змяшчаў гравюры, малюнкі, гал. ч. партрэты і факсіміле.
т. 13, с. 471
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАДЗІ́ЛЬНЯ, саладоўня,
старадаўняе гаспадарчае збудаванне, дзе прарошчвалі і сушылі зерне на солад; тып сушні. Вядома ў матэрыяльнай культуры многіх слав. народаў. На Беларусі ў 16—19 ст. будавалі (пераважна пры броварах ці асобна) драўляныя пабудовы, накрытыя драніцамі ці саломай, з маленькімі вокнамі. Складалася з 2 памяшканняў: у адным ставілі рошчыну, у другім была сушня з курнай печчу. С. былі ў многіх маёнтках і сядзібах. Часам іх выкарыстоўвалі як сушні.
Ю.А.Якімовіч.
т. 14, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААПЛАДНЕ́ННЕ,
зліццё мужчынскай і жаночай палавых клетак, якія ўтвараюцца ў адной асобіны. Адбываецца звычайна пры немагчымасці перакрыжаванага апылення і апладнення (неспрыяльныя ўмовы, адсутнасць палавога партнёра). Сярод жывёл трапляецца ў гідраў, некат. кольчатых чарвей, малюскаў, рыб (гл. Гермафрадытызм); сярод раслін — у шэрагу водарасцей, грыбоў, кветкавых раслін (гл. Самаапыленне). У працэсе эвалюцыі ў арганізмаў з’явіліся прыстасаванні, якія прадухіляюць С. і забяспечваюць перакрыжаванае апладненне, у выніку чаго павялічваецца генет. разнастайнасць патомства і жыццяздольнасць асобін віду.
Р.Г.Заяц.
т. 14, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПАНІ́Т [ад лац. sapo (saponis) мыла],
мыльны камень, мінерал падкласа слаістых сілікатаў, групы мантмарыланіту. Хім. састаў NaMg3[AlSi3O10](OH)2∙4H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Колер белы, жаўтаваты, чырванаваты. Цв. С. (сухога) 2,5 шчыльн. 2,24—2,3 г/см³. У вільготным стане скопішчы мяккія і тлустыя, у сухім шчыльныя, крохкія. Утвараецца пры выветрыванні цёмнакаляровых (магніевых) мінералаў ультраасноўных парод (серпентынітаў). Валодае якасцямі бентанітаў. Трапляецца ў зямлістых глінападобных або шчыльных скрытакрышт. масах. Гл. таксама Адбельныя гліны.
т. 14, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМПАТАЛІТЫ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ (лац. sympatholytica здольны раствараць, аслабляць),
лекавыя сродкі, якія парушаюць перадачу нерв. імпульсаў з сімпатычных нерваў на выканаўчыя органы. Да С.с. адносяцца рэзерпін, метылдопа, актадзін, арнід, якія ўздзейнічаюць на канцы сімпатычных нерваў. Асн. эфекты С.с. звязаны з прыгнечаннем сімпатычнай нервовай сістэмы і дамінаваннем актыўнасці парасімпатычнай нерв. сістэмы: змяншэнне артэрыяльнага ціску, узмацненне маторнай і сакраторнай функцый страўніка, кішэчніка і інш. Выкарыстоўваюць для лячэння артэрыяльнай гіпертаніі, пры глаўкоме, сардэчных арытміях.
І.М.Семяненя.
т. 14, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЎЦО́Ў (Іван Кузьміч) (27.12.1922, в. Бакунавічы Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. —9.11.1959),
бел. пісьменнік. Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1948). Працаваў заг. сектара друку Магілёўскага абкома КП(б)Б (1948—50), у час. «Бярозка» (1950—52) і «Беларусь» (з 1952). Аўтар артыкулаў, нарысаў, апавяданняў, аповесці для дзяцей «Самыя юныя» (1949), прысвечанай тэме партыз. барацьбы супраць ням.-фаш. захопнікаў на Беларусі, і рамана «Нягоды і радасці» (1960) пра пасляваен. будаўніцтва.
т. 14, с. 425
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРБІТА́ЛЬНЫ МО́МАНТ,
момант імпульсу мікрачасціцы пры яе руху ў сілавым сферычна сіметрычным полі. Паводле квантавай механікі арбітальны момант квантаваны: яго модуль L і праекцыя Lz на адвольную вось маюць дыскрэтныя значэнні — L2 = ħ2l(l+1), Lz = mħ, дзе ħ = h/(2Π), h — Планка пастаянная, l = 0, 1, 2, ... — арбітальны квантавы лік, m = 1, l—1, ..., -l — магнітны квантавы лік. Класіфікацыя станаў мікрачасціц па значэнні l адыгрывае важную ролю ў тэорыі атама і атамнага ядра, у тэорыі сутыкненняў.
т. 1, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)