СЛІ́ВАВАЯ ПЛАДАЖЭ́РКА (Grapholi tha funebrana),

матыль сям. ліставёртак. Шкоднік слівы, алычы, цёрну, абрыкоса, персіка, вішні. Пашырана ў Еўропе, Паўн. Афрыцы, Азіі, Зах. Сібіры.

Крылы ў размаху 12—15 мм, пярэднія — шаравата-карычневыя з авальнай свінцова-шэрай плямай на вонкавым краі, заднія — светла-шэрыя з махрамі. Вусені зімуюць у шчыльных павуціністых коканах у трэшчынах кары дрэў, радзей у глебе. Матылі вылятаюць пасля цвіцення слівы, яйцы адкладваюць на плады. Вусені выядаюць мякаць пладоў, якія заўчасна ападаюць. У адным плодзе можа развівацца да 5 вусеняў. Дае 2 пакаленні за год.

Слівавая пладажэрка: 1 — дарослы матыль; 2 — пашкоджаныя плады; 3 — кукалка; 4 — вусень.

т. 15, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЙМЫ́Р, Таймырскае возера,

у Таймырскай (Даўгана-Ненецкай) аўт. акрузе, у Расіі, на У п-ва Таймыр, у гарах Быранга. Пл. зменьваецца ад 4,5 тыс. км² у разводдзе да 1,2 тыс. км² зімой. Даўж. 200 км, шыр. ад некалькіх кіламетраў да 80 км, глыб. да 25,2 м. Размешчана ў тэктанічнай упадзіне, апрацаванай ледавіком. Берагі парэзаны мелкаводнымі залівамі і бухтамі. Паўн. бераг стромкі, паўд. — пакаты. У зах. ч. некалькі камяністых астравоў. Упадае р. Верхняя Таймырам выцякае р. Ніжняя Таймыра. Т. свабодны ад лёду 64 дні (сярэдзіна ліп.—сярэдзіна вер.) за год. Ваганні ўзроўню вады на працягу года да 6 м. Рыбалоўства.

т. 15, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЙФУ́Н (англ. typhoon ад кіт. тай фын — вялікі вецер),

назва трапічных цыклонаў штармавой і ўраганнай сілы (скорасць ветру 30—50 км/гадз, асобныя парывы да 100 км/гадз) у зоне распаўсюджання мусонаў Усх. Азіі. Узнікаюць пераважна летам і восенню над Ціхім ак., на У ад Філіпінскіх а-воў, дасягаюць берагоў Кітая, Японіі, Карэі, уплываюць на надвор’е Д. Усходу Расіі. Дыяметр Т. некалькі соцень кіламетраў. Выклікае моцнае хваляванне мора, часта суправаджаецца ліўнямі, навадненнямі, прыводзіць да разбурэнняў і прычыняе вял. матэрыяльныя страты. За год бывае 20—30 Т., працягласць асобных ад некалькіх дзён да некалькіх тыдняў.

т. 15, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАЎМАТЫ́ЗМ,

сукупнасць траўм у пэўнай групы насельніцтва пры падобных абставінах. умовах працы і быту ў вызначаны перыяд часу; адна з найважн. сац.-гігіенічных праблем сучаснасці. Вылічаецца колькасцю траўм на 100, 1 тыс. чал. за 1 месяц, год. Адрозніваюць Т. вытв. (прамысл. і с.-г.), невытворчы (быт., аўтадарожны, вулічны, спарт.), дзіцячы, наўмысны, ваенны.

Бывае ад няспраўнага тэхнал. абсталявання, ад ігнаравання правіл тэхнікі бяспекі і дарожнага руху. недастатковага асвятлення, злоўжывання алкаголем і інш. Т. — адна з прычын часовай і ўстойлівай непрацаздольнасці. Мерапрыемствы па прадухіленні падзяляюцца на прафілактыку і арганізацыю траўматычнай дапамогі. Вывучае Т. траўматалогія.

т. 15, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІТАНО́МУС (Phytonomus), даўганосік травяны, слонік лісцевы люцэрнавы,

род жукоў сям. даўганосікаў. Каля 150 відаў. Пашыраны найб. у Палеарктыцы. Жывуць на палях, лугах, у лясах, садах і інш. На Беларусі 13 відаў, найб. шкодныя Ф.: канюшынавы, малы канюшынавы, даўганосікі шчаўевы і гарчаковы.

Цела даўж. 3—7 мм, прадаўгавата-авальнае. укрытае валаскападобнымі або шырокімі шаравата-карычневымі ці зялёнымі лускавінкамі. Галаватрубка тонкая, выгнутая. Лічынкі вусенепадобныя, падоўжаныя (3,5—7,5 мм), жоўта-зялёныя, бязногія, кормяцца суквеццямі. пупышкамі; жукі — травяністымі раслінамі Некат. віды — шкоднікі кармавых бабовых траў (люцэрны і канюшыны), За год 1 пакаленне.

Фітаномус: 1 — дарослы жук; 2 — пашкоджаная расліна; 3 — вусень.

т. 16, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́ЎСЦІК Аркадзь Апанасавіч (н. 15.11.1925, в. Чыкілі Глускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. журналіст. Засл. работнік культ. Беларусі (1979). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1957). З 1950 на камсамольскай рабоце (з 1952 у ЦК ЛКСМБ), з 1953 у газ. «Чырвоная змена», з 1960 у ЦК КПБ (з 1961 заг. сектара, з 1969 нам. заг. аддзела), з 1973 рэдактар газ. «Звязда». У 1987—2000 працаваў у Бел. фондзе культуры. Аўтар кніг «Маё і наша» (1963), «Пяцьдзесят векапомных год» (1968), «Я люблю цябе, жыццё» (1970), «Вяртанне да вытокаў сваіх» (2000). У 1973—87 старшыня праўлення Саюза журналістаў Беларусі.

т. 18, кн. 1, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАГО́НСКІЯ А́НДЫ (Andes Patagonicos),

паўднёвая частка горнай сістэмы Анды, у Паўд. Амерыцы, у Чылі і Аргенціне, на Пд ад 39° паўд. ш. Складаюцца з Патагонскай (Галоўнай) Кардыльеры на У і а-воў Чылійскага архіпелага на 3. Выш. 2—3 тыс. м, найб. — 4058 м (г. Сан-Валянцін). У паўн. ч. моцная сейсмічнасць, на Пн — вулканы; Ланін, Асорна і інш. Клімат умераны, вельмі вільготны (ападкаў да 5000 мм і больш за год) і халаднаваты. Ледавікі (пл. каля 20 тыс. км²). Шмат буйных ледавіковых азёр: Льянкіўэ, Наўэль-Уапі. У паўн. ч. на схілах хваёва-лістоўнічныя вечназялёныя лясы, на зах. схілах пераважна лістападныя букі, на паўд. і ўсх. — мяшаныя лістападна-вечназялёныя і хваёвыя.

т. 12, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВА-КІТА́ЙСКІЯ ГО́РЫ,

горная сістэма на Пд і ПдУ Кітая, у межах Паўд.-Кітайскай платформы, на Пд ад р. Янцзы. Утварае выгнутую на ПдУ дугу даўж. каля 2000 км. Асн. хрыбты; Наньлін і Уішань; шэраг кароткіх хрыбтоў і масіваў рознага распасцірання. Пераважаюць выш. 800—1000 м, найб. 2158 м. Восевыя зоны хрыбтоў складзены з гранітаў і інш. крышт. парод, па перыферыі — з пясчанікаў, сланцаў, вапнякоў; развіты карст. Характэрны «грыбы», «калоны» і інш. формы выветрывання. Ападкаў 1300—1700 мм за год, пераважна летам. Важны кліматападзел, на Пн пераважаюць субтрапічныя, на Пд — трапічныя ландшафты. На паўн. схілах — шыракалістыя субтрапічныя лясы з дубу, вязу, грабу, буку, на паўд. — вечназялёныя трапічныя лясы з перавагай лаўру, магнолій, камелій і інш.

т. 12, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛЯНІ́ЦКІ Мацвей Захаравіч (26.1.1909, г. Магілёў — 17.3.1990),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930), Маскоўскі маст. ін-т імя В.​Сурыкава (1942). Працаваў пераважна ў галіне тэматычнай карціны і пейзажа. Асн. работы: «Фашысцкая грабармія на Беларусі» (1942), «Пасля вызвалення ад акупантаў» (1950), «Першы арышт Я.​Коласа» (1960), «Пасля вайны. Размініраванне» (1961), «Паўстанне сялян. 1905 год» (1968); лірычныя пейзажы «Вясна прыйшла» (1943), «Мосцік» (1946), «Мінск. Бульвар Шаўчэнкі» (1974), «Сенакос» (1975), «Восень» (1977), «Вясёлка» (1982), серыя «Белавежская пушча» (1958—63). Пісаў таксама нацюрморты, партрэты сучаснікаў.

М.Беляніцкі. Мосцік. 1946.

т. 3, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКІ ЗАВО́Д ЛІЦЕ́ЙНАГА АБСТАЛЯВА́ННЯ.

Створаны ў 1902 у г. Ваўкавыск (цяпер у Гродзенскай вобл.) на базе майстэрні як чыгуналіцейны з-д. У 1902 працавала 13 рабочых, якія выплаўлялі 50—60 пудоў чыгуну за год і выраблялі ручныя сячкарні і конныя прыводы да малатарань. У час Вял. Айч. вайны разбураны, адноўлены ў 1944. У 1947 дабудаваны. З 1962 сучасная назва. У 1964—66 рэканструяваны. Дзейнічаюць цэхі: ліцейны, загатовачна-зварачны, 2 механазборачныя. Асн. прадукцыя (1995): тэхнал. абсталяванне для ліцейнай вытв-сці, буд. тэхніка, с.-г. абсталяванне, у т. л. сячкарні.

т. 4, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)