І́РАД I Вялікі

(каля 73—4 да н.э.),

цар Іудзеі з 40 (фактычна з 37) да н.э. Тытул цара атрымаў ад рым. сената, але ўнутры Іудзеі карыстаўся амаль абс. уладай. Пашырыў тэр. свайго царства, падуладнага Рыму, да межаў б. дзяржавы Давіда. Ператварыў Іерусалім у крэпасць. Бязлітасна душыў нар. хваляванні і знішчаў усіх, каго лічыў сапернікам, у т. л. ўласных дзяцей. Паводле хрысц. падання, даведаўшыся пра нараджэнне Хрыста, загадаў забіць усіх немаўлят у г. Віфлеем. Пазней імя І. набыло пераносны сэнс як назва вельмі жорсткага, бязлітаснага чалавека.

т. 7, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІУ́ДА МАКАВЕ́Й (стараж.-яўр. Молат; ? — 160 да н.э.),

кіраўнік нар. паўстання супраць панавання Селеўкідаў у Іудзеі. У адказ на рэліг. праследаванні іудзеяў селеўкідскім царом Антыёхам IV у 167 І.М. узначаліў паўстанцкі рух. Атрымаў шэраг перамог, у 164 захапіў Іерусалім і нанава асвяціў храм. У 161 заключыў саюз з Рымам. Пасля гібелі І.М. ў бітве пры Элеасе барацьбу за заваяванне поўнай паліт. незалежнасці Іудзеі (142 да н.э.) узначальвалі яго браты. Маст. вобраз І.М. створаны ў трагедыі О.​Людвіга, араторыі Г.​Ф.​Гендэля, оперы А.​Рубінштэйна і інш.

т. 7, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІМА́Х (Kallimachos; 310 да н.э., г. Кірэна, цяпер г. Шахат, Лівія — каля 240 да н.э.),

старажытна грэчаскі паэт і філолаг; прадстаўнік александрыйскай паэзіі. Жыў пры егіп. двары Пталамеяў, узначальваў Александрыйскую бібліятэку.

Стваральнік новага літ. жанру — паэзіі малых форм: паэма «Гекала» (эпілій — малы эпас); зб-кі апавяд. элегій у 4 кн. «Прычыны», вершаў «Ямбы». Аўтар шматлікіх эпіграм, гімнаў, «Табліц» — першага каталога грэч. пісьменнікаў і іх твораў з біягр. звесткамі. Творчасць К. паўплывала на больш познюю грэч. і рым. паэзію.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Александрийская поэзия. М., 1972.

т. 7, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМІ́Р-БЛУР, Кармірблур (арм. чырвоны ўзгорак),

узгорак на левым беразе р. Раздан, на зах. ускраіне г. Ерэван. У 1936 на К.-Б. знойдзены ўрарцкі клінапіс з імем цара Русы, сына Аргішці II (7 ст. да н.э.). У выніку археал. раскопак у 1939—70 на ўзгорку адкрыта цытадэль, а вакол узгорка — рэшткі горада Тэйшэбаіні. Выяўлены багаты матэрыял пра гаспадарку і культуру стараж. дзяржавы Урарту. Цытадэль разбурана ў пач. 6 ст. да н.э. мясц. плямёнамі, якія імкнуліся скінуць урарцкі прыгнёт, і скіфамі, што далучыліся да іх.

т. 8, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТАЁ (Cortaillod),

паселішча на палях у Швейцарыі на беразе Неўшатэльскага воз. (каля 3-га тыс. да н.э.). Насельніцтва жыло ў прамавугольных слупавых дамах, займалася пераважна жывёлагадоўляй, часткова земляробствам. Вырабляла паўсферычныя і вастрарэбрыя чашы, мехападобныя пасудзіны, посуд з акруглым тулавам і высокай шыйкай. Вядомы драўляны посуд. Знойдзены галечныя шліфаваныя клінападобныя сякеры, крамянёвыя скрэблы, нажы, наканечнікі стрэл, гарпуны і сякеры з рогу, падвескі, пранізкі і пацеркі з рогу і косці. К. дало назву археал. культуры эпохі сярэдняга неаліту (4-е тыс. да н.э.) ПнЗ і З Швейцарыі і У Францыі.

т. 8, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШЧЭ́ЛІЧЫ,

гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры (канец 1 ст. да н.э. — мяжа 4—5 ст. н.э.) каля в. Кашчэлічы Валожынскага р-на Мінскай вобл. Было забудавана шматкамернымі «доўгімі» дамамі слупавой канструкцыі. Выяўлены рэшткі гасп. пабудоў — кузня з каменным кавадлам і жалезаробчая печ. Знойдзены бронз. падвескі, бранзалеты, спіралі, фібула, скроневае кольца, жал. посахападобныя шпількі, наканечнік кап’я, сякеры, гліняныя пацеркі, грузікі, касцяныя коп’і, шылы, каменныя сякеры, зерняцёркі і інш. Асн. тып ляпнога посуду — гаршкі рабрыстай формы; пераважае кераміка са штрыхаванай паверхняй, сустракаецца таксама гладкасценная, шурпатая і глянцаваная.

т. 8, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕРУ́ХІІ (грэч. klēruchiai ад klēros зямельны надзел + echō валодаю),

ваенна-земляробчыя пасяленні ў Стараж. Грэцыі. Засноўваліся буйнымі полісамі на тэр. падначаленых ці саюзных дзяржаў для ваен.-паліт. кантролю над імі, а таксама для надзялення зямлёй (за абавязак несці ваен. службу) беззямельных грамадзян. Найб. колькасць К. стваралася афінянамі, асабліва ў час існавання Дэласкага саюза (каля 478—404 да н.э.), іх жыхары заставаліся афінскімі грамадзянамі. К. выклікалі незадавальненне саюзнікаў і да часу стварэння Другога Афінскага марскога саюза (378/77 да н.э.) афіняне былі вымушаны ад іх адмовіцца.

т. 8, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІ́ПУЛА (ад лац. manipulus poeni пучок сена, замацаваны і падняты на кап’і, што азначала каманду і месца збору асабовага складу, або manus рука — знак камандзіра ў стараж. рымлян),

тактычнае падраздзяленне пяхоты ў рым. легіёне. Склалася ў 5 ст. да н.э. ў сувязі з неабходнасцю расчлянення фалангі на больш рухомыя дробныя атрады, здольныя манеўраваць у час бою. Колькасць чал. у М. мянялася ад 50 да 120. М. падзялялася на 2 цэнтурыі. У 107 да н.э. ў выніку ваен. рэформы Г.Марыя М. зведзены ў кагорты (тактычнае падраздзяленне колькасцю 360—600 чал.).

т. 10, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НУ ЗАКО́НЫ,

адзін з самых стараж. літ. помнікаў інд. цывілізацыі. Складзены на аснове ідэй брахманізму, з’яўляюцца зборам норм (грамадз., рэліг., маральных) паводзін веруючага індуса. У М.з. ўключаны таксама тэксты касмалагічнага, культавага і рытуальнага зместу, тлумачэнні па дзярж. ладзе і каставай сістэме. М.з. складаюцца з 12 глаў, якія разбіты на 2650 шлок (двухрадкоўяў). Паводле брахманскай традыцыі, аўтар М.з. — міфічны першачалавек Ману (адсюль назва). Асноўныя тэксты адносяцца да часу дынастыі Маур’я (4—2 ст. да н.э.), да нашага часу захавалася рэдакцыя, запісаная на мяжы Н.Э.

А.​І.​Малюгін.

т. 10, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСА́ДА (стараж.-яўр.),

старажытнаіудзейская крэпасць каля паўд. берага Мёртвага мора ў Ізраілі. Засн. ў канцы 2 ст. да н.э. Пры Ірадзе I (73—4 да н.э.) пабудаваны палацавы комплекс і дадатковыя ўмацаванні. М. была апошняй апорай паўстанцаў у час Іудзейскай вайны 66—73. Пры раскопках у 1963—65 знойдзена шмат рэчаў матэрыяльнай культуры, у т. л. рымскія і іудзейскія манеты, гліняныя чарапкі з надпісамі фарбай, папірусы і надпісы на скуры, на якіх змешчаны гасп. запісы, пісьмы, літ.-рэліг. тэксты на стараж.-яўр., арамейскай і грэч. мовах.

т. 10, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)