АБУ́-ЛЬ-ФА́РАДЖ АЛЬ-ІСФАХА́НІ (сапр. Алі Ібн Хусейн ібн Мухамед ібн Ахмед аль Курашы; 897, г. Ісфахан, Іран — 21.11.967),

арабскі паэт, вучоны. Сакратар і прыдворны паэт буідскіх правіцеляў. Вывучаў стараж. гісторыю, генеалогію, фізіялогію, паэзію. Асн. твор (працаваў над ім каля 50 гадоў) «Кніга песень» — анталогія арабскай і арабамоўнай паэзіі 7—10 ст., кашт. крыніца звестак па гісторыі л-ры і культуры Араб. халіфата. У «Кнізе падарожжаў» сабраў вершы і анекдоты за перыяд з 786 да 902.

т. 1, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУ́-СІМБЕ́Л,

мясцовасць на зах. беразе Ніла, каля г. Асуан у Егіпце. У 1-й пал. 13 ст. да н.э. тут высечаны 2 скальныя храмы фараона Рамсеса II і гал. стараж.-егіпецкіх багоў са статуямі і рэльефамі на фасадах і ў інтэр’ерах. На фасадзе гал. храма 4 велічныя (20-метровыя) сядзячыя калосы Рамсеса II. У сувязі з буд-вам Асуанскай плаціны ў 1967 яны перанесены на плато над старым рэчышчам Ніла.

Калосы Рамсеса II у Абу-Сімбеле.

т. 1, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АЛЬТО́НА»

(Altona — прыгарад Гамбурга),

кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў супраць партызан, якія выйшлі з акружэння ў ходзе карнай аперацыі «Гамбург». Праводзілася ў 2-й пал. снеж. 1942 у Івацэвіцкім, Ганцавіцкім, Ляхавіцкім, Баранавіцкім р-нах Брэсцкай вобл. сіламі 14-га паліцэйскага палка СС, спец. камандамі паліцыі бяспекі, СД і інш. карнымі баявымі групамі. Карнікі тыдзень беспаспяхова праследавалі партызан, учынілі крывавую расправу над мірнымі жыхарамі. У ходзе аперацыі гітлераўцы расстралялі і спалілі жывымі больш за тысячу дзяцей, жанчын і старых.

т. 1, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬФО́НС I, Афонсу (Affonso) Заваёўнік (1107 ці 1111, Гімарайнш, акруга Брага — 6.11 ці 9.12.1185),

першы кароль Партугаліі [1139—85]. З Бургундскай дынастыі. У 1112 атрымаў у спадчыну леннае ўладанне бацькі Генрыха Бургундскага — графства Партугалія, якім да 1128 кіраваў пад апекай маці. Пасля перамогі (1139) над маўрамі каля Арыкі прыняў тытул караля. У 1143, абвясціўшы сябе папскім васалам, пазбавіўся вярх. улады сюзерэна — караля Кастыліі і Леона. Адваяваў у маўраў Лісабон (1147), заснаваў рыцарскія ордэны Ала і Авіс (гл. Авіскі ордэн).

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,

помнік грамадзянскай архітэктуры. Пабудаваны ў 1926 (арх. С.​Філасевіч) з выкарыстаннем элементаў позняга класіцызму і эклектычных элементаў арх. стылістыкі пач. 20 ст. Трохпавярховы будынак з высокім цокальным паверхам складаецца з 2 узаемна перпендыкулярных крылаў, злучаных аб’ёмам у выглядзе дамінуючай над усёй пабудовай ратонды са сферычным купалам. У дэкоры фасадаў выкарыстаны сферычныя нішы, сандрыкі на фігурных кранштэйнах, ляпныя элементы. Будынак завершаны развітым карнізам з парапетамбалюстрадай. У будынку размешчана абл. кантора банка.

Брэсцкага банка будынак.

т. 3, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЛІЖСКАЯ СЕДЛАВІ́НА,

тэктанічная структура, якая падзяляе Аршанскую ўпадзіну і Таропецка-Вяземскі прагін Маскоўскай сінеклізы. Сучляняе Ярцаўскі пахаваны выступ Варонежскай антэклізы і Вілейскі пахаваны выступ Бел. антэклізы. Працягнулася з ПнЗ на ПдУ на 40 км, шыр. 35 км.

Пачала фарміравацца ў познім пратэразоі (рыфей), у адкладах фанеразою не адасабляецца. Крышт. фундамент залягае на адзнаках ад -1 км да -1,4 км, прыўзняты над адмоўнымі суседнімі структурамі на 0,2—0,8 км. Платформавы чахол утвараюць адклады рыфею, венду, дэвону і антрапагену.

т. 4, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́,

ізаляванае рэзкае падняцце зямной кары сярод роўнай мясцовасці. Вышыня гары ад падножжа да вяршыні больш за 200 м. Гарой называюць таксама вяршыні ў горных краінах. Найвышэйшая гара на Зямлі — Джамалунгма (Эверэст) у Гімалаях (8848 м над узроўнем мора). На раўнінных тэр. гарамі зрэдку называюць і невял. падняцці, якія фактычна з’яўляюцца ўзгоркамі. Найвыш. пункты Беларусі: Дзяржынская гара (345 м), Лысая гара (342 м), Маяк (335 м), Замкавая гара (323 м), Мілідаўская гара (320 м), Гаршэва гара (296 м).

т. 5, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРТЭРМІ́Я (ад гіпер... + грэч. thermē цяпло),

пераграванне, намнажэнне цяпла ў арганізме цеплакроўных жывёл і чалавека ў выніку перавышэння цеплапрадукцыі над цеплааддачай. Пры выяўленым напружанні фізіял. механізмаў тэрмарэгуляцыі (потавыдзяленне, расшырэнне скурных сасудаў і інш.) гіпертэрмія суправаджаецца ўзмацненнем і якаснымі парушэннямі абмену рэчываў, стратай вільгаці і солей, парушэннем кровазвароту і забеспячэння мозга кіслародам, што выклікае ўзбуджэнне, зрэдку сутаргі і непрытомнасць. Пры тэмпературы цела 41—42 °C можа здарыцца цеплавы ўдар. Штучная гіпертэрмія выкарыстоўваецца пры лячэнні некаторых нервовых і хранічных хвароб.

т. 5, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБЕ́Ж,

у крымінальным праве адкрытае выкраданне маёмасці, учыненае без насілля або з насіллем, няшкодным для жыцця і здароўя. Належыць да групы злачынстваў супраць уласнасці. Акалічнасцямі, якія абцяжарваюць грабеж, з’яўляюцца насілле над пацярпелым, выкраданне паводле папярэдняй змовы групай асоб, пранікненне ў жыллё, памяшканне або інш. сховішча, буйныя памеры выкрадзенага або ўчыненне злачынства асабліва небяспечным рэцыдывістам. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь караецца пазбаўленнем волі на працяглы тэрмін (максімальная мера пакарання — 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці).

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 5, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАНЬКО́-МАЙСЮ́К (Леанід Васілевіч) (н. 10.10.1957, г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1982). З 1982 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1972. Першы зб. паэзіі «Вандроўнік» (1983). Аўтар зб. вершаў «Над пляцам» (1986), вершаў, паэм, эсэ «Тут» (1990), «Акропаль» (1994), прозы «Пра тое, як я...» (1992). Распрацоўвае тэмы творчасці, працы, кахання. Асобныя вершы пакладзены на музыку.

Тв.:

Стомленасць Парыжам: Вершы і эсэ. Мн., 1995.

т. 6, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)