ЗЭ́ДЛІК,

у беларусаў невялікі ўслончык, які часам рабілі з карэнішча ці камля з 3—4 адгалінаваннямі-ножкамі, з круглым ці квадратным сядзеннем. Саступіў месца табурэту і ў наш час амаль выйшаў з ужытку.

т. 7, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРЫ́БІЦА (Stenodus leucichthys leucichthys),

прахадная рыба сям. сіговых; падвід нельмы. Эндэмік Каспійскага м., куды зайшла ў ледавіковы час з Ледавітага ак. Трымаецца ў халодных слаях вады.

Даўж. да 1,2 м, маса да 20 кг. Самкі буйнейшыя за самцоў. Цела серабрыстае, без плям, луска буйная, рот вялікі, зубы на сківіцах адсутнічаюць. Палавая спеласць на 5—7-м годзе жыцця. На нераст ідзе ў рэкі Волгу і Урал. Да зарэгулявання Волгі гал. месцам нерасту была р. Уфа (300 км ад мора). Існуюць яравая і азімая формы. Нерастуе ў вер.—лют. 1—2 разы ў жыцці (праз 2—3 гады). Драпежнік, у час міграцый не корміцца. Каштоўная рыба; у сувязі з зарэгуляваннем Волгі прамысл. значэнне невялікае; разводзяць штучна.

Беларыбіца.

т. 3, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́ ПАЎНО́ЧНАЙ АМЕ́РЫКІ.

Створана ў 1970 на царк. з’ездзе ў г. Саўт-Рывер (ЗША). Аб’ядноўвае правасл. прыходы ЗША і Канады, якія ўзніклі на пач. 1950-х г. Выступае як самаст. епархія ў складзе экзархата Канстанцінопальскай патрыярхіі ў Паўн. і Паўд. Амерыцы. Дзейнасць царквы рэгламентуецца статутам (1980). Усе прыходы афіцыйна прызнаны краінамі, дзе яна дзейнічае. На чале царквы ў ЗША і Канадзе М.​Лапіцкі (1970—76), С.​Коўш (з 1977). Вядзе дабрачынную, выхаваўчую, адукац., выдавецкую дзейнасць: з 1951 выдае час. «Царкоўны сьветач», штогодні бел. правасл. каляндар; падтрымлівае выданне час. «Беларуская думка»; адкрыты Бел. рэліг.-адпачынкавы цэнтр Бэлер-Менск (штат Нью-Йорк), Бел. рэліг.-грамадскі цэнтр у Саўт-Рыверы, працуюць суботнія і нядзельныя школы для дзяцей бел. эмігрантаў.

Л.​У.​Языковіч.

т. 2, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫСЯ́ГА ВАЕ́ННАЯ,

урачыстае абяцанне (клятва), якое дае кожны вайсковец (грамадзянін) у час уступлення ў рады ўзбр. сіл; прыняцце П.в. важны прававы акт. Змест П.в. і рытуалы яе прыняцця адлюстроўваюць гіст. і нац. традыцыі народа, дзяржавы і арміі. П.в. воіна Узбр. Сіл Беларусі адпавядае патрабаванням Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законам і ваен. статутам, вызначае абавязкі па абароне Айчыны. Яе тэкст зацверджаны ў 1992, палажэнне аб парадку прыняцця — у 1997. Кожны вайсковец, які прымае П.в., замацоўвае гэты акт уласнаручным подпісам (з аб’яўленнем мабілізацыі прысягаюць усе ваеннаабавязаныя, якія не прымалі прысягу ў мірны час). П.в. прымаюць пры Дзярж. сцягу Рэспублікі Беларусь і Баявым сцягу часці на тэр. вайск. часцей, ці ў месцах баявой і працоўнай славы. Дзень прыняцця П.в. абвяшчаецца для ўсяго асабовага складу часці святочным.

т. 13, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЙФЕ́РЦІС Леанід (Веньямін) Уладзіміравіч (14.11.1911, г. Ільінцы Вінніцкай вобл., Украіна — студз. 1996),

расійскі графік. Нар. маст. Расіі (1982). Нар. маст. СССР (1996). Чл.-кар. АМ СССР (1966). Вучыўся ў Харкаўскім маст. ін-це (1928—30). З 1930 у Маскве. Супрацоўнічаў з газ. «Комсомольская правда», час. «Смена», «Огонек» і інш., з 1934 у час. «Крокодил». Станковыя творы вызначаюцца абагульненай лаканічнасцю лінейнага штрыха, мяккай празрыстасцю колеравых плям, вастрынёй кампазіцыйных ракурсаў, карыкатуры — мяккім гумарам. Аўтар серый «Старая Масква» (1938), «Абарона Севастопаля» (1941), «Берлін» (1945), «Метро» (1957), «Маскоўскія жанры» (1966—67), «Спорт» (1967—70), «Новыя раёны Масквы» (1970-я г.) і інш.

Літ.:

Семенова Т. Л.​В.​Сойфертис. М., 1962;

Гурьева Т.Г. Л.​В.​Сойфертис. Графика: [Альбом]. М., 1973.

Л.Сайферціс. Некалі! 3 серыі «Абарона Севастопаля». 1941.

т. 14, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮЖАКО́Ў Сяргей Мікалаевіч (29.12.1849, г. Вазнясенск Мікалаеўскай вобл., Украіна — 12.12.1910),

расійскі публіцыст і сацыёлаг, ліберальны народнік. Вучыўся ў Новарасійскім ун-це ў Адэсе (з 1865). З 1868 супрацоўнічаў у час. «Знание», «Отечественные записи», «Дело», «Одесский вестник» і інш. У 1879—82 у ссылцы ва Усх. Сібіры. У 1885—89 чл. рэдакцыі час. «Северный вестник», у 1894—98 — «Русское богатство». Ў 1898—1909 рэдактар 22-томнай «Вялікай энцыклапедыі» т-ва «Асвета». Аўтар прац: «Формы земляробскай вытворчасці ў Расіі» (1882), «Сацыялагічныя эцюды» (т. 1—2, 1891—96), «Аграрнае пытанне ў Расіі» (2 выд., 1917) і інш. Даказваў немагчымасць капіталіст. развіцця Расіі, прапаноўваў праграму падтрымкі сельскіх абшчын і арцелей, якія, на яго думку, маглі б стаць асновай абагульнення вытворчасці ў с.-г. і саматужных промыслах. Ідэалізаваў рэформы 1860—70-х г. у Расіі.

т. 18, кн. 1, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯГО́ЎДЗІК (сапр. Ягаўдзік) Уладзімір Іванавіч

(н. 14.2.1956, в. Кастровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1978). З 1978 працаваў у брэсцкай абл. газеце «Заря», на Брэсцкай студыі тэлебачання. з 1982 у газ. «Літаратура і мастацтва», з 1990 рэдактар газ. «Дзеці і мы», у час. «Нёман», у 1997—2003 гал. рэдактар час. «Бярозка». Адначасова з 1995 гал. рэдактар час. «Лесавік». Друкуецца з 1972. У кн. аповесцей, апавяданняў, эсэ «Стронга» (1984), «Прыручэнне птушкі». аповесці «Вочы Начніцы» (абедзве 1989) і інш. маральна-этычныя праблемы, пошукі гармоніі чалавека і прыроды. Піша для дзяцей: кн. апавяданняў і аповесцей-казак «Сонейка, свяці!» (1988), «Янка і Ружа» (1993), «Бабуліна варта» (1999) і інш. Аўтар кн. пра пісьменнікаў і мастакоў «Белыя рысы на чорным полі» (1995), літаратурна-крытычных артыкулаў і інш. Перакладае на бел. мову з рус. і ўкр. моў. Уклаў і пераказаў зб-кі бел. нар. легенд і паданняў «Вужовы кароль» (1996), бел. нар. казак «Царэўна ў падземным царстве» (2000), помнік стараж. слав. л-ры «Аповесць мінулых гадоў» (1999). Пераклаў на бел. мову раман В.​Астаф’ева «Сумны дэтэктыў» (1992), камедыю А.​Астроўскага «Лес» (паст. 1994, Бел. т-р імя Я.​Купалы).

Тв.:

Свята летаўца: Апавяданні, аповесці, казкі. Мн., 1996;

Сем цудаў Беларусі. Мн., 1999;

Рэха турынага рога: Апавяданні. Мн., 2002;

Звярынец апошняга ледавіка: Апавяданні. Мн., 2003.

Літ.:

Тычка Г. Прыручэнне слова // Полымя. 1990. № 5.

т. 18, кн. 1, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАГА́МІЯ, халагамія (ад грэч. holos поўны, увесь + ...гамія),

прасцейшы тып палавога працэсу ў аднаклетачных арганізмаў, у час якога адбываецца зліццё дзвюх асобін (спец. палавыя клеткі не ўтвараюцца). Уласціва вальвоксавым водарасцям і ніжэйшым грыбам хітрыдыяміцэтам.

т. 4, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЖО́Р,

вялікая колькасць у рэчышчы ракі ўнутрыводнага лёду і шарашы ў час асенняга крыгаходу або ў пачатку ледаставу. З. памяншае плошчу жывога сячэння ракі, выклікае падняцце ўзроўню і затапленне поймы. Утвараецца звычайна ніжэй парогаў.

т. 6, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЛУ́ШНІК,

асоба, якая рыхтуецца да пострыгу ў манахі і праходзіць выпрабаванні. Прымае зарок жыцця ў манастыры. У адпаведнасці з манастырскім статутам выконвае розныя паслушэнствы (ніжэйшыя абавязкі ў час царк. службы і ў манастырскай гаспадарцы).

т. 12, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)