САДА́Т, ас-Садат Мухамед Анвар (25.12.1918, в. Міт-Абу-эль-Ком, Егіпет — 6.10.1981), дзяржаўны дзеяч Егіпта. Скончыў ваен. каледж у Каіры (1938). Сумесна з Г.А.Насэрам стварыў тайную арг-цыю «Свабодныя афіцэры». За антыбрыт. дзейнасць у 1942 звольнены з арміі, у 1942—44 і 1946—49 у турме. У 1950 адноўлены на ваен. службе. Удзельнік дзярж. перавароту 1952. У 1953—56 чл. Рэв. савета Егіпта, у 1957—58 нам., у 1960—61 і 1964—68 старшыня Нац. сходу (парламента) Аб’яднанай Араб. Рэспублікі (ААР). У 1964—66 і 1969—70 віцэ-прэзідэнт ААР. З вер. 1970 прэзідэнт ААР (з 1973 Араб. Рэспубліка Егіпет). Пераарыентаваў краіну на супрацоўніцтва з ЗША, пачаў ажыццяўленне ліберальных рэформ у палітыцы і эканоміцы. У ліст. 1977 першы з араб. лідэраў наведаў Ізраіль. У 1978—79 падпісаў пагадненні з Ізраілем (гл. Кэмп-Дэвідскія пагадненні 1978). Забіты фанатыкамі-ісламістамі. Нобелеўская прэмія міру 1978 (разам з М.Бегінам).
т. 14, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІГУРО́ЎСКІ Мікалай Мікалаевіч (н. 7.12.1923, г. Чухлама Кастрамской вобл., Расія),
расійскі і бел. рэжысёр, сцэнарыст. Засл. дз. маст. Беларусі (1964). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1951). У 1953—66 рэжысёр на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1967 выкладае ва Усерас. дзярж. ін-це кінематаграфіі (з 1995 праф.). На «Беларусьфільме» паставіў фільмы «Дзеці партызана» (1954, з Л.Голубам), «Палеская легенда» (паводле апавяд. «Лес шуміць» У.Караленкі, 1957, з П.Васілеўскім), па ўласных сцэнарыях «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (1968, сцэнарый з А.Кучарам), «Веснавыя навальніцы» (1960), «Колькі лет, колькі зім!» (1966). Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Апавяданні пра юнацтва» (1961) і «Рудабельская рэспубліка» (1972; паст. на кінастудыі «Беларусьфільм»), «Калі дрэвы былі вялікія» (1962), «Вясна на Одэры» (1968), «Злачынства і кара» (паводле Ф.Дастаеўскага, 1970, з Л.Куліджанавым), «Мора ў агні» (1972, з Л.Саакавым), «Аповесць пра двух салдатаў» (1977, з У.Умарбекавым, Дзярж. прэмія Узбекістана 1977), «Жанчына здалёк» (1979), «Рэпартаж з лініі агню» (1985) і інш. Аўтар рамана «Знак Вадалея» (кн. 1—2, 1985—2003).
т. 16, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧУЛА́КІ Міхаіл Іванавіч (19.11.1908, г. Сімферопаль, Рэспубліка Крым — 29.1.1989),
расійскі кампазітар, педагог, муз.-грамадскі дзеяч. Нар. арт. Расіі (1969). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1931, кл. кампазіцыі У.Шчарбачова). У 1937—39 дырэктар і маст. кіраўнік Ленінградскай філармоніі. З 1951 працаваў у К-це па справах мастацтваў пры СМ СССР, у Мін-ве культуры СССР. У 1955—59 і ў 1963—70 дырэктар і маст. кіраўнік Вял. т-ра ў Маскве. З 1933 выкладаў у Ленінградскай, з 1948 — у Маскоўскай (з 1962 праф.) кансерваторыях. Сярод твораў: балеты «Казка пра папа і работніка яго Балду» (паст. 1940), «Уяўны жаніх» (паст. 1946), «Юнацтва» (паст. 1947), «Іван Грозны» (на аснове музыкі С.Пракоф’ева да аднайм. балета, паст. 1975); опера «Малады марак сусвету» (1977); 4 сімфоніі (1930—87), сімф. цыкл «Песні і танцы старой Францыі» (1959), кантаты. Аўтар кніг «Інструменты сімфанічнага аркестра» (1950), «Жывыя ў памяці маёй» (1990), муз.-крытычных артыкулаў. З 1948 сакратар Саюза кампазітараў СССР, з 1959 — Саюза кампазітараў Расіі. Дзярж. прэміі СССР 1947, 1948, 1950.
т. 17, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАМАРЭ́НКА Віктар Уладзіміравіч (н. 11.6.1945, г. Гродна),
бел. архітэктар. Скончыў БПІ (1968). Працаваў у ін-тах «Белдзяржпраект», «Мінскпраект» (у 1983—88 гал. архітэктар). З 1990 кіраўнік персанальнай творчай майстэрні, адначасова ў 1985—99 выкладаў у БПА. Асн. работы: лячэбны корпус санаторыя «Беларусь» у г. Друскінінкай (Літва; 1973), археал. музей «Старажытнае Бярэсце» на тэр. мемар. комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» (1978, абедзве ў сааўт.), будынак Магілёўскага т-ра драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча ў г. Бабруйск (1977); у Мінску (у сааўт.) — кінатэатр «Масква», арх.-скульпт. комплекс «Мінск — горад-герой», навучальна-лабараторны корпус Ін-та механізацыі сельскай гаспадаркі на праспекце Ф.Скарыны (1986), станцыя метро «Трактарны завод» (1990), комплекс новага чыгуначнага вакзала (гл. ў Дадатку Мінскія чыгуначныя вакзалы, 2000, з М.Вінаградавым; Гран-пры Рэсп. фестывалю архітэктуры 2001, сярэбраны медаль Сусв. трыенале архітэктуры ў Сафіі 2003), будынак Нац. б-кі (з Вінаградавым; будуецца з 2002); помнікі «Рудабельская рэспубліка» ў г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл. (1984), Т.Шаўчэнку ў Мінску (2002).
т. 18, кн. 1, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЖАСТО́ЎСКІЯ,
шляхецкі род герба «Стрэмя» ў ВКЛ. Найб. вядомыя:
Цыпрыян Павел (1612—88), каралеўскі сакратар з 1645, рэферэндар літоўскі з 1650, пісар літоўскі з 1657, ваявода трокскі з 1684. У 1658, 1661—64 у складзе дыпламат. місій, у 1667 камісар Рэчы Паспалітай на перагаворах з Расіяй, якія скончыліся падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667. У 1671—72, 1679, 1683 пасол у Маскву.
Канстанцін Казімір, гл. Бжастоўскі К.К.
Міхал (1722—21.5.1784), ген.-лейт. (1753), пісар літоўскі з 1758, канюшы літоўскі з 1762, падскарбі вял. літоўскі з 1764. У 1764 маршалак Генеральнай літ. канфедэрацыі.
Адам (1722—90), ген.-маёр кавалерыі (1748), потым ген.-лейт. пяхоты, кашталян полацкі ў 1758—76. Удзельнік Барскай канфедэрацыі 1768—72.
Станіслаў (2.3.1733—8.4.1769), ваявода інфлянцкі з 1767.
Павел Ксаверы (30.3.1739—17.11.1827), вял. пісар літоўскі з 1762, рэферэндар літоўскі ў 1774—87. У сваім маёнтку Мерач (пазней Паўлава) Віленскага пав. правёў прагрэс. рэформы (гл. Паўлаўская рэспубліка).
Міхал Геранім (17.4.1762—1806), чашнік літоўскі. Пасол на Чатырохгадовым сойме 1788—92. У час паўстання 1794 чл. Найвышэйшай літоўскай рады і дэпутацыі бяспекі.
Ігнацы, гл. Бжастоўскі I.
А.П.Грыцкевіч.
т. 3, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЯ́БРСКІ,
гар. пасёлак у Беларусі, цэнтр Акцябрскага р-на Гомельскай вобл., на р. Нератоўка (прыток Пцічы). За 190 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Рабкор на лініі Бабруйск—Рабкор, на аўтадарозе Глуск—Азарычы. 8,4 тыс. ж.
Утвораны 31.8.1954 у выніку аб’яднання вёсак Карпілаўка, Рудобелка і Рудня. Сяло Рудобелка (Рудыя Белкі) вядома з сярэдзіны 15 ст. як велікакняжацкае ўладанне, здавалася ў часовае трыманне ці арэнду Радзівілам, Вішнявецкім і інш. З 1661 прыватнае ўладанне. У канцы 18 ст. належала памешчыку Д.Лапе, які заснаваў маёнтак Карпілаўка. У 1918—20 існавала Рудабельская рэспубліка. У студз. 1920 Рудобелка спалена польск. войскамі, пасля вызвалення воласць перайменавана ў Акцябрскую. У 1939 утвораны Акцябрскі р-н з цэнтрам у в. Карпілаўка. У 1962—66 Акцябрскі ў Светлагорскім р-не.
Завод сухога абястлушчанага малака, спіртзавод, хлебазавод, камбінат быт. абслугоўвання, райаграпрамтэхніка, лясгас, лесапункт Бабруйскага леспрамгаса, метэастанцыя. Сярэдняе ПТВ механізацыі, 3 сярэднія, дзіцяча-юнацкія спарт. і муз. школы, 3 дашкольныя ўстановы, Дом піянераў і школьнікаў, Дом культуры, Акцябрскі музей народнай славы, 2 б-кі, кінатэатр, бальніца. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызанаў, магілы ахвяр фашызму.
т. 1, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,
арганізаваная падача і размеркаванне газавага паліва (прыродных, штучных і звадкаваных гаручых газаў) для патрэб бытавых, камунальных, прамысл. і с.-г. спажыўцоў. Да сістэмы газазабеспячэння адносяцца збудаванні і абсталяванне для здабычы прыродных і вытв-сці штучных гаручых газаў (гл. Газавая прамысловасць, Газіфікацыя паліва), іх ачысткі (гл. Газаачыстка), транспартавання (гл. Газаправод), захоўвання (гл. Газавае сховішча), размеркавання паміж спажыўцамі (гл. Газаразмеркавальная станцыя, Газарэгулятарны пункт).
Адрозніваюць газазабеспячэнне цэнтралізаванае, пры якім газ размяркоўваецца спажыўцам па гарадской газавай сетцы, і дэцэнтралізаванае (мясцовае) — ад мясц. газагенератарных установак або з выкарыстаннем ёмістасцей (цыстэрнаў, балонаў) са звадкаванымі газамі. Мясцовыя сістэмы шырока выкарыстоўваюць для газазабеспячэння жылых будынкаў і камунальна-бытавых прадпрыемстваў малых гарадоў і пасёлкаў. Звадкаваныя газы ад газабензінавых з-даў транспартуюць на газанапаўняльныя станцыі (ГНС) па прадуктаправодах, у чыг. цыстэрнах, а таксама рачнымі або марскімі суднамі (газавозамі). З ГНС газ дастаўляецца спажыўцам у балонах або аўтацыстэрнах. Асн. крыніцай газазабеспячэння Беларусі з’яўляецца імпарт гаручых газаў з Расіі. Рэспубліка мае развітую сетку магістральных газаправодаў, у ліку якіх трансеўрапейскія. Гл. таксама Газіфікацыя.
В.В.Арціховіч, В.М.Капко.
т. 4, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРА́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1978—79,
антыманархічная, ісламская, кансерватыўная рэвалюцыя ў Іране. Пачалася як рэакцыя іранскага грамадства на эканам. (інфляцыя і інш.) і паліт. (праследаванне апазіцыйных, у т. л. рэліг., дзеячаў, самавольства тайнай паліцыі) сітуацыю, на захады правіцеля-шаха (апошняга з дынастыі Пехлеві), які імкнуўся паскорыць развіццё Ірана на ўзор індустр. дзяржаў Зах. Еўропы. На 1-м этапе рэвалюцыі (91—8.9.1978) адбываліся дэманстрацыі пад лозунгамі абмежавання шахскай улады і ўвядзення паліт. свабод у краіне. 8.9.1978 у сутыкненнях з войскамі ў Тэгеране забіта больш за 1 тыс. дэманстрантаў. На 2-м этапе (8.9 1978—16.1.1979) актывізаваўся забастовачны рух, антышахскія заклікі духоўнага ісламскага лідэра аяталы Р.Хамейні падтрымала ліберальная інтэлігенцыя, якая аб’ядналася ў Нац. фронт. У канцы 1978 — пач. 1979 сфарміраваны пераходны ўрад на чале з адным з лідэраў фронту Ш.Бахціярам; 16.1.1979 шах выехаў за мяжу. 3-і этап рэвалюцыі завяршыўся пераможным узбр. паўстаннем 9—12.2.1979 у Тэгеране і інш. гарадах. 1.4.1979 пасля рэферэндуму абвешчана Ісламская Рэспубліка Іран, у снеж. 1979 прынята яе канстытуцыя.
Літ.:
Резников А.Б. Иран: падение шахского режима. М., 1983;
Иранская революция 1978—1979: Причины и уроки. М., 1989.
т. 7, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСІ́НА (Messina),
горад у Італіі, на ПнУ в-ва Сіцылія. Адм. ц. прав. Месіна. Каля 300 тыс. ж. (1997). Порт на Міжземным м. Чыгуначным паромам праз Месінскі праліў звязаны з гарадамі Рэджа-ды-Калабрыя і Віла-Сан-Джавані. Прам-сць: суднабуд., нафтаперапр., цэм., плодакансервавая, тэкстыльная. Ун-т (з 1548). Арх. помнікі 12—16 ст. Ваенна-марская база.
Засн. каля 735 да н.э. пад назвай Занкла грэч. каланістамі з а-воў Наксас і Эўбея на месцы паселішча племя сікулаў. У 490 да н.э. заваявана Анаксіласам Рэгійскім (выхадцам з грэч. вобласці Месенія, адсюль назва). З 461 да н.э. М. — рэспубліка. У 396 да н.э. горад зруйнавалі карфагеняне. У 312 да н.э. заваяваны Агафоклам, у 282 да н.э. — мамерцінцамі (наз. Мамерціна). Пазней горадам па чарзе валодалі сарацыны (з 831), грэкі (з 1038), нарманы (з 1061), іспанцы (з 1678). У 1873 і 1903 горад зруйнаваны землетрасеннямі. У 1848 бамбардзіраваны і заняты неапалітанцамі. Вызвалены ў 1860 Дж.Гарыбальдзі, увайшоў у склад аб’яднанага Італьян. каралеўства. У 2-ю сусв. вайну ў ходзе Сіцылійскай аперацыі 1943 заняты англа-амер. войскамі.
т. 10, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)