КО́САВА,

горад у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл. За 15 км на ПнЗ ад Івацэвічаў, 151 км ад Брэста, 13 км ад чыг. ст. Косава-Палескае на лініі Баранавічы—Брэст. 2,7 тыс. ж. (1998).

Вядома з 1494, калі вял. князь ВКЛ Аляксандр падараваў двор К. маршалку Я.​Л.​Храптовічу. З 1510 мястэчка, цэнтр павета, з 1560-х г. у складзе Слонімскага пав. З 1517 да 19 ст. належала Осцікам, Сангушкам-Кашырскім, Мялешкам, Сапегам, Флемінгам, Чартарыйскім, Пуслоўскім. У 1597 у К. 79 двароў, царква, касцёл, 2 млыны, 34 корчмы. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Слонімскага пав. Гродзенскай губ. У 1897—4143 ж., 431 дом, нар. вучылішча, косаўскія суконныя прадпрыемствы, гарбарня, 2 царквы, касцёл, капліца, 4 яўр. малітоўныя дамы, пошта, 58 крам, 8 кірмашоў штогод. У 1921—39 у складзе Польшчы, горад, цэнтр Косаўскага павета Палескага ваяв. У лют. 1927 у К. паліцыя расстраляла дэманстрацыю працоўных (гл. Косаўскі расстрэл 1927). З 1939 у БССР, у 1940—47 цэнтр Косаўскага раёна. З 25.6.1941 да 13.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. і раёне 3112 чал.; дзейнічала Косаўская раённая антыфашысцкая арганізацыя, паміж партызанамі і гітлераўцамі адбыўся Косаўскі бой 1942. У 1959—2,5 тыс. ж.

Прадпрыемствы дрэваапр., харч. прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Косаўскі палац (1838), Антоньеўская царква (1868), Косаўскі Троіцкі касцёл (1878), Георгіеўская царква (18 ст.). Радзіма кіраўніка паўстання 1794 А.Т.Касцюшкі. Каля горада — гарадзішча.

В.​У.​Шаблюк (гісторыя).

Косава. Фрагмент забудовы горада.

т. 8, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛА́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Косаўскім с/с Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. За 15 км ад горада і чыг. ст. Івацэвічы, 141 км ад Брэста. 373 ж., 165 двароў (1995).

Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як сяло Слонімскага пав. ВКЛ. У 16—17 ст. належалі М.​Глінскаму, С.​Чартарыйскаму, Тышкевічам, Л.​Сапегу і інш. З 1526 мястэчка. У 1630 пабудавана Ільінская царква. З 1795 у складзе Рас. імперыі, з 1801 у Гродзенскай губ. У пач. 1880-х г. 664 ж., 42 двары. У 1921—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У 1940—47 у Косаўскім, у 1947—62 і з 1965 у Івацэвіцкім, у 1962—65 у Бярозаўскім р-нах.

Пач. школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Ільінская царква (18 ст.) са званіцай (19 ст.). На ўскраіне вёскі 2 курганныя могільнікі.

Званіца-брама Ільінскай царквы ў Бялавічах. Канец 19 ст.

т. 3, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ЗЛА,

вёска ў Сваткаўскім с/с Мядзельскага р-на Мінскай вобл. За 20 км ад Мядзела, 130 км ад Мінска, 26 км ад чыг. ст. Княгінін. 263 ж., 100 двароў (1996).

Вядома з 1524 як прыватнаўласніцкі маёнтак. Належала Радзівілам, Сапегам, Свалынскім, Кішкам, Ваньковічам, Тызенгаўзам, Пшаздзецкім і інш. Уваходзіла ў Ашмянскі пав. Віленскага ваяв. ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі. З 2-й пал. 19 ст. ў Мядзельскай вол. Вілейскага пав. Віленскай губ. У 1886 у Вузле бровар, валюш, вадзяны млын, царква, у канцы 19 ст. нар. вучылішча. З 1921 у Польшчы, у Пастаўскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Мядзельскім р-не. У 1965—87 цэнтр сельсавета. У 1970 — 272 жыхары.

Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла рус. салдат, якія загінулі ў 1-ю сусв. вайну. Помнік архітэктуры — Успенская царква (1820-я г.).

т. 4, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯЛЯ́ЦІЧЫ вёска ў Любчанскім с/с Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Нёман. За 30 км на ПнУ ад Навагрудка, 180 км ад Гродна, 55 км ад чыг. ст. Наваельня. 335 ж., 191 двор (1997).

Вядомы з 2-й пал. 14 ст. як велікакняжацкі двор. На карце Т.​Макоўскага (1613) пазначаны як мястэчка. У 17—1-й пал. 19 ст. ўласнасць Радзівілаў. У 1652 у Дз. 101 двор, царква, рынак. З 1795 у Рас імперыі, у Навагрудскім пав. У 1897—1509 ж., 229 двароў, 2 школы, 2 царквы, 2 млыны, карчма, крама. У 1921—39 у Польшчы, у Навагрудскім пав. З 1939 у БССР. У 1940—56 у Любчанскім р-не. З 1956 у Навагрудскім р-не. У 1971—895 ж, 360 двароў. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — царква (19 ст.) і жылы дом (19 ст.).

т. 6, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЧУ́ЛІШЧЫ,

гарадскі пасёлак у Мінскім р-не (з 1997), чыг. прыпынак на лініі Мінск—Асіповічы. За 15 км на ПдУ ад Мінска. 7742 ж. (1999).

Вядомы з 1590 як шляхецкая маёмасць у складзе маёнтка Гатава. У 1600 вёска Мочул, належала І.​С.​Корсаку, з 1791 уласнасць каталіцкай царквы, у 1800, 1815 — Мінскага жаночага бернардзінскага кляштара, з 1858 казённая ўласнасць. У 1897 вёска Сеніцкай вол., 359 ж., 55 двароў, хлебазапасны магазін, школа пісьменнасці (з 1890), царква. У 1917 нар. вучылішча. У 1941—538 ж., 87 двароў, у 1997—8207 ж., 208 гаспадарак.

Дзярж. прадпрыемства «Трансавіяэкспарт», з-д «Аэрамаш». Сярэдняя, пач., дзіцячая муз. школы, школа МУС, філіял Рэсп. цэнтра тэхн. творчасці навучэнцаў — маладзёжны авіяц.-спарт. цэнтр, б-ка, Дом афіцэраў, амбулаторыя, аддз. сувязі. Царква. Мемар. комплекс, прысвечаны 17 Героям Сав. Саюза, якія выхаваны ў мясц. авіячасці. Біял. заказнік мясц. значэння Мачулішчанскія хвоі.

т. 10, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́БАЛАВА,

вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Дабасна, каля аўтадарогі Бабруйск—Жлобін. Цэнтр сельсавета. За 24 км на ПдЗ ад г. Рагачоў, 145 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Чырвоны Бераг. 705 ж., 263 двары (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква Пятра і Паўла (1990). Брацкая магіла чырвонаармейцаў, якія загінулі ў 1918. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.

Вядома з 16 ст. як вёска Рэчыцкага пав. ВКЛ. З 1595 мястэчка, мела каралеўскі прывілей на гандаль і кірмашы, пацверджаны ў 1788. Належала Зяньковічам, Варанецкім, Жукоўскім, Маліноўскім. З 1793 у Рас. імперыі, з 1795 у Бабруйскім пав. Мінскай губ., з 1865 належала Кутаеву. У 1880-я г. каля 300 ж., 50 двароў, царква, млын, 4 крамы. З 1924 цэнтр сельсавета Рагачоўскага раёна. У Вял. Айч. вайну акупіравана ням. фашыстамі, разбурана. Адноўлена пасля вайны.

т. 12, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБЯЖЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., каля р. Сула, на скрыжаванні аўтадарог на Стоўбцы, Івянец, Дзяржынск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 59 км ад Мінска. 308 ж. 143 двары (2001). Сярэдняя школа, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Рубяжэвіцкі Іосіфаўскі касцёл.

Вядомы з 14 ст., з 1550 належалі Радзівілам. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Мінскага пав. У 1897 у мястэчку 1482 ж., у 1909—1102 ж., 144 двары, царк.-прыходская школа, царква, 2 яўр. малітоўныя дамы. У 1911 пабудаваны Іосіфаўскі касцёл. У 1921—39 у складзе Польшчы, вёска Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. У 1921—22 тут фарміраваліся атрады С.​Булак-Балаховіча. З вер. 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Івянецкага, з 17.4.1962 — Стаўбцоўскага р-наў.

А.​І.​Валахановіч.

т. 13, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́НЧЫЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Ліноўскім с/с Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. За 12 км на Пд ад Пружан, 75 км ад Брэста. Чыг. станцыя на лініі Мінск—Брэст. 939 ж., 369 двароў (1995). Птушкафабрыка, збожжапрыёмнае прадпрыемства, міжраённая гандл. база, Пружанскае райаграпрамзабеспячэнне, сярэдняя школа, б-ка, клуб. Помнік архітэктуры 20 ст. — Крыжаўзвіжанская царква.

т. 1, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАЎЦЫ́,

вёска ў Беларусі, у Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на ПдУ ад г. Драгічын, 124 км ад Брэста, 21 км ад чыг. ст. Драгічын. 2432 ж., 964 двары (1994). Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, аддз. сувязі. Курган Памяці. Помнік драўлянага дойлідства — Міхайлаўская царква (1780).

т. 2, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́БІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 39 км на ПдЗ ад Рэчыцы, 89 км ад Гомеля, на чыгунцы Рэчыца—Калінкавічы. 1321 ж., 522 двары (1995). Дрэваапр. цэх Мазырскага мэблевага аб’яднання. Сярэдняя школа, школа-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі, царква. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 2, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)