КАСЦЮКО́ВІЦКІ ЦЭМЕ́НТНЫ ЗАВО́Д, Беларускі цэментны завод. Размешчаны ў г. Касцюковічы Магілёўскай вобл. Будаўніцтва пачата ў 1987. Першая тэхнал. лінія магутнасцю 1,2 млн. т/год пушчана 11.9.1996. Завод уключае 22 цэхі, кар’ераўпраўленне, фірмы «Цэмбудрамонт» і «Цэментгандаль». Працуе на сыравіне мясц. радовішча мергелю «Камунарскае» (балансавыя запасы 335,75 млн. т). Вытв-сць цэменту вядзецца сухім спосабам. Асн. прадукцыя (1998): партландцэмент высокіх марак: ПЦм — 500 ДО, ПЦм — 550 ДО, ПЦм — 500 Д20, ПЦм — 600 ДО. Прадукцыя рэалізуецца на Беларусі.

т. 8, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЯ́НКІ (Lithobiomorpha),

атрад губаногіх мнаганожак. Каля 800 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя пустынь. Жывуць пад камянямі, карой пнёў, у парахні, у вільготных мясцінах. На Беларусі найчасцей трапляецца К. звычайная, або мнаганожка-каменялаз (Lithobius forficatus).

Даўж. да 50 мм. Знешне падобныя да скалапендравых. Цела пляскатае, зверху рыжаватае або карычневае. Тулава сегментаванае, укрытае цвёрдым хіцінавым покрывам (адсюль назва). Ног 15 пар. Кормяцца дробнымі насякомымі. Раздзельнаполыя, адкладваюць адзінкавыя яйцы. Здабычу забіваюць ядам залоз, што знаходзяцца ў нагасківіцах.

т. 8, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТО́МЦАВА (Людміла Аляксееўна) (н. 10.8.1943, Масква),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1992). Скончыла БДУ (1965). З 1965 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па нелінейнай дынаміцы лазераў і аптычных сістэм, унутрырэзанатарнай спектраскапіі. Даследавала прычыны і ўмовы суіснавання некалькіх стацыянарных станаў (мультыстабільнасць), пераключэнне паміж імі з назіраннем гістэрэзісных з’яў, развіццё дынамічных рэжымаў у розных тыпах лазераў.

Тв.:

Автоколебания в лазерах. Мн., 1990 (разам з А.​М.​Самсонам, Н.​А.​Лойка).

т. 8, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎГА́НКА (Мікалай Уладзіміравіч) (н. 8.8.1954, в. Арабнікі Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хіміі прыродных рэчываў. Д-р хім. н. (1991). Скончыў БДУ (1977). З 1977 у Ін-це біяарган. хіміі Нац. АН Беларусі. Навук працы па распрацоўцы новых метадаў сінтэзу біялагічна актыўных злучэнняў шэрагу гармонаў насякомых экдыстэроідаў і фітагармонаў брасінастэроідаў.

Тв.:

Экдистероиды: Химия и биол. активность. Мн., 1989 (разам з А.​А.​Ахрэмам);

Стероиды: Экол. функции. Мн., 1990 (з ім жа).

т. 8, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕСКЕ́ВІЧ (Валерый Георгіевіч) (н. 19.8.1951, г. Брэст),

бел. архітэктар. Скончыў Брэсцкі інж.-буд. ін-т (1973). Працаваў у Гродзенскім філіяле ін-та «Белкалгаспраект», з 1974 у ін-це «Брэстграмадзянпраект» (з 1986 гал. архітэктар праектаў). Асн. работы (усе ў Брэсце): комплекс гаражоў (1978), будынак выд-ва газ. «Зара» (1984), жылы дом на бульвары Касманаўтаў (1985), Брэсцкі аэравакзал (1986, Дзярж. прэмія Беларусі 1988) — усе ў сааўт. Прэмія міжнар. конкурса ЮНЕСКА і Міжнар. саюза архітэктараў «Жыллё — заўтра» (1984).

т. 8, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КЛІН-ВАЛУ́Н»,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1990), у в. Арляны Сенненскага р-на Віцебскай вобл. Валун шаравата-ружовага граніту рапаківі (выбаргіт) з крышталямі палявога шпату. Даўж. 2,8 м, шыр. 1,5 м, выш. 4,2 м, у абводзе 11,2 м, аб’ём 9,3 м³, маса каля 25 т. Мае выразную клінападобную форму, якая ўтварылася пры знаходжанні ў актыўнай зоне лёду. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. г. назад з Выбаргскага масіву.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 8, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯКА́ЧКА, стафілея (Staphylea),

род кветкавых раслін сям. клякачкавых. 11 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі інтрадукаваны К.: гімалайская (S. emodi), перыстая (S. pinnata), трохлістая (S. trifolia).

Дрэвы або кусты выш. да 5 м. Лісце няпарнаперыстае, супраціўнае. Кветкі двухполыя, белыя або жаўтаватыя, у мяцёлках.

Плод 2—8-гнездавая каробачка. Бутоны ўжываюць як прыправу, квашаныя, марынаваныя, салёныя, насенне — ласунак, з яго вырабляюць пацеркі, ружанцы. Меданосныя, дэкар. расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Клякачка перыстая.

т. 8, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КО́ЛА»,

«Кружкі», «Кругавая», «Круток», бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп хуткі. Гал. асаблівасць — рух па крузе і ўсялякія кружэнні. Пад рознымі назвамі пашыраны па ўсёй Беларусі. Танец «Кругавая» як парны масавы апісаў у 19 ст. Р.​Друцкі-Падбярэскі, пра «Кружкі» ў якасці гал. танца на бел. святочных вечарынках пісаў М.​Дзмітрыеў, «Круціху», што выконвалася на вяселлях, згадвае С.​Сахараў. «Круган» у выкананні 2 мужчын зафіксаваны на Брэстчыне, «Круглы» — на Магілёўшчыне.

Ю.​М.​Чурко.

т. 8, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛАС (Валерый Паўлавіч) (н. 12.10.1950, г. Ашмяны Гродзенскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1992). Скончыў БДУ (1973). З 1974 у Ін-це ядз. энергетыкі, з 1991 у Ін-це радыяцыйных фіз.-хім. праблем Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэрмамеханіцы гетэрагенных сістэм і рэактарабудаванні. Распрацаваў фіз.-матэм. асновы праектавання ядз. рэактараў з мікрацеплавылучальнымі элементамі. Прапанаваў аўтаматызаваную сістэму інфрачырв. выпрамянення для лакальнага забеспячэння тэмпературных умоў у аптычнай і радыёэлектроннай вытв-сці.

т. 8, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НІКІ, шчаўрыцы (Anthus),

род птушак сям. сітаўкавых атр. вераб’інападобных. Пашыраны ўсюды. Каля 30 відаў. На Беларусі 4: К. лясны (A. trivialis), лугавы (A. pratensis), палявы (A. campestris) і чырвонаваллёвы (A. cervina). Жывуць у рэдкалессі, на балотах з дрэвастоем, сырых лугах і палях. Зімуюць у Міжземнамор’і, Афрыцы, Індыі.

Даўж. 15—20 см, маса 15,5—27 г. Кормяцца насякомымі, павукамі, дробнымі малюскамі, насеннем травяністых раслін. Гнёзды на зямлі. Двойчы за лета нясуць 4—5 яец.

т. 8, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)