НАЙВЫШЭ́ЙШАЯ ЛІТО́ЎСКАЯ РА́ДА, Найвышэйшая рада Вялікага княства Літоўскага,
часовы ўрад у ВКЛ (Літва і Зах. Беларусь) у час паўстання 1794. Створаны пасля захопу паўстанцамі ўлады ў Вільні. Абвешчана 24.4.1794. У склад рады ўвайшлі пераважна прадстаўнікі левага крыла шляхецка-бурж. блока («якабінцы») — Я.Ясінскі, Т.Ваўжэцкі, І.Гелгуд і інш., а таксама прадстаўнікі з месц (усяго 29 асоб). У складзе рады былі ўтвораны дэпартаменты (пазней — дэпутацыі) адміністрацыі і парадку, публічнай бяспекі, бюджэту і таемны (кіраваў войскамі). Рада ўтварыла паўстанцкія органы кіравання на месцах — цывільна-вайсковыя парадкавыя камісіі. Рада ВКЛ выступіла з больш радыкальнымі лозунгамі, чым кіраўніцтва паўстання ў Польшчы, якому яна фармальна падпарадкоўвалася. 24.4.1794 яна звярнулася да жыхароў Беларусі і Літвы з заклікам узяць у рукі зброю «з мэтай адваяваць свабоду і грамадзянскае раўнапраўе». Памяркоўныя элементы рады выступалі супраць радыкальных рэформ. Начальнік паўстання Т.Касцюшка абвінавачваў раду ў дзеяннях супраць «уніі братніх народаў» і ў прыхільнасці да незалежніцкай палітыкі, 10.6.1794 ён распусціў раду і замяніў яе Цэнтральнай дэпутацыяй Вялікага княства Літоўскага, створанай з больш памяркоўных дзеячаў і падначаленай Найвышэйшай нацыянальнай радзе ў Варшаве. А.П.Грыцкевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДНЫ ЗВОН»
(«Narodny zwon»),
газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі, орган Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Выдаваўся з 7.12.1926 да 28.3.1927 у Вільні на бел. мове лацінкай. Выходзіла 2 разы на месяц. Мела падзагаловак «Сялянска-работніцкая газета». Адстойвала сац. і нац. інтарэсы бел. народа. Заклікала да згоды і еднасці праваслаўных і католікаў, да барацьбы за зямлю, дэмакр. самаўрады, у якія б уваходзілі бел. прадстаўнікі, выступала за школу на роднай мове, супраць непамерных падаткаў і сістэмы асадніцтва ў Зах. Беларусі. Прапагандавала ў завуаліраванай форме ідэі сацыялізму, праграмныя і тактычныя ўстаноўкі БСРГ, пісала пра забастовачны рух, дэманстрацыі, вызваленне палітвязняў, рэпрэсіі супрацьбел. паслоў, пра Косаўскі расстрэл 1927 і інш. Значную ўвагу надавала дзейнасці Т-вабел. школы. Інфармавала пра культ. будаўніцтва ў БССР у час беларусізацыі, культ.-грамадскі рух беларусаў у інш. краінах. Друкавала творы Я.Коласа, М.Васілька, Я.Маланкі і інш., артыкулы І.Дварчаніна пра Я.Коласа, С.Яцвяга пра каляндарныя земляробчыя святы і інш. Выйшла 8 нумароў, 6 канфіскаваны. Закрыта паводле пастановы Віленскага акруговага суда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГВА́ЙСКАЯ ВАЙНА́,
захопніцкая вайна Бразіліі, Аргенціны і Уругвая, якіх падтрымлівалі Вялікабрытанія, Францыя і ЗША, супраць Парагвая ў 1864—70. Гал. прычыны — незадаволенасць Вялікабрытаніі незалежным эканам. і знешнепаліт. курсам прэзідэнта Парагвая Ф.С.Лопеса, жаданне рабаўладальнікаў Бразіліі і бурж.-памешчыцкіх вярхоў Аргенціны пашырыць свае ўладанні за кошт Парагвая. Падставай для вайны стала няўдалая спроба Парагвая падтрымаць Уругвай у змаганні супрацьбраз.-арг. агрэсіі восенню 1864. Пры падтрымцы Вялікабрытаніі ўтварылася антыпарагвайская кааліцыя ў складзе Бразіліі і Аргенціны, да якіх далучыўся і пераможаны Уругвай. Ваен. дзеянні пачаліся ў снеж. 1864 прэвентыўным уварваннем парагвайскіх войск у Бразілію і да мая 1866 у асн. вяліся на тэр. Бразіліі і Аргенціны, потым парагвайцы абараняліся на сваёй тэрыторыі. Пераўзыходзячыя сілы кааліцыі нанеслі паражэнні парагвайскай арміі пры Умаіце (жн. 1868), на р. Пікісіры (снеж. 1868), занялі сталіцу краіны г. Асунсьён (студз. 1869). Парагвайцы перайшлі да партыз. вайны, якая спынілася пасля гібелі ў баі прэзідэнта Лопеса (1.3.1870). Спустошаны вайной Парагвай (загінула каля 80% насельніцтва) паводле дагавораў з Бразіліяй (1872) і Аргенцінай (1876) перадаў ім каля паловы сваёй тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛ ПОТ (сапр.Салот Сар; 19.5.1928, прав. Кампонгцям, Камбоджа — 9.6.1996),
палітычны і дзяржаўны дзеяч Камбоджы. У 1949—52 вучыўся ў Сарбоне (Францыя). З 1940-х г. удзельнік антыяп., потым — антыфранц. руху. Чл.Камуніст. партыі Індакітая, з 1951 — Нар.-рэв. партыі Камбоджы (з 1963 — Кампучыйская камуніст. партыя), яе ген. сакратар у 1963—89. З 1967 узначаліў узбр. барацьбу камуністаў («чырвоных кхмераў») супраць рэжымаў Нарадома Сіянука, з 1970 — Лон Нола, якая скончылася захопам «чырвонымі кхмерамі» ў крас. 1975 улады ў краіне. У 1976—79 прэм’ер-міністр Дэмакр. Рэспублікі Кампучыі. Пад яго кіраўніцтвам была зроблена спроба хуткай пабудовы ў Камбоджы камуніст. грамадства; фактычна быў усталяваны жорсткі таталітарны рэжым, у выніку голаду і рэпрэсій загінула ад 2 да 3 млн.чал. Справакаваў узбр. канфлікт з В’етнамам. Пасля ўзяцця 7.1.1979 в’етн. войскамі сталіцы Камбоджы Пнампеня ўцёк у Тайланд, дзе ўзначаліў партыз. барацьбу супраць рэжыму Хенга Самрына і в’етн. войск. У 1985 падаў у адстаўку з усіх пасад, застаючыся фактычным кіраўніком «чырвоных кхмераў». У ліст. 1991 вярнуўся ў Камбоджу, дзе хаваўся ад новых улад у горных раёнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЭН ДЭХУА́Й (24.10.1898, в. Шысян, прав. Хунань, Кітай — 29.11.1974),
кітайскі ваенны і дзярж. дзеяч. Маршал КНР (1955). Герой КНДР. Скончыў афіцэрскія курсы (1923). З 1916 на ваен. службе. Удзельнік рэвалюцыі 1925—28 у Кітаі. Летам 1928 узначаліў паўстанне гаміньданаўскіх войск у прав. Хунань, стварыў 5-ы корпус Чырв. Арміі Кітая. Удзельнік Паўн.-Зах. паходу 1934—36. У час нацыянальна-вызваленчай вайны кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45нам.каманд. 8-й арміяй, адзін з ініцыятараў «бітвы ста палкоў». У час трэцяй грамадзянскай вайны 1946—49 камандаваў арміямі. Каманд.кіт. войскамі ў Карэйскай вайне 1950—53. З 1954 міністр абароны, нам. старшыні Дзяржсавета КНР, чл. Палітбюро ЦК Кампартыі Кітая. Быў прыхільнікам умацавання дружбы з СССР. У 1959 на 8-м (Лушаньскім) пленуме ЦК Кампартыі выступіў супраць авантурыстычнага курсу Мао Цзэдуна на «вялікі скачок», за што адхілены ад усіх пасад. У 2-й пал. 1960-х г. рэпрэсіраваны ў ходзе «культурнай рэвалюцыі» і быў пакалечаны хунвэйбінамі. Памёр у зняволенні. У 1978 рэабілітаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІРЫ́ЙСКАЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1925—27,
нац.-вызв. паўстанне ў Сірыі супрацьфранц.калан. панавання. Пачалося 18.7.1925 у вобласці Джэбель-Друз пад кіраўніцтвам феадала Султана аль-Атраша. 21 ліп. апалчэнцы разграмілі франц.ваен. атрад, 28 ліп. ўвайшлі ў г. Эс-Сувейда, а 2—3 жн. разграмілі 4-тыс. атрад франц. войск і паўстанне набыло агульнанац. характар. 23 жн. аль-Атраш выдаў маніфест з патрабаваннем поўнай незалежнасці Сірыі і вываду з яе франц. войск. Да паўстання далучылася Партыя народа на чале з Шахбендэрам. У кастр. 1925 вобласць Джэбель-Друз поўнасцю вызвалена ад франц. войск, і паўстанне ахапіла аазіс Гута, дзе знаходзіцца сталіца Сірыі — Дамаск. 18 кастр. паўстанцы ўступілі ў Дамаск, але пад націскам франц. войскаў неўзабаве пакінулі яго і разгарнулі партыз. вайну. Летам 1926 80-тыс.франц. армія рушыла супраць паўстанцаў і да восені задушыла асн. іх ачагі. Апошні апорны пункт паўстанцаў Джэбель-Друз французы захапілі ў чэрв. 1927; аль-Атраш і ч. яго прыхільнікаў перайшлі ў Трансіарданію.
Літ.:
Луцкий В.Б. Национально-освободительная война в Сирии (1925—1927 гг.). М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕДЗІМІ́Н, Гедымін (каля 1275—1341),
вялікі князь ВКЛ [1316—41]. Паводле некат. крыніц, брат вял. князя Віценя, аднак больш верагодна, што Гедзімін быў яго сынам (Іпацьеўскі летапіс называе Гедзіміна Вітуневічам). У час княжання Гедзіміна фактычна завяршыўся працэс аб’яднання асн. масіву бел. зямель ад Зах. Буга да Дняпра і Зах. Дзвіны, што вызначала іх дамінуючую ролю ў ВКЛ. Асабліва важнае значэнне ў дзяржаве набыла Полацкая зямля, чым найперш і тлумачыцца перанос сталіцы ВКЛ з Новагародка ў Вільню, якая была, паводле археал. і пісьмовых крыніц, заснавана крывічамі. У пач. 1320-х г. Гедзімін аднавіў наступальную палітыку палачан у адносінах да Пскова і Ноўгарада, што прывяло да першых у гісторыі супярэчнасцей паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Двойчы пасылаў на дапамогу Пскову ў яго барацьбе з крыжакамі войска на чале з Давыдам Гарадзенскім, які перамог ворагаў у 1322 і 1323. У барацьбе з Лівонскім ордэнам абапіраўся на саюз з Рыгай, з якой меў цесныя гандл. сувязі Полацк. Гедзімін вёў барацьбу з сепаратысцкімі дзеяннямі ў балцка-літоўскіх землях ВКЛ, у 1315, калі яшчэ не быў вял. князем, знішчыў кн. Пялюзу, які на працягу многіх гадоў, абапіраючыся на падтрымку жамойцкіх старшын, змагаўся супраць велікакняжацкай улады. Паколькі крыжацкія ордэны сваю агрэсію супрацьВКЛ апраўдвалі справай пашырэння хрысціянства сярод язычнікаў, Гедзімін у 1323—24 рабіў захады, каб ахрысціць у каталіцтва язычніцкае насельніцтва княства, але, убачыўшы адмоўныя адносіны да гэтага праваслаўных, якія складалі большасць насельніцтва краіны, і язычніцкай Жамойціі, адмовіўся ад свайго намеру. Для больш паспяховай барацьбы супраць агрэсіі крыжакоў Гедзімін у 1325 заключыў дагавор з польск. каралём Уладзіславам I Лакеткам, за яго сына Казіміра аддаў замуж сваю дачку Альдону. У 1322 падобнае ж пагадненне было заключана з мазавецкім князем. У 1326 ВКЛ заключыла мір з Ноўгарадам і лівонскімі немцамі і разам з Польшчай перайшло да актыўнага наступлення супраць Тэўтонскага ордэна. Войскі княства ў 1326 на чале з Давыдам Гарадзенскім і ў 1327 на чале з сынам Г.Альгердам нанеслі сакрушальныя паражэнні Брандэнбургу, які быў саюзнікам ордэна. Гедзімін клапаціўся пра ваен. ўмацаванне сваёй дзяржавы, яго ініцыятыве прыпісваюць буд-ва замкаў у Вільні, Троках, Медніках, Крэве, Лідзе і інш., ён запрашаў рамеснікаў, гандляроў, адукаваных людзей з еўрап. краін на сталае жыхарства ў ВКЛ, што ў значнай ступені садзейнічала культ. росту дзяржавы. Гедзімін загінуў у баі з крыжакамі пры аблозе ням. крэпасці Баербург (паводле інш. звестак, атручаны пры спробе ў другі раз ахрысціць у каталіцтва язычнікаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУХ ПРЫХІ́ЛЬНІКАЎ МІ́РУ,
міжнародны рух супраць войнаў і мілітарызму, які аб’ядноўвае барацьбітоў за мір незалежна ад іх нац. прыналежнасці, паліт. і рэліг. поглядаў. Першыя мясц. і нац. арг-цыі барацьбы за ўмацаванне міру ўзніклі ў 1948—49 у Францыі, Італіі, Польшчы, СССР, Японіі і ў інш. краінах. У міжнар. маштабе аформіўся на 1-м Сусв. кангрэсе прыхільнікаў міру (Парыж—Прага, крас. 1949), дзе быў створаны кіруючы орган Руху — Пастаянны к-тСусв. кангрэсу прыхільнікаў міру, які ў ліст. 1950 пераўтвораны ў Сусветны савет міру (ССМ). Сакратарыят знаходзіцца ў г. Хельсінкі. Да канца 1980-х г. Р.п.м. карыстаўся значнай матэрыяльнай і ідэалаг. падтрымкай з боку кіраўніцтва СССР і КПСС. Р.п.м. правёў пад рознымі назвамі і сумесна з інш. арг-цыямі праціўнікаў вайны шэраг Сусв. кангрэсаў прыхільнікаў міру і рэгіянальных канферэнцый; арганізоўваў кампаніі па падпісанні Венскага звароту ССМ (1955), Стакгольмскай адозвы (1950), Пакта міру (1951); масавыя акцыі пратэсту супраць гонкі ўзбраенняў і іх размяшчэння ў сваіх краінах; склікаў Сусв. парламент народаў за мір (Сафія, 1980); выступае за вырашэнне міжнар. канфліктаў шляхам мірных перагавораў. У б.СССР прыхільнікаў міру аб’ядноўваў Савецкі к-т абароны міру. У 1951 на 1-й рэсп. канферэнцыі прыхільнікаў міру выбраны Бел.рэсп. камітэт абароны міру (з 1995 Бел. камітэт міру, БКМ). Ён накіроўвае дзейнасць барацьбітоў за мір у рэспубліцы, супрацоўнічае з ССМ і створанай у 1991 Міжнар. федэрацыяй міру і згоды (замест Сав.к-та абароны міру), якая аб’ядноўвае барацьбітоў за мір краін СНД. За сваю антываен. дзейнасць БКМ 15.9.1987 атрымаў ад ААН ганаровае званне «Пасланец міру» з уручэннем спец. дыплома ААН. Сярод найважнейшых мерапрыемстваў, арганізаваных БКМ (старшыня з 1995 І.С.Кірычэнка) у 1980—90-я г., прыём у Беларусі ўдзельнікаў 1-га Паліт. паломніцтва з Германіі ў рамках міжнар. праграмы «Пакаянне» (май 1988), зварот БКМ і 5 інш.бел. грамадскіх арг-цый да суайчыннікаў за мяжой і замежнай грамадскасці з просьбай аб аказанні дапамогі ахвярам Чарнобыльскай катастрофы (3.7.1989), Марш міру ў сувязі з 85-годдзем пачатку 1-й і 60-годдзем пачатку 2-й сусв. войнаў (1.7.1999 па маршруце: абеліск Перамогі ў Мінску — Курган Славы — Хатынь), мерапрыемствы ў рамках Тыдня міру—2000 (22—31.5.2000). БКМ у снеж. 1994 выступіў з заявай супраць баявых дзеянняў у Чэчні, у сак. 1999 — супраць бамбардзіровак сіламі НАТО Югаславіі. Чарговая Бел.рэсп. канферэнцыя прыхільнікаў міру адбылася 10.2.2000. Збор сродкаў на справы міру і сац. забеспячэння ажыццяўляе Фонд міру Рэспублікі Беларусь (засн. у жн. 1991 на базе Бел. аддзялення Сав. фонду міру).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-КІТА́ЙСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ.
Пагадненне 1924 аб агульных прынцыпах для ўрэгулявання пытанняў паміж СССР і Кітайскай Рэспублікай, падпісана 31 мая ў Пекіне. Усталявала паміж дзвюма краінамі дыпламат. адносіны. Абвяшчала скасаванымі ўсе дагаворы Рас імперыі з інш. краінамі, якія закраналі інтарэсы Кітая. Бакі абавязаліся не заключаць ніякіх дагавораў або пагадненняў, якія б закраналі інтарэсы аднаго з бакоў, не весці прапаганду адзін супраць аднаго і не дазваляць дзейнічаць на сваёй тэрыторыі арг-цыям, якія гвалтоўнымі метадамі змагаюцца супраць урада інш. боку. СССР адмовіўся ад усіх аднабаковых прывілеяў для сваіх грамадзян (права экстэрытарыяльнасці і консульскай юрысдыкцыі) і ад рас. часткі т.зв. «баксёрскай кантрыбуцыі» (гл.Іхэтуаньскае паўстанне). Кітайская Чанчуньская чыгунка (КЧЧ) пераходзіла пад сумеснае кіраванне СССР і Кітая. СССР прызнаваў Манголію Знешнюю неад’емнай ч. Кітая. Дагавор 1937 аб ненападзе, падпісаны 21 жн. ў Нанкіне тэрмінам на 5 гадоў. Паводле яго бакі абавязаліся не нападаць адзін на аднаго, не аказваць ні прамой, ні ўскоснай падтрымкі дзяржаве або дзяржавам, якія здзейснілі напад на адзін з бакоў, і на працягу канфлікту пазбягаць усялякіх дзеянняў, якія б маглі пагоршыць становішча боку, на які напалі. Садзейнічаў усталяванню цесных сувязей паміж СССР і Кітаем, што спрыяла барацьбе апошняга з яп. агрэсіяй (гл.Нацыянальна-вызваленчая вайна кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45). Дагавор 1945 аб дружбе і саюзе, падпісаны 14 жн. ў Маскве. Прадугледжваў аказанне ўзаемнай дапамогі ў вайне супраць Японіі. Бакі абавязаліся супрацоўнічаць пасля заканчэння вайны, аказваць адзін аднаму эканам. дапамогу пры захаванні прынцыпу ўзаемнай павагі суверэнітэту і тэр. цэласнасці. Адначасова з дагаворам былі падпісаны пагадненні, якія прадугледжвалі сумесную эксплуатацыю КЧЧ як агульнай маёмасці. Порт-Артур перадаваўся ў карыстанне СССР як ваен. база. Фактычна страціў сілу пасля перамогі кіт. камуністаў у грамадз. вайне і абвяшчэння імі ў 1949 Кіт.Нар. Рэспублікі (КНР). Дагавор 1950 аб міры, дружбе, саюзе і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 14 лют. ў Маскве. Першы з дагавораў паміж СССР і КНР. Бакі абавязаліся прыняць усе неабходныя меры для прадухілення агрэсіі з боку Японіі, а ў выпадку нападу на адзін з бакоў аказваць усю магчымую дапамогу; пагадзіліся дабівацца заключэння мірнага дагавора з Японіяй у магчыма кароткі тэрмін. Сав. ўрад абавязаўся не пазней як у канцы 1952 перадаць КНР свае правы на КЧЧ, вывесці свае войскі з Порт-Артура. СССР даваў КНР грашовы крэдыт. Заключаны тэрмінам на 30 гадоў, з 1980 фармальна страціў сілу.
апошні выбарны гетман Левабярэжнай Украіны ў 1727—34. Ваенны дзеяч, удзельнік паходаў супраць Турцыі і Крыма, Паўн. вайны 1700—21. У 1708 прымкнуў да І.Мазепы, аднак у хуткім часе пакінуў яго. У 1722 удзельнічаў у Персідскім паходзе рус. войскаў. Садзейнічаў росту буйнога феад. землеўладання на Украіне, праводзіў палітыку запрыгоньвання левабярэжнага сялянства і часткі казацтва. Пасля смерці Апостала выбары гетмана на Украіне забаронены.