зоркі, якія характарызуюцца гіганцкімі ўспышкамі — скачкападобным павелічэннем бляску ў сотні мільёнаў разоў; крыніцы касм. прамянёў.
Успышкі зорак назіраліся з глыбокай старажытнасці. Вывучэнне іх пачата Ц.Браге, які апісаў успышку зоркі ў сузор’і Касіяпеі ў 1572. Зараз фатаграфічна зарэгістравана больш за 300 успышак З.з. у інш. галактыках. З.з. ўспыхваюць у розных галактыках прыблізна 1 раз у 360 гадоў. Пры ўспышцы З.з. яркасць яе за 10—20 сутак робіцца параўнальнай з сумарнай яркасцю ўсёй зорнай сістэмы — галактыкі, унутры якой знаходзіцца гэтая зорка. Агульная энергія, што выпрамяняецца за час успышкі, перавышае 1048 эрг. Успышка адбываецца, калі зорка зыходзіць з галоўнай паслядоўнасці Герцшпрунга—Рэсела дыяграмы і ўступае ў заключны этап эвалюцыі. Да выбуху З.з. прыводзіць гравітацыйны калапс. Пасля выбуху цэнтр. частка зоркі становіцца нейтроннай зоркай, а рэчыва знешніх слаёў выкідваецца са скорасцю ў некалькі тысяч кіламетраў за секунду і ўтварае газавую туманнасць (гл., напр., Крабападобная туманнасць). Па характары змены бляску і спектра З.з. падзяляюць на 2 тыпы. Да 1-га тыпу адносяцца вельмі старыя зоркі (да выбуху), маса якіх параўнальная з сонечнай. Паніжэнне бляску пасля максімуму праходзіць раўнамерна, спектры складаюцца з вельмі шырокіх палос. 2-і тып; маладыя зоркі з масай у 10 разоў большай за сонечную, вял. разнастайнасць у характары зніжэння бляску пасля максімуму, палосы ў спектрах ствараюцца выпрамяненнем атамаў H, He, N і інш.
Літ.:
Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎЗАЛЕ́Й (лац. mausoleum ад грэч. Mausōleion),
манументальнае пахавальнае збудаванне. Назва ад пахавальні карыйскага цара Маўсола ў г.Галікарнас (цяпер Турцыя; сярэдзіна 4 ст. да н.э.). Стараж. М. ўключалі камеру (часта падземную), у якой знаходзіліся астанкі памерлага, і часам памінальную залу. Як тыпарх. збудавання вядомы ў Стараж. Рыме (М. Аўгуста, Адрыяна і інш.), у сярэднія вякі ў Сярэдняй Азіі (Гур-Эмір у Самаркандзе), Азербайджане, Індыі, Казахстане (М.-мячэць Хаджа Ахмеда Ясаві ў г. Туркестан) і інш. Архітэктура М. заснавана на выкарыстанні аб’ёмнай кампазіцыі ў спалучэнні з багатым маст. і арх. дэкорам. У 1-й пал. 20 ст. ў некат. краінах М. спалучалі з трыбунамі (Г.Дзімітрова ў Сафіі, 1949, арх. Г.Аўчараў, Р.Рыбараў). У асобных краінах М. ўзводзяць у гонар гіст. значных асоб [Ібн Сіны (Авіцэны) у Іране, 1952].
У 1924 у Маскве на Краснай плошчы каля Крамлёўскай сцяны пабудаваны М. У.І.Леніна (паводле праекта А.Шчусева) — драўляны, увянчаны пірамідай куб з 2 бакавымі прыбудовамі. У 1929—30 М. у ранейшай канфігурацыі зроблены з мармуру, граніту, лабрадарыту, парфіру з трыбунамі (арх. Шчусеў, І.Француз, Г.Якаўлеў). У яго буд-ве ўдзельнічалі майстры з Беларусі (з в. Грабаўка Гомельскай вобл.). У 1945 над М. надбудавана цэнтр. трыбуна (арх. Шчусеў), якая да 1990-х г. была ўрадавай у час ваен. парадаў, дэманстрацый, мітынгаў і інш. У 1953—61 у М. знаходзілася цела І.В.Сталіна (іл.гл. да арт.Красная плошча).
С.А.Сергачоў.
Маўзалей у гонар Ібн-Сіны (Авіцэны) у Іране. 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНДЗЯЛЕ́ЕЎ (Дзмітрый Іванавіч) (8.2.1834, г. Табольск Цюменскай вобл., Расія — 2.2.1907),
расійскі вучоны. Чл.кар. Пецярбургскай АН (1876). Скончыў Гал.пед.ін-т у Пецярбургу (1855). У 1857—90 у Пецярб. ун-це (з 1865 праф.), адначасова ў 1863—72 у Пецярб.тэхнал. ін-це. Арганізатар і першы дырэктар (1893) Гал. палаты мер і вагі (зараз НДІ метралогіі імя М.). Навук. працы па агульнай хіміі, хім. тэхналогіі, аграхіміі, фізіцы, паветраплаванні, метралогіі, метэаралогіі, геалогіі, эканоміцы, нар. асвеце і інш. Адкрыў адзін з асн. законаў прыродазнаўства — перыяд. закон хім. элементаў (1869; перыяд. закон М.; гл.Перыядычная сістэма элементаў Мендзялеева), існаванне крытычнай т-ры (1860). Вывеў агульнае ўраўн. стану ідэальнага газу (1874; гл.Клапейрона—Мендзялеева ўраўненне). Вынайшаў новы тып бяздымнага пораху, прапанаваў прамысл. спосаб фракцыйнага раздзялення нафты. Аўтар першага на рус. мове падручніка «Арганічная хімія» (1861) і класічнай працы «Асновы хіміі» (ч. 1—2, 1869—71), у якой курс неарган. хіміі выкладзены на аснове перыяд. закону. Адзін з заснавальнікаў Рус.фіз.-хім.т-ва (1868; зараз Хім.т-ва імя М.). У гонар М. названы мінерал мендзелеявіт, хім. элемент мендзялевій, кратэр на Месяцы, вулкан на в-ве Кунашыр, падводны хрыбет у Паўн. Ледавітым акіяне.
Тв.:
Соч.Т. 1—25. М., 1937—54.
Літ.:
Фигуровский Н.А. Д.И.Менделеев, 1834—1907. 2 изд. М., 1983;
Кедров Б.М. Прогнозы Д.И.Менделеева в атомистике. Кн. 1—3. М., 1977—79;
Макареня А.А. Д.И.Менделеев и физико-химические науки. 2 изд. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РНАЕ СУІСНАВА́ННЕ,
тып узаемаадносін паміж дзяржавамі, які прадугледжвае ўзаемную адмову ад выкарыстання сілы і пагрозы сілай, недатыкальнасць дзярж. межаў, неўмяшанне ва ўнутр. справы, павагу да правоў і асн. свабод чалавека, раўнапраўе і правы народаў выбіраць шлях свайго развіцця, супрацоўніцтва паміж дзяржавамі на аснове ўзаемнай выгады, добрасумленнае выкананне абавязацельстваў па міжнар. праве. З’яўляецца формай суіснавання дзяржаў у пераходныя гіст. перыяды, калі ў некат. краінах адбываецца змена сац.-паліт. ладу грамадства. Паліт. сутнасць М.с. характарызуе паліт. кампраміс, у адпаведнасці з якім ажыццяўляюцца міждзярж. падыходы да міжнар. праблем (напр., агульная зацікаўленасць у развіцці эканам. і гандл. сувязей, паліт. кантактаў, абмежаванні гонкі ўзбраенняў, неабходнасць абароны ад агульнага ворага і г.д.) Гал. сэнс палітыкі М.с. — пошук і ўсталяванне балансу сумесных жыццёвых інтарэсаў дзяржаў. Бандунгская канферэнцыя 1955 абвясціла 5 прынцыпаў М.с. (хіндзі «панча шыла») як аснову Праграмы мірнага супрацоўніцтва дзяржаў Азіі і Афрыкі незалежна ад сац., эканам. і паліт. ладу. Аднак захоўваюцца асн.гіст. прычыны неабходнасці М.с. — імкненне народаў і дзяржаў да сцвярджэння свайго права на сац., цывілізацыйную і культ. своеасаблівасць. Існуе таксама пункт погляду, паводле якога М.с. разглядаецца як асаблівая форма класавай барацьбы пралетарыяту ў міжнар. адносінах, што вяліся шляхам мірнага спаборніцтва ў эканоміцы, палітыцы і інш. сферах грамадства, акрамя ідэалогіі, дзе кампрамісы і супрацоўніцтва паміж антаганістычнымі сістэмамі выключаліся. Міжнар.-прававы падмурак М.с. ў сучасных умовах складаюць Статут ААН, Дэкларацыя 1970 аб прынцыпах міжнар. права, Заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе 1975 і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЎНА́ННЕў філасофіі,
акт мыслення, пры дапамозе якога класіфікуецца, упарадкоўваецца і ацэньваецца змест быцця і пазнання. Заключаецца ў папарным супастаўленні аб’ектаў з мэтай выяўлення іх адносін; пры гэтым істотным з’яўляюцца ўмовы, або асновы П., — адзнакі, якія дэтэрмінуюць магчымыя адносіны паміж прадметамі. Найб. важны і просты тып адносін, якія выяўляюцца праз П. — адносіны тоеснасці і адрознення. Паводле адносін парадку П. звычайна звязвацца з іерархічнымі класіфікацыямі прадметаў, а П. па ўласцівасцях — з т.зв. разбіваннямі на класы абстракцый.
П. ў літаратуры — мастацкі прыём, пабудаваны на супастаўленні прадметаў ці з’яў, у выніку якога сутнасць аднаго з іх вытлумачваецца праз сутнасць другога; найб. пашыраны від тропа. Граматычна афармляецца з дапамогай злучнікаў і злучальных слоў («як», «нібы», «быццам», «няйначай» і інш.), творным склонам назоўніка, апісальным зваротам, інтанацыйнай (бяззлучнікавай) сувяззю. Бываюць разгорнутыя П., дзякуючы якім падрабязна характарызуецца пэўная з’ява. Асобны від П. — адмоўнае П., у якім пры знешнім проціпастаўленні двух паняццяў ці з’яў наглядаецца іх глыбокае ўнутр. супастаўленне: «Не каліна над вадою // Пахіліла голле — // Плача маці сярод поля, // Праклінае долю» (П.Трус). Ад П. паходзяць паралелізм, метанімія, метафара, сінекдаха, гіпербала, літота і інш. Гутарковай мове ўласцівы ўстойлівыя, або нар. П.: «чысты як сляза», «чорны як сажа» і інш. У л-ры часам увесь твор — адно разгорнутае П., напр., верш М.Багдановіча «Зразаюць галіны таполі адну за адной...». П. робіць тэкст твора па-мастацку дакладным, наглядным, жывапісным, выяўляе мастакоўскую своеасаблівасць паэта, яго стаўленне да таго, што адлюстроўваецца ў творы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСТЫ́НЯ,
занальны тып ландшафту, які склаўся ва ўмовах дэфіцыту вільгаці (арыдная П.) або цяпла (халодная П.). Для П. характэрны вельмі разрэджаныя і збяднелыя раслінныя згуртаванні. Пашыраны ў пустынных зонах трапічнага, субтрапічнага і ўмеранага паясоў, а таксама ў Арктыцы і Антарктыдзе (ледзяная П.), у гарах утвараюць вышынны ландшафтны пояс (халодная высакагорная П.). Адрозніваюць кантынентальныя П. (Гобі, Такла-Макан), размешчаныя ва ўнутраных ч. мацерыкоў, і прыакіянічныя або прыбярэжныя П. (Атакама, Наміб), што працягваюцца ўздоўж зах. узбярэжжаў мацерыкоў. Паводле характэрных глеб і грунтоў вылучаюць розныя тыпы П.: пясчаныя, друзавыя, камяністыя, гліністыя, такыравыя (гл.Такыры), лёсавыя, саланчаковыя, гіпсавыя і інш. У рэльефе П. — складаныя спалучэнні нагор’яў, дробнасопачніку і астраўных гор са структурнымі рачнымі далінамі і замкнутымі азёрнымі ўпадзінамі. Пашыраны эолавыя формы рэльефу (барханы, дзюны, пясчаныя грады, бугрыстыя пяскі). Большая ч.тэр. П. бяссцёкавая, зрэдку іх перасякаюць транзітныя рэкі (напр., Сырдар’я, Амудар’я, Ніл). Характэрны перасыхаючыя вадацёкі і азёры. Глебы развіты слаба, пераважна прымітыўныя, бурыя шэразёмы, шэра-карычневыя, светла-шэрыя карбанатныя, трапляюцца засоленыя глебы, такыры і інш. Для большасці П. характэрны ксерафільныя кусцікавыя (палынныя, салянкавыя, лебядовыя) сукуленты, галафіты, эфемеры і эфемероіды. Фауну прадстаўляюць млекакормячыя (пераважна грызуны і капытныя), паўзуны (агамы, вараны), насякомыя і павукападобныя (фалангі, скарпіёны). Найб. П. зямнога шара — Сахара. Арашальныя землі выкарыстоўваюцца пад земляробства, пашу. Плошча П. пастаянна пашыраецца ў выніку высечкі і звядзення лясоў, знішчэння натуральнай расліннасці, глебавай эрозіі, перавыпасу жывёлы. Пра клімат П. гл. ў арт.Пустынныя зоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОЛЬ,
непрыемнае, цяжкае, іншы раз пакутлівае адчуванне пры моцных або разбуральных мех., хім., тэрмічных, паталагічных і інш. уздзеяннях на арганізм чалавека і жывёл. У працэсе эвалюцыі арган. свету боль ператварыўся ў сігнал небяспекі, стаў важным біял. фактарам, які забяспечвае захаванне жыцця. Прыносіць цяжкія пакуты, пазбаўленне спакою і працаздольнасці, можа стаць прычынай болевага шоку.
Успрыманне пашкоджвальных уздзеянняў спец. болевымі (у некаторых выпадках і інш.) рэцэптарамі перадаецца па нервах да задніх рагоў спіннога мозга, адтуль па спінна-таламічным шляху да зрокавых бугроў галаўнога мозга, дзе фарміруецца першае пачуццё болю — таламічны боль. Спецыфічныя адзнакі, лакалізацыя болю звязаны з дзейнасцю кары паўшар’я вял. мозга. Эмацыянальная выразнасць, перажыванні пачуцця болю абумоўлены дзейнасцю лобных аддзелаў мозга. Лакальны коркавы цэнтр болю не выяўлены. Анат. ўтварэнні, што ўспрымаюць, праводзяць і фарміруюць пачуццё болю, наз. нацыцэптыўнай сістэмай. Анат. структуры і фізіял. механізмы, што садзейнічаюць зніжэнню або знікненню пачуцця болю, наз. антынацыцэптыўнай сістэмай. Да іх належаць жэлацінозная субстанцыя, якая знаходзіцца каля асновы задняга рога спіннога мозга, куды паступаюць болевыя імпульсы. Для аблягчэння і зняцця болю існуе вял. выбар фармакалагічных сродкаў; выкарыстоўваюцца фізіятэрапеўт. і хірург. метады лячэння (гл.Болепатольныя сродкі, Абязбольванне, Наркоз). На адчувальнасць болю ўплывае псіхічны стан чалавека, тып вышэйшай нерв. дзейнасці, асаблівасці выхавання, культура і інш.
Паняцце болю ўжываецца і ў пераносным сэнсе, калі гавораць пра «душэўны» боль», як асобны псіхічны стан, выкліканы знешнімі і ўнутр. прычынамі і звязаны з цяжкімі адчуваннямі.
Літ.:
Кассиль Г.Н. Наука о боли. 2 изд. М., 1975;
Мелзак Р. Загадка боли: Пер. с англ.М., 1981;
Антонов И.П., Шанько Г.Г. Поясничные боли. 2 изд. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЧЭ́РНЯЕ НАВУЧА́ННЕ,
адна з формаў навучання моладзі і дарослых без адрыву ад вытв-сці; састаўная частка сістэмы непарыўнай адукацыі; дае магчымасць працоўным набываць агульную сярэднюю, спец. сярэднюю і вышэйшую адукацыю. Прадугледжвае правядзенне выкладчыкам рэгулярных заняткаў з навуч. групамі пастаяннага складу ў зручны для навучэнцаў нерабочы час, часцей вечарам (адсюль назва тэрміна). Першыя вячэрнія агульнаадук.пач. школы ўзніклі ў 18 ст. ў Зах. Еўропе. У 20 ст. ў сувязі з пашырэннем усеагульнага школьнага навучання вячэрняе навучанне стала выкарыстоўвацца пераважна ў прафесійнай, у т. л.вышэйшай адукацыі, павышэнні кваліфікацыі, у розных відах дадатковай адукацыі (нар. ун-ты, розныя курсы і інш.). Развіццё вячэрняга навучання на Беларусі пачалося з арг-цыі нядзельных школ (19 — пач. 20 ст.), у якіх вучыліся непісьменныя і малапісьменныя дарослыя. У 1920—30-я г. вячэрняе навучанне дапамагло ліквідаваць непісьменнасць сярод насельніцтва. Ствараліся вячэрнія школы граматы для дарослых і падлеткаў, школы для дарослых, рабочыя ф-ты і інш. У 1958 устаноўлены адзіны тып вячэрняй школы — вячэрняя (зменная) агульнаадукацыйная школа. Для атрымання сярэдняй спец. адукацыі без адрыву ад вытв-сці на Беларусі існуюць вячэрнія аддзяленні і філіялы тэхнікумаў, каледжаў і інш. Для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй праз вячэрняе навучанне ў большасці ВНУ Беларусі працуюць вячэрнія аддзяленні. Змест навучання і асн. віды заняткаў у вышэйшай і сярэдняй спец. школе адзіныя для дзённай і вячэрняй формаў навучання. У 1995/96 навуч.г. на Беларусі ў вячэрніх агульнаадук. школах займалася 20,9 тыс.чал., на вячэрніх аддзяленнях сярэдніх спец.навуч. устаноў — 1,4 тыс. навучэнцаў, на вячэрніх аддзяленнях ВНУ — 2 тыс. студэнтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМАФО́НІЯ (ад гама... + грэч. phōnē гук, голас),
від шматгалосся, які вызначаецца падзелам галасоў на галоўны (мелодыя) і другарадныя (суправаджэнне). У гэтым прынцыповае адрозненне гамафоніі ад поліфаніі, дзе галасы раўназначныя. Сутнасць гамафоніі ў вылучэнні аднаго голасу як носьбіта асн. зместу муз. вобраза. Нязначная індывідуалізацыя галасоў суправаджэння спрыяе іх аб’яднанню часцей за ўсё як элементаў адзінага акордавага комплексу. Змена акордаў і акордавых комплексаў — спецыфічны фактар развіцця ў гамафонных формах, якое выяўляе ладава-гарманічныя функцыі асн. голасу і суправаджэння. Лінеарнае, інтанацыйнае, рытмічнае ўзбагачэнне галасоў суправаджэння прыводзіць да поліфанізацыі муз. фактуры, аднак вызначальнай прыкметай гамафоніі застаецца канцэнтрацыя муз. думкі ў адным голасе. Прынцыпы гамафоніі выкарыстоўваюць у розных жанрах і формах. У выніку разнастайных варыянтаў рытмічных суадносін паміж галасамі ўтвараюцца тыпы гамафоннай фактуры: акордавы, тып разгорнутай мелодыі з акордавым ці фігурацыйным суправаджэннем; поліфанізаваная гамафонія (спалучае энергію меладычных ліній з багаццем гамафоннай акордыкі і дынамізмам функцыянальных змен).
У Стараж. Грэцыі гамафонія абазначала выкананне мелодыі ва унісон ці ў актаву. У еўрап.прафес. музыцы яе станаўленне ў сучасным сэнсе звязана з эпохай Адраджэння (на Беларусі крышталізацыя гамафонных сродкаў выразна прасочваецца ў стылістыцы канта) У 17—18 ст. гамафонія — асн.муз. склад у оперы, араторыі, кантаце, інстр жанрах Творчасць венскіх класікаў (В.А.Моцарта, І.Гайдна, Л.Бетховена) сканцэнтравала найб. значныя і каштоўныя рысы гамафоніі. У 20 ст. побач з развіццём гамафоніі павялічылася цікавасць кампазітараў да поліфаніі.
Літ.:
Асафьев Б.В. Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАРО́Ў (Іван Аляксандравіч) (18.6.1812, г. Сімбірск, цяпер г. Ульянаўск, Расія — 27.9.1891),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1834). Служыў у Мін-ве фінансаў, быў цэнзарам Пецярбургскага цэнзурнага к-та (1855—60), гал. рэдактарам газ. «Северная почта» (1862—63) і інш. У ранніх аповесцях «Ліхая болесць» (1838) і «Шчаслівая памылка» (1839) адчуваецца ўплыў пушкінскай і гогалеўскай прозы. У аснове першага рамана «Звычайная гісторыя» (1847) сутыкненне марнай летуценнасці правінцыяльнага дваранства з практыцызмам бурж. дзелавітасці, якая і перамагае. У 1852—54 прыняў удзел у экспедыцыі на ваен. фрэгаце «Палада» ў якасці сакратара адмірала Я.В.Пуцяціна. Яго пуцявыя нататкі, напісаныя з трапнай назіральнасцю, дасціпным гумарам і яскравай мовай, склалі цыкл нарысаў «Фрэгат «Палада» (1858). У рамане «Абломаў» (1859) Ганчароў вывеў вельмі характэрны тыпрас. дваранства, жыццё якога няўмольна паглынаецца прыгонніцкім укладам, што падпарадкоўвае не толькі грамадскія адносіны, але і лёс асобнага чалавека. «Абломаўшчына» стала абагульняльным паняццем для такіх з’яў жыцця, як бяздзейнасць, марнатраўства, разлад паміж словам і справай. Своеасаблівую трылогію рус. жыцця 1840—60-х г. завяршае раман «Абрыў» (1869), прысвечаны лёсу новага пакалення, што шукае свайго шляху ў жыцці. У творах Ганчарова глыбінныя фундаментальныя працэсы — разбурэнне патрыярхальнага ўкладу і непазбежная замена яго новым стылем жыцця, новымі адносінамі — перадаюцца праз сутыкненне характараў герояў, кожны з якіх з’яўляецца носьбітам сваёй праўды. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў «Мільён пакут» (1872), «Лепш позна, чым ніколі» (1879) і інш. У перакладзе на бел. мову выдадзены раманы Ганчарова «Абломаў» (1939) і «Звычайная гісторыя» (1955).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1977—80.
Літ.:
Недзвецкий В.А. И.А.Гончаров — романист и художник. М., 1992.