кірунак у філасофіі канца 19—1-йпал. 20 ст., мэтай якога было стварэнне маністычнай тэорыі на аснове інтэрпрэтацыі філас. поглядаў Г.Гегеля, яго дыялектычнага метаду і вучэння аб духу. Найбольшае пашырэнне мела ў Вялікабрытаніі, Італіі, Германіі, Францыі, Расіі, ЗША. Родапачынальнікі гегелеўскага руху ў Вялікабрытаніі Дж.Стырліг, а таксама філосафы Э. і П.Керды, Т.Х.Грын, Б.Бозанкет, Дж.Э.Мак-Тагарт, Р.Дж.Колінгвуд сцвярджалі, што рэчы, адносіны, рух, прастора, час, прычыннасць ёсць толькі неадэкватныя праявы сапраўднай рэальнасці — Абсалюту, які адзіны, усеабдымны, несупярэчлівы, духоўны і ахоплівае існасць і існаванне. Яны імкнуліся сумясціць гегелеўскі абсалютызм са сцвярджэннем метафізічнай каштоўнасці асобы і паставілі пад сумненне асн. палажэнне гегелеўскай дыялектыкі — «тоеснасць тоеснасці і адрознення». Б.Крочэ (Італія) развіваў філасофію духу на манер Гегеля і лічыў, што творчым пачаткам і мэтай гісторыі з’яўляюцца свабода і свабоднае «маральнае» падпарадкаванне індывіда «ўсеагульнаму», а не сіла ці зло (адсюль яго крытыка гегелеўскай тэорыі дзяржавы і адмаўленне італьян. фашызму). У процівагу яму Дж.Джэнтыле быў адным з афіц. ідэолагаў італьян. фашызму, цалкам падтрымліваў погляды Гегеля на дзяржаву як знешняе ўвасабленне маральнай ідэі. У Германіі за адраджэнне гегелеўскага вучэння выступілі прадстаўнікі неакантыянства (В.Віндэльбанд, Г.Коген, В.Дзільтэй, Р.Кронер, Г.Клокнер), якія імкнуліся «ўкараніць Гегеля ў рэчышчы ням. рамантызму і ірацыяналізму», злучыць гегелеўскую дыялектыку з «філасофіяй жыцця», выводзілі «сапраўдны змест гегелеўскай філасофіі» з кантаўскай «крытыкі здольнасці разважання», разглядалі яе як адзінства «рацыянальнай разумовасці» і «ірацыянальнага духоўнага зместу». Значную ролю ў развіцці Н. ў Германіі адыгралі Г.Герынг, Т.Літ, Ю.Біндэр, Г.Ласан, А.Ліберт, Ф.Розенцвейг і інш. У Расіі Н. развівалі, з аднаго боку, прадстаўнікі рус. ідэалізму і містыцызму 19 ст. (А.Хамякоў, І.Кірэеўскі, У.Салаўёў) і рус. ідэалрэалізму і інтуіцызму (С.Трубяцкой, С.Франк, М.Лоскі), з другога боку — рус. «легальныя марксісты» (П.Струвэ, М.Бярдзяеў, С.Булгакаў), якія рухаліся ад марксізму праз неакантыянства да Н. Найб. значны прадстаўнік рус. Н. — І.Ільін імкнуўся злучыць рэліг.-філас. традыцыю, што ішла ад Салаўёва, з найноўшымі зах. кірункамі; у яго канцэпцыі філасофія Гегеля прадстаўлена як зыходны пункт «змястоўнага метафізічнага светапогляду» і аснова для распрацоўкі універсальнай фенаменалогіі рэліг. вопыту. Ж.Валь, А.Кажэў, Ж.Іпаліт (Францыя) разглядалі гегелеўскую філасофію ў кантэксце праблематыкі «няшчаснай свядомасці» (ёй прысвечаны адзін з раздзелаў «фенаменалогіі духу»), распрацавалі канцэпцыю «экзістэнцыяльнага гегельянства», паводле якой «філасофія духу» Гегеля ўяўляе сабой сапраўдную «анталогію жыцця» і выяўляе ўсеагульныя характарыстыкі чалавечага быцця.
Літ.:
Гарин Э. Хроника итальянской философии XX в. (1900—1943): Пер. с итал. М., 1965;
Богомолов А.С. Английская буржуазная философия XX в. М., 1973;
Кузнецов В.Н. Французское неогегельянство. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕА́ПАЛЬ (Napoli),
горад на Пд Італіі, каля падножжа вулкана Везувій. Адм. ц. вобласці Кампанія і прав. Неапаль. У агламерацыі Вял. Н. 3012 тыс.ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт у Неапалітанскім зал. Тырэнскага м.Міжнар. аэрапорт. Найважнейшы эканам. і культ. цэнтр на Пд Італіі. Прам-сць: нафтаперапр. і нафтахім., металургічная, маш.-буд. (суднабудаванне, эл.тэхн., радыёэлектроннае), абутковая, тэкст., мэблевая, харч. (вял. макаронныя ф-кі). Метрапалітэн. Ун-т (з 1224). Кансерваторыя. Абсерваторыі. Бат. сад. Марскі акварыум. Нац. музей, буйнейшы ў Еўропе археал. музей, маст. галерэі. Оперны тэатр «Сан-Карла». Цэнтр міжнар. турызму. Ваен.-марская база.
Засн. каля 600 да н.э. як грэч. калонія выхадцамі з г. Кумы. У 326 да н.э. заваяваны рымлянамі. У канцы 5 ст.н.э. ў складзе остгоцкай дзяржавы. З сярэдзіны 6 ст. тут замацаваліся візантыйцы. У 1139 заваяваны нарманамі і далучаны да Сіцылійскага каралеўства, пасля 1266 яго сталіца. У 1268 захоплены франц. герцагам Карлам Анжуйскім. У 1282—1442, 1501—04 сталіца Неапалітанскага каралеўства. З 1504 у складзе Сіцылій абедзвюх Каралеўства. У 1799 тут абвешчана Партэнапейская рэспубліка. У 1806—15 Н. — сталіца залежнага ад Францыі Неапалітанскага каралеўства, з 1815 — Каралеўства абедзвюх Сіцылій. Н. — адзін з цэнтраў рэвалюцыі 1848—49 у Італіі. Ў 1860 вызвалены войскамі Дж.Гарыбальдзі і ўвайшоў у склад аб’яднанага Італьян. каралеўства. У час фаш. дыктатуры Б.Мусаліні — буйная ваен.-марская база. Пасля выхаду Італіі з 2-йсусв. вайны акупіраваны ў 1943 ням.-фаш. войскамі; вызвалены ў выніку паўстання (т.зв. Чатыры дні Неапаля).
Размешчаны амфітэатрам на прыбярэжных пагорках. У цэнтр.ч. захавалася ант. рэгулярная планіроўка. Сярод помнікаў: раннехрысц. катакомбы з фрэскамі (2—5 ст.), баптыстэрый Сан-Джавані з мазаікамі (5 ст.), замкі Кастэль дэль Ова (з 12 ст.) і Кастэль Нуова (1279—84, перабудаваны ў 1443—53, Г.Сагрэра; трыумфальная арка Альфонса Арагонскага са статуямі і рэльефамі, 1452—67, арх. і скульпт. Сагрэра, скульпт. Ф.Лаўрана, П. да Мілана, рэнесанс), гатычныя касцёлы, часткова перабудаваныя ў стылі барока, — Сан-Ларэнца, Сан-Даменіка (абодва 13 ст.), Санта-Марыя дэль Карміне (1283—1300), сабор (1294—1323); палацы і касцёлы ў стылях рэнесансу і барока; у стылі класіцызму — кляштар Чэртоза ды Сан-Марціна (1325, Ф. ды Віта, Т. ды Камаіна; 1580—1623, Дж.Дозіо, са зборам неапалітанскага і еўрап. жывапісу 17—18 ст.), т-р «Сан-Карла» (1737—1816), касцёл Сан-Франчэска ды Паала (1817—46, П.Б’янкі). З пабудоў 20 ст. вылучаюцца будынак вакзала (1954—60, арх. Дж.Вакара, М.Кампанела, інж. П.Л.Нерві і інш.) і інш. Каля Н. руіны стараж.-рым. гарадоў Пампеі і Геркуланум, Палацца Рэале ў Казерце (з 1752, Л.Ванвітэлі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІТЫВІ́ЗМ (франц. positivisme ад лац. positivus станоўчы),
філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога прызнаюць адзінай крыніцай «станоўчых» (пазітыўных) ведаў спец. навукі, што абапіраюцца на эмпірычны вопыт. Узнік у 1830—40-я г. ў Францыі ў рэчышчы агульнай традыцыі эмпірызму. Заснавальнік А.Конт. Гіст. папярэднікамі П. з’яўляюцца Ж.Д’Аламбер, А.Сен-Сімон, А.Р.Ж.Цюрго, Д.Юм. Адрозніваюць 3 этапы станаўлення і развіцця П. 1-ы этап — класічны. Яго гал. прадстаўнікі — Конт, Э.Літрэ, Ж.Э.Рэнан, І.Тэн (Францыя), Дж.Міль, Г.Спенсер, К.Пірсан (Вялікабрытанія), П.Л.Лаўроў, У.В.Лясевіч, М.К.Міхайлоўскі, М.М.Троіцкі (Расія) і інш. Яны зыходзілі з таго, што пазітыўныя веды ў адрозненне ад абстрактна-метафіз. тлумачэнняў павінны быць рэальнымі, дакладнымі, тэарэтычна ажыццявімымі і карыснымі, а асн. задача любой навукі і пазнання ў цэлым заключаецца ў вызначэнні пастаянных і ўстойлівых сувязей паміж з’явамі, а не ў высвятленні іх прычын; 2-і этап — махізм, або эмпірыякрытыцызм. Яго тэарэтыкі Р.Авенарыус, Э.Мах і іх прыхільнікі фармулявалі задачу філасофіі як стварэнне спец. тэорыі навук.пазнання, а не як пабудову сінтэтычнай сістэмы, якая аб’ядноўвае вывады ўсіх навук; 3-і этап — неапазітывізм, які ў адрозненне ад махісцкага біялагізму і псіхалагізму ў вытлумачэнні пазнання зрабіў прадметам свайго аналізу розныя формы мовы, дзе выражаюцца вынікі звычайнага або канкрэтна-навук. мыслення (гл.Аналітычная філасофія). Прадстаўнікі лагічнага пазітывізму ў якасці ідэальнага сродку аналіт.філас. дзейнасці выкарыстоўвалі апарат матэматычнай логікі. Да агульнай платформы П. далучаліся Л.С.Стэбінг, Дж.Уісдам (Вялікабрытанія), К.Г.Гемпель, Г.Шольц (Германія), Э.Нагель, Ч.Морыс, П.У.Брыджмен (ЗША), К.Айдукевіч (Польшча) і інш. На змену неапазітывізму прыйшло мноства метадалагічных канцэпцый філасофіі, аб’яднаных назвай «постпазітывізм», якія аддаюць асн. ўвагу рацыянальным метадам пазнання і на першы план вылучаюць вырашэнне праблемы росту ведаў, а не пошук тэорыі. Філас. сістэма П. паўплывала на метадалогію прыродазнаўчых і грамадскіх навук, асабліва 2-йпал. 19 ст. Пашырэнне агульных прынцыпаў эмпірычнага прыродазнаўства на ўсе астатнія навукі, стварэнне «сацыяльнай фізікі» і пазітыўнай сац. тэорыі стала адной з тэарэт. асноў пабудовы новага грамадства, якое вырастае з саюзу навукі і прам-сці. Паводле П., сацыялізацыя і самарэалізацыя індывідаў — гэта найперш стварэнне грамадскай структуры сувязей, у якія яны ўключаюцца і якой павінны падпарадкоўвацца. Пазітывісцкая трактоўка сацыяльнасці як адцягненай ад чалавечых прынцыпаў формы, арганістычная аналогія паміж грамадствам, прыродай і чалавечым арганізмам характэрная і для інш.філас. кірункаў (напр., экзістэнцыялізму), механістычных, геагр., расава-антрапалагічных навук. школ.
Літ.:
Трошкина В.П. Социологическая концепция Огюста Конта. М., 1984;
Современная философия науки: Хрестоматия. М., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАДНЁНЫЯ ГАРАДЫ́,
гарады-пабрацімы, гарады розных краін, якія маюць пагадненні аб пабрацімстве і супрацоўніцтве ў эканам., культ., гуманітарнай сферах, праводзяць сярод насельніцтва дзейнасць па ўмацаванні даверу, узаемаразумення, па абмене вопытам гар. самакіравання, камунальнага гаспадарання і інш. Пачатак руху П.г. пакладзены ў гады 2-йсусв. вайны: у 1942 два гарады, якія асабліва пацярпелі ад яе наступстваў, — Ковентры (Вялікабрытанія) і Сталінград (СССР) — прынялі рашэнне ўстанавіць дружалюбныя адносіны з мэтай развіцця супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту сваіх грамадзян. У канцы 1950-х г. рух параднення гарадоў атрымаў міжнар. прызнанне і афіц. статус. У крас. 1957 у франц.г. Экс-ле-Бен на ўстаноўчым кангрэсе заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў (СФПГ). У адпаведнасці са Статутам Федэрацыі асн. мэта руху — развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і паліт. сістэмы. Вышэйшы орган СФПГ — Ген. асамблея, раз у 3 гады склікаюцца кангрэсы, бягучую работу каардынуе Выканаўчы савет. У складзе СФПГ дзейнічаюць спецыялізаваныя грамадскія арг-цыі: Сусветны сакратарыят моладзі гарадоў-пабрацімаў, «Добраахвотнікі супрацоўніцтва» і інш. Па ініцыятыве СФПГ з 1963 апошняя нядзеля красавіка адзначаецца як Сусв. дзень П.г. З 1967 калект. членам СФПГ стала Асацыяцыя па сувязях сав. і замежных гарадоў, створаная ў СССР у 1964. Пры садзейнічанні Асацыяцыі 289 гарадоў б.СССР сталі пабрацімамі 530 гарадоў у 71 краіне свету. У пач. 1990-х г., калі былыя сав. рэспублікі сталі незалежнымі дзяржавамі, Асацыяцыя П.г. СССР набыла новы статус і перайменавана ў Міжнар. асацыяцыю «Параднёныя гарады». У Рэспубліцы Беларусь парадненне гарадоў пачалося ў 1950-я г. У 2000 31 бел. горад падтрымліваў сувязі са 119 гарадамі 24 краін свету, у т. л. 16 маюць пабрацімаў у ФРГ, 8 — у Польшчы, 8 — у Францыі, 18 — у Балгарыі. 35 бел. гарадоў устанавілі пабрацімскія сувязі з рас. гарадамі (сак. 2000). У 1990-я г.найб. эфектыўныя сувязі мелі: Мінск з Нотынгемам (Вялікабрытанія, з 1957), Бангалорам і Сендаем (Індыя, Японія, з 1973), Ліёнам і Луандай (Францыя, Ангола, з 1976); Жодзіна з Венісьё (Францыя, з 1967); Магілёў з Віёрбанам (Францыя, з 1973); Орша з Воз-ан-Вленам (Францыя, з 1973); Салігорск з Ла-Луўерам (Бельгія, з 1975); Віцебск з Франкфуртам-на-Одэры і Зялёнай Гурай (Германія, Польшча, з 1969); Гомель з Клермон-Феранам (Францыя, з 1976) і Абердзінам (Вялікабрытанія, з 1990); Гродна з Беластокам (Польшча, з 1960) і Ліможам (Францыя, з 1976); Баранавічы з Хейнала (Фінляндыя, з 1977); Полацк з Фрыдрыхсгафенам (Германія, з 1994) і інш. Для каардынацыі работы ў 1993 створана Бел. асацыяцыя П.г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГО́ННЫЯ АРКЕ́СТРЫ І КАПЭ́ЛЫ,
прыватнаўладальніцкія муз. выканальніцкія калектывы ў гарадах і мястэчках магнатаў Беларусі 18—1-йпал. 19 ст. Фарміраваліся з прыгонных сялян (часам папаўняліся прафес. музыкантамі). Капэламі называлі роднасныя змешаныя ансамблевыя калектывы са стр., духавых, ударных, а таксама нар. інструментаў («сялянская музыка», «мінская музыка з цымбаламі» і інш.), ці віды духавых аркестраў («янычарская капэла», т.зв. «янычарня»). Такія аркестры і капэлы стваралі магнаты-меламаны ці мецэнаты. Яны адыгралі значную ролю ў станаўленні прафес. і аматарскага інстр. выканальніцтва на Беларусі. Адным з буйнейшых такіх калектываў была капэла М.К.Радзівіла ў Нясвіжы, сфарміраваная з прыгонных сялян (гл.Нясвіжская капэла Радзівілаў). Не менш вядомы калектыў — слонімскі аркестр М.К.Агінскага (з 1765), у складзе якога было больш за 50 інструменталістаў і вакалістаў (капельмайстары Мейснер, Ю.Паўлі, А.Данезі і інш.). Высокім выканаўчым майстэрствам вылучаўся аркестр А.Сапегі ў Ружанах (у 1765—1820-х г. у Дзярэчыне; капельмайстар К.Кіпрыяні). Еўрап. вядомасць і прызнанне меў у 1765—85 гродзенскі аркестр А.Тызенгаўза (гл.Гродзенская капэла Тызенгаўза). «Капэлу духавой музыкі», рагавы аркестр, «аркестр хатняй музыкі» з запрошаных музыкантаў меў у Шклове ў 1788—99 С.Зорыч (гл.Шклоўскі тэатр Зорыча; капельмайстар І.Л.Стэфані). Да лепшых адносіліся аркестры З.Чарнышова ў Магілёве і Чачэрску. Унікальнай з’явай у муз. жыцці Беларусі і за яе межамі была дзейнасць стр. ансамбля — квартэта прыгонных музыкантаў, створанага. кампазітарам-аматарам У.Кастрыёта-Скандэрбекам (гл.Гарадзецкі прыгонны квартэт У.Г.Кастрыёта-Скандэрбека). Для забеспячэння творчай дзейнасці П.а. і к. пры іх ствараліся спец.муз. школы навучання ігры на стр., духавых інструментах, што закладвала асновы муз. педагогікі на Беларусі (гл.Музычная адукацыя, Музычныя школы). У 1740—60-х г. пры Слуцкай капэле Радзівіла дзейнічала муз. школа, у якой навучаліся музыканты са Слуцка і бліжэйшых вёсак. З 1751 у Нясвіжы існавала муз. школа (па навучанні ігры на габоі, фагоце, флейце, валторне, трубе і інш.), у якую набіралі дзяцей прыгонных сялян з Нясвіжа, Слуцка, Ляхавіч і інш. маёнткаў Радзівілаў. Падобныя муз. школы існавалі пры Слонімскім т-ры ў 1770—80-я г. М.К.Агінскага (гл.Слонімская капэла Агінскага), Ружанскім т-ры А.Сапегі, пры тэатр. школе А.Тызенгаўза (1774—80), потым у Паставах (да 1785; гл.Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза). У муз. школах пры т-рах 8—10-гадовых дзяцей навучалі ігры на стр. і духавых інструментах (флейта, габой, кларнет, фагот, валторна, труба).
Літ.:
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992;
Дадиомов О.В. Музыкальная культура городов Белоруссии в XVIII в. Мн., 1992;
Капилов А.Л. Скрипка белорусская. Мн., 1982;
Музыкальный театр Белоруссии: Доокт. период. Мн., 1990;
Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме: Пер. з ням.Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА (ад грэч. systēma складзенае з частак),
цэласная сукупнасць узаемазвязаных элементаў. У якасці С. разглядаюцца сукупнасць рэчаў, уласцівасцей і адносін, складаныя аб’екты, часткі прыроднага і тэхнагеннага асяроддзя, якія характарызуюцца шматузроўневасцю і іерархічнасцю пабудовы: напр., горныя С., С. рэк, азёр, мораў, жывёльнага і расліннага свету, С. гарадоў і інш. Адрозніваюць матэрыяльныя і ідэальныя С. Да матэрыяльных адносяць С. ўсіх узроўняў арганізацыі і форм руху матэрыі, уключаючы С. жывой і нежывой прыроды, С. эканам., паліт., прававых і інш. грамадскіх адносін. Ідэальныя С. ўключаюць канкрэтныя, якія складаюцца з пачуццёвых вобразаў і выяўляюцца, напр., у творах мастацтва, і абстрактныя, якія ўваходзяць у склад гіпотэз, тэорый і інш. С. падзяляюць таксама на адкрытыя і закрытыя, статычныя і дынамічныя, жорсткадэтэрмінаваныя і імавернасныя, натуральныя і штучныя і інш. Усім тыпам С. уласціва пэўнае падабенства характарыстык. Элементы С. могуць быць аднародныя і неаднародныя па сваіх якасцях. Комплексы разнародных элементаў у С. з’яўляюцца падсістэмамі. Элементы С. адносна самастойныя, што выяўляецца ў захаванні сваіх якасцей пры змене структуры С. і магчымасці пераходу ў інш. С. Самастойнасць элементаў залежыць ад ступені складанасці С.: чым больш складаная С., тым мацней узаемазалежныя элементы. Цэласнасць С. забяспечваецца яе структурай — устойлівым, упарадкаваным спосабам сувязі паміж элементамі. Структура С. складаецца ў працэсе ўзаемадзеяння элементаў і адказвае за ўзнаўленне С. і яе адаптацыю да ўмоў асяроддзя. Змены ў асяроддзі прыводзяць да пераўтварэння структуры С., а часам да замены папярэдніх элементаў якасна новымі (гл.Ізамарфізм і гомамарфізм). С. характарызуюцца 3 тыпамі ўласцівасцей: субстратнымі, інтэгратыўнымі і функцыянальнымі. Субстратныя ўласцівасці (маса, памер, матэрыяльны састаў) абумоўлены матэрыяльным складам С., інтэгратыўныя — залежаць ад спосабу сувязі паміж элементамі, функцыянальныя — вызначаюць функцыі С. ў знешнім асяроддзі.
Першыя ўяўленні пра С. як аснову ўпарадкаванасці і цэласнасці быцця ўзніклі ў ант. філасофіі. Б.Спіноза, Г.Лейбніц і прадстаўнікі навук. сістэматыкі 17—18 ст. прапаноўвалі прыродазнаўчыя сістэмна-анталагічныя канцэпцыі светабудовы. Прынцыпы сістэмнай прыроды ведаў у ням. класічнай філасофіі распрацоўвалі І.Кант, Ф.Шэлінг, Г.Гегель. У 2-йпал. 19—20 ст. даследаваліся спецыфіка тэарэт. ведаў як С. (неакантыянства), метады пабудовы лагічных і фармалізаваных С. (неапазітывізм). Сістэмныя даследаванні праводзяцца ў межах агульнай тэорыі сістэм і спец. тэорый: сістэмнага падыходу, сістэмнага аналізу, сістэматэхнікі, кібернетыкі, сінергетыкі і інш.
Літ.:
Системные исследования. М., 1969;
Морозов В.Д., Морозов В.В. Диалектика: системы и развитие. Мн., 1978;
Аверьянов А.Н. Системное познание мира. М., 1985;
Система. Симметрия. Гармония. М., 1988;
Хакен Г. Информация и самоорганизация: Макроскопич. подход к сложным системам: Пер. с англ.М., 1991;
Князева В.Н., Курдюмов С.П. Законы эволюции и самоорганизации сложных систем. М., 1994;
Спицнадель В.Н. Основы системного анализа. СПб., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУЛЬПТУ́РА МАЛЫ́Х ФОРМ, дробная пластыка,
скульптурныя творы невял. памераў, якія выконваюць пераважна дэкаратыўныя (часам рытуальныя) функцыі; разнавіднасць скульптуры. Пашырана ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Вырабляецца таксама мастацкай прамысловасцю і нар.-маст. промысламі з керамікі, металу, косці, каменю, шкла, пластмасы і інш. Да С.м.ф. належаць жанравыя статуэткі, настольныя партрэтныя выявы, разнастайныя віды цацак, а таксама манеты, медалі, гемы. Творы дробнай пластыкі выкарыстоўваюць у стварэнні пэўнага эстэт.-эмацыянальнага асяроддзя, вызначаюцца выразнасцю кампазіцыйных вырашэнняў, выяўленнем пластычных і дэкар. магчымасцей матэрыялу. С.м.ф. зарадзілася ў эпоху палеаліту і звязана з вераваннямі і працоўнай дзейнасцю (знаходкі ў пячоры Мас-д’Азіль у Францыі, Вілендорф у Аўстрыі, Мальце і Бурэце ў Сібіры і інш.). На тэр. Беларусі вядома з эпохі неаліту: касцяныя і драўляныя фігуркі людзей, качак, коней са стаянак Крывіна (гл.Галоўск), Асавец. Да жал. веку адносяцца гліняныя фігуркі жывёл мілаградскай культуры з гарадзішчаў Гарошкаў, Мохаў. З прыняццем хрысціянства вял. пашырэнне ў 11—13 ст. набылі каменныя і касцяныя абразкі з рэльефнымі выявамі святых. Узоры быт. пластыкі вядомы з 12—13 ст. С.м.ф. 14—16 ст. характарызуецца цеснай сувяззю з маст. ліццём (крыжы і абразкі, знойдзеныя ў Магілёве, Мінску і інш.). З 16—17 ст. пашырана медальернае мастацтва, развіццю якога спрыяла дзейнасць Віленскага манетнага двара. У 19—пач. 20 ст. рысамі стылю мадэрн вызначаліся Керамічныя статуэткі і дэкар. вазы В.Бубноўскага. У анімалістычным жанры працаваў жывапісец Г.Вейсенгоф, у рэаліст. манеры выкананы партрэты-барэльефы Я.Драздовіча (Я.Пачопкі, М.Машары, А.Грыневіча і інш.), амаль ва ўсіх цэнтрах ганчарства выраблялі гліняныя цацкі (майстры В. і П. Ланеўскія, І.Данілевіч), у многіх — дэкар. пасудзіны (майстры В.Кузьміцкі, Ф.Дзудзакевіч, А.Петрашкевіч, Я.Ступкевіч). Мела пашырэнне драўляная цацка. У 1940-я г.нац. каларытам вылучаліся работы М.Філіповіча. У 2-йпал. 20 ст. ствараецца сюжэтная пластыка ў фарфоры, шамоце, гліне (мастакі У.Андрыянаў, М.Бяляеў, Г.Гаркуноў, М.Звярко). У анімалістычным жанры працавалі Л.Багданаў, Ф.Зільберт, Т.Мацвеенка, Т.Паражняк. Багаццем пластычных вырашэнняў вылучаецца гутная пластыка нар. майстроў Р.Багінскага, Т.Лінкевіча, С.Раўдвеэ. У традыцыях нар. глінянай скульптуры працуе М.Пушкар. Своеасаблівыя дэкар. пласты, плакеткі, сувенірныя медалі ствараюць М.Байрачны, А.Зіменка, Л.Талбузін. У кераміцы працуюць М.Балюк, Т.Васюк, М.Кляцкоў, А.Концуб, У.Церабун і інш. С.м.ф. стала вядучай у творчасці самадз. майстроў-разьбяроў А.Міхеенкі (Полацк), А.Пупко (Івянец), В.Альшэўскага і М.Ерафеева (Мінск), Г.Асіпковай (Чашнікі), Б.Васількова (Гомель), С.Жыголкіна (Віцебск), С.Шаўрова (Орша). Гл. таксама Скульптура драўляная.
сярэдняя навуч. ўстанова ў г. Слуцк у 1617—1918. Засн. 20.5.1617 кн. Янушам Радзівілам пры кальвінісцкім зборы. Падпарадкоўвалася суперінтэнданту евангелічных цэркваў Навагрудскага пав. У 17 — сярэдзіне 18 ст. праграма нагадвала курс езуіцкіх калегіумаў, навуч. курс складаўся з 4 класаў з 2-гадовым тэрмінам кожны. Навучанне вялося на польскай мове (малодшыя класы) і на латыні (старэйшыя класы). Выкладаліся лац., стараж.-яўр., стараж.-грэч., ням. і польск. мовы, асновы логікі, рыторыкі, права, гісторыя, матэматыка, фізіка, музыка, гімнастыка, фехтаванне, спевы. Практыкаваліся дыспуты, ставіліся тэатр. пастаноўкі. Гімназія мела трывалыя сувязі з ун-тамі Гайдэльберга, Кёнігсберга, Берліна, Франкфурта-на-Одэры, Марбурга, Лейдэна, Эдынбурга і Оксфарда (туды пасылалі на вучобу лепшых выпускнікоў). Згодна са статутамі 1628 і 1679 у гімназію прымаліся дзеці ўсіх саслоўяў і веравызнанняў (практычна пераважалі дзеці пратэстанцкай шляхты). У выніку войнаў і палітыкі контррэфармацыі ў 2-йпал. 17 ст. гімназія прыйшла ў заняпад. У 1775 яна рэарганізавана ў адпаведнасці з патрабаваннямі Адукацыйнай камісіі. З 1778 С.г. — публічнае евангелічнае вучылішча, з 1809—4-класнае павятовае вучылішча ў сумесным падпарадкаванні Евангелічна-Рэфармацкага (кальвінісцкага) сінода і Віленскай навучальнай акругі, у 1828 пераўтворана ў 6-класную гімназію. Навучанне бясплатнае, кожны год прымалася 150 выхаванцаў. У 1840—56 выкладанне пераведзена на рус. мову. З-за абвінавачванняў ва ўдзеле ў паўстанні 1863—64 з 404 яго выхаванцаў 281 быў выключаны. У 1868 выведзена з-пад улады кальвінісцкай царквы і пераўтворана ў класічную 7-класную рус. гімназію ў ведамстве Віленскай навуч. акругі. У 1875 адкрыты 8-ы клас. У 1872 вучылася 228 чал., у 1880—325, у 1890—283, 1901—228, у 1915—461 вучань. Утрымлівалася на сродкі гар. казны, збораў за навучанне, працэнтаў з уласнага фундушу. Пед. калектыў уключаў дырэктара, інспектара, 17 выкладчыкаў, 3 памочнікаў класных настаўнікаў, урача і дантыста (пераважна выпускнікі ун-таў, духоўных акадэмій, Мінскай духоўнай семінарыі, настаўніцкіх семінарый Маладзечна, Нясвіжа, Свіслачы). З 1874 пры гімназіі дзейнічала метэаралагічная станцыя; пазней — фізічны, прыродазнаўчы і гіст.-геагр. кабінеты, б-ка. Сярод выхаванцаў гімназіі былі вядомыя дзеячы бел., рус. і польск. культуры: А.А.Аскерка, Я.Х.Белабоцкі, С.І.Богуш-Сестранцэвіч, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, І.Ф.Капіевіч, медык А.Я.Красоўскі, астраном В.К.Цэраскі і інш.
Літ.:
Сборник сведений о средних учебных заведениях Виленского учебного округа. Вильна, 1873;
Глебов И. Историческая записка о Слуцкой гимназии с 1617—1630—1901 гг. Вильна, 1903;
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;
Родченко Г.В. Старейшая школа Белоруссии // Педагогика и психология. Вып. 9. Вопросы истории и педагогики в БССР. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУХАПУ́ТНЫЯ ВО́ЙСКІ,
від узброеных сіл, прызначаны для вядзення баявых дзеянняў на сушы. У большасці дзяржаў, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь, С.в. з’яўляюцца найб. шматлікім, разнастайным па ўзбраенні і спосабах баявых дзеянняў відам узбр. сіл.
У стараж. часы С.в. складаліся з пяхоты і кавалерыі. Значнае развіццё С.в. атрымалі ў Стараж. Рыме (створаны легіёны, маніпулы, цэнтурыі, кагорты і інш.). У 8—14 ст. у краінах Еўропы гал. родам С.в. была конніца (гл.Рыцарскае войска). З 14 ст. ўзрастала роля пяхоты як асн. роду С.в., з’явілася артылерыя. У 17 — пач. 18 ст. ў большасці еўрап. дзяржаў створаны інж. часці і злучэнні, у т. л. ў ВКЛ Корпус інжынераў (1789), у сярэдзіне 19 ст. — войскі сувязі. У 1-ю сусв. вайну С.в. складалі асн. масу ўзбр. сіл еўрап. краін; яны мелі на ўзбраенні магазінныя вінтоўкі са штыком, станковыя і ручныя кулямёты, скарастрэльныя гарматы, мінамёты, бронеаўтамабілі, з 1916 — танкі (гл.Танкавыя войскі) і інш. Войскі былі аб’яднаны ў арміі, у склад якіх уваходзілі карпусы і дывізіі. У канцы вайны С.в. папоўніліся бранятанкавымі, хім., аўтамабільнымі войскамі і войскамі проціпаветранай абароны. У 2-ю сусв. вайну С.в. колькасна пераўзыходзілі інш. віды войск (у СССР складалі каля 80% асабовага складу ўзбр. сіл); бранятанк. і механізаваныя войскі сталі гал. ударнай сілай С.в. Пасля вайны павялічвалася роля ракетнай зброі, сродкаў ППА і інш. У 2-йпал. 20 ст. С.в. некат. краін аснашчаны ядз. зброяй.
Сучасныя С.в. развіваюцца на базе найноўшай ваен. тэхнікі і дасягненняў ваен. навукі. Найб. шматлікія і падрыхтаваныя С.в. маюць краіны НАТО, Кітай, Расія і інш. У склад С.в. Рэспублікі Беларусь уваходзяць мотастралковыя войскі, мабільныя сілы, ракетныя войскі і артылерыя, войскі ППА С.в. (род войск), а таксама часці і падраздзяленні спец. войск (развед., інж., хім., сувязі, радыёэлектроннай барацьбы і інш.), тэхн. і тылавога забеспячэння. Арганізацыйна складаюцца з асобных механізаваных брыгад, брыгад мабільных сіл і інш. злучэнняў (часцей), якія ўваходзяць у склад адпаведнага аператыўнага камандавання (Заходняга і Паўночна-Заходняга). Камандаванню С.в. таксама падначалены падраздзяленні тэр. абароны, спец. аперацый і інш.
Літ.:
Сагановіч Г.М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Мн., 1994;
Павловский И.Г. Сухопутные войска. М., 1977;
Боевая летопись белорусских полков. Мн., 1994;
Краснознаменный Белорусский военный округ. 2 изд. М., 1983;
Коломоец Ф. Сколько «штыков» должна иметь белорусская армия // Армия. 1996. № 1.
Ю.В.Партноў, С.М.Абрамаў.
Да арт.Сухапутныя войскі: 1 — танкавае падраздзяленне на маршы; 2 — агонь вядзе разлік процітанкавай гарматы; 3 — навядзенне пантоннага моста; 4 — воіны інжынерных войск рыхтуюць да запуску зарад з устаноўкі размініравання УР-83П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАЦЦЯКО́ЎСКАЯ ГАЛЕРЭ́Я дзяржаўная, найбуйнейшы ў свеце музей рус.выяўл. мастацтва. Засн. ў Маскве ў 1856 П.М.Траццяковым, у 1892 перададзена ім у дар гораду. Да 1918 наз. Маскоўская гар.маст. галерэя П. і С. Траццяковых. У музеі багацейшы збор іканапісу ўсіх асн. школ стараж.-рус. мастацтва, у т. л. работы Ф.Грэка, А.Рублёва, Дыянісія, С.Ушакова. Захоўваецца жывапіс і скульптура 18—1-йпал. 19 ст. (творы У.Баравікоўскага, К.Брулова, А.Іванава, Дз.Лявіцкага, Ф.Рокатава, В.Трапініна, П.Фядотава, Ф.Шубіна), найб. поўны збор работ перасоўнікаў, жывапісцаў і графікаў канца 19 — пач. 20 ст., у т. л. членаў маст. аб’яднанняў «Свет мастацтва», Саюз рус. мастакоў, «Блакітная ружа», «Бубновы валет» і інш. (І.Левітана, М.Урубеля, В.Сярова, В.Барысава-Мусатава, К.Каровіна, М.Рэрыха, А.Бенуа, К.Сомава і інш.). У Т.г. прадстаўлены лепшыя ўзоры шматнац. мастацтва 20 ст., творы майстроў авангарда (В.Кандзінскага, М.Ларыёнава, К.Малевіча, М.Шагала і інш.) і інш. плыней: С.Герасімава, С.Канёнкава, П.Канчалоўскага, П.Корына, В.Мухінай, М.Несцерава, Ю.Піменава, М.Сар’яна і інш. У Т.г. захоўваюцца творы бел. мастакоў З.Азгура, В.Альшэўскага, Г.Асташонка, А.Бархаткова, М.Басалыгі, Г.Вашчанкі, В.Грамыкі, А.Грубэ, Л.Давідзенкі, М.Данцыга, Я.Жлана, Ю.Зайцава, Н.Залознай, Р.Заслонава, У.Зінкевіча, Б.Казакова, А.Кашкурэвіча, А.Кішчанкі, Г.Кобрына, А.Ксяндзова, А.Кузняцова, С.Ларчанкі, А.Лось, Л.Марчанкі, А.Маціевіча, В.Мурашова, А.Мятліцкага, М.Савіцкага, У.Савіча, М.Селешчука, У.Слабодчыкава, А.Фінскага, Л.Хобатава, В.Цвіркі, А.Шатэрніка, Г.Шутава, Л.Шчамялёва.
У Т.г. захоўваецца больш за 50 тыс. твораў мастацтва. У аддзеле рукапісаў (з 1922) — больш за 200 тыс. дакументаў па гісторыі рас.маст. культуры 18—20 ст., асабістыя фонды мастакоў і мастацтвазнаўцаў. Музей рэгулярна праводзіць выстаўкі. Галерэя размешчана ў неаднаразова перабудаваным доме Траццяковых і шэрагу прылеглых да яго будынкаў. Гал. фасад узведзены ў 1900—05 паводле праекта В.Васняцова. У 1936 завершана 8-зальная прыбудова ў неарус. стылі (арх. А.Шчусеў). У 1982—96 праведзена генеральная рэканструкцыя: прыбудаваны дэпазітарый (сховішча), інжынерны корпус, перакрыты ўнутр. двары (арх. Г.Астаф’еў, Б.Клімаў, І.Вінаградскі і інш.). У 1986 музею перададзены будынак Дзярж. карціннай галерэі. У комплекс Т.г. ўваходзяць таксама царква Міколы Цудатворца ў Талмачах, на правах аддзелаў-філіялаў — музеі-кватэры А.Васняцова і Корына, Дом-музей В.Васняцова, Музей-майстэрня Г.Галубкінай.
Літ.:
Государственная Третьяковская галерея: Очерки истории, 1856—1917. Л., 1981;
Государственная Третьяковская галерея: История и коллекции. 4 изд. М., 1989.