сукупнасць збудаванняў, канструкцый і прыстасаванняў для стаянкі і абслугоўвання марскіх суднаў.
Адрозніваюць П.: пасажырскія, грузавыя, суднарамонтныя, ваенныя і інш.; стацыянарныя, плывучыя, рэйдавыя (у акваторыі порта для якарнай стаянкі суднаў). У склад П. ўваходзяць прычальныя збудаванні, перагрузачныя механізмы і прыстасаванні, пад’язныя чыг. пуці і аўтадарогі, склады, спец. памяшканні і інш. Прычальныя збудаванні (пірсы) абсталёўваюць тумбамі для замацавання суднавых швартоваў і адбойнымі прыстасаваннямі, што засцерагаюць П. і барты суднаў ад пашкоджанняў. Сукупнасць П. утварае прычальную лінію ці прычальны фронт порта. Гл. таксама Прыстань.
Прычалы марскога порта: 1 — хвалялом; 2 — молы; 3 — плывучы кран; 4 — маяк; 5 — прычал для пагрузкі колавай тэхнікі; 6 — кантэйнерны прычал; 7 — мокры док для пагрузкі і разгрузкі суднаў.
масавыя каланіяльныя гняздоўі марскіх птушак, пашыраныя на ўзбярэжжах Еўразіі, Амерыкі, Паўд. Афрыкі, Новай Зеландыі, на акіянічных астравах Паўд. паўшар’я. Звычайна размяшчаюцца на стромкіх скалах, што прылягаюць да раёнаў мораў з высокай біял. прадукцыйнасцю, з берагамі, прыдатнымі для гнездавання. На П.б. суіснуюць віды, якія адрозніваюцца выбарам гнездавога ўчастка, кармамі і спосабамі іх здабычы. Найб. характэрныя прадстаўнікі П.б.: кайры, чысцікі, глупышы, чайкі-мыеўкі, бургамістры, белабрушкі, берынгавыя бакланы і інш. Гнездаванне на П.б. памяншае гібель яец птушанят ад драпежнікаў (напр., чайкі і крачкі сумесна адганяюць пясцоў і лісоў). Найб. буйныя П.б. налічваюць дзесяткі, а то і сотні тысяч пар гняздуючых птушак, распасціраюцца на дзесяткі кіламетраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАМСКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1505,
канстытуцыя «Нігель нові» (лац. «нічога новага»), заканадаўчы акт Польшчы, прыняты сеймам у г.Радам 30.3—14.6.1505. Забараняла каралю выдаваць законы без агульнай згоды палат сейма — Сената і Пасольскай Ізбы. Скасавала Мельніцкі прывілей 1501, якім кароль Аляксандр устанавіў кантроль Сената (г.зн. магнатаў) над каралеўскай уладай, і фактычна аддала ўладу Пасольскай Ізбе. Садзейнічала набыццю шляхтай статуса пануючага саслоўя ў дзяржаве. Пастанова сейма 1538 дадаткова забараняла каралю выдаваць законы без агульнай згоды сейма. Аднак пры гэтым не быў праведзены дакладны падзел кампетэнцыі караля, Сената і Пасольскай Ізбы, што ў спалучэнні з прынцыпам аднагалосся (ліберум вета) стала адной з прычын зрывання сеймаў. Канстытуцыя 1505 зацвердзіла таксама ўсе ранейшыя саслоўныя прывілеі і правы шляхты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁНАВІГА́ЦЫЯ (ад радыё... + навігацыя),
сукупнасць радыётэхнічных метадаў і сродкаў для забеспячэння ваджэння суднаў, самалётаў і інш. рухомых аб’ектаў; раздзел навігацыі. Садзейнічае бяспечнасці і рэгулярнасці палётаў лятальных апаратаў, плавання суднаў у складаных метэаралагічных умовах. Задачы Р. — выбар дакладнага курсу, вызначэнне геагр. каардынат і навігацыйных велічынь (напр., скорасці перамяшчэння) аб’екта — вырашаюцца з дапамогай радыёнавігацыйных прылад (радыёкомпасы, радыёмаякі, радыёдальнамеры і інш.) і радыёнавігацыйных сістэм.
У залежнасці ад навігацыйных велічынь і становішча рухомага аб’екта адрозніваюць: вугламерныя (ці азімутальныя, гл.Азімут), дальнамерныя (кругавыя), рознасна-дальнамерныя радыётэхн. сродкі, а таксама сродкі для вымярэння вуглавых, лінейных скарасцей і камбінаваныя. У залежнасці ад параметра радыёсігналаў, што выкарыстоўваецца пры Вымярэнні навігацыйных велічынь, радыётэхн. сродкі бываюць амплітудныя, фазавыя, частотныя, часавыя і камбінаваныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ МУТАГЕНЕ́З,
узнікненне мутацый, якія выклікаюцца іанізавальным выпрамяненнем (ультрафіялетавае, рэнтгенаўскае і гама-выпрамяненне, патокі альфа- і бэта-часціц, пратонаў, нейтронаў і інш.). Мутагенез адбываецца пры парушэнні структуры генаў (разрывы малекулы ДНК, змена нуклеатыднага саставу), храмасом (паяўленне інверсій, дуплікацый, транслакацый), пры разрыве ніткі ахрамацінавага верацяна дзялення (геномныя мутацыі) і інш. Пад уздзеяннем іанізавальнага выпрамянення ў тканках узнікаюць таксама свабодныя радыкалы, якія пашкоджваюць ДНК, АТФ, ферменты і інш., парушаюць клетачныя структуры, у т. л.генет. апарат клетак, ферментатыўныя рэакцыі, фізіял. працэсы, што прыводзіць да саматычных мутацый. Павышэнне ўзроўню іанізавальнага выпрамянення ў навакольным асяроддзі выклікае пачашчэнне мутацый у раслін, жывёл і чалавека. Р.м. выкарыстоўваецца ў селекцыі мікраарганізмаў і раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́НКІН, Рэнкін (Rankine) Уільям Джон Макуарн (5.7.1820, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 24.12.1872), шатландскі інжынер і фізік, адзін са стваральнікаў тэхн. тэрмадынамікі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1853). Скончыў Эдынбургскі ун-т (1838). Працаваў на буд-ве партоў і чыгунак. З 1855 праф. ун-та ў Глазга. Навук. працы па тэрмадынаміцы, малекулярнай фізіцы, тэорыі пругкасці і ваганняў. Разам з Р.Ю.Э.Клаўзіусам распрацаваў ідэальны тэрмадынамічны цыкл паравога рухавіка (гл.Ранкіна цыкл). Заклаў асновы тэорыі цеплавых машын, што працуюць ад нагрэтага паветра, вывеў формулу ккдз паравой машыны, прапанаваў адну з тэмпературных шкал (гл.Градус Ранкіна).
Літ.:
Радциг А.А. История теплотехники. М.; Л., 1936;
Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́СА (франц. race род, парода) у біялогіі, група арганізмаў, якая адасобілася ўнутры віду або падвіду ў экалагічных, марфал. або геагр. адносінах. Асобіны, што складаюць Р., маюць падобныя морфафізіял. і экалагічныя асаблівасці, аб’яднаны раёнам размяшчэння, які складае ч.арэала віду ці падвіду. Часта розныя Р. трапляюцца ў адным і тым жа месцы, але адрозніваюцца па ўмовах існавання (экалагічная Р.). Напр., у раслін паяўляюцца Р. альпійскага тыпу, ксераморфнага, ценявога; у жывёл — сезонныя Р. ракападобных і інш. У паразітаў Р. адрозніваюцца функцыян. прыстасаванасцю (спецыялізацыяй) да пэўных гаспадароў — раслін ці жывёл. У іхтыялогіі тэрмін «Р.» абазначае мясц.папуляцыі (чароды) рыб. Часам геагр. Р. атаясамліваюць з падвідам. Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца таксама ў дачыненні да парод свойскіх жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЦІСЛА́Ў ГЛЕ́БАВІЧ (? — паміж 1161 і 1167),
князь мінскі і полацкі. Сын мінскага кн.Глеба Усяславіча. У 1151 абраны вечам на полацкі пасад пасля выгнання з Полацка Рагвалода Барысавіча. У 1158 супраць Р.Г. ўзняўся мяцеж, але князь вял. падарункамі ўлагодзіў палачан. Разам з братамі Усеваладам і Валадаром ён рушыў на Рагвалода Барысавіча, што ўмацаваўся ў Друцку, але заключыў з ім мір і дадаў яму «воласці». У час новага паўстання ў Полацку ў 1158 Р.Г. уцёк у Мінск да брата Валадара. Хутка быў абложаны ў горадзе Рагвалодам, але паразумеўся з ім. У 1161 Р.Г. названы князем мінскім, зноў быў абложаны Рагвалодам у Мінску і зноў заключыў з ім мір.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАШТА́ЦКІ МІР 1714,
мірны дагавор, які разам з Утрэхцкім мірам 1713 завяршыў вайну за іспанскую спадчыну. Заключаны 6.3.1714 у г. Раштат (Германія) паміж імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» (ён жа эрцгерцаг Аўстрыі) Карлам VI Габсбургам і Францыяй. Пацвердзіў умовы Утрэхцкага міру; Аўстрыя захавала пад сваёй уладай Сардзінію, атрымала значную ч.ісп. спадчыны (Неапалітанскае каралеўства, ч. Тасканы, Міланскае герцагства ў Італіі і Ісп. Нідэрланды), прызнала захаванне за Бурбонамі ісп. кароны. Францыя пагадзілася аддаць захопленыя ёю гарады і крэпасці на правым беразе Рэйна (Брайзах, Кель, Фрайбург) і разбурыць свае прырэйнскія ўмацаванні. Абвешчана свабода суднаходства па Рэйне. 7.9.1714 да дагавора далучыліся ням. дзяржавы «Свяшчэннай Рым. імперыі», што ўдзельнічалі ў вайне за ісп. спадчыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОС ((Ross) Рональд) (13.5.1857, г. Алмора, Індыя — 16.9.1932),
англійскі паразітолаг, мікрабіёлаг і ўрач. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў мед. школу пры Лонданскім шпіталі (1879). З 1881 працаваў урачом у Індыі, з 1899 кіраваў мед. экспедыцыяй у Зах. Афрыцы з мэтай вывучэння малярыі. У 1902—17 праф. школы трапічнай медыцыны ў Ліверпулскім ун-це, з 1926 дырэктар Ін-та трапічных хвароб у Лондане (цяпер Ін-т імя Р.). Навук. працы па вывучэнні прычын узнікнення і заканамернасцях распаўсюджвання малярыі. Ажыццявіў эксперым. заражэнне птушак трапічнай малярыяй праз укусы камароў, што дазволіла вызначыць цыкл развіцця ўзбуджальніка гэтай хваробы ў чалавека і ролю камароў роду анофелес у пераносе ўзбуджальнікаў ліхаманкі і малярыі. Нобелеўская прэмія 1902.