НУЛЯВЫ́ МЕ́ТАД ВЫМЯРЭ́ННЯЎ,
высокадакладны метад вымярэння фіз. велічыні, заснаваны на параўнанні яе з адпаведнай мерай, пры якім на нулявую прыладу ўздзейнічае сігнал, прапарцыянальны рознасці паміж лікавымі значэннямі вымернай і вядомай велічынь. У працэсе вымярэння гэтую рознасць даводзяць да нуля (часам аўтаматычна). Н.м.в. вымяраюць эл. велічыні (эрс, напружанні, ёмістасці, супраціўленні і інш.) і неэл. велічыні, пераўтвораныя ў эл. (тэмпературы, ціскі, дэфармацыі і да т.п.) з выкарыстаннем патэнцыёметраў і мастоў вымяральных. Разнавіднасць Н.м.в. — кампенсацыйны метад вымярэнняў.
т. 11, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПІУМ (лац. opium ад грэч. opion макавы сок),
опій, высахлы на паветры млечны сок з надрэзаў на няспелых макаўках опійнага маку; моцны наркотык, мае каля 20 алкалоідаў: марфін, кадэін, наркацін і інш. У О. да 10% марфіну, які больш за інш. алкалоіды ўздзейнічае на арганізм чалавека. Ужыванне вядзе да наркаманіі. Прэпараты О. (напр., марфіну гідрахларыд) выкарыстоўваюць як моцны абязбольвальны сродак пры злаякасных пухлінах, нырачных коліках і інш.; супраць кашлю (напр., кадэін) і інш.
т. 11, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНАЕ АЦЯПЛЕ́ННЕ,
сістэма ацяплення, пры якой памяшканне ацяпляецца пададзеным у яго падагрэтым паветрам. Выкарыстоўваецца ў прамысл., с.-г. і грамадскіх збудаваннях.
Бывае мясцовае (ацяпляльна-вентыляцыйныя агрэгаты ўстаноўлены ў памяшканні) і цэнтральнае (адзін агрэгат абслугоўвае некалькі памяшканняў). Адрозніваюць П.а. рэцыркуляцыйнае (паветра, пададзенае да паветрападагравальніка, бярэцца з памяшкання) і спалучанае з вентыляцыяй (часткова паветра бярэцца з памяшкання і часткова звонку). Перамяшчэнне паветра бывае прымусовае (за кошт вентылятара) і натуральнае за кошт рознасцей т-р і шчыльнасці паветра).
т. 11, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́ННЕ ЦЕ́ЛА,
рух цела ў полі прыцягнення Зямлі з пачатковай скорасцю, роўнай нулю. Адбываецца пад дзеяннем сілы цяжару і сілы супраціўлення асяроддзя (паветра, вады), залежнай ад скорасці руху цела. На характар П.ц. (асабліва масіўных) аказвае ўплыў Карыяліса сіла, абумоўленая сутачным вярчэннем Зямлі. Пры П.ц. з невялікай вышыні скорасць — руху вызначаецца формулай
, дзе g — паскарэнне свабоднага падзення, S — шлях, пройдзены целам ад пачатку руху (сіла супраціўлення паветра не ўлічваецца).
т. 11, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАТАГРА́ФІЯ (ад лац. palatum паднябенне + ...графія),
адзін з метадаў эксперым. фанетыкі, з дапамогай якога вызначаецца месца сутыкнення языка з паднябеннем пры гукаўтварэнні. Адрозніваюць П. статычную і дынамічную. Здымкі, або артыкуляцыйныя карты, з адлюстраваннем розных органаў маўлення ў час вымаўлення гукаў пэўнай мовы падзяляюць на палатаграмы (паднябенне), лабіяграмы (губы), лінгваграмы (язык), рэнтгенаграмы (маўленчы апарат цалкам).
Літ.:
Барышнікава К.К., Падлужны А.І. Эксперыментальна-фанетычныя даследаванні ў Беларусі // Бел. лінгвістыка. 1974. Вып. 5.
А.В.Зінкевіч.
т. 11, с. 539
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЎТВАРЭ́ННЕ,
пераход рэчыва з вадкага або цвёрдага стану ў газападобны; адзін з фазавых пераходаў 1 роду. П. са свабоднай паверхні вадкасці наз. выпарэннем, з паверхні цвёрдага цела — сублімацыяй. У замкнутым аб’ёме П. ідзе да таго часу, пакуль прастора над вадкасцю (цвёрдай фазай) не запоўніцца парай, ціск якой роўны раўнаважнаму пры дадзенай т-ры (ціск насычэння). П. у аб’ёме (кіпенне) абумоўлена ўзнікненнем бурбалак насычанай пары на сценках пасудзіны і іх ростам у аб’ёме вадкасці.
т. 12, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЯРО́ДАВЫЯ ХВАРО́БЫ,
хваробы, якія ўзнікаюць у жанчын у першыя 6—8 тыдняў пасля родаў. Паталаг. працэс можа лакалізавацца ў родавых шляхах, узнікаць ад інфекцый (напр., эндаметрыт) і без інфекцый (гематомы, крывацёк і інш.). Бываюць П.х. з лакалізацыяй паталаг. працэсу па-за родавымі шляхамі (лактацыйны мастыт, гіпагалактыя, трэшчыны саскоў і інш.). Узбуджальнікі інфекц. П.х. найчасцей стафілакокі, стрэптакокі. Пры інфекц. П.х. высокая т-ра цела, дрыжыкі, паталаг. змены ў хворым органе. Лячэнне тэрапеўт., пераліванне крыві, плазмы.
т. 12, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРО́КЛ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі адзін з удзельнікаў Траянскай вайны, сябар Ахіла. У небяспечны для грэкаў момант, калі траянцы на чале з Гектарам уварваліся ў іх лагер і імкнуліся падпаліць караблі, Ахіл з-за сваркі з Агамемнанам адмовіўся ўдзельнічаць у бітве, але аддаў П. свае даспехі. П. узначаліў контратаку грэкаў і адагнаў траянцаў ад лагера, забіўшы пры гэтым знакамітага героя Сарпедона, але і сам быў забіты Гектарам, які зняў з яго даспехі Ахіла.
т. 12, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎТАРА́К,
нізкапробная сярэбраная манета Рэчы Паспалітай у 17—18 ст. вартасцю ў 1,5 гроша. Першыя П. з’явіліся ў 1614, вырабляліся да 1627 (маса 1,58—1,20 г). Іх чаканілі і ў 1648—68 пры Яне II Казіміру (маса 1,09 г). У абарачэнні заставаліся да сярэдзіны 18 ст. П. Рэчы Паспалітай 1753—56 змянілі тып, на іх з’явілася назва «PULTORAK», яны мелі стандартныя лігатурную масу і памеры. У Рас. дзяржаве курс П. адпавядаў сярэбранай капейцы.
т. 12, с. 235
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРХЛАРА́ТЫ,
солі хлорнай кіслаты HClO4. Крышт. рэчывы. Большасць добра раствараецца ў вадзе. Пры t > 600 °C раскладаюцца з вылучэннем кіслароду. Акісляльнікі. Атрымліваюць П. узаемадзеяннем HClO4 з аксідамі ці водарастваральнымі солямі металаў, электрахім. акісленнем водных раствораў хларатаў ці хларыдаў. У прамысл. маштабе вырабляюць П. амонію NH4ClO4, натрыю NaClO4, калію KClO4, літыю LiClO4, дыгідрат П. магнію Mg(ClO4)2∙2H2O. Выкарыстоўваюць у якасці высакаёмістых цвёрдых кіслароданосьбітаў у хім. крыніцах кіслароду, як кампаненты выбуховых рэчываў і піратэхн. саставаў.
т. 12, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)