праверка аўдытарскай службай бухгалтарскай (фінансавай) справаздачнасці і інш. дакументаў фінансава-гасп. дзейнасці кампаній, прадпрыемстваў, устаноў, каб пацвердзіць іх дакладнасць. Праводзіцца спец. аўдытарскімі карпарацыямі ці аўдытарамі-прадпрымальнікамі. Задача аўдыту — абарона інтарэсаў уласніка, дапамога суб’ектам гаспадарання ў разліку падаткаў, павышэнні эфектыўнасці вытв.-гасп. дзейнасці. Аўдыт бывае знешні (незалежны), унутраны (ведамасны) для ацэнкі работы па маркетынгу, эфектыўнасці структуры кампаніі, праверкі дзейнасці фірмы па выкананні законаў і рашэнняў вышэйстаячых органаў і інш., а таксама абавязковы (вызначаны заканадаўствам) і ініцыятыўны (паводле рашэння суб’екта гаспадарання ці ўласніка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ РА́ДНЫ»,
часопіс, орган муніцыпалітэтаў т.зв. самаўрадаў у Зах. Беларусі. Выдаваўся з 27.11.1927 да 16.2.1929 (неперыядычна) у Вільні на бел. мове. Рэдактары-выдаўцы Я.Ярош, Т.Вернікоўскі, кіраўнік рэдакцыі Г.Канапніцкі. Асвятляў становішча ў Зах. Беларусі, дзейнасць органаўмясц. самакіравання і адносіны да іх польск. ўрада. Інфармаваў пра стан адраджэння краю, зруйнаванага 1-й сусв. вайной, пра яго прыродныя багацці і патэнцыяльныя эканамічныя магчымасці. Змяшчаў муніцыпальную і краёвую хроніку, юрыд. парады, матэрыялы па навуцы і тэхніцы і інш. Выйшла 12 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЗО́Л,
араматычны вуглевадарод, C6H6, мал. м. 78,11. Бясколерная вадкасць, tкіп 80,1 °C, шчыльн. 0,879∙103кг/м³. Раствараецца ў вуглевадародах, эфірах, горш у метаноле; з вадой і спіртамі ўтварае азеатропныя сумесі. Атрымліваюць выдзяленнем з фракцый коксахім. вытв-сці, каталітычным рыформінгам нафтавых фракцый C6—C8. Сыравіна ў вытв-сці стыролу, фенолу, капралактаму, аніліну, нітрабензолу, арган. фарбавальнікаў, выбуховых рэчываў, пестыцыдаў і інш.; растваральнік лакафарбавых матэрыялаў, каўчукаў; дабаўка да маторнага паліва. Таксічны: раздражняе скуру, выклікае сутаргі, пры шматразовых уздзеяннях малых канцэнтрацый — змены формулы крыві і крывятворных органаў, ГДК 5 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЧЭ́ННІ (ваен.),
адзін з асн. спосабаў баявой падрыхтоўкі войск (авіяцыі, флоту), камандзіраў і штабоў аб’яднанняў, злучэнняў (часцей) розных відаў узбр. сіл, а таксама органаў тылу і спец. войск да вядзення ваен. дзеянняў. Праводзяцца з мэтай вырашэння розных задач на мясцовасці ва ўмовах, найб. набліжаных да баявых. Паводле маштабу бываюць тактычныя, аператыўныя і стратэгічныя; паводле формы правядзення — вайсковыя (авіяцыйныя, марскія), з баявой стральбой і без баявой стральбы, камандныя, камандна-штабныя, штабныя, тылавыя, доследныя, даследчыя і спецыяльныя; паводле арганізацыі — адна- і двухбаковыя, адна-, двух- і многаступенныя. Гл. таксама Манеўры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУШНІ́КІ-ЗДРУЙ (Duszniki Zdrój),
бальнеакліматычны курорт у Польшчы. На ПдУ ад г. Валбжых у Клодзскай катлавіне Цэнтр. Судэтаў. Мінер. крыніцы вядомы з 15 ст., як курорт развіваецца з 1800. Праводзіцца бальнеа- і клімататэрапія хвароб органаў стрававання, дыхання, гінекалагічных і інш. Пры лячэнні выкарыстоўваюць авечае малако і сыроватку, прывазныя тарфяныя гразі і інш. Лячэбныя ўстановы маюць н.-д. аддзяленні клінік Вроцлаўскай і Лодзінскай мед. акадэмій. Буйны цэнтр адпачынку, турызму і зімовага спорту. Курортны парк і тэатр імя Ф.Шапэна, арх.-гіст. помнікі 16—19 ст., музей папяровай вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРЫ́Н,
гармон, які выпрацоўваюць клеткі слізістай абалонкі піларычнай часткі і дна страўніка. Знойдзены ў кішэчніку, а таксама гіпофізе шэрагу жывёл. Па хім. прыродзе — поліпептыд з 17 амінакіслотных астаткаў. Малекулярная маса каля 2200. Існуе ў дэсульфаванай (Г.I) і сульфаванай (Г.II) формах. Удзельнічае ў рэгуляцыі функцый стрававальных органаў, стымулюе сакрэцыю салянай к-ты ў страўніку, павялічвае сакрэцыю страўнікавага і панкрэатычнага сокаў, жоўцевыдзяленне, змяняе тонус і рухальную актыўнасць страўніка і кішэчніка. Пры павелічэнні ўзроўню салянай к-ты ў страўніку (да pH 3) выдзяленне гастрыну тармозіцца. Атрыманы хім. сінтэзам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІНАТРЭЗІ́Я (ад гін... + атрэзія),
парушэнне праходнасці палавога канала ў жанчын, абумоўленае анамаліямі развіцця похвы. Бывае таксама другаснай, пасля кальпіту, перанесенага ў дзяцінстве, што выклікае атрэзію похвы. У перыяд палавой спеласці ўзнікаюць схваткі і недамаганні ў дні, што адпавядаюць менструальнаму цыклу. Кроў не выходзіць вонкі, а збіраецца ў похве, потым у матцы і назапашваецца ў трубах (несапраўдная аменарэя), што выклікае расшырэнне ўнутр. палавых органаў да памеру дзіцячай галоўкі. Гінатрэзія запаленчай этыялогіі таксама другасная. Анамаліі развіцця похвы часта спалучаюцца з анамаліямі развіцця мачавой сістэмы. Лячэнне хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМША́НКІ (Bryozoa),
клас беспазваночных жывёл. 4 атр., каля 20 тыс. відаў, з іх сучасных каля 4 тыс. Пашыраны ўсюды марскія і прэснаводныя формы. Жывуць пераважна прымацаванымі манаморфнымі (прэснаводныя) ці паліморфнымі (марскія) калоніямі. На Беларусі найб. трапляюцца 3 віды. Нагадваюць мох, водарасці або студзяністыя цяжы.
Даўж. калоній да 20 см, складаюцца з мікраскапічных асобін (заоідаў), заключаных у вапнавую, хіцінавую або студзяністую ячэйку (цыстыд). Сістэмы органаў спрошчаныя. Гермафрадыты. Жывяцца мікраарганізмамі і арган. часцінкамі. Садзейнічаюць ачышчэнню вадаёмаў як фільтратары, але імі абрастаюць і засмечваюцца гідратэхн. збудаванні.
Імшанка прэснаводная: 1 — участак калоніі (павялічана), 2 — калонія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАГЕ́НАВЫЯ ХВАРО́БЫ, калагенозы,
хваробы, пры якіх бывае аднароднае сістэмнае пашкоджанне злучальнай тканкі (асабліва прамежкавага яе рэчыва і валокнаў, што маюць калаген) і сасудаў. Тэрмін прапанаваны амер. патолагаанатамам П.Клемперэрам (1942). К.х. ўключаюць сістэмную ваўчанку чырвоную, дэрматаміязіт, сістэмную склерадэрмію, рэўматоідны артрыт і інш. Агульная асаблівасць патагенезу К.х.: аўтаімунныя парушэнні, у выніку якіх у розных органах і тканках арганізма падтрымліваецца хранічны імунны запаленчы працэс. Мяркуюць, што хваробы выклікаюцца вірусамі, генет. схільнасцю. Прыкметы К.х.: ліхаманка, артрыты, страта масы цела і інш. трафічныя парушэнні, пашкоджанне ўнутр.органаў. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЫДАМІКО́ЗЫ, кандыдозы,
хваробы, што выклікаюцца дрожджападобнымі грыбкамі роду Candida. Развіваюцца пры актывізацыі грыбкоў у хворага ад нерацыянальнага ўжывання антыбіётыкаў (эндагеннае заражэнне), радзей пры перадачы грыбкоў ад хворага здароваму (экзагеннае заражэнне); пастаянны спадарожнік ВІЧ-інфекцыі ў стадыі СНІДа. Адрозніваюць К. паверхневыя (пашкоджваюцца слізістыя абалонкі і скура — стаматыт, ангіна, вульвавагініт, скурныя пашкоджанні рознай лакалізацыі) і вісцэральныя (пашкоджваюцца ўнутр. органы, найчасцей дыхальныя шляхі і страўнікава-кішачны тракт). Праяўляюцца К. тварожыстай белай высыпкай, іншы раз з эрозіяй, у цяжкіх выпадках — генералізаваная інфекцыя з сепсісам і пашкоджаннем унутр.органаў. Лячэнне тэрапеўтычнае.